“НЕРАСКРУЧАНЫ” ПIСЬМЕННІК, але яго кніга “Шчарбаты талер” на беларускай і рускай

Гадоў колькі таму пачула, што пісьменнік Андрэй Федарэнка напісаў цудоўную аповесць для падлеткаў “Шчарбаты талер”. Потым здолела набыць кніжку, з задавальненнем прачытала. З сумам падумала, што ў час майго дзяцінства амаль што не было кніжак, героямі якіх былі б мае аднагодкі, а дзеянні адбываліся, як кажуць, сёння і тут.

Нейкія мае пошукі іншых твораў А.Федарэнкі не мелі поспеху. А зусім нядаўна набыла зноў-такі аповесць для падлеткаў “Афганская шкатулка”. Ёсць у кніжцы і некалькі апавяданняў для дарослых. На маю думку, вельмі дасканалых. Асоба аўтара не аставіла абыякавай, і пісьменнік Уладзімір Арлоў падказаў нумар тэлефона калегі.

Як прызнаўся сам Андрэй Федарэнка, ён “зусім не раскручаны”, нягледзячы на тое, што мае не малы пісьменніцкі багаж. Наўрад ці адно інтэрв’ю будзе садзейнічаць “раскрутцы”, але ўпэўнена, што прыхільнікі беларускай літаратуры адкрыюць для сябе вельмі цікавага пісьменніка.

- Чаму сваёй чытацкай аўдыторыяй Вы абралі менавіта падлеткаў?
- Пра падлеткаў мною напісаны ўсяго дзве аповесці - “Шчарбаты талер” і “Афганская шкатулка”, так што гэтая аўдыторыя хутчэй выключэнне, чым правіла. Проста яшчэ ў дзяцінстве мне вельмі падабаліся творы А.Рыбакова і фільмы паводле іх - “Корцік”, “Бронзавая птушка”... З цягам часу ўсё больш карцела стварыць штосьці падобнае, толькі на беларускім матэрыяле. Першую аповесць я пісаў у прамым сэнсе “у стол”, для сябе, саромеючыся свайго занятку, нікому нічога не кажучы, не збіраючыся нікуды гэтую, як мне здавалася, несур’ёзную забаўку прапаноўваць... Але ж, на вялікае здзіўленне, “дзіцячыя” аповесці прынеслі мне ці не большую папулярнасць (калі можна ўжываць такі тэрмін адносна беларускамоўнага пісьменніка), чым творы “дарослыя”. Аповесць “Шчарбаты талер” нечакана пайшла - была ўключана ў школьныя хрэстаматыі і перакладалася на рускую мову, а ў мінулым годзе нават вылучалася Саюзам пісьменнікаў на Дзяржаўную прэмію.

- Ці ёсць у Вашых герояў-падлеткаў прататыпы? Ці гэта абагульненыя вобразы?
- Не люблю гэтага слова — прататып, ніколі не пісаў з жывых людзей і, думаю, каб нават і захацеў, дык гэта не атрымалася б. Галоўнае, каб героі не былі фальшывыя. І тады яны самі створаць свае ўласныя характары, “абрастуць” уласнымі біяграфіямі і самі пачнуць рухаць сюжэт...

- А дарослыя? У прыватнасці, Барыс Крушынскі з “Афганскай шкатулкі”?
- Тое ж і з Барысам Крушынскім. Ён - не больш чым плод аўтарскай фантазіі. Дарэчы, вядомы паэт Алесь Бадак, прачытаўшы аповесць, спытаў, ці не бянтэжыць мяне, што ў Змітрака Бядулі ёсць раман пад назваю “ Язэп Крушынскі”. Я шчыра адказаў, што не толькі не бянтэжыць — мне ані разу за восем месяцаў, пакуль пісаў “Афганскую шкатулку”, герой Бядулі нават не прыйшоў на розум.

- У гэтай аповесці ёсць, як Вы яго назвалі, “антымілітарысцкі” маналог Крушынскага. Сапраўды, падзеі ў аповесці адбываюцца праз 11 год пасля афганскай вайны і 55 - пасля другой сусветнай, але адзін з героеў-падлеткаў нібыта атручаны вайною. Усё яму мроіцца будаўніцтва ваенных баз. Як Вам падаецца, ці не шмат у нашым грамадстве думаюць пра ваенныя, разрушальныя дзеянні і значна менш пра мірную стваральную працу?
- Складанае і небяспечнае пытанне... У тым сэнсе, што адказ на яго чамусьці выклікае злосць. Вы, дарагая Аксана, не на сто, а на ўсе двесце адсоткаў маеце рацыю. Такое адчуванне, што ў нас толькі пра ваенныя, разбуральныя дзеянні і думаюць. Не ўпэўнены, ці застануцца мае словы ў інтэрв’ю, але мушу іх сказаць: якая карысць ад гэтага ваеннага марафону, што цягнецца ўжо каторы месяц?.. Самае брыдкае, што і маладое пакаленне выхоўваецца пад акампанемент барабаннага бою і лязгат зброі. У нас што, не было больш старонак гісторыі, акрамя Другой сусветнай вайны? У звязку з гэтым нельга не згадаць словы нашага (светлай памяці) пісьменніка-франтавіка Васіля Ўладзіміравіча Быкава, вось гэтыя, з яго апошняй кнігі “Доўгая дарога дадому” — як партызан выходзіць з лесу і пытаецца ў хлопчыка: дзе немцы? Хлопец кажа: якія немцы, вайна ж даўно скончылася. Партызан расчаравана вылаяўся: а я ўсё цягнікі пад адхон пушчаю. “Падобна гэтаму і мы, - заключае Васіль Уладзіміравіч, - вайна даўно скончылася, а мы ўсё не можам адчапіцца ад яе...”

- Калі Вы заходзіце ў кніжную краму, ці задаволены выбарам літаратуры?
- Я ў асноўным заходжу ў “Кнігарню пісьменніка” і хутчэй не задаволены, чым задаволены, і не выбарам кніг - гэтага дабра навалам, на любы густ, - колькі тым месцам, якое адведзена беларускамоўнай літаратуры. Ні рэкламы, ні буклетаў, ні праспектаў... Само просіцца на памяць з бессмяротнай паэмы:

...Хто жартуе, хто гаруе,
Хто нагрэў на тым руку, —
А беларуская культура
Плача ціхенька ў кутку.

Вечнае, ненавіснае мне самапрыніжэнне - усё, што беларускае, трэба як мага далей прыхаваць, прыкапаць... Мы ўжо згадвалі З.Бядулю, ёсць у яго выдатнае хрэстаматыйнае апавяданне, як старэнькая маці прыязджае ў госці да гарадскога сына, што “выбіўся ў людзі” (ён працуе перапісчыкам папераў), і той публічна, пры калегах, адракаецца ад яе.

- Спадар Андрэй, што Вы думаеце аб якасці тэлевізійных праграм, асабліва для падлеткаў і моладзі?
- Увогуле тэлевізар я гляджу вельмі многа. Падабаюцца некаторыя падлеткавыя перадачы на канале “Лад”; цікавы быў серыял пра падлеткаў па маскоўскім “ТВЦ”... Ухвальная ідэя правядзення конкурсу на лепшы серыял з жыцця моладзі, аб’яўлены Нацыянальнай тэлерадыёкампаніяй... Але - зноў, зноў і зноў! Вечная расейшчына. Дарагія беларускія чыноўнікі, Расія і яе мова не прападуць ні з вамі, ні без вас - паверце. А вось калі знікне беларуская мова (а яна блізкая да таго), у свеце стане бядней, халадней, яшчэ больш сіратліва, і Бог недзе там, у вышыні, лішні раз з дакорам паківае галавою...

- Кажуць, што цяпер у беларускай літаратуры вельмі цяжкі і доўгі шлях ад пісьменніцкага рукапісу да кніжкі на паліцы крамы. Як Вы гэта пераадольваеце?
- Асабіста мне моцна пашэнціла. Былы дырэктар выдавецтва “Юнацтва” Алесь Адамавіч Камароўскі аказаўся прыхільнікам маёй творчасці і без чаргі выдаў дзве кнігі ў серыі “Бібліятэка прыгод і фантастыкі” - “Шчарбаты талер” (1999) і “Афганская шкатулка” (2001). І мне вельмі прыемна, карыстаючыся нагодай, лішні раз пакланіцца гэтаму міламу і знешне, і духоўна чалавеку, падзякаваць за тое, што паверыў у мяне. Хай гэта гучыць нясціпла, але, здаецца, той давер я апраўдаў: напрыклад, кніга “Шчарбаты талер” на беларускай і рускай мовах у агульнай складанасці выйшла тыражом каля 80 тысяч!

- У наш час гэта вельмі вялікі тыраж, калі размова ідзе не пра расійскамоўныя “кішэнныя” дэтэктывы ці “ружовыя” раманы. А калі чакаць Вашыя новыя творы?
- У 1-2 нумарах часопіса “Полымя” за гэты год з’явіўся мой раман “Рэвізія”, які пісаў (з перапынкамі, канечне) амаль пятнаццаць гадоў. Нібыта зацікавілася ім дзяржаўнае выдавецтва “Мастацкая літаратура”, абяцаюць выдаць кнігаю ў наступным годзе. Што да твораў для падлеткаў, дык даўно мне карціць адна задума: напісаць маленькую аповесць пра першае каханне. Толькі пастарацца, каб менш там было банальнасцяў і сюсюкання. Амаль дэтэктыўная гісторыя: забойства, вышукі, хутар, дзяўчына... Штосьці кшталту “Алесі” Купрына. Гісторыя біяграфічная, таму, відаць, і выношваецца мною, і абдумаваецца так доўга - выдумляць лягчэй, чым пісаць з жыцця...

БІЯГРАФІЧНАЯ ДАВЕДКА

Федарэнка Андрэй Міхайлавіч нарадзіўся 17 студзеня 1964 г. у в.Бярозаўка Мазырскага раёна Гомельскай вобласці. Скончыў Мазырскі палітэхнікум, працаваў мулярам у Мазыры, Пінску, г.п.Мікашэвічах Лунінецкага раёна. Служыў у Савецкай Арміі. Затым працаваў транспартным рабочым у г. Калінкавічы, бібліятэкарам у в.Антонаўка Мазырскага раёна. У 1985 г. паступіў у Мінскі інстытут культуры на бібліятэчна-бібліяграфічны факультэт, у 1990 г. скончыў. З таго часу працуе загадчыкам аддзела навукі, культуры, грамадскага жыцця і публіцыстыкі часопіса “Полымя”. Сябра Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1990 г.
Піша па-беларуску і па-руску.
Першыя апавяданні былі надрукаваныя ў часопісе “Маладосць” у 1987 г. З’яўляецца аўтарам пяці кніг:

1989 г. - “Гісторыя хваробы”, “Бібліятэчка часопіса “Маладосць”.
1990 г. - “Гісторыя хваробы”, “Мастацкая літаратура”.
1994 г. - “Смута”, “Мастацкая літаратура”.
1999 г. - “Шчарбаты талер”, “Юнацтва”.
2000 г. - «Три талера», Мн., «Современный литератор».
2002 г. - «Афганская шкатулка», «Юнацтва».

Акрамя таго, творы ўваходзілі ў 16 калектыўных зборнікаў, з іх 3 - драматургічныя. Лаўрэат шматлікіх літаратурных і драматургічных конкурсаў. Творы перакладаліся на англійскую, польскую, румынскую, рускую і іншыя мовы. У 1995 г. за кнігу “Смута” атрымаў Літаратурную прэмію імя Івана Мележа. У 2000 г. - удзельнік Літэкспрэсу «Еўра-2000».

1
Оставить комментарий

новее старее большинство голосов
Анонимно

С удовольствием прочитал Вашу замечательную статью! Хочу пожелать успехов и творческой удачи талантливому писателю..