СТАРЫ НОВЫ ГОД, АБО КАЛЯДНАЯ ШЧАДРУХА

Увечары 13 студзеня, якраз на­пярэдадні старога Новага года спраўлялі другую куццю. На гэты раз ужо дазвалялася есці скаромнае, таму куццю празвалі «тоўстай», «багатай» або «шчодрай» (ад гэтай назвы, утворанай па асацыяцыі з вялікай колькасцю сялянскіх прысмакаў, з'явілася яшчэ адна вытворная назва святочнага навагодняга вечара – «Шчадрэц»). Каб патлумачыць сэнс самой святочнай вячэры і таго паэтычнага аздаблення, якое суправаджала другую куццю, нам спатрэбіцца зрабіць два дапаўненні, якія тычацца асобных светапоглядных уяўленняў славянскіх народаў, якія знайшлі адлюстраванне ў фальклоры і абрадавай практыцы.

ДРУГАЯ СВЯТОЧНАЯ ВЯЧЭРА

Шчодрая куцця некалі адзначалася непасрэдна ў навагоднюю ноч (1 сту­дзеня па старым стылі). Менавіта гэта акалічнасць прадвызначала характар самога святкавання і асаблівасці абрадавага сталавання. Жанчынам хацелася пахваліцца сваім умельствам, гаспадарлівасцю, шчодрасцю. Да стала рыхтавалі як мага болей страў (але не менш дванаццаці), бо верылі, што гэтаксама шчодра сям'я будзе жыць на працягу ўсяго года.

КАЛI ВЫНОСIЦЬ ЕЛКУ?

Другая куцця – Багатуха, таму «без парсюка й Каляды не Калядамі. Старыя людзі нават гаварылі, што даўней нашыя продкі абавязкова перад Калядамі калолі кормнага падсвінака, каб Каляды не гневаліся, ды далі на ўсё добры ўраджай, а на говяда добры прыплод».

Лічылася, калі гаспадыня напячэ перад Новым годам бліноў, то ў яе гаспадарцы скаціна будзе «гладкай» (здаровай).
У кашу, прыгатаваную на шчодрую куццю, гаспадыня клала пярсцёнак. Калі на пачатку вячэры яго зачарпне гаспадар, то ўвесь год сям’я будзе жыць багата, у дастатку.
Як правіла, хлеб наразалі і на заўтрашні дзень. Гэтыя рытуальныя абмежаванні маглі паспрыяць таму, што члены сям’і на працягу года не будуць рэзаць рук.
«Хто перад Калядамі жывёлу добра даглядае, той перад Вялікаднем за хвост не падымае». Гэта азначала, што і хатняя жывёла атрымлівала ў гэты дзень пачастункі.
Калі ў гэты вечар разаб’ецца які-небудзь посуд, бяда прыб’ецца ў хату.
Да навагодняй куцці трэба вярнуць усе пазыкі, іначай на працягу ўсяго года з пазык не вылезеш.
Сённяшнім сучаснікам хочам параіць вечарам гэтага дня да заходу сонца вынесці з хаты навагоднюю ёлку, якую ўсталёўвалі ў хаце ў апошнія дні снежня, каб «вынесці» ўсю адмоўную энергетыку, якую яна збірала ў хаце на працягу двух тыдняў.
Любыя навагоднія лішкі і нястачы, спакой і спрэчкі ды іншае паказваюць на тое, што чакае чалавека на працягу года: «З чым застаў чалавек Новы год – з тым ён застанецца да канца».
Усе гэтыя «залатыя правілы» народнай культуры ў роўнай ступені адносяцца як да 1студзеня – сучаснай сустрэчы Новага года, так і да 14 сту­дзеня – старажытнай даты сустрэчы Новага года.

«ШЧАДРАВАННЕ»

Вечар правядзення другой каляднай куцці – стары Новы год – быў адзначаны выкананнем абраду шчадравання. Яно ўяўляла сабой той самы абход вёскі калядоўшчыкамі, аднак на гэты раз у склад гурта ўваходзілі толькі дзяўчаты. Яны выбіралі самую прыгожую сярод сябровак, апраналі яе ў самае лепшае святочнае адзенне, на галаву мацавалі вянок, упрыгожаны рознакаляровымі стужкамі. Дзяўчынка-прыгажуня называлася «шчодрай», а яе наведванне сялянскіх хат сімвалізавала багаты дабрабыт, шчодры ўраджай і захаванне дамашняга ачага.

«ЗАСЕЎКІ»

Назаўтра раніцай (яшчэ раз нагадаем, што гэта быў першы дзень Новага года) да абрадавых абходаў далучаліся самыя маленькія – вясковыя хлопчыкі, якія выконвалі яшчэ адзін надзвычай сімвалічны абрад – «засяванне». Яны збіраліся ў невялікі гурт, вешалі цераз плячо торбачкі з зернем жыта, аўса, ячменю і зноў-такі хадзілі па хатах з навагоднімі віншаваннямі. Хлопцы заходзілі ў хату, спявалі калядкі-заклічкі, а тым часам рассыпалі па падлозе па жменьцы зерня кожнага гатунку, гучна прыгаворвалі:

– Сею, сею, пасяваю,
З Новым годам паздраўляю!

Пасыпаючы зерне розных зерневых культур, хлопчыкі жадалі, каб у дбайных гаспадароў быў багаты ўраджай і жыта, і пшаніцы, і ячменю:

«Сета, сета (сеята) на новае лета».

Разам з тым у гэтага абрадавага дзеяння было яшчэ адно значэнне. Зерне жыта сімвалізавала перш за ўсё новае жыццё, жыццё ў новай сям'і або ў новых умовах. Аднак галоўным аб'ядноўваючым пачаткам было прадаўжэнне жыцця сям'і, усяго роду. Каб больш глыбока зразумець сутнасць ужывання зерня жыта ў навагодніх абрадах, прывядзём яшчэ некалькі прыкладаў сімвалізацыі жыта ў іншых абрадавых сітуацыях. Напрыклад, калі першы раз купалі нованароджанае дзіця, то ў ночвы абавязкова клалі жменьку жыта (у марлі ці ў навалачку з даматканага палатна). Мелася на ўвазе – няхай і гэта дзіця праз які час народзіць і таксама прадоўжыць свой род. Адразу ж пасля вынасу нябожчыка з хаты нехта з старэйшых пасыпаў падлогу зернем жыта. «Чытаць» гэты абрад трэба было наступным чынам: «З хаты толькі што вынеслі смерць, але Жыццё Сям'і няхай працягваецца: колькі зярнят рассыпалі па падлозе, няхай столькі ж дзяцей і новых пакаленняў будзе ў гэтым родзе».

У гэтай святочнай дзеі быў і другі, больш празаічны бок. З задавальненнем выконваючы не складаны па характары выканання рытуал, дзеці спадзяваліся на шчырасць і гасціннасць гаспадароў. А тыя сапраўды не скупіліся, адорвалі малых усялякімі прысмакамі – хто печывам, хто кавалкам каўбасы, сушанымі ягадамі, арэхамі. Радасць была бязмежная, шчырая, ад душы.

НОВЫ ГОД РАСПАЧЫНАЕ СВЯТОЕ ВАСІЛЛЕ

Адначасова з святкаваннем другой куцці 14 студзеня Праваслаўная Царква адзначае святое Васілле – дзень смерці аднаго з заснавальнікаў хрысціянскага руху, стваральніка шматлікіх манастыроў Васіля Вя­лі­кага.
У народнай свядомасці сталася так, што святы Васіль пачаў лічыцца ахоўнікам свіней. У сувязі з гэтым свята атрымала назву «свінога», а традыцыя патрабавала прынесці ў гэты дзень святому ахоўніку ахвяру – «кесарыйскае» парася. Яно і было самым галоўным кампанентам абрадавай ежы першага дня старога Новага года. Акрамя таго, гаспадыні выпякалі ў гэты дзень печыва ў выглядзе фігурак кароў, свіней, авечак і хатніх птушак.

ПРЫКМЕТЫ ПЕРШАГА ДНЯ НОВАГА ГОДА

На досвітку гаспадар і гаспадыня распальвалі лучыну і пачыналі віць вяроўку, якой затым перавязвалі чатыры ножкі стала. Лічылася, што выкананне гэтага абрадавага дзеяння «перавяжа» ногі коням і каровам і перасцеражэ палеткі і сенажаці ад патравы.

У першы дзень Новага года стараліся да абеду не хадзіць у госці, каб скаціна не цуралася свайго двара.
Імкнуліся ўстаць раней і, апя­рэдзіўшы астатніх, прынесці ва­ды са студні і памыцца – будзеш на працягу года здаровы, рухавы, бадзёры.
Верылі ў тое, што многае ў надыходзячым годзе будзе залежыць ад першага госця ў хату. Пашчасціць у дабрабыце тым, да каго завітае мужчына.
Усе пералічаныя вышэй абставіны і акалічнасці сведчылі пра тое, што прыказка «Як сустрэнеш Новы год, такім ён і будзе» зусім небеспадстаўная.

КАЛЯДНЫЯ ВАРОЖБЫ

Калядная ноч, па ўяўленнях нашых далёкіх продкаў, «адкрывала нябёсы» і тым самым давала людзям магчымасць далучыцца да незвычайнага канала лёсавызначальнай інфармацыі, да своеасаблівага сусветнага банка данных і тым самым паспрабаваць зазірнуць у заўтрашні дзень. Натуральна, што хутчэй за ўсё пытанні лёсу цікавілі моладзь перадшлюбнага ўзросту – дзяўчат і хлопцаў, якія самі марылі стварыць сваю сям‘ю.

Прывядзём толькі некалькі пры­кладаў калядных варожбаў, якія можа выкарыстаць і наша сучасная моладзь.

1. Дзяўчына брала кавалачак куцці (а дакладней, яе трэба было ўзяць неўпрыкмет, каб ніхто не бачыў) і перад тым, як легчы спаць, клала пад падушку. Затым пад ложак ставіла міску з вадой, цераз якую клала лучыну. Дзяўчына клалася спаць і пра сябе прамаўляла наступныя словы:
– Хто мяне па кладачцы правядзе, той мяне замуж возьме.
Пры гэтым ні падчас выканання варажбы, ні пасля (аж да самай раніцы) нельга было ні з кім гаварыць.

2. Варажба «Замкнуць вядро». Дзве сяброўкі набяруць у калодзежы вядро вады, прынясуць яго ў хату і паставяць на лаву. Затым возьмуць замок і «замкнуць вядро». Пасля гэтага клаліся спаць, не сказаўшы ніводнага слова. Ноччу павінен быў прысніцца той, хто прыйдзе «адамкнуць» вядро.

3. Варажба на дровах. У хляве або ў паветцы дзяўчына набярэ ахапак дроў, прыносіць у хату, кладзе каля печы і лічыць: калі пара будзе – замуж пойдзе, калі лішка – то не.

4. Варажба на аладках. Дзяўчаты раніцай напякуць аладак, па адной схаваюць. Вечарам збяруцца ў чыёй-небудзь хаце і пачынаюць варажыць. На ўслон кожная з прысутных дзяўчат кладзе сваю аладку, а затым у хату прыводзяць сабаку. Чыю аладку схопіць першую, тая хутчэй за ўсіх замуж пойдзе.

5. Варажба на плоце. Дзяўчына выбягала на вуліцу і рукамі абхоплівала плот. Затым лічыла штакеціны. Калі ў пару будзе – замуж пойдзе, калі няцот – у дзеўках засядзіцца.

Отправить ответ

Оставьте первый комментарий!