МІКОЛЬШЧЫНА

Напярэдадні свята ў гонар Міколы Цудатворца (21 мая) усходнія славяне адзначаюць памяць Івана Багаслова, які ў народным асяроддзі атрымаў незвычайную назву – Іван Мікольны або Бацька Міколы. На Беларусі святы Мікола лічыўся адным з ахоўнікаў земляробства, таму да яго ставіліся з вялікай павагай.

«ДА МІКОЛЫ НЕТ ДАБРА НІКОЛІ»

Пярэдадзень гэтага свята таксама атрымаў тую важнасць, якую народная культура перадала праз назву – Міколаў Бацька. Пачуеш яе, і адразу ж уяўляецца постаць надзейнага, клапатлівага гаспадара, які «...з сявелачкай яр засяваець». А значыцца, справы, выкананыя ў гэты дзень, пойдуць на карысць, таму што здзейснены «ў добрую часіну». З гэтай самай нагоды гэты дзень лічылі найбольш спрыяльным для пасадкі цыбулі (яна будзе мець вялікую галоўку і высокае сочнае пер’е); для пасеву агуркоў і гарбузоў: «На Міколінага Івана агуркі сеюць, пакуль каровы ляжаць у сараі... гавораць, што так будуць гуркі ў градах, як каровы».

СЕЛЬСКАГАСПАДАРЧЫЯ ФУНКЦЫІ СВЯТОГА МІКОЛЫ

«Святы Мікола па жыце ходзіць... жыта глядзіць, дроб­ным дожджыкам пра­мо­ч­а­ва­іць, ціхім ветрыкам прасушаваіць»; «Святы Міко­ла па межах ходзя... і ўсё родзя: і траву расціць, і скот пасціць». Матыў сяўбы яравых культур атрымаў пашырэнне і стаў актуальным у дачыненні да пасадкі гародніны: «На Міколавым тыдні пачынаецца агульная пасадка агуркоў. Калі марозу потым не бывае і надвор’е спрыяе, то ў добрых гаспадынь да Купалля ўжо бываюць новыя, свежыя агуркі».

Сярод беларусаў, рускіх і ўкраінцаў Мікола-веснавы з даўніх часоў лічыўся святам конюхаў, таму паўсюдна служылі малебны, каб святы Мікола збярог коней ад ваўкоў, мядзведзяў і ліхіх людзей. Пастухі абавязкова абыходзілі ўсе хаты, у якіх іх чакала святочнае частаванне.

АБАВЯЗКI СВЯТОГА МІКОЛЫ

Трэба адзначыць, што той рэгіён Гомельшчыны, у якім існаваў абрад «Ва­джэння і пахавання стралы», больш за ўсіх шанаваў святога Мікалая. Фактычна ў кожнай хаце, у якой праводзіліся набажэнствы, былі вялікія, з прыгожымі акладамі, абразы гэтага святога. Таму можна без перабольшвання сцвярджаць, што ў сістэме народнага хрысціянства святы Мікалай успрымаўся не іначай як Уладар свету. Па дапамогу да яго звярталіся ў розных сітуацыях. У выпадку знаходжання заломаў у жыце напярэдадні жніва знахар, які «адрабляў» залом, маліўся святому Мікалаю Цудатворцу: «Мікалай цудатворац і святы Божы! І памілуй нас ад худога, ад ліхога, ад злога. Мікалай святы па межах ходзіць да рож росціць па цёплым начам, па вутранім зарам, а ліх чалавек па межам хадзіў да залом ламіў па цёплым начам, па халодным росам. А пашлі яму, Божа, на смерць, на балесць, а на куту ляжаць; яму хлеба ня з’ісць, вады ня піць, а ў магіле быць, а рабе (назваць імя чалавека) здаровай быць, Мікалаю святому малебен служыць Амінь».

Этнаграфічныя апісанні сведчаць пра тое, што самаму пачэснаму святому маліліся аб дапамозе на моры (асабліва балгары, украінцы Прычорнаморскага рэгіёну). Лічыцца, што святы Мікалай клапоціцца аб вадзе і ўсіх плаваючых па ёй з дня Міколы Вешняга па Іллін дзень, а Ілля Прарок – у астатні час году. Беларусы таксама лічылі самым спрыяльным часам для купання перыяд паміж веснавым Міколам і днём Іллі Грамавержца. Відаць, далёкім водгукам таго культу з’яўляюцца беларускія замовы «ў дарогу ці куды»: «Святы Юра, святы Мікола і святы Антоній і Хвядосій, Ілля і Пакрова, храбры пабеданосец, зашчыці і памілуй ад звера ляснога, ад чалавека ліхога, ад чарадзей, ад ліхадзей, ад непрыяцеляў, ад наступетнікаў, ад ябеднікаў, каторы на нас наступаюць і нам усё зло думаюць. І ўсе святыя, памілуйце нас. Кузьма-Дзям’ян, ачысце (назваць імя чалавека ці клічку жывёлы) душачку, цела».

Менавіта на Міколу жанчыны збіралі першыя лекавыя травы вясны, заварвалі іх і мыліся гэтай вадой, удзяляючы асаблівую ўвагу дзетародным органам, каб лёгкімі былі роды. Відаць, якраз гэта светапогляднае ўяўленне і стала прадумовай узнікнення ў замовах матыву «Мікольскай травы» , а таксама побытавай (а, можа, усё ж міфалагічнай) сентэнцыі: «На вешняга Мі­колу і варона ў рунь хаваецца».

Вадой, прыгатаванай на Мікольскіх зёлках, лячылі ад спуду і «падзіву», нагаворваючы яе словамі: «Ідэ Гасподзь, за ім ацец Мікола, за ім пудзіў, на семі межах зелле рвалі, рабе Божай (імя) пудзіў выгаворвалі. Ліст апаў, пудзіў прапаў».

У замове ад «зляку» (спалоху), запісанай у Кі­раўскім раёне, падаецца пе­ралік святых Угоднікаў у каляндарна-храналагічнай паслядоўнасці. Мікола Цудатворац зноў аказваецца пер­шым у згаданым пе­раліку. Ён нароўні з Творцай свету першым прызываецца на дапамогу, першым пачынае парадкаваць і навакольны свет, і здароўе хворага чалавека: «Пуд-пудзішча, выгаварваю я цябе з буйной галавы, з русага валосся, з хуткага сэрца, з жылаў, костак і суставаў. Рабу Божаму (імя), святы дзянёчак, стань на дапамогу. Святы Мікола, стань на дапамогу. Святы Пятро, стань на дапамогу. Святы Павел, стань на дапамогу. Святы Ілля, стань на дапамогу. Святы Спас, стань на дапамогу. Святы Пакроў, стань на дапамогу. Святы Кузьма, стань на дапамогу. Святы Дзям’ян, стань на дапамогу. Пуд-пудзішча, шлю цябе на мзі, на балоты, на гнілыя калоды, на белыя каменні, на ракітавы куст. Амінь».

Такім чынам, святы Мі­кола падводзіў рысу ў складаным і працяглым цыкле веснавых святаў, скіраваных на абу­джэнне прыроды і рас­пачынанне вялікага ко­ла сялянскіх сельскагаспа­дарчых і гаспадарчых кло­патаў. Ён падводзіў рысу веснавой няўстойлівасці на­двор’я і, як стары мудры ча­лавек, перадаваў эстафету поўнагалоснаму летняму Купаллю і не менш мудраму Івану Прадцечы.

ЖЫЦЦЯПІС СВЯТОГА МІКАЛАЯ ЦУДАТВОРЦА

Хрысціянскія паданні сведчаць пра тое, што святы Мікалай зрабіў шмат добрых спраў: абараняў несправядліва асуджаных, ратаваў ад пагібелі мораплавацеляў і тых, хто не мог сам выбрацца з вады, дапамагаў галодным, уваскрашаў людзей. Аднак у гісторыю сусветнай культуры ён увайшоў перш за ўсё сваім знакамітым учынкам: дапамог грашамі сям’і, у якой было тры дзяўчыны, а бацька збіраўся аддаць іх у блудніцы, каб уратаваць ад галоднай смерці. Даведаўшыся пра гэта, святы Мікалай ноччу непрыкметна падкінуў у хату грошы, якія і дапамаглі сям’і вырашыць многія праблемы. З таго часу ва ўсім свеце вядома не толькі імя святога Мікалая як Санта Клауса, але і распаўсюдзілася традыцыя падкладваць пад навагоднія ёлкі падарункі дзецям.

СІМВАЛЫ БЕЛАРУСКАЙ ТАЛАКІ

У цэлым шэрагу вёсак Гомельшчыны на Мікольшчыну, гэтаксама як і на Ушэсце, рабілі аброчную свечку. Аналагічныя праяўленні культу Мікалая адзначаны на Смаленшчыне і ва Ўкраіне. Гаспадыні накрывалі святочны стол, за якім збіраўся цэлы гурт людзей; абавязковай стравай быў мёд, які з адной місы каштавалі ўсе. Затым з сотавага воску рабілі вялікую свечку і запальвалі яе перад абразам святога Мікалая.

У этнаграфічных даведніках пазначаецца: «У гэты дзень многія сяляне робяць так званыя аброчныя абеды – г.зн. з выпадку якога-небудзь няшчасця ці збаўлення ад бяды даюць абяцанне накарміць жабракоў у дзень свяціцеля Мікалая ў імя Божае славы і ў гонар названага ўгодніка. Раніцаю гаспадар запрашае прычт адправіць у доме малебен і акафіст святому Мікалаю і ў той жа час склікае бедных і калек, а таксама родных на абед. За дазвол піць гарэлку на такіх аброчных абедах, якія мелі рэлігійны характар, святога Мікалая клічуць «бурлацкім богам», г.зн. богам п’яніц, што стасуецца з днём Міколы-зімовага (19 снежня)» .

Асаблівасцю Мікольскіх святкаванняў на Гомельшчыне была братчына. Яе абавязковае правіла – кожная сям’я прыносіць неабходныя прадукты да агульнага стала. Накрывалі, як на вяселлі, доўгі стол, выбіралі старасту, які кіраваў падрыхтоўкай свята і яго правядзеннем. Перш чым распачаць застольную частку, мірскі сход вырашаў сямейныя, міжсуседскія непаразуменні, прычым адбывалася гэта ў сяброўскай абстаноўцы. Пасля сходкі-прымірэння пачыналася святочнае застолле, як сімвал замацавання дасягнутай згоды.

На Гомельшчыне і Магілёўшчыне існавалі так званыя «свячныя» братчыны. Да свята ўся вясковая грамада збірала воск, а потым усе разам ляпілі велізарную свечку, часам вагой да трыццаці кілаграмаў. Вясковы сход вырашаў, у чыёй хаце свечка будзе захоўвацца на працягу года і да каго яна будзе перанесена потым.

Адно з асноўных патрабаванняў братчыны – дапамога сіротам, удовам, хворым, убогім людзям і жабракам.

Оставить комментарий