«САРАКІ» ПРЫЙШЛІ!

Аб пачатку новага вітка прыроднага абуджэння першымі абвяшчалі птушкі. Яны вярталіся з Вы-Раю – ад продкаў – і неслі на сваіх крылах вясну. Таму і першае свята новага цыкла абнаўлення павінна быць прысвечана міфічным прадвеснікам – птушкам. А калі яшчэ раз узгадаць, што памежным маркёрам паміж гэтым і «тым» светам з’яўляецца лік сорак (пра сімволіку гэтага ліку мы пагаворым асобна ў наступным артыкуле), то і свята павінна быць прысвечана выключнай падзеі – вяртанню з выраю «сарака саракоў». Такое свята пад назвай Саракі здаўна бытуе ў народным календары беларусаў.

«СОРАК ВЫРАЯЎ – СОРАК ПТУШАК СПЯЧЫ НАДА»

Зразумела, што лік 40, які адлюстраваны ў вяртанні з далёкіх краін «40 выраяў», стаў вызначальным ва ўсіх рытуальных дзеяннях гэтага святочнага дня, перш за ўсё ў выпяканні спецыяльнай рытуальнай стравы – сарака «жаваранкаў» – невялічкіх булачак у выглядзе птушак: «На Саракі з вырая прылятаюць жаваранкі, от затым у гэты дзень жанкі пякуць малыя патапцы й называюць іх жаваранкі. Жаваранкі абліваюць асалоджанай вадой і даюць іх дзіцям».

У адпаведнасці са старажытнымі ўяўленнямі прадвеснікі вясны – птушкі – з’яўляліся увасабленнем душаў нашых продкаў, таму акт выпякання «жаваранкаў» хутчэй за ўсё арганічна ўключаўся ў абрад сустрэчы, прывітання прадстаўнікоў «таго» свету.

Лічыцца, што жаваранак – божая птушка, якую Бог стварыў з кавалка зямлі, падкінутага высока ўгару. У народнай культуры славян «божая» птушка ўспрымалася сакральна чыстай істотай, якая сваімі гучнагалосымі песнямі праслаўляе Хрыста. Разам з іншымі птушкамі жаваранак пачынаў ладзіць пахаванне Хрыста. Па другім паданні жаваранкі і ластаўкі даставалі іголкі з цярновага вянца Збавіцеля, за што іх благаславіла Багародзіца. Вядома шмат паданняў адносна таго, дзе жаваранак зімуе: хаваецца ў мышынай нары, спіць у баразне або на мяжы. Аднак ёсць павер’е, якое набліжае нас да сутнасці беларускіх рытуалаў найбольш блізка. Паданне сведчыць, што ўзімку жаваранак жыве ў Раі, высока на Нябёсах. Анёлы трымаюць яго ў руках, пестуюць і лашчаць да таго часу, пакуль першы веснавы гром не расчыніць нябёсы, куды толькі жаваранку і дазвалялася зазірнуць.

У розных куточках Беларусі жаваранкі аказваліся на пэўны час своеасаблівым барометрам-лічыльнікам. Меркавалі, што пасля Саракоў павінна быць яшчэ сорак замаразкаў. І як толькі здараўся чарговы замаразак, сям’я з’ядала адну галушку. Як толькі будзе з’едзена апошняя, людзі казалі: усё – прыйшло лета, і марозу больш не будзе.

У 2005 годзе у п. Рось Ваўкавыскага раёна нам давялося сустрэцца са знахаркай, якая лечыць людзей з дапамогай якраз такіх галушак. На Саракі яна рыхтуе з хлеба або з воску дзевяць шарыкаў, якія выкарыстоўвае ў сваёй лекарскай практыцы на працягу года. Трымаючы ў левай руцэ ўсе шарыкі, яна чытае «мадлітву» (так гавораць людзі каталіцкага веравызнання) і абносіць імі вакол галавы хворага чалавека. Затым кладзе адзін шарык у кішэню, а з левай рукі бярэ наступны. Доўжыцца гэта да таго часу, пакуль знахарка не перабярэ ўсе дзевяць галушак.

З прыходам хрысціянскай традыцыі славянскі культ продкаў шчыльна зблізіўся з ушанаваннем сарака севастыйскіх мучанікаў. Прыярытэт этнакультурных каштоўнасцяў між волі саступае месца народна-хрысціянскім легендам: «Кажуць: сорак птушак прыляціць – сорак мучанікаў». Да Саракоў на Паазер’і выпякалі птушак, з якімі дзеці выбягалі босымі на праталіны і крычалі: «Сорак мучанікаў прылятаець, сорак мучанікаў прылятаець!»

САРАКІ Ў КОЛАЗВАРОЦЕ ЖЫЦЦЯ І ПРАЦЫ

Саракі, фактычна як і ўсе астатнія святы гадавога колазвароту, былі зарыентаваны не толькі на рэалізацыю самай галоўнай ідэі абрадавай практыкі дакладна вызначанага дня – сустракаць і ўшаноўваць птушак, якія вяртаюцца з выраю. Будучы ўключанымі ў сегмент веснавых святкаванняў, свята аказвалася цесна пераплеценым іншымі сялянскімі клопатамі.

У Гомельскім раёне на Саракі выконвалі абрад «Гукання вясны». Выпякалі 40 фігурак птушак, у адну з іх клалі капейку. Лічылася, што той, каму трапіць «птушка» з сакрэтам, можа разлічваць на поспех у гаспадарчай дзейнасці і шчасце ў асабістым жыцці.

Важнай складовай кампанентаў святкавання Саракоў быў клопат аб будучым ураджаі: «На Саракі куццю варылі з ячменю. Куццю варылі, каб многа пладоў было, каб зярна нарастала многа». Разам з тым у асобных мясцінах існаваў і такі звычай: «На Саракі хадзілі ў цэркву і сьвенцілі зярно, дужа здарова ад балезні для каровы. Еслі куры прападаюць – давалі. Мы так робілі, як старыя нам казалі».

ГУШКАННІ НА АРЭЛЯХ

Веснавое абуджэнне заўсёды бывае настолькі дынамічным, што запаланяе і фізічны і духоўны стан чалавека. Асабліва абвострана на відавочныя змены ў прыродзе рэагавалі дзеці і моладзь. Значнае месца ў забавах дзяцей і моладзі займала гушканне на арэлях. Для самых маленькіх іх майстравалі пасярэдзіне двара або мацавалі гушкалкі прама ў варотах. Моладзі патрэбны былі больш вострыя ўражанні, і, адпаведна, яе паводзіны вылучаліся значна большай эмацыянальнасцю. Таму хлопцы ладзілі арэлі з дапамогай старэйшых братоў і бацькоў у гумнах і пунях.

Гушканні на арэлях мелі некалькі планаў асэнсавання. З аднаго боку, папарнае гушканне з дзяўчатамі дазваляла прадэманстраваць свае фізічныя здольнасці, рухавасць, імпэт і адначасова выказаць на мове сімвалаў сваю зацікаўленасць дзяўчынай.

З другога боку, здавалася б, простая забава, гульня несла на сабе адбітак далёкай традыцыі, змест якой быў напоўнены абрадавым сімвалізмам. Па-першае, гушканні суправаджаліся залівістым смехам, гучнымі рытмізаванымі заклічкамі і нават невялікімі песеннымі творамі, якія выконвалі ролю замовы. Па-другое, гушканне заўсёды звязвалася з дабрабытам і новым ураджаем. Паўсюдна на Беларусі існавала падсвядомая перакананасць у тым, што ад вышыні калыхання (узлёту над зямлёй) залежыць рост ільну. Можа, якраз таму нашыя продкі даволі часта гушкаліся на вяроўках.

Па-трэцяе, калыханні моладзі ўтрымлівалі ў сабе і выразную эратычную функцыю. Дзяўчаты перадшлюбнага ўзросту і мовай асацыятыўных сімвалаў «уцягвалі» хлопцаў у вір кахання, заляцання і спадзявання (фактычна напрошваецца прамая паралель з абрадам дзяльбы караваю на вяселлі і тымі эратычнымі пажаданнямі, якія яго суправаджалі). У такт рытмічнаму калыханню (у якім бачылася сімволіка сексуальных зносін і апладнення) дзяўчаты ў рэчытатыўным стылі выкрыквалі наступныя магічныя словы:

Калышы, калышы
Мяне, старую!
А будзеш калыхаць
Пасля мяне, старой,
Маладую.

Сакральны сэнс гэтых слоў празрысты і зразумелы: дзяўчына перадшлюбнага ўзросту – «старая» для дзіцячых люлянняў-калыханняў. А вось пасля замужжа, калі ў іх народзіцца дзяўчынка, то якраз яе і трэба будзе калыхаць.

Разам з тым і на гэтае старажытнае сакральна-магічнае дзеянне – гушканне на арэлях – з цягам часу аказала ўплыў хрысціянская культура. Так, у некаторых рэгіёнах былі зафіксаваны наступныя звесткі: «На Сарака беспераменна трэба скакаць на дошчы, штоб нагрэцца за тых бедненькіх мучанікаў, што, не маючы як нагрэцца, памерзлі насмерць».

САРАКІ Ў КАНТЭКСЦЕ ХРЫСЦІЯНСКАЙ КУЛЬТУРЫ

Пра хрысціянскае паходжанне свята Саракі распавядае легенда, згодна з якой падзеі разгортваліся наступным чынам. У 313 г. імператар Канстанцін Вялікі выдаў загад аб свабодзе веравызнання. Аднак Ліцаній у сваёй частцы імперыі (г. Севастыя ў Арменні) працягваў ганенні на хрысціян. У яго арміі была дружына, якая складалася з сарака воінаў-хрысціян, яны славіліся сваёй храбрасцю і непахіснасцю. Дружыне загадалі адракнуцца ад хрысціянскай веры, а іх начальнік Агрыкалай пачаў схіляць да таго, каб воіны прынеслі ахвяру сваім старажытным багам. Аднак ніхто з іх не паддаўся на ўгаворы. Стаяла халодная зіма. У пакаранне за адказ воінаў распранулі і вывелі на сярэдзіну замёрзлага возера, на беразе якога была лазня. Начальнік Агрыкалай загадаў пратапіць лазню, спакушаючы тым вернікаў. Адзін з воінаў не вытрымаў холаду і пабег да яе, але нечакана рухнуў у беспрытомнасці на парозе лазні. А далей адбыўся цуд: лёд пад нагамі воінаў растаў і вада аказалася цёплай. Разгневаныя стражнікі пачалі яшчэ больш здзекавацца з непахісных ваяроў і паперабівалі ім калені.Тыя пападалі і пачалі прымярзаць. Пад раніцу воін па імені Аглай убачыў над галовамі трыццаці дзевяці мучанікаў светлыя вянцы, увераваў сам, так воінаў зноў стала сорак. І жывых, і мёртвых пакутнікаў прывезлі ў горад і спалілі на вогнішчы, а попел развеялі па возеры. У Канстанцінопалі ў іх гонар быў узведзены храм.

На працягу доўгага часу суіснавання атрымалася даволі арга­нічнае знітаванне дахрысціянскіх вестуноў-птушак і душаў сарака хрысціянскіх пакутнікаў.

Оставить комментарий