УНІВЕРСАЛЬНЫ РЫТМ ЖЫЦЦЯ

У аснове славянскай сістэмы злічэння часу ляжыць рух і змен­лівасць фаз двух нябесных свяціл – Сонца і Месяца. Адпаведна руху Сонца мы маем такія адрэзкі часу, як суткі і год, а Месяцу – тыдзень (квадра) і месяц. Узаемаадносіны паміж гэтымі свяціламі і прадвызначылі структуру народнага, а пазней і хрысціянскага календароў. Напрыклад, Вялікдзень адзначаецца пасля першай Поўні (фазы Месяца), якая надыходзіць пасля дня веснавога раўнадзенства (фаза Сонца).

Разам з тым паралельна прыродна-касмічнай сузалежнасці правядзення каляндарных святаў існуе яшчэ адна паслядоўнасць, якая ўтварае своеасаблівы цыкл зусім іншых святаў. Мы назвалі яго універсальным рытмам, на якім грунтуюцца фактычна ўсе рытуальна-абрадавыя комплексы сямейна-родавай накіраванасці: 0 – 3 – 9 – 40 – 1 год.

НЕТРАДЫЦЫЙНАЕ ПРАЧЫТАННЕ КАЗКI

Дастаткова звярнуцца да нашай міфалагічнай спадчыны або казачнага эпасу (перш за ўсё да чарадзейных казак), як тут жа мы сутыкнемся з добра вядомай формулай-зачынам: «У трыдзевятым царстве, у тры­дзесятым гасударстве». Пры дапамозе гэтай сакральна-магічнай формулы казачнік здзяйсняў сімвалічны акт часавага і прасторавага перамяшчэння: ён як быццам пераносіў слухачоў у іншы («той») свет, свет даўно памерлых продкаў ці, можа, яшчэ больш ранні час першатварэння свету.

Шматлікія сюжэты чарадзейных казак, у якіх наш герой адпраўляецца на пошукі сваёй нявесты (Веста – гэта багіня, якую лічылі ахоўніцай хатняга ачага і дабрабыту; «ня-веста», тая, якая яшчэ толькі збіраецца стаць жонкай, гаспадыняй). Якія толькі перашкоды не давядзецца яму пераадолець, пакуль не авалодае рукой і сэрцам Алены Прамудрай або Васілісы Прыгожай.

Аднак гэтыя іспыты толькі набліжалі момант шчасця. Але асноўныя падзеі былі наперадзе: бітва з паганым Цмокам або Змеем Гарынычам. Прычым, калі наш герой сустракаецца з Цмокам на мяжы меднага царства, у яго толькі тры галавы (маецца на ўвазе першы памінальны стол, які рабілі ў дзень пахавання або на трэці дзень пасля смерці чалавека). Калі ж яны сутыкаюцца на мяжы сярэбранага царства, то ў Змея аказваецца ўжо дзевяць галоў («дзевяціны», або другі памінальны стол накрываюць на дзевяты дзень пасля смерці). Апошняя сустрэча Змея Гарыныча і Івана Царэвіча адбываецца ўжо на мяжы залатога царства, пачвара-праціўнік мае аж дванаццаць галоў. Безумоўна, перамога над Цудам-Юдам сімвалізавала не што іншае, як памінальны стол, які рабілі роўна (або на адзін-два дні раней) праз год (дванаццаць месяцаў) пасля смерці суродзіча.

Казка заўсёды заканчвалася на аптымістычнай ноце: ужо на наступны дзень жаніх і нявеста гралі вяселле, а потым «сталі жыць-пажываць, ды дабра нажываць».

ПЕРШЫ ПАМIНАЛЬНЫ ГОД ПРЫТРЫМЛIВАЕЦЦА СТРУКТУРЫ УНIВЕРСАЛЬНАГА РЫТМУ

Калі ўсвядоміць, што казка – гэта зашыфраваныя веды нашых продкаў пра іх спрадвечныя традыцыі, то становіцца зразумелым, чаму старыя людзі забаранялі маладым спраўляць вяселле да таго часу, пакуль пасля смерці родзіча аж да трэцяга калена сваяцтва ўключна не пройдзе першы памінальны год, або тыя ж самыя дванаццаць месяцаў, або дванаццаць галоў Змея Гарыныча. Графічна суіснаванне дзвюх сістэм вымярэння часу выглядае наступным чынам:

Схема паказвае, што ў выпадку смерці каго-небудзь з суродзічаў (улічваецца ступень сваяцтва да трэцяга калена як па вертыкальнай, так і па гарызантальнай лініі) сям’я памерлага ў гэты ж самы момант «выключаецца» з традыцыйнага святочнага гадавога колазвароту (таго, у якім святкуюць Каляды, Новы год, Вялікдзень і г.д.) і пераходзіць на той вектар часу, на якім пазначаны толькі пахавальна-памінальныя абрады, зона дзеяння якіх скончыцца роўна праз год.

Яшчэ раз уважліва паглядзім на разгорнуты «вектар» паслясмяротнага часу. На ім ёсць толькі пяць сакральных пазіцый, але адсутнічаюць абсалютна ўсе святочныя падзеі (напрыклад, той самы Вялікдзень), у тым ліку і вяселле.
Усе пяць пазіцый першага паслясмяротнага года абумоўлены архаічнымі ўяўленнямі нашых продкаў, а затым і хрысціянскімі, аб стане душы памерлага чалавека і аб тых іспытах на шляху да зорак, на Нябёсы. Кожны з памінальных сталоў, дакладней дзень, калі яго рабілі, сімвалізаваў наступны этап пераходу душы памерлага ў іншы, «той» свет, тое «трыдзевятае царства, трыдзесятае гасударства».

Калі раптам у нашай свядомасці зарадзілася думка пра памёршага ці мы жадаем нешта сказаць пра яго, то, перш-наперш, каб засцерагчы сябе ад негатыўнага ўздзеяння таго ж самага «трыдзевятага царства», мы павінны прагаварыць славесную формулу-абярэг. З дня пахавання і да саракавога дня пасля смерці мы, перш чым узгадаць імя памерлага, будзем гаварыць абярэг-пажаданне «Зямля яму пухам», пасля саракавога і аж да трох год пасля смерці – «Царства яму нябеснае». Гэтым рытуальным актам мы выказваем сваю павагу да таго, хто толькі што быў побач з намі, але павінен адправіцца ў беззваротнае падарожжа ў вечнасць, і разам з тым самі дыстанцыруемся з гэтым царствам.

Такім чынам, смерць чалавека стварала тую выключную сітуацыю, у кантэксце якой Род нябожчыка ў самым шырокім разуменні гэтага слова пасля пахавання будзе жыць па звычайнаму календару, а вось самыя блізкія родныя (уключаючы першую і другую ступень сваяцтва, г.зн. сям’ю памерлага) аказваюцца ў жыццёвым «зазеркалье». Нездарма ж у першыя хвіліны пасля смерці чалавека мы павінны ўсе прадметы, якія даюць адлюстраванне, закрыць, экраніраваць тканінай белага колеру). Нягледзячы на тое, што «побытава-паўсядзённае» існаванне членаў сям’і працягваецца, час каляндарных святочных урачыстасцяў для іх прыпыніўся, як на цэлы год прыпыніўся рух сямейнага гадзінніка. На працягу года ў гэтай сям’і павінны былі прытрымлівацца шэрагу рэгламентацый. Напрыклад, пасля смерці мужа жонцы забаранялася мыць бялізну ў той дзень, калі памёр муж. На працягу першага памінальнага года, пакуль душа памерлага не даляцела да Вечнага спачыну, забаранялася рабіць які-небудзь рамонт, будаваць, перабудоўваць або прадаваць хату, аддаваць ці прадаваць рэчы памерлага, капаць калодзеж, будаваць лазню. І хаця асноўныя справы на агародзе і ў садзе не спыняліся, але і тут былі свае выключэнні: на працягу гэтага года забаранялася саджаць ці выкарчоўваць пладовыя дрэвы ў садзе, гарадзіць плот і г.д., у адваротным выпадку зямліца «адкажа» неўраджаем.

На працягу гэтага і наступных гадоў днём для наведвання могілак і ўшанавання продкаў будзе толькі субота (выключэнне – 3, 9, 40 дзень, угодкі, дзень смерці, Радаўніца). Субота – гэта той дзень тыдня, які нашы продкі з-за яго парадкавага нумару шэсць вызначылі як дзень ушанавання памерлых. Царква таксама падтрымала гэтую традыцыю: на працягу года ў календары вызначаецца некалькі субот, якія маюць назву Усяленская бацькоўская субота.

Неабходна адзначыць, што універсальны рытм 0 – 3 – 9 – 40 – 1 год з’ўляецца структураўтваральным у хрысціянскім календары, прычым як гэта ні парадаксальна, у гэтым выпадку ён аб’яднаў у сабе і старажытнаіўдзейскую традыцыю (напрыклад, на саракавы дзень пасля нараджэння маленькага Хрыста прынеслі ў храм, з таго часу і па сённяшні дзень царква святкуе Стрэчанне Старога і Новага Запавету). Той самы інтэрвал захоўваецца паміж Вялікаднём, днем Уваскрэсення Хрыста, і Ушэсцем, калі на саракавы дзень Збавіцель узнёсся на Нябёсы – да свайго свяшчэннага Айца. Ушанаванне ліку сорак можа вывесці нас на разуменне таго, што Спас (адзначаўся 19 жніўня) святкуецца роўна за 40 дзён да Ўзвіжання (27 верасня).

Астатнія складаючыя уні­вер­­саль­нага рытму таксама прадстаўлены ў хрысціянскім календары. Вядома, што аснову вялікоднага цыкла складае старажытнаіудзейская сістэма вымярэння часу, кратная сямі. Таму і наша Масленіца адзначаецца за сем тыдняў да Вялікадня, а Сёмуха – Тройца пачынаецца праз сем тыдняў пасля яе. І разам з тым за многія стагоддзі існавання хрысціянскага календара сярод усходніх славян у ім адбыліся пэўныя змены або дапаўненні, прычынай якіх быў якраз універсальны рытм славянскай культуры, што глыбока ляжаў у падсвядомасці народа. У выніку здарылася так, што Вялікдзень святкуецца тры дні, а дзень ушанавання памяці памерлых – Радаўніца – адзначаецца не на сёмы дзень, як гэтага вымагала старажытнаіудзейская традыцыя, а на дзевяты, як гэта стасуецца з славянскай традыцыяй.

Паўстае пытанне: адкуль жа ў нашай традыцыйнай культуры з’явіўcя гэты незвычайны рытм і што паслужыла асновай для яго ўзнікнення? Як гэта ні дзіўна, але адказ на гэтае пытанне таксама трэба шукаць у чарадзейных казках.

Формула «У трыдзевятым царстве» раскрывае паслядоўнасць правядзення жалобных сталоў у праваслаўнай частцы насельніцтва Беларусі («траціны» і «дзевяціны»), а вось другая яе частка «У тры­дзесятым гасударстве» датычыць каталіцкіх вернікаў, якія запазычылі старажытнаіудзейскую традыцыю і адзначаюць асноўны дзень ушанавання памяці памерлага на трыццаты дзень пасля смерці.

Але ж дастаткова нам перамножыць тройку на дзевятку, як мы адразу зразумеем, што лік 27 адлюстроўвае не што іншае, як поўны цыкл начнога свяціла – Месяца. А калі мы прадоўжым логіку нашых разважанняў і перамножым дзевятку на сорак, то стане відавочным, што лік 360 факусіруе ў сабе гадавы рух Сонца па небасхіле. Вось вам і нечаканасць: абодва нябесныя свяцілы самым непасрэдным чынам уплываюць на фарміраванне не толькі каляндарнага цыклу святаў, але і на святы сямейна-радавой накіраванасці.

У наступным артыкуле: «Універ­сальны рытм: вяселле і першы год жыцця чалавека».

Оставить комментарий