«ПАХАВАННЕ СТРАЛЫ»

Адной з найбольш цікавых і непаў­торных з’яў у беларускім традыцыйным календары можна назваць абрад, які ў народным асяроддзі атрымаў назву «Страла», «Ваджэнне стралы», «Пахаванне стралы», «Сула». Рэгіён бытавання «Стралы» лакалізаваны ў межах Гомельскай, Бранскай і Чарнігаўскай абласцей, але своеасаблівым эпіцэнтрам найбольш пашыранага існавання абраду з’яўляецца Веткаўскі.

Ужо сама назва свята сведчыць пра тое, што асноўнай сваёй ідэяй яно было звернута да ўшанавання, уміласціўлення і ўтаймавання адной з наймагутнейшых і непрадказальных сіл прыроды – маланкі, якая пускала на зямлю вогненныя перуновы стрэлы. Яны прыносілі чалавеку шмат бяды: маглі спаліць хату, хлеў, свіран, гумно, палажыць жыта, часам здаралася – ад іх перападала і самому чалавеку. Здавалася, што магутную прыродную стыхію немагчыма ні ўтаймаваць, ні адвесці ў бок. Аднак год ад году чалавек шукаў розныя шляхі, каб перасцерагчы сябе і сваё жытло ад пракляцця нябёсаў.

ЧАС СВЯТКАВАННЯ «СТРАЛЫ»

Часам, да якога было прымеркавана свята ўшанавання нябеснай стыхіі, лічыўся канец вясны, а дакладней, пярэдадзень Русальнага тыдня. У больш позні час яно было спалучана з святкаваннем Ушэсця і пачало адзначацца ў чацвер, на саракавы дзень пасля Вялікадня.
У народным календары беларусаў вядомы тры святы, аб’яднаныя адной ідэяй. Першым святам у гэтым ланцужку былі Грамніцы. Другім этапам утаймавання стыхіі было выкананне абраду «Пахавання стралы» якраз у той час, калі новы ўраджай набіраў моц, а прырода заяўляла аб сабе першымі навальніцамі, маланкамі, ліўнямі. Заключным этапам уміласціўлення і ўтаймавання прыроднай стыхіі будзе свята ўшанавання Вярхоўнага бога Перуна, Іллі Грамавержца, якое адзначаецца 2 жніўня.

«ВЫНАС СВЕЧКІ»

Вясной 2004 г. мы сталі сведкамі таго, як праводзілася набажэнства старавераў з нагоды святкавання Ўшэс­ця ў вёсцы Пералёўка Веткаўскага раёна. У мясцовай традыцыі святочныя абрады першай палавіны гэтага дня атрымалі назву «Вынас свечкі».
Адна з мясцовых жанчын паведа­ла наступную гісторыю. «У 1914 г. кай­зераўскія войскі спалілі мясцовую царкву і амаль што ўсю вёску. Пакуль царква гарэла, людзі паспелі забраць абразы і рознае храмавае начынне. Пасля вайны вёску адбудавалі, царкву – не. Тады людзі пачалі служыць малебен самастойна ў хаце якога-небудзь гаспадара. Так адзначалі практычна ўсе вялікія святы хрысціянскага календара. У 1943 г. на Ўшэсце як заўсёды вёска праводзіла абрад «Пахаванне стралы». Пасля ва­джэння карагодаў моладзь пайшла гуляць у бліжэйшы лес. Партызаны атрада імя Чапаева ўбачылі, што разам з адной дзяўчынай гуляў малады аднавясковец, які служыў у паліцыі. Партызаны арыштавалі яго, павялі ў бок вёскі Янова і там расстралялі. Праз год яго маці зрабіла вялікую аброчную свечку і пачала прасіць людзей, каб яны сабраліся ў яе хаце і правялі малебен у памяць аб сыне. З таго часу гэты абрад атрымаў назву «вынас свечкі», і адзначаецца ён кожны год якраз на Ўшэсце».

Малебен распачынаўся прыкладна ў дзевяць гадзін раніцы і доўжыўся да поўдня. У чырвоным куце ставілі аброчную свечку. Кожны, хто заходзіў у хату, нёс да яе свае свечкі, падарункі, пачастункі, грошы. Затым вясковы люд збіраўся на вуліцах, дзе і распачыналася выкананне аднаго з самых старажытных абрадаў – «Ваджэнне стралы».

АБРОЧНАЯ СВЕЧКА

Аброчная свечка ўяўляе сабой невя­лікі скульптурны помнік. Яе выплаўлялі з воску, таўшчынёй не менш за пятнаццаць сантыметраў, а ў вышыню – да сарака, ставілі ў ступку накшталт вечка дзяжы, «апраналі» ў спецыяльна па­шы­тае «плацце». Зверху павязвалі не­вя­лічкія фар­тушкі, упрыгожаныя бу­сінкамі, стужкамі, вышыўкай. Кожны год упрыгажэнні свечкі абнаўлялі, таму з цягам часу яна станавілася ўсё больш тоўстай. Акрамя таго, на аброчную свечку мацавалі маленькія свечкі, з якімі людзі прыходзілі на малебен, воск плавіўся і абцякаў, ад гэтага свечка станавілася яшчэ большай і цяжкай.

У хаце той жанчыны, якая зрабіла свечку ў гонар па загінуўшаму сыну, яна знаходзілася амаль што сорак год. Калі ж жанчына памерла, то аброчную свечку сталі пераносіць з хаты ў хату. Той гаспадар, у якога свечка захоўвалася на працягу апошняга года, абавязкова рыхтаваў святочны стол-братчыну. Пасля малебна адбывалася святочнае сталаванне, затым адпраўляліся вадзіць карагоды і спраўляць абрад «Ваджэння стралы», а напрыканцы дня зноў ладзілі вячэру, на якой прымалася калектыўнае рашэнне, каму перадаць аброчную свечку на далейшае захаванне. Трынаццаць год свечка знаходзілася у тым доме, у якім здарылася вялікая бяда: загінулі бацька і сын. Цяпер вось ужо трэці год яна «дапамагае» той сям’і, у якой моцна запіў бацька, а аднойчы нават надумаў скончыць жыццё самагубствам. Аднавяскоўцы вырашылі тэрмінова перанесці аброчную свечку менавіта ў гэту хату. Нягле­дзячы на тое, што галоўная свечка абшчыны знаходзіцца ў нейкім адным доме, аднак да яе – свечкі – прыходзяць усе аднавяскоўцы, каб памаліцца і паставіць побач свае свечкі са сваімі ўласнымі просьбамі і пажаданнямі.

Сяляне былі глыбока перакананы, што невыкананне абраду «Вынас свечкі» можа наклікаць на вёску і яе жыхароў пракляцце, якое праявіцца ў выглядзе эпідэміі, падзяжу хатняй жывёлы, неўраджаю і г.д.

КАБ МАРЫ ЗБЫЛІСЯ

Калектыўна ўслаўленую, а затым утаймаваную перуновую стралу закопвалі на ўскрайку жытнёвага поля. Ролю «стралы» маглі выконваць розныя прадметы побыту і гаспадарання. Напрыклад, у вёсцы Казацкія Балсуны Веткаўскага раёна «стралой» служылі тры самыя высокія жытнёвыя каласкі, якія былі бліжэй да кожнай гаспадыні. Прыгнуўшыся долу, жанчына рукой вырывала ў зямлі крыжападобную ямку і хавала туды прыручаную (накручаную на руку, зламаную, нейтралізаваную) «стралу». Разам з стралой у яму апускалі пацеркі, грошы, гузікі, якія-небудзь пярсцёнкі – адным словам нешта бліскучае і пры гэтым загадвалі самыя розныя (будзённыя і фантастычна-неверагодныя) жаданні. Калі закопвалі «стралу», многія жанчыны гаварылі (хто пра сябе, хто ўслых): «Прымі, зямелька, ад нас грошы, а нам пашлі ўраджай харошы. Вот пайшоў ты сёння, Ісус Хрыстос, на небяса, цягні жыта за валаса. А мы ў святой зямельцы кладзем клад-грошы, каб быў ва ўсім міры ўраджай харошы».

ЗАСЦЕРАГАЛЬНАЯ ФУНКЦЫЯ «МАЛАДОГА ЖЫТА»

Пасля выканання заключнага караго­да кожная жанчына зрывала па дзевяць жытнёвых сцяблін і несла дадому. На іх думку, яны мелі цудадзейную ахоўна-засцерагальную сілу.

Усе сарваныя каласкі беражліва захоўвалі на працягу года і выкарыстоўвалі ў самых розных сітуацыях. Напрыклад, тры каласкі вешалі пад страху хлява, каб засцерагчы хатнюю жывёлу ад маланкі, перуноў, хвароб, сурокаў. Яшчэ тры каласкі клалі ў чырвоным куце за абразамі, спадзеючыся на дапамогу ў розных сямейных і будзённа-побытавых сітуацыях. Калі дзіця сурочылі, то трыма сцяблінамі малое злёгку сцёбалі з усіх бакоў, а затым клалі ў калыску ці проста прывязвалі да пярыла. Часам для лячэння якой-небудзь хваробы сцябліны заварвалі ў вадзе і атрыманы настой давалі піць хвораму. Жытнёвыя каласы клалі ў купель, калі трэба было купаць хворае дзіця, іх аддавалі сватам, калі яны ішлі заручаць дзяўчыну, і нават тады, калі маладыя адпраўляліся да вянца. У любы час года іх павязвалі на паясніцу таму чалавеку, якому пасля падняцця цяжару скруціла спіну ці, як казалі ў народзе, сарвалі залатнік. Іх клалі пад падушку, калі доўгі час не маглі суцішыць галаўны боль, у сяннік, калі сям’я доўгі час не магла нарадзіць дзіця.

ЗАХАВАННЕ ВЁСКІ АД ПЕРУНОВЫХ СТРЭЛ

Абрад «Ваджэнне і пахаванне стралы» быў скіраваны на перасцярогу вёскі ад перуноў і маланак, якія маглі прынесці шкоду чалавеку, сям’і, гаспадарцы і ўсёй вёсцы. З гэтай агульнай ідэі вымалёўвалася панарамная карціна абрадавых дзеянняў, вызначэнне асноўнага кола ўдзельнікаў, асноўныя месцы правядзення абраду і выкарыстанне адпаведных атрыбутаў.

Вялікі гурт жанчын утвараў карагод, які атрымаў назву «крывы танок» і нагадваў «стралу»: не іначай як малюнак нябёсаў, прасякнутых зігзагамі маланак, пераносіўся на зямлю, і людзі паўтаралі ўзоры космасу, імітуючы разрады прыроднай стыхіі. Рухаючыся па вёсцы, прамы, адналінейны танок (пры гэтым у жанчыны не проста былі побач, а перапляталі рукі васьмёркай – знакам бясконцасці) каля кожнай хаты закручваўся ў кола, які гасцінна сустракалі гаспадары.

Сімволіка гэтага абрадавага дзеяння даволі празрыстая і зразумелая: замыкаючы падворак у магічнае кола, гурт аднавяскоўцаў актам калектыўнай магіі імкнуўся адвесці прыродную стыхію, ставіў перад ёю непераадольную заслону.

Супраць непрадказальнай прыроднай стыхіі былі накіраваны і іншыя абярэгі: шумавое суправаджэнне абрадавага дзеяння; грамнічныя свечкі; даматканыя ручнікі, аздобленыя адпаведным арнаментам. Надзвычай моцным абярэгам на хаце лічылася дэкаратыўнае аздабленне ліштвы шасціпялёсткавымі разеткамі – старажытным знакам уладара нябёсаў Перуна.

Трэба было перасцерагчы не толькі кожную хату паасобку (таму ад кожнай сям’і ў абрадавых дзеяннях нехта прымаў удзел), але і ўсю вёску ў цэлым. Менавіта таму ў колазварот святочных падзей былі ўцягнуты ўсе вясковыя вуліцы. Гурты людзей, ідучы ад пачатку вуліцы да цэнтра вёскі, як бы выцяснялі, максімальна звужалі магчымую зону паражэння прыроднай стыхіі. Нарэшце, сабраўшыся разам усёй вёскай, людзі рушылі за яе межы, быццам выводзілі перуновую стралу за межы свайго ўладарання, каб «пахаваць» яе на ўскрайку жытнёвага поля. Семантыка гэтага дзеяння і месца яго выканання таксама зразумелыя: перуновую стралу «пахавалі», а вось яе спадарожніка – дождж – прывялі да таго месца, якому вельмі хутка спатрэбіцца нябесная вільгаць.

Оставить комментарий

  Подписаться  
Уведомление о