ІМЯ ЧАЛАВЕКА – ЯГО ДОЛЯ

Сярод культуролагаў, псіхолагаў, іншых спецыялістаў, блізкіх да праблем пазнання чалавека, да апошняга часу пераважаюць дзве думкі адносна таго, які дзень лічыць днём нараджэння. У адным выпадку пануе сцвярджэнне, што адлік часу новага жыцця трэба пачынаць тым днём, калі чалавек з’явіўся на гэты свет і заявіў пра сябе першым дзіцячым плачам. У другім – навукоўцы схільны лічыць момант зачацця той прынцыповай мяжой, за якой не-Быццё пачынае матэрыялізавацца і апрадмечвацца ў эмбрыёне будучага чалавека. Зразумела, што ў абедзвюх сітуацыях дамініруе матэрыялістычны падыход да асэнсавання з’явы.

ЯКІ ДЗЕНЬ ЛІЧЫЦЬ ДНЁМ НАШАГА НАРАДЖЭННЯ?

Сёння, на думку многіх філосафаў, спецыялістаў у галі­не інфармацыйных тэхналогій, мы стаім на парозе пабудовы інфармацыйнага грамадства, што прынцыпова зменіць не толькі формы міжасабовых зносін, але і падыходы да асэн­савання розных сацыякультурных аспектаў нашага жыцця. Адным з найбольш тонкіх і пакуль што найменш даследаваных каналаў інфармацыйнай сувязі з’яўляецца энергетычнае ўзаемадзеянне розных форм жыцця і розных суб’ектаў яго ўвасаблення. Прыхільнікі пазітыўнага мыслення ў сувязі з гэтым прытрымліваюцца наступнага пункту гледжання: днём сапраўднага нараджэння чалавека можна лічыць тое шчаслівае імгненне, калі ў галовах двух чалавек прамільгнула думка аб прадаўжальніку свайго роду. Дарэчы, старажытныя міфы сведчаць, што менавіта такім чынам некалі з’яўляліся на свет Божы дзеці ў вярхоўных багоў.

Калі ўсе гэтыя тэорыі асэнсаваць праз прызму народнай філасофіі, якая заўсёды прытрымлівалася «залатой сярэдзіны», то можна сказаць, што кожная з заяўленых пазіцый мае свае аргументы, якія на самай справе фіксіруюцца ў жыццяпісе кожнага чалавека. Калі лічыць, што наша жыццё пачынаецца днём нараджэння, то паўстае мноства разнастайных пытанняў. Чалавек з’яўляецца на гэты свет, маючы на сабе і ў сабе безліч праяў дародавага жыцця: пэўны колер вачэй, форму галавы і носа, вушэй, віхор на галаве, такі, як у бацькі, і г. д. А далонь чалавека – гэта ўвогуле цэлы інфармацыйны сусвет, які закадзіраваны ў непаўторным узоры-арнаменце кожнага пальца, а таксама ў Млечным шляху скрыжаваных і паралельных ліній-сузор’яў Жыцця, Долі, Лёсу, Кахання, Смерці. Такая ж самая інфармацыя закадзіравана на нашых руках, напрыклад, калі вы сагнулі руку ў локці і побач са згібам на ўнутраным баку з’явілiся дзве папярочныя рысачкі, то гэта можа быць сведчаннем таго, што ў вас будзе двое дзетак. Калі вы пакладзяце на левую руку лінейку і будзеце весці над ёй іголкай з ніткай, то вы лёгка зможаце вызначыць свой ціск. Там, дзе іголка пачне круціцца, адзначце на лінейцы лічбы, якія будуць адпавядаць памерам вашага ціску. Больш за тое, нованароджанае дзіця нясе на сабе беспамылковую інфармацыю не толькі пра сябе, але і пра наступных прадстаўнікоў вашага роду. Так, калі на патыліцы дзіцяці валасы збіраюцца ў адну коску пасярэдзіне, то наступнай у сям’і народзіцца дзяўчынка; калі ж валасы кладуцца роўна або закручваюцца ў дзве коскі па баках, то можна было спадзявацца, што народзіцца хлопчык.

Той самай картай нашага характару з’яўляецца твар чалавека (фізіягноміка): як «пасаджаны» вочы, форма носа, вуснаў, скулы, бровы – усё гэта надзвычай ёмістыя і аб’ектыўныя каналы інфармацыі. Яны красамоўна раскажуць пра ваш характар, стаўленне да сябе і сваіх калег, пра захворванні ўнутраных органаў і г.д. Напрыклад, адна, дзве або тры вертыкальныя рысачкі на пераносіцы могуць прадказваць колькасць шлюбаў, якія будзе мець чалавек на працягу свайго жыцця.

З гэтага вынікае, што дата нараджэння, безумоўна, уплывае на далейшы лёс чалавека, але ўсе асноўныя лёсавызначальныя параметры ўжо даўно ў яго закладзены, хутчэй за ўсё астракасмічнымі, сацыяльнымі і біяфізічнымі фактарамі, якія сышліся ў адно цэлае ў дзень зачацця чалавека. Дзіўна бывае чуць ад маладых матуляў словы накшталт гэтых: «Я перахадзіла два тыдні, калі чакала свайго сына», або «Я перахітрыла свайго ўрача і прабыла на два тыдні больш у дародавым адпачынку». Дзівакі-людзі: можа быць свайго доктара можна і перахітрыць, а вось ці ўдасца перахітрыць Космас – пытанне больш чым рытарычнае. Вядома, што наш арганізм на 80-85% складаецца з вады. А вадой на зямлі распараджаецца месяц: марскія прылівы і адлівы – яго «рук» справа. Кожны з нас некалі пачынаў жыццё ў водах своеасаблівага Сусветнага акіяна – улоння роднай матулі. Зразумела, што месяц не «адпусціць» воды цяжарнай жанчыны да таго часу, пакуль не завершыцца роўна дзевяць месячных цыклаў.

З другога боку, зразумела і тое, калі Бог не дасць і не адбудзецца зачацця, то не будзе і саміх родаў. Тады з якога ж моманту мы пачынаем свой адлік часу ў гэтым Сусвеце?

У сувязі з гэтым пытаннем узгадваецца сюжэт народнай казкі «Аддай тое, што няведама», якая надзвычай мудра і далікатна, вобразна і дасціпна вырашае філасофскую праблему нашай зямной долі. Герою ставіцца ўмова: калі хочаш быць уратаваным, аддай тое, што дома не ведаеш. Ён старанна пералічыў усё сваё багацце, падалося яму, што пералічыў усё, пасля чаго і даў згоду прыняць умову. Толькі праз шмат год ён даведаўся, што аддаў сына, якім зацяжарыла яго жонка, але герой на той час яшчэ не ведаў пра гэта. Казка стварае мудрагелістую сітуацыю – дык як жа лічыць: быў сын ці яго не было, калі ён яшчэ не нарадзіўся?! Далейшае развіццё сюжэту пераконвае, што фактычна сын ужо быў, таму яго прыйшлося аддаць.

Гэты казачны сюжэт мы ўзгадалі для таго, каб перакі­нуць масток да вырашэння яшчэ адной праблемы: а як на самай справе выбіраць імя свайму дзіцяці? Асабліва, калі ўлічыць, што мы паступова вяртаемся да хрысціянскай традыцыі і пачынаем суадносіцца са святцамі – паўсядзённым календаром, які ўшаноўвае памяць агромністага сонму хрысціянскіх святых. У гэтым выпадку сітуацыя яшчэ больш ускладняецца, таму што:

– па-першае, хрысціянскае веравызнанне сцвярджае, што толькі з моманту хрышчэння Бог дае чалавеку анёла-ахоўніка. Атрымліваецца, што гэта ўжо чацвёрты вузлавы момант у адліку часу нашага зямнога існавання – калі ў чалавека з’яўляецца анёл-ахоўнік (не хочацца верыць у тое, што ў нехрышчоных людзей няма анёла-ахоўніка, і гэта будзе асобнай тэмай нашага даследавання). Але яго так і хочацца звязаць з энерга-інфармацыйнай версіяй нашага дня нараджэння і пакласці ў адзінае ментальнае поле нашай духоўнай спадчыны;

– па-другое, хрысціянская традыцыя ўшанавання святых у літаральным сэнсе слова запазычыла і прыняла алгарытм дахрысціянскага светапогляду на з’явы духоўнага кшталту. Мы маем на ўвазе ўсё тыя ж тры вузлавыя моманты: думка аб дзіцяці, яго зачацце і нараджэнне. Хрысціянская традыцыя ўшаноўвае святых адпаведна дням іх зачацця (напрыклад, Благавешчанне), нара­джэння (напрыклад, Раство Хрыстова), смерці або дзівоснаму знаходжанню мошчаў.

ДЗЕДАВА ДОЛЯ – УНУКУ Ў СПАДЧЫНУ. ІМЯ ДАЮЦЬ ПРАЗ ПАКАЛЕННЕ

Усе гэтыя акалічнасці і сталі ў рэшце рэшт падставай для ўзнікнення цэлай сістэмы самых рознабаковых рэгламентацый, звязаных з выбарам імя чалавека, разглядаючы яго ў самых шырокіх кантэкстах і ўзаемасувязях, такіх, напрыклад, як сямейныя, унутрыродавыя і нават, з улікам дня нараджэння і долі хросных бацькоў.

Вядомая польская артыстка кіно Барбара Брыльска распавядала пра трагічную сітуацыю, якая здарылася ў яе сям’і. Калі яна нарадзіла дачку, то захацела назваць сваім імем. Бабуля Барбары і іншыя сваякі настойліва раілі не рабіць гэтага: сцвярджалі – кепская прыкмета. Кінадзіва не прыслухалася да жыццёвага вопыту сваіх папярэднікаў, і яе дачка стала Барбарай. З таго часу дзве асобы аказаліся пад патранажам аднаго святога-ахоўніка. Ці то ён не змог надзейна «прыкрыць» сваімі крыламі дзвюх няўрымслівых кабет, ці так ужо адразу было наканавана Богам, але ў 18 год дачка загінула.

Чаму настойліва пратэставалі супраць такога рашэння сваякі Б.Брыльскай? Справа ў тым, што яна загадзя, наўмысна парушала адвечную славянскую традыцыю, якая абапіралася на універсальны прынцып унутрыродавай перадачы імя праз пакаленне: унукам давалі імёны дзядоў (зразумела, што ўнукаў заўсёды было больш, чым дзядоў, таму прынцып спадчыннасці тычыўся першых народжаных унукаў).

Нам часта задаюць пытанне: дзядоў жа два, чыё імя даваць? У дадзеным выпадку выбар заўсёды за вамі, але залатое правіла народнай культуры, якое грунтуецца на агульнакасмічным законе гарманічнага суіснавання, суладдзя, падказвае: падобнае прыцягвае падобнае. Таму выбіралі імя таго, хто пражыў больш шчаслівае жыццё, хто меў больш шчаслівую долю. У некаторых сем’ях прытрымліваліся такога правіла: першаму сыну давалі імя дзеда па бацькавай лініі, другому – па мацярынскай.

УСЁ ЖЫВОЕ РУХАЕЦЦА ЎСЛЕД ЗА СОНЦАМ

Аднойчы нам давялося прысутнічаць у храме пры хрышчэнні дзіцяці. Як аказалася, адначасова сабралася некалькі пар хросных бацькоў са сваімі хрэснікамі. Святар па чарзе падыходзіў да кожнай пары бацькоў і пытаўся, якое імя вырашылі даць дзіцяці? Суседняя з намі пара сказала, што родныя бацькі прасілі дапамогі, бо самі не змаглі з’арыентавацца ў прасторы Месяцаслова. Адкрылі святцы, знайшлі дату нараджэння, на гэты дзень прыпадалі імёны трох святых, але ні адно з іх хросным бацькам не спадабалася. Тады святар і прапанаваў той варыянт выбару імя, які ніколі не падзялялі ў народзе. Ён сказаў: «Давайце выбіраць па днях у дыяпазоне дзесяць дзён да нараджэння і столькі ж пасля яго». Хочацца параіць нашым сучаснікам: «У народзе ішлі толькі следам за Сонцам, таму і выбіралі імя ад дня нараджэння і далей, але ні ў якім разе назад. Баяліся таго, што дзіця не будзе нармальна развівацца і расці».

Оставить комментарий