ЗМІЦЕР ВІШНЁЎ: "Калі ж ствараць вечнае і добрае?"

Змiцер Вiшнёў бадай што самы вядомы прадстаўнiк сучаснай беларускай лiтаратуры. Ён пiша вершы, раманы, карцiны, ставiць перформансы i ладзiць фестывалi. Менавiта ён i шэраг ягоных паплечнiкаў ствараюць новую беларускую лiтаратуру. Мы сядзiм у кватэры-майстэрнi Змiцера, п’ем пiва і размаўляем.

– Змiцер, ты прадстаўляеш неафiцыйную лiтаратуру (калi, канешне, так можна сказаць). Што там робiцца?

– Як на мой погляд, нельга падзяляць літаратуру на афіцыйную і неафіцыйную. Іншая справа, што ва ўсе часы былі літаратары, абласканыя ўладай, і тыя, на каго рабіліся напады. Але гэта – з іншай оперы. Што датычыцца літаратурнага працэсу на Беларусі, тут безумоўна шмат праблемаў. Быццам і паэты ёсць, і празаікі, і крытыкі, і кнігі выходзяць. Але не ўсё добра ў нашай літаратурнай гаспадарцы. У іншых краінах вельмі добра развітая фінансавая падтрымка пісьменнікаў і выдавецтваў за кошт розных фондаў. На Беларусі старая савецкая сістэма практычна не працуе, а новай – няма. Ды і праца самога пісьменніка сёння выглядае як нейкі здзек. Ганарары мізерныя, увагі з боку ўлады аніякай. Складаецца ўражанне, што нашаму грамадству больш патрэбныя слесары, будаўнікі, спартсмены. Ведаю шмат літаратараў, якія працуюць адначасова на дзьвух, трох працах, каб пракарміць сябе і сям'ю. Таму ўзнікае зразумелае пытанне: калі ж ствараць вечнае і добрае?

– Як ты лiчаш, у якiм накiрунку развiваецца сёння наша культура, у тым лiку i лiтаратура? Цi ўпiсваецца яна ў кантэкст таго, што адбываецца цяпер у Еўропе?

– За ўсю культуру я адказваць не магу, і мне цяжка акрэсліць у якім накірунку яна рушыць. А добрых пісьменнікаў і мастакоў у нас заўсёды было процьма. 90-я гады ХХ стагоддзя сталіся пераломнымі ў беларускай літаратуры. Прыйшло новае творчае пакаленне. Тут я перад усім маю на ўвазе літаратурны рух «Бум-Бам-Літ», які налічваў больш за трыццаць чалавек. Большасць з іх рэалізаваліся як асобы: Ілля Сін, Альгерд Бахарэвіч, Усевалад Гарачка, Віктар Жыбуль, Юрась Барысевіч, Вальжына Морт і многія іншыя.

– Я чуў, што ты нядаўна вярнуўся з Берлiну...

– Так. Гэта была мая трэцяя паездка ў Нямеччыну. Прычым на гэты раз я ездзіў па запрашэнні творчага дома «Тахелес». Там жывуць і працуюць мастакі з усяго свету. Два месяцы пайшлі не толькі на стварэнне карцін, але і паслужылі фактурай для новага рамана, якім цяпер займаюся. Перад ад'ездам у Менск разам з нямецкай мастачкай Біянкай і іранскім мастаком Резо зладзілі выставу. Акрамя таго, чыталі вершы, паказалі перформанс. Увага з боку берлінцаў была вялікая – прыйшло каля ста пяцідзесяці чалавек. Было шмат прэсы.

– Якiя сумесныя праекты ладзяцца памiж беларускiмi i еўрапейскiмi лiтаратарамi?

– Многа. Таму буду казаць толькі пра тыя, у якіх браў удзел. Так, цягам апошняга часу былі выдадзеныя: беларуска-шведскі зборнік паэзіі «4+4+4», беларуска-нямецкі зборнік паэзіі і прозы «Лінія фронту», «Анталогія беларускай паэзіі ў перакладах на балгарскую мову». Акрамя кніжак, шмат сумесных выступаў, публікацыяў у перыядычным друку. Ну, сам разумееш, чаму мае тэксты ўжо перакладзеныя больш чым на дваццаць моваў – гэта адзін з вынікаў сумесных праектаў. Ну і, спадзяюся, адзін з вынікаў – трошкі таленту…

– Адкуль у сучасных лiтаратараў столькi радыкалiзму? Гэта толькi нашая тэндэнцыя?

– У нас на гэта ўплывае эканамічная і палітычная сітуацыя. Таму мяне зусім не здзіўляюць назвы кніг: Валянціна Акудовіча – «Разбурыць Парыж», Альгерда Бахарэвіча – «Практычны дапаможнік па руйнаванні гарадоў», Ганны Кісліцынай – «Blonde attack», Зміцера Пляна – «Таксідэрмічны практыкум». Але радыкалізм у нашай культурнай прасторы значна адрозніваецца, да прыкладу, ад маскоўскага радыкалізму. Там усё значна больш гіпербалізавана.

– Як сумяшчаюцца ў адным чалавеку лiтаратар, мастак, перформер i рэдактар кнiжнай серыi?

– Пакутліва. Думаю, праз пэўны час адмовіцца ад перформарнай дзейнасці. Не хочацца раскідвацца.

Даведка "ЭН"
Змiцер Вiшнёў нарадзiўся ў 1973 г. у Дзебрацэне (Венгрыя). Скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Вучыўся ў маскоўскім літінстытуце імя М.Горкага (семінар крытыкі). Браў некалькі гадоў урокі жывапісу і акварэлі ў Э.Падбярэскага і У.Акулава. Працаваў у часопiсах i газетах "Оска", "Свiслач", "Беларусь", "Культура". Некалькі гадоў працаваў лiткансультантам у Саюзе беларускiх пiсьменнiкаў. Адзiн з заснавальнiкаў лiтаратурна-мастацкага руху "Бум-Бам-Лiт". Цяпер курыруе беларускія праекты ў выдавецтве "Логвінаў".

Аўтар кніг:
"Штабкавы тамтам" (1998),
"Тамбурны маскiт" (2001),
"Трап для суслiка, альбо Некрафiлiчнае даследаванне аднаго вiда грызуноў" (2002).

1
Оставить комментарий

новее старее большинство голосов
Анонимно

ЗМІЦЕР ВІШНЕЎ , КАНЕШНЕ , ПАЭТ-ПРЫКАЛІСТ.
НАМ ВЕЛЬМІ СПАДАБАЛАСЯ ЧЫТАЦЬ ЯГОНЫ
ЗБОРНІК "ТАМБУРНЫ МАСКІТ", ТАМУ ШТО ТАКІЯ ВЕРШЫ ВЕЛЬМІ ВЕСЕЛА ЧЫТАЦЬ СЯРОД КАМПАНІІ СЯБРОЎ ПЕРАД КАСТРОМ. ЖАДАЕМ ПАЭТУ ДАЛЕЙШЫХ ПОСПЕХАЎ.