Лявон Вольскі стане «бабкай»

12 снежня ў малой зале Палаца Рэспублікі на канцэрце, прысвечаным першай гадавіне існавання інтэрнэт-партала «Тузін гітоў», Лявон Вольскі паўстане перад публікай у новай якасці – ён будзе весці канцэрт разам з жонкай Ганнай. Прычым гэта будзе не проста пара вядучых, а цэлы “сацыяльна-актыўны дуэт” дзвюх асобаў - Сцяпанаўны і Маргарыты Сцяпанаўны.

- Лявон, распавядзіце, калі ласка, што гэта за дуэт? Атрымаецца нешта кшталту “новых беларускіх бабак”?
- Не. Бабка з іх - толькі Сцяпанаўна. А Маргарыта Сцяпанаўна – цётка з выканкаму. Яна размаўляе на трасянцы, а бабка – на беларускай мове. І часцяком яны гавораць у рыфму. Імпрэзы з гэтымі персанажамі мы рабілі і раней, але толькі на закрытых вечарынах разам з “Ляпісамі”. На шырокае кола публікі Сцяпанаўна і Маргарыта Сцяпанаўна патрапяць упершыню.

- А як нарадзілася ідэя вывесці іх на сцэну?
- Сяргей Будкін, кіраўнік інтэрнэт-парталу “Тузін гітоў”, спачатку прапанаваў нам пайграць на канцэрце. Але мы з розных прычынаў не можам гэта зрабіць і таму ў адказ прапанавалі разам з жонкай весці гэты канцэрт. Як Сцяпанаўна і Маргарыта Сцяпанаўна.

- І хто з вас кім будзе?
- Я буду Сцяпанаўнай, а жонка – Маргарытай Сцяпанаўнай.

- А чаму імёны ім далі менавіта такія?
- Не ведаю. Проста так натхненне прыйшло.

- У чым будзе выяўляцца сацыяльная актыўнасць дуэту?
- Сцяпанаўна і Маргарыта Сцяпанаўна будуць выказвацца пра навакольныя падзеі, пра жыцце. Ну і, натуральна, усё будзе трымацца на гумары. Выступаць будзем паміж гуртамі, падводзіць іх да выступу, але рабіць гэта станем у такім іранічна-сацыяльна-палітычным кантэксце. Карацей, тэмы будзем закранаць самыя розныя.

- Ці плануеце вы і надалей выступаць у такім амплуа?
- Пакуль мы плануем толькі гэты выступ, а што далей - я не ведаю. У нашай краіне вельмі цяжка нешта планаваць.

- А ці сочыце вы за творчасцю “новых рускіх бабак”?
- Не. Мне гэта нецікава. Я нават не бачыў ніводнага іхнага выступу. Шчыра кажучы, мы жывем у адрыве ад гэтага культурнага кантэксту.

- І даўно нарадзіўся ваш дуэт з жонкай?
- Ну, можа, год таму. Аднак калісьці я рабіў перадачу “Квадракола” на “Радыё 101,2” і на “Радыё Рацыя”, і ў мяне там быў персанаж, падобны на Сцяпанаўну. А аднойчы мы вельмі арыгінальна сустракалі Новы год. Гралі з жонкай у супрацоўнікаў выканкаму, на машыне заязджалі да сяброў і ў гэтым вобразе іх віншавалі са святам. Для ўсіх гэта было даволі нечакана і смешна. Вось мы і аб’ядналі гэтыя розныя вобразы ў сваім дуэце.

- А якія ў вас планы наконт “Крамбамбулі”?
- Прыкладна праз паўмесяца ў продажы з’явіцца новы дыск “Радыё Крамбамбуля 0,33 FM”.

- Што новага нам ад яго чакаць?
- Там вельмі вялікі азіяцкі блок. Гюнеш Абасава спявае азербайджанскую народную песню ў цікавай апрацоўцы. Разам з нашым украінскім калегам Кузьмой з гурту “Скрябин” мы спяваем песню па-ўкраінску (я) і па-беларуску (ён). Ёсць песня на польскай мове з серыялу “Чатыры танкісты і сабака”. І вельмі шмат розных мультымедыйных бонусаў.

- Дарэчы, ці каштавалі вы той напой “Крамбамбуля”, што прадаецца ў крамах?
- Без каментароў.

Оставить комментарий