«ДЗЕ БУСЕЛ ГНЯЗДЗІЦЦА, ТАМ ДАБРО ВЯДЗЕЦЦА»

Калі едзеш па вёсках Беларусі, то даволі часта сустракаешся з незвычайнымі збудаваннямі – буслянкамі, якія літаральна лунаюць над слупамі і дрэвамі, збудаваннямі людзей. Спрадвеку сярод усходніх славян бусел быў самай шануемай птушкай. Людзі верылі – калі бусел пасяліўся побач, абавязкова пашчасціць. Таму кожны год так чакаюць прылёт буслоў.

ЯК БУСЕЛ УВАБРАЎ У СЯБЕ ЧАЛАВЕЧЫЯ ЯКАСЦІ

У вусна-паэтычнай спадчыне ўсходнеславянскіх народаў выразна паўстае постаць бусла (бацана, бацяя), які надзяляўся рысамі чалавека: мудры і справядлівы, гаспадарлівы, чулы (можа сумаваць і плакаць адно па адным сапраўднымі слязьмі), разумее чалавечую мову, ладзіць вяселле, крыўдзіцца, помсціць. Сцвярджаюць, што сямейная пара буслоў непадзельная. Часцей за ўсё здараецца так, калі гіне адзін з буслоў, то другі таксама ахвяруе сваім жыццём.

Блізкае суседства бусла з чалавекам міфалагічная свядомасць нашых продкаў тлумачыць тым, што некалі Бог ператварыў у птушку аднаго чалавека. Адбылося гэта па наступнай прычыне: Бог сабраў усіх пачвар і даручыў яму «аднесці і кінуць у мора мех з гадамі (змеямі, яшчурамі, жабамі), але з-за сваёй празмернай цікаўнасці чалавек не паслухаў загадаў і зазірнуў у мех. Гады распаўзліся па зямлі. У пакаранне Бог ператварыў чалавека ў бусла і загадаў збіраць гадаў і выратоўваць ад іх людзей. Ад сораму ў бусла пачырванелі ногі і клюў, якія засталіся чырвонымі і да сённяшняга дня».

Разам з тым у беларускіх паданнях і легендах вядомы сюжэт, у аснову развіцця якога пакладзена ўсё тая ж асацыяцыя знешняга падабенства (хадзіць і збіраць), аднак змест яго разгортваецца не на падставе этыялагічнага міфа, а на асэнсаванні правілаў старажытнай традыцыі і асабліва выпадкаў іх парушэнняў. Нормы звычаёвага права і правілы абрадавага этыкету прадугледжвалі неабходнасць іх даволі дакладнага і строгага выканання. Адным з такіх прадпісанняў было патрабаванне не кідаць абы-дзе абстрыжаныя валасы і пазногці. Валасы, пачынаючы ад першага пастрыгу і да скону веку, чалавек штораз збіраў у асобны мяшочак або іх затыкалі ў шчыліны хатніх бярвенняў, спальвалі (самая распаўсюджаная традыцыя), а калі побач была рэчка, то пускалі на ваду. Гэтаксама трэба было збіраць або знішчаць пазногці. У тым выпадку, калі валасы і пазногці збіралі і захоўвалі на працягу жыцця, то пасля смерці іх складвалі ў падушку і клалі пад галаву нябожчыку.

Матыў парушэння гэтага патрабавання якраз і асэнсоўвае легенда пра паходжанне бусла. «Буслы – гэта людзі, што пакуль жылі, абрэзваючы пазуры (пазногці), не хавалі за пазуху, але кідалі на зямлю, то Бог іх па смерці робіць бусламі, і яны патуль буслы, пакуль усіх сваіх пазуроў не вызбіраюць. Як бусел вызбірае ўсе свае пазуры, то робіцца чалавекам і ідзе проста да неба, бо ўжо яго пакута скончылася». А адлятаюць яны ў вырай таму, што як нападае снег, то тады яны не маюць магчымасці збіраць сваіх пазуроў. «Клёкат гэтай птушкі народ тлумачыць як адчайнае галашэнне няшчаснага пакутніка».

«БУСЬКО-БЭРЭЗІНА, КАБ НЕ БАЛЕЛА СЭРЭДЗІНА»

Відаць, менавіта згаданыя міфалагічныя ўяўленні пра ро­днасныя сувязі чалавека з буслам спрыялі ўзнікненню значнай колькасці прыкмет, павер’яў і абрадавых прадпісанняў у сістэме каляндарнай абраднасці і тых жа правілаў звычаёвага этыкету. Некаторыя з іх зноў-такі ўзнікалі на фундаменце найбольш пашыранага прынцыпу традыцыйнай культуры «падобнае выклікае падобнае». Шырока распаўсюджаным было павер’е: калі вясной упершыню ўбачыць бусла, які ляціць, – быць здаровым, моцным, працаздольным, калі ж бусел будзе стаяць, то, наадварот, усё лета чалавек будзе цяжкім на пад’ём. Верылі ў тое, калі «хто хоча быць моцны на ногі ўвесь год, той павінен прабегчы ў бок бусла, калі ўбачыць яго першы раз вясною. Калі хто ўбачыць першы раз у спакойным стане, то ўвесь год будзе слабы на ногі, г.зн. будзе стамляцца ад хады». Пры першай сустрэчы трэба было абавязкова прагаварыць патрабаванні-заклічкі: «На ціхае лета, буйнае жыта, а нам на здароўе». На Гомельшчыне казалі так: «Надзелі, бусечко, здороўем!». Каб не балела спіна, трэба было прыперціся да дрэва і казаць: «Бусько-бэрэзіна, каб не балела сэрэдзіна» .

БУСЕЛ – СІМВАЛ СЯМЕЙНАГА ШЧАСЦЯ

Ведаючы тое, што буслы ўвесь час жывуць парамі, людзі імкнуліся, з аднаго боку, паспрыяць іх непарушнаму саюзу (з гэтай нагоды зацягвалі састарэлую барану на страху або на дрэва, абавязкова пакідаючы там двухграшовую манету). З другога боку, чалавек разлічваў на тое, што магія падабенства, у цэнтры якой знаходзіцца неразлучная пара буслоў, будзе спрыяць стварэнню саюза паміж двума маладымі людзьмі: «Барану на гняздо бусла трэба, каб зацягнаў маладзік (хлапец) з дзеўкаю, бо як так хто, то буслы таго месца не ўпадабаюць». І тады, калі буслы зробяць гняздо на той баране, былі перакананы, што хлапец з той дзяўчынай у гэты год абавязкова возьмуць шлюб.

Бадай што не адно пакаленне беларускіх дзяцей было ўзгадавана на самай жыццясцвярджальнай легендзе пра буслоў. На пытанне дзяцей: «Адкуль дзеці бяруцца?» – дарослыя заўсёды адказвалі: «Бусел цябе ў капусту прынёс, а мы знайшлі». Як бачым, гусі-лебедзі адносілі малое дзіця ў вырай, а буслы, наадварот, прыносілі немаўля з тых далёкіх краёў.

Лічылася, што бусел прадказваў не толькі шлюб паміж парай маладых лю­дзей, але і хуткае нараджэнне дзіцяці: «Калі бусел падчас вяселля сядзе на комін, у маладых хутка народзіцца дзіця». Калі бусел сніцца жанчыне – гэта прадказвала яе цяжарнасць або хуткае нараджэнне сына. Цікава і тое, калі ў сям’і нараджаўся хлопчык, то існаваў звычай адведваць бацькоў немаўля, пераапрануўшыся буслом. А з другога боку, у тым выпадку «калі гаспадыня хаты была бяздзетнай, на падворак запрашалі буслоў, а часам і не адну сям’ю, з надзеяй, што за добрыя адносіны да гэтай свяшчэннай птушкі Бог падаруе ёй дзіця».

БУСЕЛ З ПЕРУНОМ СЯБРУЕ І ЧАЛАВЕКУ ДОЛЮ ВЯШЧУЕ

Адзначым тое, што ў славянскай міфалогіі бусел звязаны з богам маланкі і грому – Перуном. Ствараецца ўражанне, што гэта птушка знаходзіўся пад своеасаблівай аховай галоўнага вярхоўнага бога славянскага пантэону: «Дзе бусел гнездзіцца, то там перуны не б’юць і град не падае», «Як на хароміне зробіць бусел гняздо, то тае хароміны пярун не запаліць»; «Той дом і нават уладанні, дзе бацяй уладкуе сваё гняздо, можна лічыць шчаслівым, а пярун ніколі не ўдарыць паблізу гнязда».

У 1977 годзе жыхар в. Вялікі Рожын Салігорскага раёна Мікалай Коўчын (1910 г.н.), а потым і жыхарка з в.Чудзін Ганцавіцкага раёна Марыя Адамаўна Цалагус (1909 г.н.) расказалі пра тое, што буслы маглі прадказваць ці не будзе ураджайным бягучы год. Калі бусел выкідваў са свайго гнязда толькі яйка, лічылася, што год будзе неўраджайным, калі ж ён выкідваў з гнязда бусляня, то гэта прадказвала вельмі нешчаслівы год.

У в.Згурск Чэрвеньскага раёна доўгі час жылі дзве пары буслоў. Аднойчы адна з іх так і не прыляцела ў сваё гняздо. У той год памёр гаспадар хаты, каля якой калісьці сяліліся буслы. Па вераваннях нашых продкаў, калі вясной бусліная сям’я не вярталася ў сваё гняздо, то гэта прадказвала няшчасці: паморак, пажар, паводку або яшчэ якую бяду, якая магла здарыцца або ў гэтай хаце, або ў вёсцы.

КАБ НЕ НАКЛІКАЦЬ ПАКАРАННЕ

Сярод беларусаў існавала глыбокая перакананасць, што суседства бусла прыносіць у хату, сям’ю і гаспадарку шчасце, паразуменне і дабрабыт. Бусел уяўляўся людзям дбайным гаспадаром і верным спадарожнікам у жыцці, таму, «убачыўшы першы раз бусла, трэба адразу ж сесці на зямлю, іначай дастатку ў гаспадарцы не будзе і гаршкі будуць біцца».

Традыцыйная міфалагізаваная мадэль кампліментарных стасункаў з райскай птушкай прадугледжвала не толькі максімальнае спрыянне бусловай сям’і, але і забарону чапаць (бурыць) яго гняздо: «Дрэва, на якім бусел гняздо сваё сцеле, нельга сячы, бо гэта можа выклікаць няшчасце ў гаспадарцы.

«Шанавалі бусла як карыснае стварэнне, якое нішчыць жаб, змей і вужоў. Але буслоў таксама баяліся, калі яны праляталі паблізу вясковых сяліб, бо верылі, што яны могуць распаліць пажар, кінуўшы на дах хаты запаленую галавешку, або нават уторкнуць яе пад страху». Сярод людзей старэйшага пакалення не раз гаварылася, што буслы вельмі помслівыя. Яны могуць нарабіць вялікую шкоду там, дзе парушылі буслінае гняздо. У в. Згурск Чэрвеньскага раёна расказвалі, што ў адзін год за тое, што гаспадар знішчыў буслінае гняздо, адна з птушак прынесла і паклала на комін вялікі кавалак шкла. Што толькі ні рабіў гаспадар, каб аднавіць цягу ў печы, бо як толькі запаляць дровы, увесь дым валіў на хату.

Забіць бусла лічылася страшэнным грахом. Чалавека, які гэта зрабіў, маглі напаткаць самыя неверагодныя непрыемнасці. Пакараннем лічылі неўраджай, град, які за некалькі хвілін мог пабіць усе пасевы, засуху. Самым страшэнным пакараннем магла быць маланка, якая трапляла менавіта ў хату таго, хто быў павінен у смерці бусла. Вядомы выпадкі, калі пажар пачынаўся ў адной хаце, а выгарала палова вёскі.

Оставить комментарий