ІМЯ ЧАЛАВЕКА – ЯГО ДОЛЯ. ЧАСТКА 3.

Міжпакаленная перадача радавога імя з цягам часу дазволіла назапасіць каштоўныя веды аб тым, што імя само па сабе валодае не толькі пэўным энергетычным патэнцыялам, але і сваёй Доляй. Напрыклад, у сучасных даследаваннях існуе гіпотэза, што імя Сяргей правацыруе схільнасць яго носьбіта да празмернага ўжывання алкагольных напояў.

ІМЯ МАЕ ПАМЯЦЬ

У 80-я гады мінулага стагоддзя (якраз у разгар вайны ў Афганістане) сярод беларускага, рускага і ўкраінскага насельніцтва пад прэсам бяды, якая забрала жыццё трынаццаці тысяч нашых хлопцаў, ускалыхнулася і пакацілася чарговая хваля народнага адчаю. Відаць, своеасаблівай маральна-псі­ха­лагічнай кампенсацыяй на­паткаўшай бяды, водгукам-набатам радавой памяці і жаданнем сваёй непакорлівасці хоць як-небудзь пераадолець непаразуменні лёсу стала адчайная спакуса захаваць у радаводным дрэве імя заўчасна загінуўшага хлопца. Калі на чужыне гінуў малады чалавек, то яго родны брат ці сястра пераадрасоўвалі імя рана сканаўшага свайму нованароджанаму дзіцяці. Жахлівая рэч. Безвыходнасць людскога адчаю зразумелая. Эмацыянальныя вытокі логікі сямейных разважанняў ляжаць на паверхні: надаючы нованароджанаму пляменніку імя загінуўшага, людзі хацелі як быццам надтачыць жыццёвую сцежку «афганца». А нясцерпную горыч страты хоць у нейкай ступені кампенсаваць штодзённым паўтарэннем мілагучнага імя. Сёння ўжо вядомы выпадкі, калі пляменнік, якому далі імя заўчасна загінуўшага дзядзькі, дажываў да таго ж узросту і гінуў (!) пры самых загадкавых абставінах (прычым дзень у дзень). З гэтай нагоды паўстае патрэба сфармуляваць яшчэ адно правіла-абярэг, якое звужае, абмяжоўвае поле выбару імя: не давайце дзецям імёны самагубцаў, рана памерлых або заўчасна загінуўшых людзей.

ІМЯ ЧАЛАВЕКА – ЯГО АБЯРЭГ І АДНАЧАСОВА АХІЛЕСАВА ПЯТА

З цягам часу мы пачалі шырока карыстацца імёнамі, у склад якіх уваходзілі тры складовыя часткі: уласнае імя, імя па бацьку і фамільна-родавае прозвішча. У афі­цыйнай абстаноўцы часцей за ўсё мы звярталіся адзін да аднаго падвойным варыянтам поўнага імя – Іван Андрэевіч, Марыя Іванаўна. Дарэчы, так было толькі ў нас. У агульнаеўрапейскай традыцыі людзі звярталіся адзін да аднаго, узгадваючы перш за ўсё не імя, а сімвалічны эквівалент яго сацыяльнага статуса: пан прафесар, місіс Элюар, фрау Зімвель; сёння нешта падобнае вяртаецца да нас у карпаратыўных стасунках, калі мы пытаемся ў калег па працы або сакратара-рэферэнта: «Шэф (бос, «Мама») на месцы?» Такая форма звароту дазваляе не кранаць самы толькі індыкатар трохузроўневага звароту да чалавека – яго ўласнае імя. А мы тым часам раз за разам разбуралі энергетычную абалонку сваіх калег па працы, «дабівалі» апошнія сілы класнага кіраўніка Марыі Іванаўны, сто разоў звяртаючыся да яе на працягу працоўнага дня. У выніку дадому настаўніца прыходзіла абяссіленая, бо яе аўра нагадвала дзіравае рэшата, якім, як вядома, вады не наносіш.

Людзі старэйшага пакалення адчувалі гэтую праблему на падсвядомым узроўні і знайшлі варыянт такога звароту да чалавека, які значна менш парушаў яго духоўную структуру – гэта было імя па бацьку: Андрэевіч, Васільевіч, Харытонавіч, Пятровіч. Але так часцей звярталіся да мужчын. Зварот да жанчын (як вядома, постацей яшчэ больш далікатных, эмацыянальных, не­­р­вова больш тонка ар­га­нізаваных) меў сваю адметнасць. Іх называлі не па бацьку, а па мужу: калі муж Платон, то жонка Платоніха, Лявон – Лявоніха.

МЯНУШКА РАТУЕ АД КЕПСКАГА ВОКА І ВОСТРАГА ЯЗЫКА

Генетычныя вытокі з’яў­лен­ня імёнаў-мянушак сіга­юць у сівую даўніну, у тыя архаічныя часы, калі забаранялася называюць імя татэма-першапродка, заснавальніка таго ці іншага роду. У адпаведнасці з міфалагічнымі ўяўленнямі пачаткоўцам роду-племені магло быць дрэва, расліна, птушка, звер. Нельга было ў паўсядзённым побыце называць іх прамое, непасрэднае імя, тады і ўзнікла традыцыя называць такія істоты ўскоснымі імёнамі, якія, як правіла, акцэнтавалі ўвагу на пэўных, але найбольш характэрных, адметных рысах характару, паводзін, вонкавага выгляду, якіх-небудзь іншых акалічнасцяў. Гэта светапогляднае ўяўленне найбольш шырока адлюстравана ў казачным эпасе ўсходнеславянскіх народаў. Бусла сталі называць Бацян, мядзведзя – касалапы, дзядзька, вуйка, лісу – рыжай, хітрай, ваўка – дурнем, шэрым, зайца – касавокім, хутканогім…З цягам часу ў глыбінях міфалагічнага мыслення нашых продкаў імя стала атаясамлівацца з самім чалавекам.

Спрадвечная традыцыя за­мя­няць імя чалавека мянушкай дажыла да нашых дзён і, бадай што, найбольш актыўна ўжываецца ў фальклорнай стыхіі нашай школы. Дзеці ведаюць імёны сваіх аднакласнікаў, але ад прыроды надзеленыя тонкім пачуццём самазахаванасці, фак­тычна не карыстаюцца афі­цыйнымі сігналамі сувязі. Кожнае дзіця мае сваю мянушку, якая і з’яўляецца асноўным кодам уключэння дзіцяці ў міжасабовыя сувязі. Вось толькі некаторыя замяшчальнікі імя, якія на­дзейна служаць у нашай вёсцы апазнавальным сігналам-узбуджальнікам, зразумелым для абодвух бакоў вясковага жыцця: Бекер, Вірлавокі, Будулай, Цыган, Красніч, Гугачка, Няш, Швэрнік, Сітка і г.д. Фактычна кожная сям’я мела сваю мянушку, якая магла перадавацца ад аднаго пакалення новым спадкаемцам. Дарэчы, прозвішча Крук (у казачным эпасе яно мае і такія варыянты: Воран, Каршун, Крумкач) у нашым вясковым жыцці амаль не ўжываецца. Затое ўсе ведаюць Івана Салаўя. Мянушка засталася ад дзеда, які ўвесь час (хадзіў за плугам, касіў, што-небудзь майстраваў) свістаў і спяваў. Можа, таму сярэдні брат аднаго з аўтараў стаў вядомым оперным спеваком?

Традыцыя хаваць імя чалавека моцна падсілкоўвалася шырока распаўсюджанай у асяроддзі вясковага люду практыкай выкарыстання магіі. Занатаваныя і апублікаваныя тэксты народных замоў яскрава сведчаць пра тое, што іх уздзеянне мае мэтанакіраваны характар. Вынік дасягаецца толькі тады, калі замова мае канкрэтны адрасат – сапраўднае імя чалавека. Калі нехта хоча нанесці чалавеку шкоду або, наадварот, дапамагчы зняць якое-небудзь захворванне, ён павінен некалькі разоў назваць дакладнае імя чалавека.

З пашырэннем хрысціян­ства ва ўсходніх славян узнікала яшчэ адна традыцыя выбару імя. Падчас хрышчэння дзіцяці давалі духоўнае імя, якое ведалі бацькі, хросныя бацькі, бабка-пупарэзніца ды яшчэ святар. Вось і ўсё. У апошнія стагоддзі якраз гэта імя і лічыцца самым галоўным. Яго дазвалялася ўжываць толькі ў рытуальна-абрадавых сітуацыях, напрыклад, пры вянчанні. Ва ўсіх астатніх выпадках карысталіся тым, што замяшчала імя. Так, дзіця да хрэсьбін маглі называць Багданам (Багданькам) – дадзенае Богам.

Традыцыя падмены імя вельмі пашырана ў асяроддзі творчай інтэлігенцыі: паэтаў, пісьменнікаў, мастакоў, кампа­зітараў, спевакоў – многія з іх карыстаюцца псеўданімам (ад псеўда-імя).

ДВА ПАДСТРЭШКІ АДНАГО ДАХУ, АБО ЖОНКА ВЫБІРАЕ ПРОЗВІШЧА МУЖА!

На розных творчых сустрэчах нам часта задаюць пытанне: «Ці абавязкова жанчыне, якая выходзіць замуж, змяняць сваё радавое прозвішча?» Калі глянуць на пастаўленае пытанне праз прызму рознабаковых кантэкст-сітуацый, то адказ можа быць толькі адзін: змяняць і абавязкова.

Давайце ўзгадаем сімволі­ку асобных рытуальных дзе­­ян­­няў, якія з’яўляюцца сэн­савызначальнымі ў працяглым па часе вясельным аб­ра­дзе. Спачатку бацька абво­дзіць дачку вакол стала і толькі тады перадае ў рукі жаніха, што сімвалізуе разві­танне з бацькоўскай хатай і яе галоўным абрадавым атрыбутам – сталом (нагадаем: калі дзіця нараджалася, то яго клалі на стол – прысвячалі: яшчэ адзін рот у хаце з’явіўся). Маладыя стаялі ў храме на белай частцы ручніка, што сімвалізавала іх рытуальную смерць у статусе хлопца і дзяўчыны і перанараджэнне ў мужа і жонку праз пераходную ступень жаніха і нявесты. Нарэшце, напрыканцы вяселля маці маладога зняла з яе фату (вэлюм) і павязала хусціну і фартух – станавіся гаспадыняй у нашай хаце. Падводзім вынік: дзяўчына пакінула сваю сям’ю, змяніла свой сацыяльны статус, «памерла» ў статусе дзяўчыны – менавіта таму гармонія суладдзя патрабавала цалкам перайсці пад крыло мужа: узяць яго прозвішча, а ў некаторых выпадках і веру. Сучасны закон прадугледж­вае права жанчыны захаваць сваё прозвішча ў спалучэнні з прозвішчам мужа.

МОДА НА ІМЁНЫ

На імёны заўсёды існа­вала мода. Яна паэтапна актуа­лізавала адны імёны, адначасова кі­даючы ў бездань часу іншыя, затым прыходзіла новая хваля запатрабаванасці... і так бясконца. Зараз часцей за ўсё бацькі даюць дзецям наступныя імёны: Алеся, Крысціна, Дар’я, Аляксей, Максім, Аксана, Ян, Яніна. Услухайцеся ў іх мелодыку, яны поўнагалосныя, пявучыя, за імі стаяць анёлы-ахоўнікі.

Разам з тым у наша жыццё ўрываюцца імёны персанажаў папулярных серыялаў. Бацькі сабе на пацеху даюць сваім родным дзецям чужародныя спалучэнні гукаў, якія потым будуць выклікаць адмоўныя энергетычныя вібрацыі ў іх носьбітаў, правацыраваць некамфортнае пачуванне сярод мілагучных імёнаў, варыянты якіх адпрацаваны і адшліфаваны дзесяткамі пакаленняў і тысячаразовымі прамаўленнямі-зваротамі. Зразумела, што па вобразу і падабенству да сябе, не думаючы пра пластыку моўнага гучання ўсіх складовых частак: імя, імя па бацьку і прозвішча. Яны павінны быць сугучны ў эстэтычным плане, а то здараецца пачуць: Афрадзіта Дзяркач. У свой час мы ўжо давалі дзецям імёны першых пяцігодак савецкай эпохі: Сталіна, Кім, Даздраперма. Можа, досыць здзекавацца з саміх жа сябе? Светлыя вобразы імя будуць абавязкова асвятляць душу і вобраз яго носьбіта. А прыгожае імя ў спалучэнні з прыемнай знешнасцю заўсёды будзе напаўняць дыялог з такім чалавекам сардэчнасцю, адкрытасцю, шчырасцю, спадзяваннем на ўзаемаразуменне.

Оставить комментарий