ІМЯ ЧАЛАВЕКА – ЯГО ДОЛЯ. ЧАСТКА 2.

Больш складаныя сітуацыі вымагалі прымаць неардынарныя рашэнні.
Дасведчаны чытач тут жа задасць лагічнае пытанне, а як жа здарылася так, што адзін з аўтараў артыкула стаў Іванам Іванавічам, г.зн. атрымаў імя не дзеда, а бацькі? У народнай культуры існавала два выпадкі-выключэнні, калі трэба было зрабіць контрход і свядома пайсці на парушэнне існуючых правіл, уключаючы механізм дзеяння больш моцных рэгламентацый. А іх было некалькі.

КОЖНАЕ ПРАВІЛА МАЕ ВЫКЛЮЧЭННІ

Па-першае, сыну (дачцэ) маглі даць імя бацькі тады, калі дзіця нараджалася напярэдадні або ў вялікае імянное свята (напрыклад, на Юр’я або Георгія Пабеданосца, на Міколу Цудатворца, Міхаіла, Івана Купалу, Іллю, Івана Багаслова, Уласа, Параскеву, Таццяну, Тамару, Варвару, Марылю і г.д.). Лічылася, што гэта знак шчаслівай долі, і ісці насуперак лёсу было непажаданым.

Па-другое, калі ў сям’і паміралі, не гадаваліся дзеці, то, як правіла, трэцяму нованароджанаму давалі імя бацькі (або маці, калі нараджалася дзяўчынка), свядома разумеючы: смерць «пераадрасоўвалі» на старэйшага – «няхай наступным памірае ён, а малодшы застанецца і працягвае род». У нашым выпадку бабуля паступіла амаль што абсалютна дакладна. Яе ўнук стаў Іванам Іванавічам таму, што 1) нарадзіўся перад Іванам Купалам; 2) першыя дзве сястрычкі памерлі ў паўгадовым узросце.

Дарэчы, такіх правіл-вы­ключэнняў або рэгламентуючых контрходаў народная культура выпрацавала шмат. Напрыклад, на могілках у в. Кабыльнікі, што на возеры Нарач, ёсць тры цікавыя фамільна-родавыя захаванні. За адной агароджай чатыры надмагільныя ўзвышэнні (невялікія па памерах – былі пахаваны дзеці) размешчаны літарай Ш. У дадзеным выпадку спрацавала другая ступень родавай перасцярогі. Калі памірала чацвёртае дзіця (а ў гэтым выпадку першае правіла не было выкарыстана: фактар пераадрасоўкі бацькавага імя, відаць, пабаяліся задзейнічаць), то магілу ка­палі не паралельна ўсім ас­татнім, а перпендыкулярна. Утвараўся крыж, якім, быццам бы, перагароджвалі (адсякалі) дарогу смерці. На наша пытанне: «А як склаўся лёс сям’і далей?» – сваякі засведчылі: «Пасля гэтага нарадзілася яшчэ некалькі дзяцей, і ўсе дажылі да сталага ўзросту».

Алгарытм контрходу выка­ры­стоўваўся ў народнай культуры славян даволі шырока. Напрыклад, калі чалавек паміраў вельмі цяжка, то яго клалі на падлогу ўпоперак хаты, пад другую – радаводную – бэльку, на якой былі выразаны або «ўпісаны» імёны раней памерлых членаў сям’і. Некалькі разоў перагароджвалі дарогу вясельнаму поезду, які ад храма кіраваўся да дома маладой. Памінальны стол на Восеньскія Дзяды таксама ставілі ўпоперак асноўным сілавым лініям жылля – не ад чырвонага кута і да парога, а наадварот, пад дамашнім радаводным дрэвам – другой бэлькай.

Адзін з нашых слухачоў паведаміў наступную сямейную гісторыю: у іх сям’і адно за адным памірала аж дзевяць дзяцей. І толькі тады бабуля прымяніла трэці варыянт родавай перасцярогі: дзесятаму дзіцяці (а гэта быў хлопчык, той самы слухач) далі імя першага чалавека свету – Адам. Наступнай у іх нарадзілася дзяўчынка, ёй далі імя Ева, у гонар першай жанчыны свету. А затым нарадзілася яшчэ трое дзетак, якім далі моцныя ў энергетычным плане апостальскія імёны. Усе пяцёра выраслі, стварылі свае сем’і і ўжо гадуюць унукаў. Дарэчы, наш знакаміты драматург Кандрат Кандратавіч Крапіва быў у сям’і дзевятым народжаным дзіцем, толькі яму бабуля дала імя бацькі, таму што ўсе папярэднія дзеці паміралі.

Нецярплівы чытач можа задаць лагічнае пытанне: «А ці нельга было выкарыстаць гэта правіла на больш раннім этапе, напрыклад, пасля смерці другога ці хай сабе пятага дзіцяці?» Адказ на пытанне адзін: пасля пятага можна было, а вось раней нельга. Правілы на тое і выпрацоўваліся, каб дакладна прытрымлівацца іх у сваім жыцці, інакш іх невыкананне магло прывесці да яшчэ больш складаных і непрадбачаных (зразумела, для недасведчаных людзей) наступстваў.

Жыхарка Верхнядзвінска Валянціна С. паведаміла гісто­рыю, якая яскрава ілюструе яшчэ адно залатое правіла народнай культуры, звязанае з родавым ужываннем імя. У маладой сям’і нарадзіўся хлопчык. Яму далі імя бацькі, і ён стаў Сяргеем Сяргеевічам. Праз нейкі час бацькі надумаліся пахрысціць дзіця. За хроснага бацьку ўзялі таго хлопца, які быў на іх вяселлі першым шаферам (і гэта вельмі правільна!), аднак, на дзіва, яго таксама звалі Сяргеем. У выніку стварылася выключна неспрыяльная сітуацыя, у якой тры чалавекі, звязаныя духоўна-родавымі сувязямі, мелі адно і тое ж імя. Малое дзіця аказалася заціснутым паміж жорсткімі жорнамі лёсу. Дарослыя перакрылі яму дарогу да развіцця, росту, назапашвання фізічнай моцы. Вельмі хутка дзіця стала хваравітым, вялым, пачало скардзіцца на галаўны боль. Аднак праз год здарылася непрадбачанае: хросны бацька нечакана памёр, як у народзе кажуць, «згарэў» (ад высокай тэмпературы) літаральна за два дні. Праз зусім кароткі прамежак часу маці заўважыла, што дзіця ажыло, павесялела, перастала скардзіцца на фізічныя недамаганні.

Трэба заўважыць, што ўзгаданая сітуацыя даволі складаная, заблытаная, таму што яе ўдзельнікі дапусцілі шэраг парушэнняў рэгламентацый, якія даўно выпрацаваны вопытам народнай культуры і шматразова пераправераны на прыкладзе жыцця не аднаго пакалення. Давайце прааналізуем яе па парадку.

Па-першае, прынцыпова важная памылка была дапушчана яшчэ задоўга да нараджэння дзіцяці, перад вяселлем, калі выбіралі шафераў. Залатое правіла народнай культуры прадпісвае:
– нельга, каб на вяселлі супадалі імёны нявесты і яе першай шаферкі, жаніха і першага шафера (пра негатыўную сімволіку аднаполых спарышоў сёння ўжо гаварыць наўрад ці трэба);
– імёны хросных бацькоў не павінны супадаць з імёнамі родных бацькоў дзіцяці (апошнія могуць хутка памер­ці), не пажадана нават, каб імя хроснай маці аднаго дзіцяці супадала з імем яго роднай маці, а імя хроснага бацькі другога дзіцяці (у гэтай самай сям’і) было аднолькавым з імем роднага бацькі.

Па-другое, наступная памылка была дапушчана ўжо бацькамі дзіцяці. У іх сям’і не было падстаў (нейкіх няшчасцяў, здарэнняў) даваць дзіцяці імя бацькі.

Па-трэцяе, шафера ў гэтым выпадку нельга было запрашаць хросным бацькам.

СПАРЫШЫ – НА ШЧАСЦЕ ЦІ НА БЯДУ?

Забарона даваць дзецям імёны бацькоў абапіралася на старажытныя светапоглядныя ўяўленні аб спарышах (здвоеных каласах жыта або пладоў: слівах, арэхах, грыбах, гурках і г.д.) і блізнятах. Сюды можна дапасаваць і стаўленне нашых продкаў да цяжарнай жанчыны як да асобы, якая ўтрымлівае адначасова дзве душы, два жыцці. Культ блізнят атрымаў надзвычай складанае ўвасабленне ў славянскай традыцыйнай спадчыне. Лічылася, што нараджэнне блізнят магло справацыраваць бяду не толькі для сям’і, роду, але і ўсяго населенага пункта. У народзе казалі: «Двойня нараджаецца не на шчасце». Таму, калі паміраў адзін з блізнят, лічылі, што ён забіраў з сабой бяду, а другога ў такім выпадку чакала шчаслівае жыццё. У сувязі з гэтым да нашых дзён дажыла строгая забарона:

– нельга хрысціць блізнят у адзін дзень;
– блізнятам давалі блізкія па гучанні, але ўсё ж розныя імёны;
– нельга выбіраць ім адных і тых жа хросных бацькоў;
– нельга адначасова (і нават у адзін каляндарны год) спраўляць іх вяселлі.
Менавіта вось гэты аспект стаўлення да блізнят з цягам часу паслужыў падставай для ўзнікнення тых рытуальна-абрадавых забарон, пра якія было сказана вышэй. Асабліва небяспечна называць аднолькава трох прадстаўнікоў адной сям’і: бабулю, яе дачку і ўнучку. Калі памрэ бабуля, то наступнай хутчэй за ўсё можа памерці ўнучка.

МЕНТАЛЬНАЕ ПОЛЕ ІМЯ

Духоўна-энергетычны патэнцыял імя меў самы высокі сацыякультурны статус, таму і сфарміраваў вакол сябе адметнае ментальнае поле. Вядома даволі шмат распрацовак навукова-папулярнага характару, у якіх само па сабе імя надзелена даволі складаным комплексам характарыстык, напрыклад: Святлана – светлая, Макар – шчаслівы, Аляксандр – абаронца людзей і г.д. Імя можа ўплываць на характар чалавека (узгадайце стараславянскае імя Дабрыня), прадвызначаць асаблівасці яго паводзін, гарызонты сацыяльнай уключанасці чалавека ў структуру міжродавых адносін (Аляксей – чалавек Божы, яго камунікабельнасць, камфортнае пачуванне ў момант самаідэнтыфікацыі (як чалавек хутка рэагуе на зварот да яго праз імя: казачнае Алена-Прыгажуня, Васіліса Прамудрая). Адсюль лёгка перакідваецца масток у астралагічныя канцэпцыі імя, а таксама ўзнікае жаданне супаставіць характарыстыкі пэўнага імя з характарыстыкай адпаведнага дня года і прыйсці да высновы, што гэтыя два культурныя індыкатары могуць быць узаемаспалучаны ці нават цесна пераплецены паміж сабой (паспрабуйце правесці эксперымент самі, вазьміце характарыстыку якога-небудзь імя ў слоўніку і супастаўце яго з характарыстыкай адпаведнага дня імянін з нашага Коладзённіка).

Адказ на пытанне, наколькі гарманічным, ідэальна знітаваным можа быць саюз імя чалавека і даты яго нараджэння, можа падказаць і нумаралогія. Калі чалавек нарадзіўся 25 жніўня, то сума лікаў яго дня нараджэння і адпаведна лічба-шыфр будзе 7. У культурах розных народаў свету кожная літара таксама мае свой парадкавы нумар. Калі сума лічбавых значэнняў усіх літар імя будзе складаць усё тую ж сямёрку, то адпаведнасць лічыцца ідэальнай. Чым большая розніца паміж гэтымі паказчыкамі, тым больш імя чалавека выбрана няўдала, недакладна. Вынікам такіх неадпаведнасцяў бываюць выпадкі, калі чалавек нават не адгукваецца на сваё імя (момант ментальнай самаідэнтыфікацыі практычна адсутнічае). Здараецца і так, што ў пашпарце запісана адно імя (яно ўзгадваецца толькі ў афіцыйных сітуацыях), а на самай справе родныя і блізкія называюць чалавека зусім інакш (выпадак больш прымальны: пашпартнае імя не выклікае ў яго носьбіта адпаведнай унутранай рэакцыі, чалавек надзелены тонкай псіхічнай сістэмай рэагавання на знешнія раздражняльнікі, таму не адгукваецца на яго. Родныя хутка зразумелі сваю памылку і выправілі яе належным чынам: знайшлі тое імя, з якім чалавек пачувае сябе гарманічна і эмацыянальна прывабна).

Оставить комментарий

  Подписаться  
Уведомление о