РЭХА ТРЫЦЦАТЫХ

20 студзеня споўніўся 71 год падпісання наркамам НКУС Генрыхам Ягодай сумнавядомага загаду, згодна з якім забаранялася ўказваць месцы пахаванняў ахвяраў сталінскіх рэпрэсій. І хаця прайшло шмат гадоў, своеасаблівыя наступствы гэты загад мае па сённяшні дзень.

Звяртаючыся да гісторыі пытання, гісторык Ігар КУЗНЯЦОЎ нагадвае, што ў трыццатых гадах мінулага стагоддзя ў СССР быў прыняты шэраг рашэнняў, каб блізкія растраляных ніколі не даведаліся праўды аб лёсе сваіх сваякоў. «Напрыклад, сваякам тых, хто быў прысуджаны да вышэйшай меры пакарання, было вырашана не паведамляць сапраўдных прычынаў і даты смерці, а паведамляць ім, што іх блізкі чалавек прысуджаны да 10 гадоў зняволення без права перапіскі. І да 1989 года, да адпаведнага рашэння, сваякам тых, хто быў растраляны у перадваенны час, давалі даведкі, у якіх пазначалі смерць ад хваробы (напрыклад, запальванне лёгкіх) у перыяд з 1941 па 1945 гады. Маўляў, ішла вайна, гінулі людзі. Натуральна, што было не да здароўя «ворагаў народу».

Сярод іншых атрымалі такую даведку і сваякі класіка беларускай літаратуры Максіма Гарэцкага. Гаворыць пляменнік пісьменніка, акадэмік Радзім ГАРЭЦКІ: «Калі забралі Максіма Іванавіча, яго жонка і дачка пісалі паўсюль, спрабуючы высветліць, дзе ён і што з ім. Толькі перад самай вайной яны атрымалі даведку аб смерці, дзе было пазначана, што ён памёр ад «кроваізліцця ў мозг» ва Ўхце ў 1939 годзе».

За савецкім часам інфар­мацыя аб пахаваннях рэпрасаваных нідзе не з’яўлялася. І толькі падчас перабудовы грамадства паступова пачало даведвацца праўду аб рэпрэсіях. Тады ж інфармацыя аб смерці Максіма Гарэцкага ад кроваізліцця ў мозг увайшла ва ўсе энцыклапедыі.

Па словах Ігара Кузняцова, КДБ неахвотна адкрывала свае сакрэты, але дзякуючы палітычнай адлізе канца 80-х – пачатку 90-х што-нішто атрымалася даведацца. «Ў пачатку 90-х гадоў, падчас палітычнай адлігі, у мяне атрымалася патрапіць у нашае КДБ і з дазволу яго кіраўнікоў атрымаць некаторыя матэрыялы. Яны запрасілі матэрыялы з месца, дзе ён апошні час жыў і дзе яго ў 1939 годзе арыштавалі, – горад Кіраў. Даслалі «справу», з якой я тут пазнаёміўся. Аказалася, што яго арыштавалі ў канцы 1937 года і рашэннем тройкі ён быў прысуджаны да растрэлу. 10 лютага 1938 года быў растраляны ў Вязьме», – гаворыць Гарэцкі.

Цяпер на месцы растрэлу стаіць стэла са згадкай пра нашага славутага земляка. На цырымоніі яе адкрыцця прысутнічалі не толькі сваякі рэпрэсаваных, але і прадстаўнікі ўлады, асабіста мэр Вязьмы.

Што датычыцца Беларусі, першым месцам масавага пахавання ахвяраў сталінскіх рэпрэсій сталі Курапаты, пасля таго, як у 1988 годзе газета «ЛіМ» надрукавала артыкул «Курапаты – дарога смерці». «Пасля распада СССР, падчас старшынства ў КДБ РБ Ягорава былі названыя яшчэ тры месцы масавых растрэлаў: у Віцебску, Мазыры і ў Оршы. Праз 2-3 гады, калі Ягораў стаў дэпутатам, яго зноў запыталі аб месцы пахаванняў, ён адказаў, што не мае інфармацыі. Яму нагадалі пра ягоныя ранейшыя заявы. На гэта ён сказаў, што тое была памылковая інфармацыя», – распавядае гісторык.

То бок, як кажа Кузняцоў, дагэтуль невядома, якія месцы у Беларусі афіцыйна прызнаюцца месцамі масавых пахаванняў ахвяраў сталінскіх карнікаў. Па неафіцыйнай інфармацыі (сведчаннях сведкаў, ускосных дадзеных), такія месцы ёсць прыблізна ў 84 населеных пунктах. «Толькі ў раёне Мінску іх восем, у Магілёве – тры, у Віцебску – два. Апроч таго, у нас «згубілася» каля 4 тысяч польскіх вайскоўцаў, якія былі растраляныя падчас аперацыі ў красавіку 1940 года. Ёсць дакументы суправаджэння ў эшалонах да Гродна. Месца прызначэння – Мінск. Аднак далей іхні след губляецца. Значыцца, можна меркаваць, што яны ляжаць альбо ў Лошыцы, альбо ў Парку чалюскінцаў, альбо ў Курапатах».

Магчыма, барацьба з сусветным тэрарызмам, наркатрафікам і агентамі замежных разведак не пакідаюць беларускім чэкістам часу на афіцыйнае прызнанне такой колькасці месцаў месцамі менавіта «сталінскіх» растрэлаў, але пэўныя зрухі ў параўнанні з часамі «кровазліцця ў мозг» ёсць. Было б жаданне дапамагчы і так ужо пацярпелым суграмадзянам. «У адказах на ўсе запыты чэкісты ўжо ўказваюць сапраўдную прычыну смерці, матывы і час растрэлу, але ў той жа час пішуць тыповую фармулёўку «месца пахавання невядомае». Хаця ў постперабудовачны час чамусьці месцы называлі», – абураецца гісторык. Па яго словах, у 1998 годзе, падчас следства ў Курапатах, якое праводзіла вайсковая пракуратура, адмыслоўцы даведаліся прозвішчы двух (з некалькіх дзесяткаў тысяч, што пакояцца там!) ахвяраў. Зрабілі адпаведны запыт у КДБ, атрымалі адказ – «справамі дадзеных асобаў не валодаем».

Так ці інакш, няблага ў дадзеным выпадку згадаць пра вопыт Расіі, дзе чэкісты на ўсіх узроўнях улады. Чамусьці там, напрыклад, агучаны спіс ахвяраў, пахаваных на Бутаўскім палігоне, у Івашове пад Санкт-Пецярбургам. Уявіце сабе, ФСБ назвала 50 тысяч прозвішчаў з месцам пахавання кожнага!

Радзім Гарэцкі мяркуе, што ў сваякоў рэпрэсаваных бела­русаў, жадаючых даведацца, куды ўскласці кветкі ў памяць аб загінулых, яшчэ з’явіцца такая магчымасць. Але Кузняцоў глядзіць на гэта больш песімістычна. «Магу пэўна сказаць, што ўжо ніколі мы не даведаемся ні сапраўднай колькасці растраляных, ні прозвішчаў, ні месцаў пахаванняў. Архівы «чысцяцца» пачынаючы з трыццатых гадоў. Час ідзе, дакументы працягваюць «знікаць». Калі і можна будзе з часам даведацца аб лёсе рэпрэсаваных, то гэта будуць даведкі аб лёсах адносна невялікай колькасці ахвяраў».

СПРАВКА «ЭН»

Игорь Кузнецов родился в Молодечно в 1956 г. В 1977 г. окончил Донецкое высшее военно-политическое училище инженерных войск и войск связи, в 1988 г. – военно-политическую Академию им. Ленина. Защитил диссертацию на соискание ученой степени кандидата исторических наук «Массовые репрессии в 30-х гг. и реабилитация жертв террора». Автор более 500 публикаций, 64 книг. В настоящее время – доцент факультета международных отношений БГУ. Член совета международного историко-просветительского правозащитного общества «Мемориал», член БАЖ. Женат, воспитывает дочь.

Оставить комментарий