«ЦЯГНУЦЬ КАЛЯДУ НА ДУБА», АБО ЗАКАНЧЭННЕ «КРЫВЫХ» ВЕЧАРОЎ

Апошнім этапам у свят­каванні Калядаў была трэцяя куцця, якая святкавалася 18 студзеня. Здавалася б, яна павінна была стаць апошнім перакідным мастком паміж Піліпаўскім пастом і зімовым Мясаедам. Аднак у народнай традыцыі была свая логіка, у аснове якой ляжаў не ўласна практычны пачатак, а сімвалічны сэнс класічнага правіла «як сустрэнеш, так і будзе».

ТРЭЦЯЯ КУЦЦЯ МАДЭЛІРАВАЛА ЗБОР УРАДЖАЮ

Мелася на ўвазе наступнае: тры куцці (і найперш абрады гэтых святочных вечароў) мадэліравалі па прынцыпу падабенства тры асноўныя этапы ў сельскагаспадарчым цыкле веснавых і летніх работ. Першая куцця (характар яе абрадавых дзеянняў, паводзіны людзей, дыялог з продкамі і зварот да Ўладара Нябёсаў) быццам бы пераносіла чалавека ў вясну, на час сяўбы. Другая куцця павінна была паўплываць на росквіт сельскагаспадарчых культур: Шчодрая куцця – багаты ўраджай. Нарэшце, паводзіны людзей пад час трэцяй куцці скіраваны былі на тое, каб паўплываць на заканчэнне збору ўраджаю, перш за ўсё на падзеі жніва.

Мы шматразова заўважалі, што Калядныя вечары давалі людзям магчымасць пэўным чынам паўплываць на свой будучы лёс, здароўе, дабрабыт, захаваць сям'ю ў поўным складзе. Разам з тым асобныя дні калядна-навагодняга перыяду былі надзейным прадказальнікам стану надвор'я на розныя прамежкі часу. Прывядзем некаторыя прыклады, якія сведчаць аб назіральнасці нашага народа, вялікім вопыце і ўменні «чытаць» прыродныя сімвалы. Можна лёгка паверыць і праверыць на ўласным вопыце прыкметы, якія прадказвалі стан надвор'я на наступныя дзень-два. Але ж вядомы прыклады, калі ў адзінае цэлае звязвалі даволі аддаленыя прамежкі часу, бывала, працягласцю нават у паўгоддзе.

КАЛЯДНЫЯ РЭГЛАМЕНТАЦЫІ І ПРАДПІСАННІ

Такім чынам, клопат аб будучым ураджаі праходзіў праз усе калядныя святкаванні чырвонай стужкай. У абрадавым плане ролю такога звязуючага сімвала выконваў адзін і той жа гаршчок, у якім варыліся ўсе тры куцці.

Калі набліжалася «посная, вадзяная куцця», стараліся чыста прыбраць у хаце, каб улетку ўрадзіўся чысты і высокі лён.
Імкнуліся ў гэты дзень нічога не рабіць. Падлогу вымяталі вельмі рана, а смецце спальвалі ў печы, «каб нішто не шкодзіла ў хаце».

Ужо не раз узгадвалася аб розных забаронах выконваць якую-небудзь працу ў калядныя дні. Калі ж здаралася так, што ў першую або другую куцці хто-небудзь выпадкова што-небудзь рабіў, то ў трэцюю ўсё гэта можна было «адчараваць» наступнымі словамі: «Што завязалася – развяжыся, што шылася – расшыйся, што паролася – распарыся, што рабілася – адрабіся». Людзі былі перакананыя, што ў такім выпадку парушэнне забароны не прынясе шкоды.

Сад і агарод таксама не пакідалі без увагі. «Попелу ад святочных дзён няможна вымятаць аж да Вадохрышча» – гэты попел збіралі і захоўвалі на працягу ўсяго года. Летам ім пасыпалі сад, каб захаваць ад шкодных насякомых.
Калі грушы не пладаносілі, то менавіта пад вечар на Вадо­хрышча іх перавязвалі саломай у трох месцах: каля кораня, ствол, пад кронай.

А яшчэ ў гэты ж дзень пяклі хлеб, і рэшткамі «хрышчэнскага» цеста абмазвалі дрэвы, каб яны давалі добры ўраджай.
Мыцца ў гэты дзень можна было толькі да захаду сонца, таму што вечарам напярэдадні Хрышчэння адбывалася першае асвячэнне вады – унутры храмаў, другое – у сам дзень Вадохрышча – у рэках і азёрах.

ТРЭЦЯЯ СВЯТОЧНАЯ ВЯЧЭРА

Перад тым як сям'я сядзе за святочны стол (а ён па характару свайму нагадваў першую куццю, таму трэцяя куцця называлася «скупой», «вадзяной», «поснай»), бацька браў гаршчок з кашай, крыж, хлеб, падрыхтаванае крапіла з жытніх каласоў і асвечанай вадой акрапляў усе гаспадарчыя забудовы: хлеў, лазню, пуню, склеп, варыўню, стопку, дрывотню, гумно. На варотах, дзвярах, сценах і вокнах крэйдай маляваў крыжы. Яны павінны былі абараніць сям'ю і гаспадарку ад вядзьмацкіх чараў, адагнаць ад скаціны нячыстую сілу. Затым гэты кавалачак крэйды хавалі за абразы і маглі браць яе толькі пры ўмове, што каго-небудзь з дамачадцаў трэба было палячыць.

Характар сталавання прад­выз­начаўся жаданнем прадбачыць умовы ўборкі ўраджаю. Сама вячэра не была доўгай, як папярэдняя. Людзі елі ў пэўнай ступені паспешліва, спадзяючыся, што летам гэтаксама хутка ўправяцца з асноўнымі палявымі работамі. Заканчвалася застолле незвычайнай, жартаўлівай абрадавай гульнёй. Маці брала качаргу і злёгку стукала ёю па бацьку. Той хуценька падаў. А маці тым часам гаварыла: «Каб так хутка снапы ў час жніва падалі!»

СВЯТОЕ ВАДОХРЫШЧА

Царква ў знак памяці вялікай духоўнай падзеі – хрышчэння Сына Божага ў водах свяшчэннай ракі Іардан – устанавіла свята Вадохрышча (святое Богаяўленне, Хрышчэнне Ісуса Хрыста), якое адзначалася 19 студзеня.
На трыццатым годзе жыцця, перад тым як адправіцца прапаведваць новае вучэнне, Хрыстос прыйшоў на раку Іардан і прыняў хрышчэнне ад Івана Прадцечы (Хрысціцеля). Хрышчэнне – хрысціянскі абрад, які сімвалізуе ачышчэнне душы ад грахоў і поўную аддадзенасць Богу. Свята мае і другую назву – Святое Богаяўленне. Калі Хрыстос выходзіў з вады, сведчыць Святое Пісанне, адкрылася неба і на яго сышоў Святы Дух у выглядзе голуба.

У гэта вялікае свята ў цэрквах адбываецца Вялікае асвячэнне вады ў памяць аб тым, што пад час хрышчэння Хрыста вада ракі асвяцілася. Хрысціянскія вернікі прыносілі гэтую ваду дадому і захоўвалі на працягу года. У народнай медыцыне з яе дапамогай людзей пазбаўляюць цяжкіх захворванняў, лечаць ад сурокаў, эпілепсіі.

Пасля літургіі ў храмах святары кіраваліся да рэчак, азёр, калодзежаў і іншых вадаёмаў («Ход на Іардан»), выразалі там крыжападобную палонку і асвяшчалі ваду. У народзе лічылася, што палонка і месца вакол яе валодае вялікай цудадзейнай сілай, таму ў ёй купаліся тыя людзі, якія мелі цяжкія захворванні. У некаторых мясцінах Беларусі крыж, які выразалі з лёду, ставілі тут жа, побач з палонкай, аблівалі бурачным сокам, а на кожнае «крыло» ставілі па запаленай свечцы – відовішча было шыкоўнае.

Гісторыя ведае шмат свед­чанняў пра тое, што людзі, якія тройчы з галавой пагружаліся ў асвячоную ваду, хутка стана­віліся здаровымі.
Пасля малення ў «Іардані» (крыжападабнай палонцы) абавязкова купаліся хворыя людзі і тыя, хто на Каляды хадзіў ў навагодніх масках.

Адразу ж пасля вяртання з храма гаспадар акрапляў святой вадой усе забудовы, хату, каб засцерагчы ад нячыстай сілы.
Добра вядома, што святую ваду трэба абавязкова мець у тых хатах, дзе гадуецца малое дзіця.
У народзе да гэтага дня ставіліся вельмі паважліва і ад­казна. Таму лічылі, калі па­хрысціць дзіця на Вадохрышча, яно будзе шчаслівым.

ЗАКАНЧЭННЕ КАЛЯДАЎ

Каляндарны год доўжыцца дванаццаць месяцаў, таму першае свята, якое яго распачынала, працягвалася якраз дванаццаць дзён. І ўсе гэтыя дні ў значнай ступені паўтаралі сімволіку першага – пераходнага – дня года. У сувязі з гэтым стаўленне да іх было своеасаблівым. З аднаго боку, яны былі па-святочнаму вясёлымі, урачыс­тымі, суправаджаліся гульнямі і спевамі, з другога – напаўняліся вялікай колькасцю забарон і перасцярог (можа, таму зусім невыпадкова гэты перыяд часу атрымаў назву «крывыя вечары»). «Крывыя» ў тым сэнсе, што год пераварочваўся ў другі бок, а як вядома, усе пераходныя сітуацыі вымагалі пэўных абмежаванняў і перасцярог. Напрыклад, адразу ж пасля заручын паводзіны дзяўчыны станавіліся зусім іншымі – яна не мела права хадзіць ні на якія вячоркі, гулянні моладзі, баючыся, каб ёй не нашкодзілі ў замужжы. Такіх жа шматлікіх абмежаванняў прытрымліваліся людзі і ў дачыненні да памерлага чалавека. Вось таму ў перыяд «крывых вечароў» катэгарычна забаранялася святкаваць вяселлі. На Палессі казалі, што ў «міжыкалядзь» (паміж Калядамі) гулялі толькі «воўчыя вяселлі». Вельмі непажадана ў гэты час хадзіць у сваты.
РАЗВІТАННЕ З КАЛЯДАМІ
У Бярэзінскім, Навагрудскім і некаторых іншых раёнах заканчэнне Каляд вызначалася правядзеннем спецыяльнага абраду, які атрымаў вельмі сімвалічную назву «Цягнуць Каляду на дуба». Быццам даючы знак таму, што заканчваліся «крывыя вечары», вясковыя хлопцы бралі драўляную барану, цягнулі яе праз усю вёску – баранавалі вуліцу, г. зн. завяршалі святочны цыкл – выходзілі за ваколіцу і кіраваліся да бліжэйшага дуба і зацягвалі барану на яго. Усё – святам канец, пачынаецца Мясаед, жыццё вярталася ў свой звыклы рытм. Трэба было даглядаць жывёлу, ткаць, прасці, вышываць, рамантаваць гаспадарчыя прылады працы.

Час ад Калядаў і да Мас­леніцы атрымаў назву «Мясаед». Логіка народнага жыцця мела трывалы практычны падмурак: самы халодны перыяд года вымагаў ўжыванне самай энергаёмістай (тлустай) ежы. Адначасова гэты ж самы час лічыўся найбольш спрыяльным для святкавання вяселля, і гэта зусім натуральна. Невялікая колькасць каляндарных святаў дапаўнялася святамі сямейна-родавай накіраванасці. І, наадварот, вясной, калі пачнецца колазварот гаспадарчых клопатаў, кожны з якіх будзе распачынацца адпаведным абрадавым дзеяннем, уласна-сямейныя праблемы адыдуць на другі план.

Оставить комментарий

  Подписаться  
Уведомление о