«НЕ Я Б’Ю, ВЯРБА Б’Е…»

Свята беларускага народнага календара Вербная нядзеля або Вербніца мае ўласна хрысціянскія вытокі і звязана з евангельскімі падзеямі. У Евангеллі ад Мацвея, дзе апісваецца жыццёвы шлях Сына Божага Ісуса Хрыста, паведамляецца пра найвялікшае з Яго цудаў – уваскрэшанне памерлага чатыры дні таму Лазара. Назаўтра Ісус прыйшоў у Іерусалім, жыхары якога сустракалі яго як самага дарагога госця, усцілаючы дарогу пальмавымі галінкамі.

Хрысціянская царква надзяліла гэтую падзею статусам найвялікшага свята, якое адзначаецца ў апошнюю перадвелікодную нядзелю, напярэдадні Страснога тыдня. Толькі замест пальмавых галінак славяне, у тым ліку і беларусы, выкарыстоўваюць у сваіх абрадах вярбу.

ПЕРУНОВА ЛАЗА

Вярба пачынае цвісці вельмі рана, але гэтыя кветкі незвычайныя. Невялічкія шэрыя пупышкі на галінках нагадваюць поўсць ката ці маладой авечкі, таму ў народзе цвітучую вярбу яшчэ называюць «коцікамі», «авечкамі» ці «барашкамі».
У народнай культуры ўсходніх і заходніх славян гэтае дрэва мела дваістую характарыстыку. З аднаго боку, яно стала сімвалам хуткага росту, набіраючага моц жыцця, урадлівасці, добрага здароўя. Да маладой вярбы ставіліся як да карыснага і свяшчэннага дрэва: галінкі маладой вярбы неслі ў храм, каб асвяціць, затым прыносілі дадому і выконвалі з імі шэраг рытуальных дзеянняў, сімвалізуючых адраджэнне (ці зараджэнне) новага жыццёвага цыкла, новага здароўя і ўраджаю.

Усходнія славяне ўшаноўвалі вярбу за тыдзень да Вялікадня – у Вербную ня­дзелю. Сярод заходніх славян (Маравія, Боснія, Польшча) лічылі, што вярба атрымлівае большую цудадзейнасць на Юр’я. Менавіта ў гэты дзень дзяўчаты плялі з вярбы вянкі і прыгаворвалі: «Каб дабрабыт у хаце рос, як вярба вясной». У сербаў існавала павер’е: калі на Юр’я дзяўчына спляце з маладых галінак вярбы пояс і будзе яго насіць некалькі дзён, то абавязкова ў гэтым годзе выйдзе замуж і будзе «з пузам» (па памерах пояса).

Па вераваннях старажытных русічаў вярба лічылася галінкай Перуна ці перуновай лазой. Пярун – бог-грамавержац – пасылаў з яе дапамогай на зямлю, палі, лясы, лугі, сенажаці дажджы. Таму, калі ў час веснавых сельскагаспадарчых работ выконваліся абрады па выкліканні такой неабходнай вільгаці, іх удзельнікі павінны былі прыбіраць сваё адзенне галінкамі вярбы, а на галаву надзяваць вянок з вярбы. Пры дапамозе лазы ці галінак вярбы на падвор’і адшуквалі ваду, каб вырыць калодзеж.

«УЛЮБІЎСЯ, ЯК ЧОРТ У СУХУЮ ВЯРБУ»

З другога боку, старое дрэва вярбы заўсёды выклікала перасцярогу, таму што лічылася – месца, дзе расце гэтае дрэва, благое, таму што там жывуць чэрці, вадзяныя і іншыя нячысцікі. У беларусаў існавала павер’е пра тое, што ранняй вясной чэрці залазяць на старую вярбу, каб пагрэцца. Але пасля таго, як маладыя галінкі вярбы «засвецюць» (асвецяць у храме), чэрці пападаюць у ваду. Таму, каб не трапіць у рукі да нячыстай сілы, да Вербнага тыдня забаранялася хадзіць на балоты, да вады – у так званыя «гіблыя» мясціны, выпускаць карову з двара і г.д. Старыя людзі казалі, што «з таго, хто парушыць забарону купацца да Вешняга Міколы, вырасце вярба».

У палякаў існавала павер’е, што менавіта з вярбы (старога дрэва) былі зроблены цвікі да крыжа, на якім укрыжавалі Хрыста. Бог пакараў за гэта старую вярбу – яе ствол каравы, няроўны, дрэва ніколі не дае цені, а яго драўніна хуткім часам становіцца гнілой.

На Беларусі лічылі, калі вярба вырастала да такіх памераў, што ў ёй стварылася дупло, там абавязкова паселіцца чорт са сваёй жонкай. Пра тых, хто моцна закахаўся, казалі: «Улюбіўся, як чорт у сухую вярбу».
Суседства вярбы з «гіблым» месцам і традыцыйныя ўяўленні аб яе сувязі з нячыстай сілай паспрыялі таму, што яна з цягам часу стала своеасаблівым рытуальным цэнтрам выканання шэрагу магічных дзеянняў: на старую вярбу адсылалі «33 няшчасці» і самыя цяжкія захворванні.

Паколькі вярба расла каля вады і выконвала ролю сімвалічнай мяжы паміж зямной і воднай прасторамі, гэта дрэва забаранялася садзіць каля дома, на агародзе, у садзе. Гаварылі так: «хто вярбу саджае, сам сабе заступ рыхтуе». Лічылася, што як толькі ствол вярбы стане такім, што з яго можна будзе вычасаць чаранок для лапаты, той, хто яе пасадзіў, адразу памрэ.

«...А ЗДАРОЎЕ Ў КОСЦІ!»

Асноўнай абрадавай падзеяй гэтага святочнага дня стала наведванне царквы з мэтай асвяціць галінкі вярбы, якім прыпісваліся шматлікія магічна-аздараўленчыя ўласцівасці. Звычай асвячаць галінкі дрэва вядомы са старажытных часоў у многіх народаў свету. Асноўны яго сэнс – дрэва, якое раней за іншыя адгукваецца на веснавое цяпло, на прабуджэнне зямлі, павінна перадаць сваю моц, здароўе, прыгажосць чалавеку і хатнім жывёлам.

Галінкі вярбы рыхтавалі зага­дзя. Звязвалі ў пучкі па тры ці пяць і ўпрыгожвалі кветачкамі з каляровай паперы або нават кветкамі, спецыяльна нарыхтаванымі і засушанымі з лета, а таксама рознакаляровымі стужкамі.
Той, хто прыносіў дадому па­свечаныя галінкі, злёгку сцёбаў імі ўсіх дамачадцаў, перш за ўсё дзетак, і прыгаворваў:

Не я б'ю, вярба б'е,
За тыдзень – Вялікдзень.
Хвора ў лес на верас,
А здароўе ў косці!

Старыя людзі лічылі самым вялікім грахом знаходзіцца ў хаце ў той час, калі ў цэрквах асвячаюць галінкі вярбы. Таму тых, хто па розных прычынах (а часцей за ўсё па хваробе) не маглі быць у гэты момант у храме, сцябалі яшчэ мацней, каб прагнаць сон, немачы, паспрыяць удачы і дабрабыту ў наступным годзе.

У гэты святочны дзень забаранялася працаваць. У кожнай хаце накрывалі стол, запрашалі суседзяў, родзічаў у госці. І хоць ежа на стале была поснай, гэта не змяншала агульнай радасці і весялосці.

«КАБ ЗБЕРАГЧЫ СВАЮ ГАСПАДАРКУ»

Нашы продкі верылі, што асвечаная вярба дапамагала перасцерагчы хатнюю жывёлу ад ведзьмаў, ад «уразу» (благога вока суседзяў ці іншых аднавяскоўцаў), спрыяла добрай малочнасці. У сувязі з гэтым гаспадар абыходзіў з галінкамі вярбы ўсе пабудовы, дзе стаяла розная жыўнасць, і тройчы злёгку сцябаў пруцікам кожную жывёліну, а затым утыкаў яго ў шчыліну сцяны. Практычна ўсё жывое на падворку павінна было быць «пабіта»: каровы, конь, вол, козы, сабака, кот, а таксама калоды з пчоламі. Потым гаспадар ішоў у сад і таксама тройчы сцябаў там кожнае пладаноснае дрэва, тое ж самае адбывалася ў агародзе і на ніве.

З ВЯРБОЙ ДА ПРОДКАЎ

Напрыканцы рытуальнага абыходу гаспадар кіраваўся на могілкі і трохразовым лёгкім хвастаннем вітаў магілы сваіх суродзічаў. Дарэчы, галінкі вярбы, што браліся на ніву і на могілкі, не несліся дадому, а ўтыкаліся ў зямлю на месцы правядзення рытуалу. Пры гэтым не забывалі папрасіць у матухны-зямліцы здароўя сабе і сваім блізкім.

«БЫЦЬ ЗДАРОВЫМ, ЯК ВЯРБА»

Цудадзейную сілу вярбы даволі часта скарыстоўвалі як ахоўны або лячэбны сродак. У Вербную нядзелю кожнаму ў сям’і раніцай трэба было з’есці па тры пупышкі асвечанай вярбы і запіць святой (хрышчэнскай або стрэчаньскай) вадой. Пры гэтым трэба было чытаць малітву або замову, напрыклад, такую: «Добры вечар, цёмна ноч! На табе вярба і мая бяда. А мне маё здароўе назад аддай». Народныя знахары лічылі, што пасля гэтага чалавек будзе менш хварэць і паддавацца сурокам.

«БЕРАЖОНАГА І БОГ БЕРАЖЭ»

Пасля таго як з галінкамі вярбы будуць выкананы ўсе неабходныя ахоўна-магічныя дзеянні, частку асвечаных галінак хавалі за бажніцу, частку ўтыкалі ў сцены ці пад страху ўсіх пабудоў. Там яны будуць захоўвацца на працягу года. Галінкі вярбы лічылі адным з самых надзейных сродкаў, каб зберагчы хату ад пажару, удару маланкі, паводкі, а яе насельнікаў – ад ліхіх людзей і «дурных» вачэй.

Рэшткі вярбы ніколі не выкідвалі, а захоўвалі да наступнай Вербніцы. І пасля таго як будуць асвечаны новыя галінкі, старыя назаўтра спальвалі ў печы. Прычым попел абавязкова збіралі і рассыпалі па градках (там, дзе не ступае нага каровы ці каня). З вуснаў у вусны перадавалася чутка пра тое, што на тых градах, дзе быў рассыпаны попел ад асвячоных вербачак, пры любых умовах і надвор’і заўсёды ўродзяць добрыя агуркі.

Лічылася, той, хто кіне ці упусціць галінку асвячонай вярбы на зямлю, накліча на сябе пракляцце. Таму такую вербачку трэба было хутка спаліць у печцы.

АСВЯЧОНАЯ ВЯРБА Ў НАРОДНАЙ МЕДЫЦЫНЕ

У славян існавала глыбокая перакананасць у тым, што вярба сімвалізуе сабой урадлівасць, а значыцца, дапаможа вырашыць такую вялікую праблему, як бяздзетнасць. У некаторых мясцовасцях бабкі-шаптухі замаўлялі ваду і рэкамендавалі піць настоі на пупышках вярбы бяздзетным жанчынам. Сярод літоўцаў хадзіла паданне пра тое, што ў вярбу была зачаравана старажытная жанчына Блінда. Яна была адорана маці-прыродай здольнасцю нараджаць дзяцей з незвычайнай лёгкасцю, і не толькі з чэрава, але і з рук, ног, галавы. Аднойчы Зямля, самая пладавітая з усіх, пазайздросціла жанчыне і запрасіла ў госці. Дарога да вызначанага месца праходзіла праз балота. Калі Блінда падышла да яго, яе ногі патанулі ў балоце, а зямля так моцна схапіла іх, што бедная жанчына засталася там назаўсёды і ператварылася ў вярбу. З тых часоў жанчыны, якія не могуць нарадзіць дзіцятка, прыходзяць да вярбы Блінды і просяць яе падараваць хаця б крышачку яе пладавітасці.

Оставить комментарий

  Подписаться  
Уведомление о