«СОРОКА ЛЕТ, А СОРОМУ – НЕТ»…

Бадай што, самым загадкавым, самым таямнічым не толькі ў славянскай, але і ў еўрапейскай традыцыйнай культуры з’яўляецца лік 40. Шырокае кола рытуальна-абрадавых, сакральна-магічных і утылітарна-побытавых кан­тэк­стаў сведчыць, што гэты лік з’яў­ляецца амбівалентным і ўтрымлівае ў са­бе пры­к­меты рознаполюснай накіраванасці.

Значная колькасць міфалагічных і вусна-паэтычных кантэкстаў сведчаць пра тое, што лік 40 сімвалізуе сабой завершанасць, вычарпальнасць, статусную закальцаванасць у адной плос­касці існавання і адначасова вызначае зону памежжа і пераход у іншасвет. Рускія прыказкі надзвычай выразна падкрэсліваюць духоўную статуснасць ліку 40 як мяжы паўналецця, сталасці і адпаведна духоўнага абнаўлення: «Сорока лет, а сорому – нет. И в семьдесят лет, да совести нет», «Кто в двадцать лет не здоров, в тридцать не умен, а в сорок не богат, тому век таким и бывать». Гэтая ж прымаўка, толькі крыху ў іншай інтэрпрэтацыі, бытавала і сярод беларусаў: «У дваццаць лет сілёнкі нет, нету і не ждзі. У сорак лет ума нет, нету і не ждзі».

Прыварожанага на кроў раяць лячыць устрыманнем на працягу сарака дзён ад мясной ежы. А каб пазбавіць чалавека ад смяротнай хваробы, неабходна заказаць у храме малебен, які так і завецца «саракауст», раздаць сорак міластыняў і на працягу трох начэй паліць па дванаццаць свечак. Даследчык М.Д.Торэн сведчыць, што ў рускай народнай медыцыне існавала парада жанчыне, якая не хацела зацяжарыць: піць ваду, узятую з сарака розных крыніц, або тую, у якой памылі сорак курыных яек

У гэтым выразна праяўляецца пер­спектыўны, скіраваны ў будучыню, жыццясцвярджальны характар міфа­паэтычнага сімвала «сорак». З другога боку, выключна эксклюзіўная несумяшчальнасць, супярэчлівасць, пярэчанне самой сутнасці жыцця заключана не столькі ў самой парадзе не зацяжарыць, колькі ў тых аб’ектах, якія ўключаны ў ланцуг падзей процістаяння.

Яйка – адзін з самых пашыраных сімвалаў жыццядайнай энергіі, уласна кажучы – гэта сфакусаваная мікрамадэль бязмежна вялікага Сусвету. Гэта тая касмічная субстанцыя, з якой пасля ўзрыву была створана наша галактыка ды і ўвесь Космас. Якім бы бязмежным ён ні быў, аднак усё ж такі гранічная мяжа ў ім ёсць. Як ёсць тая ж самая мяжа – улонне маці – для эмбрыёну чалавека, які пакіне гэтую мяжу, разарваўшы яе «сарочку». Незвычайны парадокс: тое, што знаходзіцца ўнутры прасторы яйка, захоўвае патэнцыю жыцця і пры спрыяльных умовах дае яму першаштуршок, адначасова можа стаць мяжой, бар’ерам да аднаўлення жыцця. Магчыма, што ў методыцы народнай медыцыны скарыстаны асацыятыўны код: вада, якая не пранікае скрозь сценку (скарлупу) яйка, не здольна апладніць.

Яшчэ адзін парадокс пакладзены і ў аснову другога варыянта папярэджання цяжарнасці. Крынічная вада заўсёды выкарыстоўвалася як эфектыўны лячэбны сродак, аднак вада, сабраная з сарака крыніц (!), раптам ператваралася з «жывой» у «мёртвую». Канечне, пастаўленае пытанне-разважанне мае ўласна рытарычны характар.

Якія тайны светабудовы і энер­га­інфармацыйнага абмену прыхаваны або надзейна замураваны ў актах прыгаданай магіі процідзеяння, сказаць пакуль цяжка. Адным з найбольш верагодных варыянтаў адказу на сакральнае пытанне можа быць наступны. Чалавек падсвядома праецыруе ў свае побытавыя і сакральна-магічныя акты тое, з чым ён сутыкнуўся каля вытокаў свайго жыцця: перыяд цяжарнасці жанчыны або паўнавартаснага развіцця эмбрыёну чалавека доўжыцца роўна 40 тыдняў.

САРАКАВЫ ДЗЕНЬ

Безумоўна, у свядомасці кожнага бела руса ўніверсальны рытм 3 – 9 – 40 – 1,0 год перш за ўсё асацыіруецца са смерцю чалавека і пахавальна-памінальным цыклам, у якім менавіта пазіцыя «сорак» лічылася ключавой. Якраз тут найбольш выразна і праяўляецца завершанасць пераходу душы чалавека ў вы-Рай. На саракавы дзень роўна ў поўдзень душа канчаткова пакіне хату, апошні раз апаласнуўшыся ў шклянцы вады або гарэлкі, якую спецыяльна дзеля гэтага ставілі на стол або падаконнік.

Тэрмін працягласцю ў сорак дзён пасля смерці чалавека – гэта час выпрабаванняў не толькі для душы памерлага, але і для жывых. На Палессі на саракавы дзень пасля смерці ў храме паміналі памерлага: анучай, якая засталася пасля памерлага, махалі па паветры, а затым выкідвалі яе ў двор. Акрамя гэтага, у славянскай культуры вядомы і іншыя факты дзеяння саракадзённага тэрміну. Так, жонка пасля смерці мужа сорак дзён хадзіла, не заплятаючы валасы ў касу, а калі ўдава збіралася яшчэ раз замуж, то да сарака дзён не зашпіляла каўнер кашулі і не завязвала фартуха. Калі ў іх засталося шмат дзяцей, то і мужу, і жонцы дазвалялася ствараць новую сям’ю ўжо праз сорак дзён. Для аднавяскоўцаў, а яшчэ больш для людзей з іншых вёсак на акне хаты, у якой памёр чалавек, сорак дзён вісеў белы ручнік як сімвал жалобы і перасцярогі для калядоўшчыкаў або валачобнікаў. Сані або калёсы, на якіх везлі нябожчыка, пасля пахавання перакульвалі каля вёскі, і там яны ляжалі сорак дзён. Посцілка або дыван, на якім стаяла труна, вяроўкі, на якіх труну апускалі ў магілу, забаранялася выкарыстоўваць у побыце таксама такі ж час – сорак дзён. У некаторых мясцінах пад кожны вугал труны клалі па дзесяць аднакапеечных манет, што складае колькасць сорак. Столькі ж манет сям’я памерлага кідала ў магілу падчас пахавання.

Яшчэ раз нагадаем залатое правіла традыцыйнай культуры беларусаў: з моманту смерці (пахавання) і да саракавога дня, калі душа толькі вызначала свой далейшы прытулак, мы, узгадваючы імя памерлага, павінны прагаварыць паперад формулу-абярэг для сябе і формулу-пажаданне для яго: «Зямля пухам». Ад сарака дзён і да трох год павінна гучаць ужо «незямное» пажаданне: «Царства Нябеснае», «Вечны спачын», «Светлы Рай».

Калі паміраў нехта з блізкіх сваякоў, то вяселле забаранялася спраўляць цэлы год. Калі ж гэта быў больш далёкі сваяк, то вяселле ладзілі праз сорак дзён.
Універсальны рытм прадвызначае шэраг асноўных абрадавых падзей і ў структуры радзінаў-хрэсьбінаў і жыцці дзіцяці на працягу першага года. У некаторых месцах да сарака дзён, а ў іншых аж да паўгода парадзіхі ўстрымліваліся ад паказу дзіцяці чужым людзям. У дадзеным выпадку ў акце побытавай сустрэчы небяспеку правакавалі два бакі. Парадзіха і немаўля былі пакуль што пазначаны статусам пераходу, сувязі з вы-Раем («тым» светам), адкуль прыляцела душа нованароджанага. Адначасова, знаходзячыся ў лімінальным (пераходным) становішчы, яшчэ не пазначаныя сімваламі новага жыцця, маці і дзіця заставаліся да сарака дзён безабароннымі перад вачамі чужых людзей. У сувязі з гэтым маці забаранялася да сарака дзён пасля родаў наведваць царкву, а таксама некаторыя гаспадарчыя пабудовы, напрыклад, гумно. На саракавы дзень дзіця хрысцілі, давалі яму пастаяннае імя, якое вельмі моцна ўплывала на лёс дзіцяці.

У тых нешчаслівых выпадках, калі адзін за адным у жанчыны ідуць «скіды» або тады, калі дзеці «не гадуюцца (паміраюць адразу ж пасля нараджэння), бацькі карысталіся такім сродкам. Выбраўшы непрыкметны дзень (пасля сарака дзён ад няшчасця), яны не працавалі, трымаліся посту, «туляліся» ад сямейнікаў, а з надыходам ночы цішком выпраўляліся да загадзя нагледжанага імі ў полі, ля дарогі ці на могілках паваленага крыжа, падымалі яго і, прытрымліваючы ў стаячым становішчы, чыталі па тры разы «Ойча наш» і «Багародзіцу», пасля чаго муж і жонка павінны былі абдымацца і цалавацца.

Да нашых дзён там, на Палессі, існуе абрад «адвязіны», калі на саракавы дзень парадзіха са сваёй сям’ёй наведвае бабку-павітуху, каб аддзячыць яе якім-небудзь падарункам. Дарэчы, абрадавы этыкет нашых продкаў забараняў бабцы-павітусе прымаць другія роды, калі пасля першых яшчэ не прайшло сорак дзён.

Супастаўленне пахавальна-паміналь­най і радзінна-хрэсь­біннай абраднасці дае шмат падстаў для разумення сістэмы светапоглядных уяўленняў нашых прод­каў і асабліва таго, якім чынам звязаны паміж сабой «свет» продкаў і свет жывых. Сімволіка ліку 40 як памежжа, як своеасаблівай лімі­нальнай зо­ны ў пахавальных і радзінных абрадах, паўплывала на тое, што не толькі парадзіха, дзіця і бабка-павітуха, але і нябожчык, і той, хто яго мыў, на працягу сарака дзён надзяляліся фактычна адным і тым жа статусам. Душа чалавека, які памёр, толькі на саракавы дзень будзе ў Раі, тая ж душа прылятае ў гэты свет і толькі на той жа саракавы дзень пасля нараджэння дзіця пахрысцяць, дадуць індывідуальнае імя.

У стадыі, небяспечнай для кантактаў, на працягу таго ж перыяду – сарака дзён – знаходзіліся магільны пясок, адзенне памерлага, прыжыццёвыя фотаздымкі, люстэрка. Таму да іх было асаблівае стаўленне, напрыклад, люстэрка было закрыта бо перавернута да сцяны, фотаздымкі трэба было схаваць і ні ў якім разе не пакідаць адкрытымі. Відаць, менавіта вось гэтыя рэгламентуючыя акалічнасці сталі перадумовай узнікнення забароны жывым адзначаць сваё саракагоддзе.

Оставить комментарий

  Подписаться  
Уведомление о