НАЛЕВА ЦI НАПРАВА?

У аснове міфапаэтычнай карціны свету ляжалі шматлікія супрацьстаянні: Дабро і Зло, Святло і Цемра, Жыццё і Смерць, Хаос і Гармонія. Адным з найбольш пашыраных процістаянняў было супрацьпастаўленне мужчынскага і жаночага пачаткаў, якія ў сістэме прасторавых каардынат заўсёды сімвалізавалі правы і левы бакі. Што хаваецца за сімволікай процістаяння ці ўзаемнага дапаўнення правага і левага пачаткаў у традыцыйнай культуры беларусаў?

НЕ З ТОЙ НАГI ЎСТАЎ?

Прыярытэтным у традыцыйнай культуры лічыцца рух злева направа, у аснове якога ляжыць вызначальная прыродна-касмічная з’ява: рух Сонца па небасхіле. Сёння нават школьнікі малодшых класаў ведаюць, што Зямля круціцца вакол сваёй восі ўлева. Аднак у зямлян, якія жывуць у паўночным паўшар’і, ствараецца ўражанне, быццам гэта Сонца рухаецца вакол Зямлі, прычым, управа. Уявіце сабе дзве кропкі на лініі гарызонту: злева ад вас раніцай Сонца ўздымаецца над зямлёй і рухаецца па небасхіле, каб вечарам закаціцца за гарызонт з правага боку ад вас. Такім чынам, на працягу дня, г.зн. у «светлы» час сутак, свяціла рухаецца злева направа. Менавіта гэтая акалічнасць і прадвызначыла агульную накіраванасць развіцця або разгортвання рытуалаў, скіраваных на дасягненне перамогі Дабра над Злом. А вось ноччу, калі свяціла трапляе ў царства смерці, Аіда, Тота, Змея Гарыныча, яно павінна прайсці шлях у зваротным накірунку – справа налева. Менавіта гэты касмічны прынцып і стаў вызначальным не толькі ў кантэксце абрадавых сітуацый, але і ў паўсядзённым жыцці чалавека.

Нагадаем усім вядомы фразеалагізм, які гучыць так: «Ты што, сёння не з той нагі ўстаў?» Сэнс яго глыбока сімвалічны. Ён зыходзіў з таго, што ў старажытнаславянскай традыцыі існавала залатое правіла паводзін у кантэксце сакралізацыі, магіі пачатку: як пачнеш, так яно і будзе. У сувязі з гэтым звычай прадпісваў: устаючы раніцай з ложка, неабходна спачатку ступаць на правую нагу, а потым – на левую. Нашы прашчуры верылі, што дакладнае выкананне гэтага правіла, гарантавала паспяховае развіццё падзей на працягу ўсяго дня.

«ПРАЎДА ЗАЎСЁДЫ СПРАВА»

У дахрысціянскія часы ў культуры старажытных славян бог, які ўвасабляў усе­агульны справядлівы закон, устаноўлены Дажджбогам, меў імя «Правь». Ад яго назвы ўзніклі іншыя словы, якія характарызуюць станоўчы пачатак у нашым жыцці: праўда, праў-дзівы, прав-ільны, вы-прав-іць, у-праў-ленне....

У кананічнай літаратуры гаворка ідзе пра тое, што ў час Страшнага суда, тым, каго апраўдалі, будзе прадпісана месца справа ад Бога, грэшнікам – злева. У апісаннях апошняга дня Хрыста – калі яго ўкрыжавалі, – расказваецца пра тое, што злодзея, які пакаяўся, раскрыжавалі па правую руку ад Хрыста, а таго, хто да апошняга часу так і не змог папрасіць міласці ў Бога, раскрыжавалі па левую. Невыпадкова ў традыцыях многіх еўрапейскіх культур самым ганаровым месцам было месца справа ад гаспадара дома, а самае ганаровае месца ў хаце беларусаў займаў чырвоны кут, які заўсёды знаходзіўся справа ад уваходу.

Пасля таго, як хрысціянства было падзелена на дзве канфесіі, адна з іх атрымала назву Праваслаўе. Вернікі, якія прытрымліваюцца сімвала веры гэтай канфесіі, хрысцяцца справа налева. Муж і жонка носяць заручальныя пярсцёнкі на правай руцэ, і толькі ў выпадку смерці аднаго з супругаў другі пачынае насіць пярсцёнак на левай руцэ.

Адна са старажытных навук пра чалавека – хірамантыя – прадказанне лёсу чалавека па лініях рукі і выгібах вушной ракавіны – сведчыць пра тое, што на левай руцэ прырода адлюстравала запраграмаванае быццё чалавека, г.зн. малюнак долі, з якой ён прыходзіць у гэты свет. На правай – яго развіццё, той канчатковы шлях, які ён пераадолее на працягу ўсяго зямнога існавання.

У свядомасці нашых продкаў «правая рука» выконвала галоўную, часцей за ўсё паўсядзённую работу, а «левую» «прытрымлівалі» для выканання магічных, рытуальных дзеянняў. Нездарма кажуць, што правай рукой благаслаўляюць, а левай – праклінаюць.

ДЗЕ ЗНАХОДЗIЦЦА АНЁЛ-АХОЎНIК?

У старажытнай славянскай традыцыі ўсё, што знаходзілася справа ад чалавека, спераду ад яго або над ім было прамаркіравана станоўчым пачаткам, знакам дабрачыннасці. І, наадварот, усё, што знаходзілася злева ад яго, ззаду, пад нагамі, мела негатыўную афарбоўку. Лічыцца, што на нашым правым плячы «знаходзіцца» анёл-ахоўнік, на левым – д’ябал-спакуснік.

Для таго, каб засцерагчыся ад нячыстай сілы, у народзе раілі тройчы плюнуць цераз левае плячо. Менавіта таму маладыя, якіх на парозе дома сустрэлі бацькі, вылівалі гарэлку цераз левае плячо.
Разумная гаспадыня, каб пазбегнуць непрыемнасцей у хаце з-за таго, што нехта прасыпаў соль, павінна была кінуць цераз левае плячо некалькі драбінак той самай солі.

У казачным эпасе славян шмат сюжэтаў, у развіцці якіх прысутнічае матыў выбару галоўным героем напрамку руху. Ён стаіць на раздарожжы і бачыць камень-валун, на якім высечаны шматзначны надпіс: «Направа пойдзеш – каня згубіш (або так: жывым застанешся), налева пойдзеш – сам будзеш мёртвы». Гэты незвычайны падарожны ўказальнік-прадказанне сведчыць пра тое, што той – «іншы» – свет, свет продкаў, знаходзіцца па левай руцэ ад маршрута героя. Можа, менавіта таму падчас пахавання чалавека мы па старажытнай традыцыі павінны абавязкова закрыць белай тканінай люстэркі і ўсё тое, што дае адлюстраванне. Свет «зазеркалля» – той, куды можна зазірнуць на некалькі імгненняў, мы бачым у адлюстраванні, якое кардынальна змяняе наш свет: правае і левае памяняліся месцамі!

МУЖЧЫНСКАЕ І ЖАНОЧАЕ

Адным з найбольш рас­паўсюджаных прыкладаў су­праць­пастаўлення правага і левага з’яўляюцца тыя шматлікія кантэксты, у якіх маркіруецца мужчынскі (правае) і жаночы (левае) пачатак. Абавязковым сакральна-магічным атрыбутам народнай вопраткі заўсёды з’яўляўся пояс. Ён выконваў ролю абярэга, без якога нельга было пакідаць прастору хаты і адпраўляцца ў далёкі шлях. Найбольш распаўсюджанай з’яўляецца традыцыя, калі жанчыны павязвалі пояс так, каб вузел знаходзіўся з левага боку, мужчыны – з правага. Гэты старажытны звычай дажыў да нашага часу і сёння служыць падставай аднаго з галоўных адрозненняў мужчынскага (зашпільваецца на правы бок) і жаночага (зашпільваецца на левы бок) адзення.

Свату ручнік павязваецца з левага пляча пад правую руку, а свацці – цераз правае плячо пад левую руку. І калі ўлічыць, што сваты стануць побач, то іх ручнікі ўтвораць сімвалічную «браму» шчасця (ра-дугу).

У гэтай жа сувязі трэба нагадаць яшчэ два паэтычныя выразы, якія вельмі дакладна адлюстравалі сутнасць аналізуемай праблемы. Падчас аўтобусных падарожжаў, калі аб’яўляецца прыпынак, мы чуем усім зразумелую каманду: «Дзяўчынкі – налева, хлопчыкі – направа». Сёння яна ўспрымаецца як жарт, аднак яе падтэкст мае старажытныя міфапаэтычныя вытокі. Тую ж палярызацыю захаваў фрагмент эмацыянальнага дыялогу паміж мужам і жонкай. Яна пытаецца: «Куды, валацуга, хадзіў?» – Ён у адказ: «Налева», што азначала – да чужой жанчыны.

Прывядзем яшчэ некалькі прыкладаў абрадавага і пазаабрадавага падзелу на правае і левае як сімвалізацыю мужчынскага і жаночага пачаткаў.

Памерлага мужчыну да таго часу, пакуль не падрыхтуюць труну, клалі на лаву, якая стаяла справа ад увахода, памерлую жанчыну – на тую, што знаходзілася злева ад увахода.
Па першых рухах дзіцяці цяжарная жанчына магла прадказаць пол будучага дзіцяці: калі першае шавяленне яна адчуе з правага боку – народзіцца хлопчык, калі ж з левага – спадзяваліся, што будзе дзяўчынка.
Каб вызначыць пол будучага дзіцяці, цяжарную жанчыну ўсаджвалі на падлогу і прасілі падняцца. У залежнасці ад таго, якой рукой яна абапіралася на падлогу перад тым, як устаць, вызначалі, хто народзіцца.

Старажытную сацыякультурную традыцыю падзяляць рытуальную прастору хаты на мужчынскую і жаночую часткі пазней запазычыла хрысціянства. У праваслаўных храмах уся сакральная прастора таксама падзяляецца на жаночую (левую) палову, у якой знаходзіцца вобраз Багародзіцы, і на мужчынскую (правую), у якой рытуальным цэнтрам з’яўляецца выява раскрыжаванага Хрыста. Таму зусім невыпадкова жанчыны, якія прыйшлі ў храм, займаюць левую, «жаночую», палову храма, мужчыны – правую, «мужчынскую». Асабліва яскрава гэта правіла прасочваецца пад час вянчання маладых: нявеста становіцца па левую руку ад жаніха, але злева перад алтаром, бліжэй да вобраза Багародзіцы. Жаніх становіцца справа, бліжэй да выявы Ісуса Хрыста.

За вясельным сталом жаніх і нявеста садзіліся так, як яны стаялі ў храме пад час вянчання. Цікава, але муж і жонка, калі жадалі жыць ў любові і згодзе, павінны былі на працягу ўсяго жыцця захоўваць гэтае размяшчэнне. Нават ноччу муж і жонка павінны былі спаць так, каб жонка знаходзілася злева!

Госці, родныя, якія прый­шлі на вяселле, таксама рассаджваліся за сталом згодна сваёй прыналежнасці: па правую руку ад жаніха – прадстаўнікі яго роду, а па левую – радзіна нявесты.

Першыя дзеянні ў жыцці толькі што народжанага чалавека стараліся рабіць на правы бок: дзіця клалі ў калыску на правы бок, прыкладвалі да правай грудзі маці і г.д. Гэтым самым людзі жадалі, каб дзіця развівалася ў адпаведнасці з традыцыйнымі ўяўленнямі аб шчаслівай долі.

Лічылася, калі «малады» месяц першы раз убачыць з правага боку, то ўвесь месяц будзе спадарожнічаць дабрабыт, удача, а калі з левага – чакай непрыемнасцей.

Калі вясной пачуць першае кукаванне зязюлі справа – увесь год ва ўсіх справах і пачынаннях будзе спадарожнічаць удача, калі злева – дабра і не чакай.

Добрая гаспадыня ведае, што стол заўсёды павінен быць засланы абрусам. Пры гэтым строга сачылі за тым, якім бокам ён засцелены: адваротны або «левы» бок абруса заўсёды сімвалізаваў «выключнасць» (рытуальнае выключэнне) з паўсядзённага жыцця. «Левым» бокам абрус засцілалі толькі на памінальны стол.

Да нашага часу жыве прыкмета: калі чалавек зачапіўся за парог правай нагой – усё будзе добра, калі левай – наадварот.

Оставить комментарий