ДЗЕНЬ НАРАДЖЭННЯ І ПЕРШЫ ГОД ЖЫЦЦЯ

Смерць чалавека выключала сям’ю памерлага з сферы ўплыву традыцый святочнага народнага календара. На працягу года ў сям’і была жалоба, якая забараняла сустракаць Новы год, адзначаць Вялікдзень фарбаваннем чырвоных яек, спраўляць у гэты час вяселле. Такім жа высокім семіятычным статусам былі надзелены яшчэ дзве важныя падзеі ў жыцці чалавека і сям’і – нараджэнне дзіцяці і вяселле.

У які б каляндарны час ні адбыліся гэтыя падзеі, яны станавіліся своеасаблівай кропкай адліку новага часу (на ўзроўні Новага года). Нараджэнне дзіцяці і вяселле ўводзілі новую, быццам бы паралельную шкалу разгортвання часу, у якой, як ні дзіўна, захоўваўся той самы універсальны рытм парадкавання часу: 0 – 3 – 9 – 40 – 1 год.

Цікава, але калі мы прааналізуем тэрмін цяжарнасці жанчыны, то зноў сустрэнемся з сімвалічным уплывам ужо знаёмых лічбаў: медыкі сцвярджаюць, што зафіксаваць наяўнасць эмбрыёна чалавека пры дапамозе электрамагнітных частот можна ўжо праз 3 дні пасля апладнення.На дзевяты дзень пачынаецца фарміраванне мозга чалавека, а на саракавы вы пачуеце першы удар новага сэрца. Дзіця развіваецца ва ўлонні маці 9 месяцаў (працягласцю па 29,53 сутак) або 40 тыдняў.
Жыццё дзіцяці на працягу першага года таксама падпарадкоўваецца гэтаму ж самаму рытму:

Нашы продкі верылі, што з’яўленне чалавека на свет – гэта прадвызначанасць Нябёсаў, таму народная прымаўка і зафіксавала гэтую непрадказальнасць, незалежную ад волі жывых, наступным чынам: «Смерць і радзіны не выбіраюць гадзіны». А калі чалавек – гэта дзіця сусвету, значыць, на ім таксама адлюстроўваюцца адпаведныя пазнакі Космаса. Цяжарная жанчына, маці, ва ўлонні якой жыве яе «працяг», перадавала яму не толькі генетычны код свайго роду, але і касмічны шыфр яго будучага жыцця. Прынцыпова важнымі лічыліся шматлікія фактары не толькі ўласна касмічнага кшталту (напрыклад, той момант, калі дзіця з’яўлялася на свет – ранкам ці ўвечары, на поўні ці межах, у паня­дзелак ці ў нядзелю), не толькі нейкія фізіялагічныя акалічнасці (дзіця, абвітае тройчы пупавінай ці ў «сарочцы»), але і шэрагам сацыякультурных перадумоў (тады, калі паміраў нехта з родных або ў гаспадарцы ацялілася карова). Па гэтых спадарожных маркёрах людзі, якія валодалі пэўнымі сакральнымі ведамі (бабкі-павітухі, знахаркі), маглі прадказаць, а дакладней, распавесці-прачытаць, што чакае яго ў будучым, якой будзе яго зорка на небасхіле – шчаслівай ці не вельмі. Калі ж павітуху нешта не задавальняла, яна магла прыбегнуць да шэрагу рытуальна-магічных дзеянняў, занатаваных на скрыжалях народнай культуры, каб хоць нейкім чынам паўплываць-падкарэкціраваць асобныя лёсавызначальныя моманты.

На думку старых людзей, першыя тры дні пасля нараджэння дзіцяці былі асабліва важнымі. І гэта, відаць, зусім невыпадкова, таму што якраз першыя тры дні ў кантэксце астатніх сямейна-родавых святкаванняў таксама былі строга рэгламентаваны. Вяселле з’яўлялася тым фэстам, прымаючы ў якім удзел, дзяўчына і хлопец пераходзілі ў іншы стан суіснавання; пахаванне – таксама пераходны абрад, выкананне якога было зарыентавана на «пераход» чалавека з царства зямнога ў нябеснае. І гэты абрадавы пераход быў разлічаны на тры дні. Нараджэнне дзіцяці – той самы «пераход» з чэрава маці да жыцця ў зусім іншым свеце. Таму на працягу трох дзён у сям’і ўводзілася правіла, якое не дазваляла нічога не выносіць з хаты, не пазычаць ні сваім, ні чужым. Іншымі словамі, ад усіх членаў сям’і патрабавалася падтрымліваць сітуацыю стабільнасці, жыццёвую і духоўна-энергетычную раўнавагу.

У гэтыя тры дні адбываліся лёсавызначальныя падзеі, якія мелі рытуальна-абрадавую выснову і аказвалі ўплыў на далейшае жыццё нованароджанага: яго першы раз спавівалі, першы раз прыкладвалі да матуліных грудзей, першы раз купалі, першы раз клалі ў калыску і г.д. Асноўным культуралагічным прынцыпам усіх гэтых падзей была магія пачатку (першага, у большасці выпадкаў – самага першага) і сімволікі правага і левага. У народнай культуры беларусаў сфарміраваўся шэраг рэгламентацый у дачыненні да гэтых дзеянняў, самая галоўная сярод якіх – выконваць усе акрэсленыя вышэй дзеянні так, каб яны былі скіраваны ў правы бок..

На дзевяты дзень пасля нара­джэння бабка-павітуха выконвала абрад першага рытуальнага купання дзіцяці. Першага, таму што пасля смерці будзе выканана апошняе рытуальнае абмыванне, якое бу­дзе скіравана на тое, каб знішчыць, «змыць» з чалавека сляды яго зямнога існавання. Першае рытуальнае купанне нованароджанага было з’арыентавана на тое, каб «запраграмаваць» перспектывы яго будучага жыцця. Нованароджанага ўспрымалі як своеасаблівае чыстае палатно ручніка, на якое неабходна «нанесці» самыя першыя і самыя значныя ўзоры-«запісы». З гэтай мэтай у ваду клалі спецыяльныя прадметы, напрыклад, дзевяць зярнят жыта, каб быў здаровы і змог працягваць род; пярсцёнак, каб прадоўжыў справу бацькі. Калі купалі дзяўчыну, у ваду клалі аднакапеечную срэбную або медную манету, каб у будучым «звесці» да мінімума яе «месячны» цыкл і г.д.

Да саракавога дня дзіця абавязкова хрысцілі. Гэты абрад суправаджаўся выбарам імя і хросных бацькоў, якія возьмуць на сябе адказнасць за духоўнае станаўленне дзіцяці. Па меркаваннях нашых продкаў, пакуль дзіця не пахрысцяць, ён не мае свайго «ахоўніка», таму яго нельга паказваць чужым людзям, выносіць на вуліцу.

На працягу першага года жыцця дзіця станавілася цэнтрам сусвету, які літаральна прыцягваў усіх членаў сям’і. Дзіця, якое было яшчэ не здольна самастойна спасцігаць навакольны свет, з усёй увагай успрымала матчыну мову. Сучасныя псіхолагі пацвердзілі меркаванні нашых продкаў: чым больш дзіця чуе ў выкананні маці або бабулі калыханак, пястушак, забаўлянак, тым хутчэй пачынае размаўляць, добра вучыцца.

Любая падзея ў жыцці нованароджанага ўспрымалася як важнейшы ўрачысты акт, які суправаджаўся спецыяльнымі рытуальнымі дзеяннямі. Напрыклад, першы самастойны крок. Як толькі дзіця самастойна станавілася на свае ножкі і спрабавала зрабіць першы крок, нехта са старэйшых павінен быў умоўна перарэзаць путы – правесці па падлозе нажом між ног. З’яўленне першага зуба таксама лічылася пэўным знакам Лёсу: калі ён праразаўся знізу, гэта лічылася добрай прыкметай, а калі зверху – кепскай.

На працягу першага года жыцця дзіцяці не стрыглі валасы, «каб не застрыгчы мову і памяць». Роўна ў год над ім праводзілі абрад першага пастрыгу. Састрыжаныя валасы клалі за бажніцу ў чырвоны кут і захоўвалі на працягу ўсяго жыцця як самы моцны абярэг. На працягу першага года не аддавалі і не прадавалі адзенне дзіцяці, яго калыску і ложак.

АБРАД ВЯСЕЛЛЯ ПРАЗ ПРЫЗМУ УНI­ВЕРСАЛЬНАГА РЫТМУ

Калі разглядаць асноўныя сямейна-родавыя абрады як сістэму рэгламентаваных дзеянняў, якія ўзаемапранікалі і дапаўнялі адно аднаго, то напрошваецца наступная выснова: «Калі пахавальны абрад адмяняў сістэму каляндарных святкаванняў, радзінна-хрэсьбінны абрад уключаўся ў сістэму каляндарных адносін, і пры гэтым момант з’яўлення дзіцяці на свет прадвызначаў яго лёс, то вясельны абрад павінен быў прыстасоўвацца (дату вяселля трэба было дакладна вызначаць) да рытмаў каляндарных падзей. Калі ўважліва прасачыць за асноўнымі рытуальнымі момантамі перадвясельнага, вясельнага і паслявясельнага перыядаў, то мы зноў-такі сутыкнемся з дзейнасцю універсальнага рытму традыцыйнай культуры:

Кропкай адліку вяселля можна было б лічыць той дзень, калі да маладой прыходзілі ў сваты. Але ўслед за ім быў яшчэ адзін вырашальны дзень – калі выпякалі каравай – сімвал сямейнага шчасця. Нарэшце, трэцім, заключным этапам перадвясельнага цыклу быў дзявічнік. Затым само вяселле таксама доўжылася тры дні.

На дзевяты дзень пасля вяселля ў хаце маладой спраўлялі «пярэзвы» – дачка прыходзіла да маці ў апошні раз, таму што з гэтага моманту пачыналася яе новае жыццё ў сям’і мужа і далей прыходзіць у бацькоўскую хату яна зможа толькі ў спецыяльна вызначаныя для гэтага дні.
Роўна месяц (пачынаючы ад «пярэзваў) доўжыўся той тэрмін, які ў народзе назвалі «мядовым».

Прыхільнікі і падзвіжнікі хрысці­янства, відаць, даволі хутка зразумелі, што кранаць алгарытм свяшчэннай памяці, які літаральна пранізваў усе сферы жыццядзейнасці, нельга, каб не выклікаць вострага процістаяння, і пакінулі за Радаўніцай яе старадаўнюю часавую прымеркаванасць. Таму да гэтай пары яна адзначаецца не на сёмы дзень (як гэтага магла вымагаць трансфармаваная старажытнаіудзейская традыцыя), а на дзевяты. Такім чынам, у гэтым выпадку трэба гаварыць не столькі пра парушэнне рытму, кратнага сямі, колькі пра ўзаемаспалучэнне універсальных рытмаў дзвюх шматвяковых традыцый.

Оставить комментарий