ЮРЫЙ ЖЫГАМОНТ

«Мясцовыя ўлады баяцца, што пакажам штосьцi лiшняе, недахопы, у нас жа не ўсе калгасы перадавыя»
Некалькi год таму на Беларускiм тэлебачаннi з’явiўся цiкавы праект пад назвай «Падарожжа дылетанта». Памятаю, як сам быў у захапленнi ад гэтай праграмы: падарожжы, маляўнiчыя мясцiны, невядомыя старонкi беларускай гiсторыi. Сёння мне пашчасцiла сустрэцца з вядучым гэтай праграмы, з тым самым вандроўным дылетантам Юрыям Жыгамонтам, акторам Тэатра юнага гледача.

– Я цiкавiўся гiсторыяй, – расказвае Юрый Жыгамонт, седзячы са мной у грымёрцы ТЮГа. – Гэта цiкаўнасць праявiлася яшчэ ў дзяцiнстве. Вандраваць пачаў таксама рана: старэйшы брат заўсёды браў мяне з сабою, калi кудысьцi ехаў. Потым, калi я паступiў у Тэатральна-мастацкi iнстытут, вырашыў вывучыць Беларусь. Пачыналiся вакацыi, i я шукаў на мапе нейкае мястэчка, набываў квiток i ехаў туды. Хадзiў па вулiцах, глядзеў на старажытныя дамы, палацы, паркi. А наступнай ранiцай ехаў у iншае мястэчка. Тры гады таму мяне запрасiлi працаваць вядучым праграмы «Падарожжа дылетанта», дзе я сумяшчаю працу з адпачынкам.

– А што будзеш рабiць, калi скончацца вёскi i мястэчкi з гiстарычным мiнулым?
– Амаль што кожная вёска мае сваю гiсторыю. Беларусь жа знаходзiцца на скрыжаваннi шляхоў , было шмат войнаў. Так што, каб аб’ехаць усю Беларусь, патрэбна шмат часу. Тым больш, у нашы планы ўваходзiць аб’ехаць усё былое Вялiкае княства Лiтоўскае ад мора да мора, а гэта i Калiнiнградская вобласць, i Беласточчына, i Смаленшчына, i Вiленшчына, так што хапае яшчэ мястэчак. Дзякуй Богу, гiсторыя ў нас вялiкая, нам ёсць, чым ганарыцца. А мы, на жаль, не ўмеем зберагчы гэта ўсё. У палякаў на кожным старажытным дрэве ёсць шыльда «Помнiк прыроды. Ахоўваецца дзяржавай». А ў нас колькi такiх дрэваў проста спiлавалi! Беларусы чамусьцi згубiлi любоў да сваёй гiстарычнай спадчыны. У нас засталося вельмi шмат палацаў, iх неабходна адрамантаваць, каб яны захавалiся. Але я веру ў тое, што гэта ўсё адродзiцца. Вось зараз праводзiцца рэканструкцыя Аўгустоўскага каналу. Я думаю, дойдзе час i да замкаў, палацаў. Трэба зрабiць усё, каб людзi не забывалi, што ў нас была магутнейшая дзяржава –– Вялiкае княства Лiтоўскае, што тут раней жылi князi, каб iх ведалi, паважалi. У нас жа вельмi мала вулiц, названых у гонар слынных людзей Беларусi: Радзiвiлаў, Сапегаў, Тадэвуша Касцюшкi, Адама Мiцкевiча. На Беларусi засталося шмат панскiх склепаў. Iх паразбурвалi, шукалi скарбы, раскапвалi гэтыя могiлкi. Часам прыязджаеш у нейкае мястэчка, а каля ўскрытага склепа косткi валяюцца, у склепы смецце скiдваюць. Я лiчу, што на гэта павiнны звярнуць увагу ўлады. Продкаў сваiх трэба шанаваць.

– Пра беларускую вёску мiнулага мы ведаем з лiтаратуры, а што такое беларуская вёска сёння?
– Час iдзе, усё мяняецца, i вёска мяняецца, i людзi мяняюцца. Наша сённяшняя вёска пакрысе вымiрае, людзi збягаюць у горад. А было б добра, калi б заставалiся, заводзiлi гаспадарку, працавалi, збiралi сваю гiсторыю, стваралi музеi. Вось на Лiтве гэта зараз вельмi распаўсюджана, там робяць вёскi-музеi. Калi б у нас рабiлiся такiя музеi! Гэта было б вельмi цiкава, ад турыстаў не было б адбою. Не разумею, чаму гэта не робiцца. Зараз з вёскi з’язджае шмат моладзi. Iх нейкiм чынам трэба там утрымаць. Трэба скласцi такiя ўмовы, каб моладзь заставалася там, каб у людзей была праца, неабходна развiваць культуру на вёсцы.

– Якая рэакцыя на вашу здымачную групу ў мясцовых уладаў i жыхароў?
– Гэта гледзячы якая вёска: у адной нармальна рэагуюць, радыя, што мы прыехалi, што зацiкавiлiся iмi, а ў другой могуць i абыякава паставiцца, але з палкамi на нас яшчэ нiхто не кiдаўся. Улады мясцовыя таксама па-рознаму. Некаторыя баяцца, што пакажам штосьцi лiшняе, недахопы, у нас жа не ўсе калгасы перадавыя. Некаторыя кiраўнiкi, калi даведваюцца, што мы прыедзем, пачынаюць усё чысцiць, прыбiраць.

Адрознiваецца Усходняя i Заходняя Беларусь. Пры савецкай уладзе на Усходзе было знiшчана шмат цэркваў, касцёлаў. Чалавеку патрэбная была вера ў Бога, а гэта забаранялi. Вось людзi i пачалi губляць веру ў сябе. А Заходняя Беларусь была далучана да БССР толькi ў 1939 годзе. У людзей была свая гаспадарка, калгасы там уводзiлiся позна. На Захадзе засталося больш архiтэктуры. Канешне, Захад i Усход розняцца, але i там, i там жывуць беларусы, працавiтыя людзi, i там, i там прыгожыя мясцiны, прырода.

– Я чуў, што ў цябе ёсць свой хатнi музей.
– Так, ёсць. Я збiраю розныя цiкавыя рэчы з усяе Беларусi. У кожным мястэчку, калi трапляецца штосьцi цiкавае, нейкi там каваны цвiк альбо верацяно якое, абавязкова прыцягну з сабой у Мiнск. Экспанатаў назбiралася шмат, месца ў кватэры ўжо не хапае, а я ўсё вязу i вязу. Аднойчы знайшоў невялiкi скарб. Была вясна, снег пачаў раставаць, i аднекуль вадой прынесла старажытны срэбраны келiшак. Бывае, што i на сметнiках знаходзiш каштоўныя старажытныя рэчы.

Даведка «ЭН»:

Юрый ЖЫГАМОНТ
Год і месца нараджэння: 1968 год, вёска Дзямiдаў Нараўлянскага раёна.
Адукацыя: ПТВ («кiроўца вежавых кранаў»), Тэатральна-мастацкi iнстытут.

Оставить комментарий