«БЛАГАСЛАВІЦЕ, ЛЮДЗІ ДОБРЫЯ, ВЯСНУ СУСТРАКАЦІ»

Кожная пара года абуджала ў свядомасці і памяці людзей свае мары, спадзяванні, надзеі, прыносіла ў жыццё чалавека свае клопаты, прад’яўляла свае патрабаванні. Бадай што, як ні адна іншая пара года, вясна прыносіла з сабой спадзяванні на абнаўленне, безліч клопатаў, звязаных з лёсавызначальным і жыватворным колазваротам чалавека-земляроба.

У дынамічны і рознабаковы працэс вясновай працы былі ўключаны фактычна ўсе члены соцыума: і малы, і вялікі, і стары, і малады. Зразумела, што ідэя адраджэння і абнаўлення – прыроднага і чалавечага – вымагала ад людзей самага актыўнага дыялогу з Сусветам, з Богам, з прыродным наваколлем і сваімі продкамі.

У аснове гэтага дыялогу ляжалі шматлікія вытворчыя, засцерагальныя і магічна-прадуцыравальныя абрады, штокольвечныя звычаі продкаў, сельскагаспадарчыя, земляробчыя і жывёлагадоўчыя рытуалы, абрадавыя песні, замовы, прыкметы і павер’і.

Вясной пачыналіся самыя адказныя сялянскія работы: ворыва, сяўба розных сельскагаспадарчых культур, выган жывёлы ў поле. Ад таго, як хутка і своечасова будзе выканана гэтая праца, залежыў будучы дабрабыт сям’і, стойлавае ўтрыманне хатняй жывёлы. Народная прыказка надзвычай трапна і вобразна паказвае гэту непасрэдную прыродна-сацыяльную ўзаемасувязь: «Восень кажа – я ўраджу, вясна кажа – пачакай, як дагаджу». Важныя вехі ў земляробчай і сельскагаспадарчай дзейнасці працоўнага чалавека абавязкова суправаджаліся звычаямі, абрадамі, больш простымі рытуальнымі дзеяннямі, кароткімі сакральна-магічнымі формуламі або разгорнутымі паэтычнымі творамі-замовамі.

Праводзячы непасрэдную паралель паміж станам прыроды, наваколлем, зямлёй і чалавекам, неабходна адзначыць наступную акалічнасць. У асяроддзі беларусаў існавала катэгарычная забарона хаваць людзей, якія скончылі жыццё самагубствам, да таго часу, пакуль не будзе пасеяна ўся збажына. Зямля-матухна святая, і пакуль яна не «зацяжарыць», не адродзіцца новым жыццём, нельга было парушаць яе святасць злоўмыснымі дзеяннямі або ўчынкамі, каб адмоўна не паўплываць на яе ўрадлівасць.

ГУКАННЕ ВЯСНЫ

З кожным днём сонца ўздымалася ўсё вышэй, больш працяглым станавілася светлавая частка сутак. А пад нагамі па-ранейшаму макрэча змянялася ранішняй шэранню. І паветра ўсё яшчэ сцюдзёнае ды волкае. Здаецца, усё навокал існавала і жыло ў напружаным чаканні таго, калі ж, нарэшце, вясна ўзарве паднябессе доўгачаканай песняй жаўранка, а зямля ажыве-зазвініць спевам-пералівам раўчукоў і гулкім гулам-скрэжатам крыгаходу на вялікіх рэках. А вясна марудзіла, не спяшалася. А можа, гэта зіма не хацела выпускаць са сваіх рук прыгажуню – багіню вясны Лялю. Чакалі, чакалі нашы продкі гэтай веснавой прыроднай сімфоніі, ды ў рэшце рэшт пачыналі брацца за сваю адвечную справу – гукаць вясну, загукаць яе, клікаць, запрашаць з дапамогай магічных формул – песень-заклічак.

СІМВАЛІЧНАЯ НАЗВА ПЕРШАГА СВЯТА ВЯСНЫ

Сярод астатніх святаў года першае веснавое свята вылучаецца характэрнай назвай – «гу-канне» вясны. Гэта было звязана з асаблівасцямі паэтыкі выконваемых у гэты час сакральна-магічных песень-заклічак (загуканняў).

Благаславі, Божа,
Вясну заклікнуці,
Лета сустракаці!
Прыйдзі, вясна,
Прыйдзі красна!

Кожны радок гэтай песні заканчваецца працяглым выгуканнем клічніка «Гу-у-у!», з дапамогай якога выканаўцы пасылалі ў наваколле моцныя энергетычныя вібрацыі, якія, меркавалася, павінны абудзіць зямлю, наваколле, даляцець да птушынага выраю і свету памерлых продкаў. Эфект рэхападобнага рэзанансу быў складовай часткай паэтыкі абрадавых песень і адначасова выключным і эфектыўным сродкам магічнага ўздзеяння. Зразумела, што найбольшага эфекту рэфрэн-узбуджальнік мог дасягнуць тады, калі абрад праводзіўся на ўзвышшах або іншых адкрытых прасторах. Калектыўная магія ўвогуле была адной з самых важных складовых частак каляндарных сямейна-родавых абрадаў беларусаў.

«АДНОЙ ТОЛЬКІ СІЛАЙ СЛОВА»

Трэба адзначыць, што закліканне (заклінанне) як важнейшая складовая рытуальна-магічнай практыкі, надзвычай шырока выкарыстоўвалася нашымі продкамі не толькі падчас выканання розных абрадаў, але і ў паўсядзённым жыцці (праўда, калі гэтыя побытавыя сітуацыі ўсё ж набліжаліся да рытуальных). Самае першае, чаго мы жадаем пры сустрэчы са знаёмым чалавекам, – гэта своеасаблівага заклінання добрага дня ці вечара: «Добры вам дзень!». Рускае прывітальнае слова «здравствуйте» – гэта не што іншае, як той самы вербальны рытуал: мы шчыра жадаем чалавеку здароўя. Сёння чуласць і шчырасць беларускай душы больш выразна праяўляецца ў вёсцы. Калі раніцай на вуліцы сустракаюцца два аднавяскоўцы, няхай сабе і зусім чужыя людзі, то яны абавязкова павітаюць адзін аднаго. На жаль, у гарадскім транспарце можна праехаць некалькі прыпынкаў, гледзячы суседу ў вочы, і пры гэтым нават думка не прамільгне, каб пажадаць яму здароўя і дабрабыту.

Нашы інтэнцыі-пажаданні могуць быць афарбаваны безліччу адценняў: інтанацыя, моц голасу, выбар патрэбнага слова, якія часам узмацняюцца шэрагам экстралінгвістычных фактараў (жэст, міміка, рух). У залежнасці ад мэты нашага ўздзеяння і чакаемага выніку наш зварот-заклік можа адпавядаць загаду («Ідзі ты адсюль»), патрабаванню («Сіўка-бурка, вешчая каурка, стань перада мной, як ліст перад травой...»), пабуджэнню («Будзь здароў, як вада, будзь багаты, як зямля, а расці, як вярба! Будзь здароў на ўвесь год, як зімовы лёд!»), просьбе («Зарадзі, Божа, жыта, пшаніцу, усякую пашніцу»), мальбе («Змілуйся, матухна-зямля»), перасцярозе («Стой, туды не хадзі»), пагрозе («Калі не будзеш слухацца, атрымаеш бярозавай кашы»).

Часцей за ўсё закліканні, заклічкі, заклінанні выкарыстоўвалі ў абрадавай практыцы, каб справакаваць дасягненне жадаемага: наблізіць прыход цяпла – «Благаславіце, людзі добрыя, вясну гукаці!», адвесці гром і маланку: «Сцеражы, Божа, хмару навальнічную, зберажы, Божа, ніву працоўную, дай Божа ў добры час!», выклікаць дождж і г.д.

Асабліва шырока імператыўныя формы ўжываліся ў народнай медыцыне. Фактычна кампазіцыя кожнай замовы пабудавана на заклінанні той хваробы, супраць якой яна скіравана: «Дымішча, дымішча, вазьмі ў гэтага дзіцяці зубішча (чытаць перад адчыненай печчу). Зубішча, зубішча, ідзі на дымішча. Пакуль я вас не выгаварала, вы горла закладалі, нёба падпіралі. Цяпер вам горла не закладаць, нёба не падпіраць, табе (імя) пры здароўі стаяць».

Заклінанні былі асновай шматлікіх праклёнаў. У народзе да іх ставіліся з вялікай перасцярогай. Нездарма казалі: «Слова – не верабей, вылецела, не зловіш». Тых, хто часта выкарыстоўваў у сваёй мове праклёны, у вёсцы не паважалі, не запрашалі на вяселлі, на радзіны, іншыя святочныя фэсты. Самым страшным праклёнам лічылі праклёны маці, іх нельга ні «адгаварыць», ні нейтралізаваць.

На розных формах заклінанняў былі пабудаваны вясельныя пажаданні маладым. Калі дзялілі каравай, рыхтавалі падарункі, якія ні ў якім разе не перадавалі з рук у рукі, а клалі збоку, віншавалі жаніха і нявесту толькі поціскам рук, абавязкова закрытых насовачкамі, пры гэтым казалі:

Дарую маладым каробку медзякоў, каб не слухалі чужых языкоў!
Дарую картошкі падполле, каб завялі дзетак застолле.
Дарую буракамі, каб не былі тыя дзеці дуракамі!
Дарую кароўку, шчэ й бычка, каб першы быў сынок, другая – дачка!
Жадаю маладым шчасця і долі, і век доўгі, і розум добры.

ЧАС ПРАВЯДЗЕННЯ АБРАДУ «ГУКАННЕ ВЯСНЫ»

Адзначым, што ў адрозненне ад пераважнай большасці каляндарных святаў, якія маюць дакладную па часе прымеркаванасць, гуканне вясны адзначалася ў розных геаграфічных зонах і нават невялікіх лакальна-рэгіянальных традыцыях у розны час. Амплітуда ваганняў часавой прымеркаванасці была даволі значнай – ад Масленіцы да другога дня Вялікадня. Такі вялікі дыяпазон рухомасці можна патлумачыць двума прычынамі. Па-першае, геаграфічна-кліматычнымі ўмовамі; па-другое, значным уплывам хрысціянскага календара і ўвядзеннем Вялікага посту. Якраз гэтыя фактары «прымусілі» вяскоўцаў выйсці за межы посту і сумясціць абрад «Гуканне вясны» з Масленіцай або прымеркаваць яго да значных святаў хрысціянскага календара – Саракоў (дакладней, дня ўшанавання Сарака севастыйскіх му¬чанікаў) – 22 сакавіка (9 сакавіка) і Дабравешчання (Благавешчання, Звеставання) – 7 красавіка (25 са¬кавіка). У той год, калі Вялікдзень святкавалі даволі рана (красавік, пачатак сакавіка), свята «Гуканне вясны» адзначалі на другі дзень яго святкавання, зноў-такі выходзячы за межы посту і саступаючы дарогу найвялікшаму святу Ўваскрэшання Хрыстова.

Месцамі правядзення абрадаў гукання вясны былі ўзгорак (часцей за ўсё на ім павінна было расці дрэва, вакол якога вадзілі карагоды або выконвалі пэўныя абрадавыя дзеянні); высокі бераг ракі, возера; страха пуні, гумна, лазні, вароты; месца, дзе майстравалі арэлі (у некаторых рэгіёнах іх мацавалі на варотах, на «казлах»); на паляне, вакол дрэва (каля дуба, сасны, бярозы).

Самымі актыўнымі удзельнікамі свята часцей за ўсё былі дзеці, дзяўчаты і хлопцы перадшлюбнага ўзросту; радзей – прадстаўнікі старэйшага пакалення.
Пасля выканання абраду абавязковым было спажыванне рытуальных страў: прасяной і ячнай кашы, яек, галушак, журавінавага квасу.

Оставить комментарий