Валянцін Акудовіч: «Філасофія на Беларусі, безумоўна, ёсць»

Валянцiн Акудовiч, знакамiты беларускi фiлосаф, пераконвае ўсiх у тым, што яго... няма. Нягледзячы на гэта, мне пашчасцiла не толькi пабачыць яго на свае ўласныя вочы, але i атрымаць адказы на некалькi цiкавых пытанняў.

- Спадар Валянцiн, як Вы лiчыце: ці ёсць філасофія на Беларусі?

- Філасофія на Беларусі, безумоўна, ёсць. Сведчаннем таму шэраг досыць цікавых беларускіх філосафаў. Пералічваць не буду, бо гэта зойме залішне шмат месца… І ўжо іншая рэч, што было б нават абсурдна параўноўваць філасофскую сітуацыю на Беларусі з тым, што адбываецца, скажам, у Германіі ці Францыі. Між іншым, культур, здольных прадукаваць высокаякасны філасофскі прадукт, вельмі мала (іх лёгка пералічыць на пальцах адной рукі). Можна мець вялікую культуру, такую, як руская, і пры гэтым не мець адметнай філасофіі.

- Што цікавага адбываецца ў нашай інтэлектуальнай прасторы?

- Цікавага, з майго гледзішча, даволі. Да прыкладу згадаю хаця б выхад “Анталогіі сучаснага беларускага мыслення”, якая падсумавала інтэлектуальны плён апошняга дзесяцігоддзя (укладальнікі Алесь Анціпенка і аўтар гэтых радкоў). Дарэчы, ніхто з нашых суседзяў такой анталогіі не мае. Або новы філасофскі часопіс “Перекрестки” (галоўны рэдактар Ігар Бабкоў). Гэта межрэгіянальны часопіс, які ставіць на мэце гуртаванне ў агульнай тэкставай прасторы філосафаў з Беларусі, Украіны і Малдовы. Але ягоная адметнасць яшчэ і ў тым, што ён цалкам прысвечаны адной з самых актуальных сёння праблем – праблеме “пагранічча” (краін, культур, цывілізацый). Нічога падобнага няма не толькі ў СНД, але і ва Ўсходняй Еўропе… Працягваецца далейшае разгортванне яшчэ аднаго ўнікальнага праекта, якім кіруе Аляксандар Грыцанаў. Гэта шматтомны збор энцыклапедый (ужо выйшла дзевяць важкіх тамоў – ад “Истории философии” і “Постмодернизма” да “Социологии”). Усе гэтыя энцыклапедыі пераважна разлічаныя на расейскі кніжны рынак, а значыць сёння ў Расеі і многіх краінах СНД знаёмяцца з сусветнай філасофіяй у інтэрпрэтацыі беларускіх інтэлектуалаў.

- Ці ёсць магчымасць з’яўлення беларускай школы філасофіі ў будучыні?

- Прынамсі я такой магчымасці не выключаю. Аб тым, што мы маем багаты інтэлектуальны патэнцыял, сведчаць хаця б тыя арыгінальныя і маштабныя праекты, якія я толькі што пералічыў (а колькі ўсяго засталося незгаданым). Не выключаю, што мы ўжо мелі б адметную філасофскую школу, калі б нам за бальшавікамі было дазволена самастойна мысліць. Але за 70 год панавання бальшавізму па-беларуску не было выдадзена ніводнай філасофскай кніжкі не толькі айчынных мысляроў, але і хоць каго з сусветнай філасофскай спадчыны (за выключэннем некалькіх кніг класікаў марксізма-ленінізма)… Магчыма, увесь нерэалізаваны патэнцыял тых гадоў неўзабаве і выбухне. Пачакаем яшчэ трохі.

- Наколькі складана быць філосафам увогуле і ў Беларусі ў прыватнасці?

- Калі ты сам выбраў філасофію як форму інтэлектуальнай працы, дык тады ад цябе самога і залежыць, якімі шляхамі рэалізоўваць свой выбар: простымі ці пакручастымі. А вось калі філасофія цябе выбрала, дык тут ужо няма месца апазіцыі “проста – складана”. Тады ты апынаешся пакліканым здзяйсняць волю да мыслення, і табе нічога не застаецца, як падпарадкоўвацца гэтай волі, не звяртаючы ўвагу на вонкавыя ўмовы.

- Кажуць, што эпоха тытанаў ад філасофіі скончылася...

- Людзі шмат чаго кажуць, але не варта ўсяму даваць веры. Прынамсі ХХ стагоддзе было самым багатым на “тытанаў” за ўсю гісторыю філасофіі. Да таго ж гэта было самае разнастайнае стагоддзе, якое сфармулявала цэлы шэраг вялікіх інтэлектуальных стыляў, найперш згадаем экзістэнцыялізм, псіхааналіз, марксізм, структуралізм, постмадэрнізм… І хаця бальшыні вялікіх стваральнікаў філасофіі ХХ стагоддзя ўжо няма ў жывых, аднак набіраюць моц новыя героі… Разам з тым, праблема, відавочна, ёсць. Толькі яна палягае не ў крызісе “тытанаў”, а ў крызісе самой філасофіі. Сёння пастаўлена пад радыкальны сумнеў права на існаванне філасофіі ўвогуле, прынамсі, у яе “класічнай” версіі. Інакш кажучы, зусім верагодна, што тая філасофія, якой мы яе ведалі, у будучым (і не лішне аддаленым) можа быць выкінутай на сметнік гісторыі.

- Ваша кніга “Мяне няма. Роздумы на руінах чалавека” у свой час выклікала інтэлектуальны шок, але не дыспут. Ці не крыўдна?

- Дыспута сапраўды не было. Справа ў тым, што тыя інтэлектуальныя колы, у якіх яна прагучала, тады яшчэ не былі гатовыя абмяркоўваць канфлікты “метафізікі адсутнасці”, а там, дзе нешта падобнае магло адбыцца, кніга не зрабілася вядомай. Праўда, апошнім часам да яе пачынаюць усё часцей звяртацца, але ўжо не як да інтэлектуальнай чытанкі, а як да праблемнага поля, якое патрабуе прафесійнага аналізу.

- Ваша новая кніга называецца “Разбурыць Парыж”. Чаму менавіта Парыж? Я ведаю, што былі і іншыя варыянты назвы...

- Гэта не зусім так. Проста сябры ўгаворвалі мяне змяніць назву (і нават прапаноўвалі свае варыянты), бо гэтая, маўляў, адверне ад мяне, як ад тэрарыста, выдаўцоў і на бацькаўшчыне, і ў замежжы. Але я заўпарціўся, бо мы датуль не ўбачым сапраўдную веліч саміх сябе і сваіх культурных каштоўнасцяў, пакуль будзем знаходзіцца ў ценю Парыжа (як сталіцы еўрапейскага культурнага канону), які запыніў над сабой сонца. Уласна, гэтая кніга пра тое, што калі мы жадаем здабыць сабе новую веду, дык найперш мусім вызваліцца з-пад апекі рэпрэсіўных аўтарытэтаў што з Захаду, што з Усходу.

Оставить комментарий