ЛIШНI ДЗЕНЬ

У гадавым колазвароце беларускага народнага календара ёсць асобныя дні і нават большыя адрэзкі часу, якія напоўнены розным па характары зместам. Напрыклад, на працягу тыдня ёсць дні, якія лічацца найбольш спрыяльнымі для распачынання доўгатэрміновых спраў (аўторак або чацвер); такім жа спрыяльным лічыцца час, калі начное свяціла – Месяц – знаходзіцца ў фазе «роста».

Разам з тым зусім неспрыяльнымі лічацца серада і пятніца або той час, калі Месяца ўвогуле не бачна на начным небасхіле – «межы» (у народзе казалі: чалавек, які народзіцца ў гэтыя дні, можа аказацца бясплодным). Неспрыяльным для шлюбу лічыцца май высакоснага года. Акрамя таго, у кожным годзе існуюць 32 або нават 35 неспрыяльных дзён, да якіх зусім не пажадана прымяркоўваць пачатак лёсавызначальных падзей.

Сёння бадай што найбольшую колькасць эмоцый выклікае супадзенне пятніцы з 13-м чыслом месяца, якія прыпадаюць на Поўню.
Можна без асаблівага перабольшання сказаць, што побач з «чортавым тузінам» трэба паставіць і дзень 29 лютага. Калі ў асобныя гады нешчаслівых пятніц можа быць дзве або тры, то дзень-фантом, дзень-прывід з’яўляецца напрыканцы лютага толькі адзін раз на чатыры гады. Дзе гэта здань блукае ў астатні час, ведаюць толькі астраномы-прафесіяналы. Мала таго, што гэты дзень стварае масу непаразуменняў для тых, хто ў яго народзіцца, то ён яшчэ і парушае паслядоўную змену дзён пачатку Новага года.

Зразумела, што і сам дзень, і той святы ахоўнік, які за ім замацаваны, атрымалі ў народным асяроддзі не вельмі дабразычлівыя характарыстыкі. У традыцыйнай культуры ўсходніх славян дзень памяці святога Касьяна празвалі Касьянавым днём, а эпітэты-самахарактарыстыкі сведчаць пра выразнае негатыўнае стаўленне да яго: Касьян Зайздросны, Нядобразычлівец, Скупы, Помслівы.

У старажытных пісаннях, казках, легендах і паданнях усходнеславянскіх народаў прападобны Касіан заняў выключнае месца: ён увабраў ў сябе самыя адмоўныя характарыстыкі – нелюбімы, неміласцівы, нядобразычлівы. У некаторых месцах прападобнага Касіана ўвогуле не лічылі святым, а само імя «Касіан» было ганебным. Дзе-нідзе Касіан быў сімвалам бяды: Касьян – зайздроснік, злапамятны, скупы, неміласэрны.

У праваслаўным календары ў гэты дзень узгадваецца Касіан Рымлянін. Прападобны Касіан нарадзіўся ў багатай і знатнай сям’і ў Гальскай вобласці, недалёка ад Марсэля, прыкладна ў 350-360 гг. Ужо ў юнацтве ён вырашыў прысвяціць сябе богаўгоднаму жыццю і накіраваўся паломнікам на Ўсход. У Віфлеемскім манастыры ён прыняў манаства і пажадаў вучыцца ў егіпецкіх айцоў Царквы. Каля 390 года разам з братам па веры Германам пасля двухгадовага знаходжання ў Віфлееме прападобны Касіан накіраваўся ў доўгі шлях. Сём гадоў яны жылі ў скітах і манастырах, пасля чаго вырашылі вярнуцца назад. Пазней яны накіраваліся ў Канстанцінопаль, дзе Іаан Залатавуст пасвяціў святога Касіана ў сан дыякана, а яго сябра, як старэйшага, у сан святара. Сваё падзвіжніцкае жыццё святы Касіан працягнуў у сябе на радзіме ў сане святара. Касіан быў вядомы святасцю свайго жыцця, настаўніцкай мудрасцю, арганізацыйнымі здольнасцямі, дзякуючы якім былі створаны мужчынскі і жаночы манастыры. Абодва манастыры прынялі статуты, якія шмат у чым нагадвалі тыя, што існавалі ў егіпецкіх манастырах..

У адным з паданняў гаворыцца аб тым, што святы Касьян калісьці быў светлым анёлам, і Бог не ўтойваў ад яго сваіх планаў і намераў. Але святы купіўся на абяцанні нячыстай сілы і перайшоў на бок Д’ябла. Аднак яго пачало мучыць сумленне. Бог пачуў малітвы грэшніка і пашкадаваў яго, але прыняў «меры перасцярогі»: не наблізіў яго да сябе, а прызначыў яму анёла-ахоўніка, загадаў закаваць Касьяна ў ланцугі і біць яго цяжкім молатам па ілбе тры гады запар, і толькі на чацвёрты год пускаць на волю.

На Беларусі распавядалі пра Касьяна так: «Рана, чуць свет, на зорачку, сышлі з неба на зямлю святы Касьян і Мікола-Цудатворац. Ідуць яны сабе па дарозе і бачаць, што мужык завяз у гразі з возам дроў. Убачыў мужык святых угоднікаў, бух ім кулем у ногі: «Святы Касьян, угоднічак Божы, вызвалі! Свечку табе пастаўлю». А Касьян кажа: «Ат, буду я радзі цябе сваю райскую адзежу мараці». Пашкроб мужык патыліцу, бача, што з Касьянам рады няма, павярнуўся да Міколы-Цудатворца, а ён слыў мужыцкім заступнікам, і адзежа на ім была мужыцкая. «Мікалай, угоднічак Божы, заступнік ты наш, навышні, аслабані», – ўзмаліўся мужык. Паслухаў Мікола мужыка. Засучыў світку, палез у гразь і выцяг воз мужыцкі. Пахадзілі ўгоднікі шчэ там колькі па зямлі, прыходзяць на неба. Убачыў іх Бог і пытае: «Ну, што, Мікалай-угоднік і святы Касьян. Дзе былі, што бачылі, што чувалі?» Касьян кажа: «Былі мы, Госпадзі, на зямлі, бачылі, як мужык вёз на базар дровы да ў гразь угруз». «І хто ж з вас дапамог мужыку?» – пытаецца Бог. Касьян адказаў, што пажалеў мараць сваю райскую адзежу, а адзежа Міколы была ўся запэцканая. Тады Бог сказаў: «Дзякаваць табе, святы Мікола, людзі заўсёды будуць і святкаваць два разы ў год, а табе, святы Касьян, у чатыры гады раз...»

НАРОДНЫЯ ПРЫКМЕТЫ

На Ўкраіне Касьяна лічылі 13 нябесным свяцілам. На Боскім свяце яму не далі лыжкі. Тады са злосці ён знік, а яго дні разабралі астатнія 12 месяцаў. Калі Касьян паразважаў і вярнуўся праз тры гады, яму «падаравалі» ўсяго толькі адзін дзень – 29 лютага.
Згодна яшчэ аднаму паданню пра Касьяна, ён сядзіць у пячоры і не бачыць «света Боскага» з-за сваіх вялізных веек, якія дасягаюць яго каленаў. Адсюль і прыказкі: «Касьян на што не гляне – усё звяне», «Касьян на скот гляне – скот валіцца, на дрэва – яно сохне», «Касьян на народ гляне, народу цяжка», «Касьян усё касой косіць». У народзе пра цяжкога, панурага чалавека казалі: «Ён Касьянам глядзіць».

Лічылася, што Касьяну падпарадкаваны ўсе вятры: «У яго сілах спусціць вецер на зямлю і наслаць на людзей і скаціну мор».
Каб хоць нейкім чынам засцерагчы сябе ад шкоднага ўздзеяння Касьянавых сурокаў, у гэты дзень усе гаспадарчыя работы спыняліся. «Касьянава вока» лічылася такім небяспечным, што сяляне ўвогуле не выходзяць з хаты, «каб такім чынам перачакаць самы неспрыяльны час». Асабліва небяспечным лічыўся час да сонечнага ўзыходу. З гэтай нагоды сяляне імкнуліся спаць да абеда, каб так перажыць дрэнны час.

Разумеючы, што дзень-сірата праецыруе або мадэліруе жыццё чалавека на ўвесь высакосны год, людзі імкнуліся хоць нейкім чынам перахітрыць або паўплываць на яго і атрымаць боскую літасць на ўвесь год. А па-іншаму і нельга. Адзін з такіх контрхадоў, разлічаных на максімальнае спрыянне, абапіраўся на то, што вісакосны год у сям’і прой­дзе выдатна, калі 29 лютага сям’я (муж і жонка) правядуць разам.
Можа быць, усе гэтыя адмоўныя рысы святы Касьян атрымаў з-за таго, што 29 лютага бывае толькі адзін раз у чатыры гады. У народзе казалі і так: «Касьян тры гады запар быў п’яны на свае імяніны, а на чацвёрты год спыніўся. Таму і святкуе праз тры гады на чацвёрты».

ДЗЕНЬ ВЫСАКОСНАГА ГОДА

У структуры сонечна-меся­цо­вага календара, па якім мы арыентуемся ў сямейным і грамадскім жыцці, ёсць адна незвычайная заканамернасць. З году ў год адзінаццаць месяцаў захоўваюць сваю стабільную працягласць у 30 ці ў 31 дзень. І толькі люты з’яўляецца выключэннем з гэтага правіла: у адным выпадку яго працягласць складае 28 дзён, у другім – 29 дзён. Што ж стала прычынай таго, і адкуль раптам узнікае «дадатковы» дзень у нашым жыцці?

Адказ на гэтыя пытанні неабходна шукаць у гісторыі фарміраван­ня агульнаеўрапейскага календара. Вя­до­ма, што кожная вялікая цывілізацыя свету (егіпецкая, кітайская, асірыйская, іўдзейская, майя, ацтэкаў) мела сваю сістэму структурыравання і ўпарадкавання часу, свой каляндар. Народы Еўропы доўгі час, да XVI стагоддзя, карысталіся календаром, які быў распрацаваны вядомым рымскім імператарам, астраномам і пісьменнікам Гаем Юліям Цэзарам у 46 годзе да н. э. У аснову гэтага календара (пазней ён атрымаў назву ад імя свайго стваральніка – юліянскі) быў пакладзены поўны цыкл абароту Зямлі вакол Сонца, працягласць якога складае сярэднеарыфметычную лічбу – 365,25 сутак. Астранамічныя і матэматычныя разлікі патрабуюць менавіта такой дакладнасці, з указаннем чацвёртай часткі сутак, г.зн. 6 гадзін, але ж у паўсядзённым жыцці мы карыстаемся поўнымі адзінкамі вымярэння часу. Зразумела, што з кожным годам рэштка сутак павялічваецца: спачатку 6, потым 12, 18, нарэшце 24 гадзіны. Выхад з гэтай сітуацыі быў знойдзены просты: тры гады запар цягнуліся 365 дзён, а дакладней – сутак па 24 гадзіны, а кожны чацвёрты год атрымліваў яшчэ адзін, дадатковы, дзень. Такі год пачалі называць высакосным. Чаму ж сабраныя за 4 гады суткі дадалі менавіта да лютага? У старажытных рымлян, так, як і ў старажытных славян год пачынаўся з надыходам веснавога раўнадзенства – у сакавіку, што адпавядала месяцу, які завецца ў беларусаў сакавіком. У старажытных рымлян гэта быў «март», прысвечаны богу Марсу. Адпаведна, апошні месяц года быў «февраль», прысвечаны богу падземнага царства Фебруусу. Менавіта туды, у апошні месяц года, і «прыхавалі» «плаваючы» дзень, які выходзіць «з-пад зямлі» толькі адзін раз на чатыры гады.

Оставить комментарий