МАГIЧНАЯ СЯМЁРКА

Усход і захад Сонца далі лю­дзям самую першую і асноўную меру часу – дзень і ноч (суткі). У старажытныя часы колькасць пройдзеных дзён падлічвалі зарубкамі на палачках (адсюль прымаўка: «Зарубі сабе на носе») ці вузельчыкамі на спецыяльна прыгатаваных для гэтага вяроўках. Вядомыя звесткі пра тое, што калісьці лік дзён і начэй ажыццяўлялі пры дапамозе пяці пальцаў на руках. Такі тыдзень называлі «пяцідзёнкай» або «малым» тыднем. Чаму зараз мы карыстаемся сямiдзённым тыднем?

Пазней дні сталі падлічваць пры дапамозе пальцаў дзвюх рук, што дало магчымасць з’явіцца вядомай нам «дэкадзе». Старажытныя рымляне і этрускі адлічвалі час «васьмідзёнкамі».

ТЫДЗЕНЬ – АДНА ЧВЭРЦЬ МЕСЯЦА

Зручнае ў выкарыстанні і звыклае для нашай свядомасці злічэнне часу па тыднях, якія налічваюць сем дзён, з’яўляецца вавілонскім вынаходніцтвам. Самым старажытным календаром, які з’явіўся за некалькі тысячагоддзяў да н.э., быў менавіта месяцовы каляндар, у аснову якога быў пакладзены прамежак часу паміж аднолькавымі фазамі Месяца – ад першай чвэрці і да таго часу, калі зноў наступіць першая чвэрць новага Месяца. Было заўважана, што кожная з фазаў Месяца цягнецца прыкладна сем сутак. Так прамежак часу паміж аднолькавымі фазамі Месяца, які таксама назвалі месяцам – у гонар нябеснага свяціла, падзялілі на чатыры часткі – чвэрці, кожная з якіх складае сем дзён і атрымаў назву – тыдзень (руск. – неделя, царкоўнаславянскае – сядміца).

ТЫДЗЕНЬ І АСТРАЛОГІЯ

У тым жа Старажытным Вавілоне лічылі, што кожная гадзіна сутак, якія складаюцца з 24 гадзін, знаходзіцца пад апекай адной з вядомых на той час планет. Так, першая гадзіна першага дня сямідзённага тыдня – сённяшняй суботы, прысвячаўся самай далёкай з планет – Сатурну, другая – Юпітэру, трэцяя – Марсу, чацвёртая – Сонцу, пятая – Венеры, шостая – Меркурыю і сёмая – Месяцу-Луне. Восьмая гадзіна прызначалася зноў Сатурну, дзевятая – Юпітэру, і г.д. Так за кожным з сямі дзён тыдня была замацавана планета-ахоўніца.

Цікава, але ў сучаснай італьянскай і іспанскай мовах першыя пяць дзён тыдня – з панядзелка па пятніцу – і сёння захавалі назвы планет. У англійскай мове – толькі ў дачыненні да суботы – Saturday – дзень Сатурна, нядзелі – Sunday – дзень Солнца і панядзелка – Monday – дзень Месяца (Луны). У нямецкай мове Sonntag (дзень Сонца) – нядзеля і Montag (дзень Луны-Месяца) – панядзелак.

«СЛАВЯНСКІ» ТЫДЗЕНЬ

У 988 г. князь Уладзімір прымае святое хрышчэнне і абвяшчае, што з гэтага часу Старажытная Русь будзе праваслаўнай. Разам з новай рэлігіяй прыйшоў і новы Юліянскі каляндар.
Можна дапусціць, што пра сямідзён­ны тыдзень славяне даведаліся менавіта з прыходам хрысціянства і з прыняццем праваслаўнага календара.
Пра тое, што славяне мелі «свой» ты­дзень, сведчаць некаторыя факты. Калі амаль што ўсе еўрапейскія дзяржавы адна за адной прымалі «тыдзень» Старажытнага Вавілона і захавалі ў назвах дзён тыдня назвы старажытнарымскіх багоў, то старажытныя славяне пры­трымліваліся зусім іншай традыцыі. Іх назвы дзён мелі парадкавы нумар, але не да сямі, а толькі да пяці, што, безумоўна, можа сведчыць пра старажытны «пяцідзённы» тыдзень: аўторак, трэцейнік (старажытная назва серады ў стараславянскай мове), чацвер, пятніца. Цікава, але назва трэцяга дня як раз адпавядала сярэдзіне паміж чатырма днямі: панядзелак, аўторак – серада – чацвер, пятніца. Складаней з панядзелкам. На жаль, не захавалася яго старажытная назва, таму можна дапусціць, што першы дзень тыдня меў у сваім складзе корань «адзін» ці «першы».

Калі ж паглядзець на назвы двух апошніх дзён тыдня – субота і нядзеля, то мы адразу ж заўважым, што яны выпадаюць з правіла называць дзень парадкавым нумарам. Гісторыя фарміравання іудзейскай, а затым і хрысціянскай традыцый сведчыць пра тое, што старажытныя іудзеі першы дзень «вавілонскага» тыдня – суботу – зрабілі апошнім днём сямідзённага тыдня, пакінулі назву, прысвяцілі Богу і забаранілі ў гэты дзень працаваць. Дакладна, пераклад слова «саббат» гучыць як «шабаш», што азначае спакой і адпачынак. Мы і сёння карыстаемся гэтым старажытнаіудзейскім словам, калі хочам сказаць, што работа скончана – шабаш!

Далей на працэс фарміравання структуры тыднёвага злічэння аказалі ўплыў падзеі, звязаныя з жыццём і смерцю Ісуса Хрыста. Менавіта той дзень, калі ён пасля ўкрыжавання і смерці ўваскрэс, назвалі «ўваскрэсеннем» (воскресеньем) і зрабілі яго апошнім, сёмым днём тыдня. У II ст. н.э. рымскі імператар Адрыян забараніў «истинным» хрысціянам святкавать «старажытнаіудзейскую» суботу і сваім указам перанёс дзень адпачынку на наступны дзень – дзень Сонца. Царква прапанавала ўшаноўваць сёмы дзень тыдня ў гонар Збавіцеля, забараняла працаваць.

Можа, таму зусім невыпадкова гэты дзень у народнай традыцыі славяне «ахрысцілі» як дзень не-для-дзела – ня­дзеля. Першы дзень «славянскага» тыдня, які быццам бы згубіў сваё старажытнае імя, стаў звацца днём пасля «нядзелі» – панядзелкам (пасля-нядзелак). Цікава даведацца, што мусульманскія народы, якія таксама прынялі сямідзённы тыдзень, лічаць сёмым – непрацоўным – днём тыдня пятніцу і ўшаноўваюць гэты дзень у гонар нараджэння прарока Мухамеда.

ПАСЛЯДОЎНАСЦЬ ДЗЁН У «СЛАВЯНСКІМ» ТЫДНІ

Сярод гісторыкаў культуры існуюць розныя погляды на пытанне аб пачатку адліку дзён «славянскага» тыдня. У адным выпадку панядзелак лічыцца першым днём, таму што следам ідзе аўторак (рускае «вторник» – второй) – другі дзень. З другога боку, панядзелак небеспадстаўна можа ўспрымацца другім днём тыдня ці, дакладней, першым пасля папярэдняга дня – нядзелі – той, што пасля нядзелі, – панядзелак.

У народнай традыцыі адлік дзён тыдня з нядзелі можна знайсці ў замовах: «Нядзеля с панядзелачкам, вавторак з серадой, чацверц з пятніцаю, а субота адна, як малада. Ночка цёмна, зорка ясна, сон благачасцівы. Сасніся мне сон справядлівы. Лажуся спаць-засыпаць. Тры ангела ў галавах: адзін відзіць, другі слышыць, трэці скажа. Скажыце мне, прэсвятыя ангелы (выказаць свае жаданне)...»

Вызначаючы характарыстыку дзён тыдня, паўднёвыя і заходнія славяне даволі часта сцвярджалі, што субота – апошні дзень тыдня: «У панядзелак або чацвер пачынаецца сяўба, аўторак – нешчаслівы дзень, серада і пятніца – посныя, а субота – апошні дзень тыдня, таму ў гэтыя дні нельга пачынаць сяўбу»; «Карпацкія украінцы, збіраючыся ў дарогу, пазбягалі як першага (панядзелка), так і апошняга дня тыдня – суботы».

«СЛАВЯНСКАЕ АДЗІНСТВА» Ў НАЗВАХ ДЗЁН ТЫДНЯ

Па некаторых звестках назвы дзён ужо «ахрысціянізаванага» тыдня прыйшлі ў Старажытную Русь з Балгарыі, менавіта гэтая краіна вылучалася ў тыя старажытныя часы высокім узроўнем культуры. Усе славянскія краіны прынялі назвы гэтых тыдняў і карыстаюцца імі і ў наш час.

Не цяжка заўважыць, што ў рускай мове назва сёмага дня тыдня выпадае з агульнага шэрагу славянскіх назваў і завецца не нядзеляй, а «воскресеньем». Справа ў тым, што пасля прыняцця Старажытнай Руссю хрысціянства, «воскресеньем» называлі толькі адзін дзень года – дзень святкавання Вялікадня. І толькі з XVI ст. у гонар уваскрэсення Ісуса Хрыста рускія пачалі называць сёмы дзень тыдня «воскресеньем», а слова «неделя» замацавалася за ўсім тыднем і замяніла сабой царкоўную назву «сядміца». Між іншым, у царкоўным календары тыдзень і сёння называецца «сядміца».

ТЫДЗЕНЬ ЯК ЧАС СТВАРЭННЯ І ІСНАВАННЯ СВЕТУ

Усе старажытныя народы, якія стаялі каля вытокаў еўрапейскай цывілізацыі, лічылі лік сем магічным. І гэта было небеспадстаўным. Па-першае, яны абапіраліся на астранамічныя адкрыцці таго часу, па-другое, быццам бы само жыццё «прыняло» гэты лік за падставу для свайго існавання. «Лік сем – гэта дасканаласць, упэўненасць, бяспека, спакой, багацце, аднаўленне цэласнасці свету, сінтэз, а таксама цнатлівасць і лік Вялікай Маці. Сем касмічных эр, сем нябёсаў, абласцей апраметнай, асноўных планет і адпавядаючых ім металаў, сусветных сфер, промняў Сонца (сёмы прамень Сонца – гэта шлях, па якім чалавек пераходзіць з гэтага свету ў іншы). Сем узростаў чалавека, слупоў мудрасці, колераў вясёлкі, дзён тыдня, нот, актаў, цудаў свету, сем смяротных грахоў, сем катэгорый абсалютнай ацэнкі. Дадзеныя інжынернай псіхалогіі падцвярджаюць, што лік сем ёсць нейкі максімум запамінання чалавекам сігналаў-сімвалаў.

Магічная сямёрка ў культурах розных народаў свету мела значэнне максімума, гранічнай мяжы, паўнаты, абмежавання: сем мудрацоў, сем старажытнаіндыйскіх рышы (абагаўляемых мудрацоў), сем вялікіх багоў Старажытнага Шумера, сем Духаў у егіпецкай рэлігіі, сем мацярок, якія стаялі каля вытокаў роду нганасан у Афрыцы. У магіі на ніткі для замаўлення сем вузлоў, сем разоў паўтараюцца заклёны… Народная традыцыя славян звязвае лік сем са святасцю, здароўем і розумам…У ісламе першы дасканалы лік – сем; сем кліматаў, земляў і мораў, колераў, прарокаў, дзейсных сіл…У індуізме сем каштоўных камянёў брахманаў, сем багоў да патопу, ад якога ўратавалася сем мудрацоў… У буддызме сем – лік пад’ёму, узыходжання да найвышэйшага, месцазнаходжанне цэнтра. Сем крокаў Будды сімвалізуе ўзыходжанне па сямі касмічных ступенях, выходзячых за межы часу і прасторы. Згодна з біблейскім паданнем, менавіта на працягу сямі дзён Бог ствараў наш свет.

Отправить ответ

Оставьте первый комментарий!


wpDiscuz