БЯРЫ ДЗВЕ – ДА ПАРЫ!

Каб знайсці таямнічы ключ да разумення сэнсу водападзелу паміж цотным і няцотным спалучэннем дзеянняў, атрыбутаў, персанажаў, кампазіцыйных ці сюжэтных паў­тораў, зноў звернемся да традыцый нашых продкаў і акрэслім поле кантэкст-сітуацый, у якіх сімволіка цотнасці і няцотнасці скіравана да розных полюсаў міфапаэтычнай мадэлі свету.

ЧАМУ 13?

Да сённяшняга часу ў асяроддзі беларусаў захоўваецца даўняя традыцыя ўзводзіць драўляныя дамы, у якіх абавязкова будзе 13 вянкоў!. Здавалася б, лік трынаццаць суправаджае вялікая колькасць павер’яў, сэнс якіх заўсёды негатыўны. Што ж прымусіла нашых колішніх цесляроў спыніцца на «гэтай вышыні»? Або якія ўяўленні аб сусвеце былі пакладзены ў аснову пабудовы гэтай мініяцюрнай мадэлі свету? Сакрэт схаваны ў тым, што жыллёвую прастору хаты апаясваюць не больш і не менш, а дванаццаць вянкоў (менавіта столькі сузор’яў ахоплівае гадавы шлях сонца, які доўжыцца якраз столькі ж месяцаў) – універсальнае паўнавартаснае спалучэнне чатырохвугольнай (чатырохсценнай – па колькасці пораў года) прасторы хаты, якая ўнутры падзелена на тры гарызонты часу (продкаў, сучаснікаў і нашчадкаў).

Адпаведна трынаццаты вянок, які замыкаў зруб, ужо належыў не чалавеку, гаспадару хаты, а распачынаў (служыў фундаментам) і маркіраваў каардынаты зусім іншага свету – гарышча, якое з’яўлялася прыстанішчам (сферай існавання) сіл Цемры, Смерці, усялякіх нячысцікаў.

ЧАМУ «ПIЦЬ ДА ДНА»?

З даўніх часоў на Беларусі існавала традыцыя хадзіць на Радаўніцу на могілкі і ўшаноўваць сваіх памерлых продкаў.
Непасрэдна на магілу клалі чысты белы абрус, на які ставілі розныя рытуальныя стравы. Вакол магілы рассаджвалася ўся радня. Па кругу, пачынаючы ад самага старэйшага, пускалі адну памінальную чарку. Той, каму падавалі чарку, спачатку адліваў некалькі кропель на магілу, большую частку выпіваў сам, пакідаючы на дне некалькі кропель. Тая «слязінка», якая заставалася на дне кілішка, «хадзіла» па кругу і як бы знітоўвала, яднала-павязвала ўсіх прысутных у непарушны Род (таму на любой святочнай урачыстасці вас ветліва папросяць першую чарку дапіць да дна – не пакідаць «гаротных слёз»). Апошні з прысутных (каму дазвалялася) выпіваў сваю «долю», а пакінутыя на дне чаркі кроплі зноў-такі выліваў на магілку. Кілішак хадзіў па кругу не больш і не менш, а роўна тры разы.

Аднак перш чым распачаць агульнародавую трапезу, неабходна было падрыхтаваць невялікі рытуальны «стол» для памерлых. Каля кожнага крыжа ці помніка звычайна ставілі: адзін сподак; адну чарку, у якую крыху налівалі гарэлкі; на чарку клалі адзін кавалачак хлеба. Побач на сподак або на свежы пясок клалі: адно чырвонае велікоднае яйка; адзін яблык; адну цукерку; адну пячэніну (у старой традыцыі гэта былі «хрэсты», «птушачкі», «галёпы», кавалак велікоднага пірага).

Такім чынам, усе абрадавыя атрыбуты для памерлага ставяцца па аднаму, а іх сумарная колькасць складала сем атрыбутаў.
Любы памінальны стол пачынаецца з таго, што па кругу, у накірунку ад чырвонага кута, ад старэйшага сярод прысутных чалавека, і да парога, дзе сядзяць маладзейшыя) пускаецца тры спецыяльныя стравы (канон, куцця, сыта, боршч, просвірка – у розных рэгіёнах існуюць свае камбінацыі страў). Прычым місы пускаюць дзве, каб не перадаваць праз стол. Кожны з прысутных абавязаны тройчы пакаштаваць кожнай стравы. За памінальным сталом дазвалялася выпіць толькі т р ы чаркі.
ЧАМУ НЕЛЬГА ПАДАВАЦЬ РУКУ ПРАЗ ПАРОГ?

У старажытныя часы пад парогам закопвалі розныя ахвяраванні дамавіку. Каб патрапіць у чужую хату, мы абавязкова «запытаем дазволу» ў яе гаспадароў (дамавіка, продкаў, жывых) – тройчы пастукаем у дзверы.
Звернемся да вертыкальнай струк­туры сялянскага жылля: ніжэй узроўню прасторы пражывання чалавека знаходзіўся пограб (склеп), у якім сёння захоўваюць бульбу, буракі, розныя нарыхтоўкi на зiму, а раней на Беларусі хавалі рэшткі спаленых нябожчыкаў. На Гомельшчыне да апошняга часу ў непасрэднай блізкасці ад парога хавалі немаўлят, якія нарадзіліся нежывымі. Атрымліваецца, што парог не толькі мяжа паміж хатай (зонай жанчыны) і дваром, полем (зонай мужчыны), асвоенай і неасвоенай прасторай, гармоніяй і хаосам, але яшчэ паміж жывымі і мёртвымі, калі хочаце, уласны фамільны склеп. Пасля гэтага становіцца зразумелым, чаму мужчыны не падаюць адзін аднаму руку праз парог.

Менавіта таму ў Капыльскім, Уздзенскім, Старадарожскім, Клец­кім, Баранавіцкім, Столінскім, Ма­зырскім, Верхнядзвінскім раёнах Беларусі захаваўся звычай: калі труну з нябожчыкам выносяць з хаты, то яе тройчы апускаюць на парог, на колішнюю зону пахавання. Гэтым рытуальным дзеяннем як бы пытаюць дазволу і папярэджваюць продкаў: сустракайце наступнага прадстаўніка вашага роду.

ЛIК ЖЫВЫХ I МЁРТВЫХ

Такім чынам, усе згаданыя вышэй абрадавыя сітуацыі прыво­дзяць нас да адназначнай высновы: калі гаворка ідзе пра жывых – пераважае сімволіка парнасці, калі ж ушаноўваюцца памерлыя – мы пастаянна сутыкаемся з няпарнасцю.
Абапіраючыся на сфармуляваны тэзіс, паспрабуем патлумачыць сітуацыі, з якімі даводзіцца раз-пораз сутыкацца ў жыцці.
Каго і ў якой колькасці неабходна запрасіць на памінальную вячэру на дзевяты дзень пасля смерці чалавека?
Гэта спецыяльны стол падзякі ўсім тым, хто дапамагаў выканаць асноўныя абрадавыя дзеянні. Таму на яго запрашаюць толькі 9 чалавек: тых, хто мыў нябожчыка (3); тых, хто рабіў труну (3); тых, хто капаў магілу (3).

У святочны або будні дзень вы наведалі храм і захацелі паставіць рытуальны знак пашаны і памяці – свечкі. Але ж колькі іх павінна быць? Зноў-такі звяртаемся да добра знаёмага рытуальнага прадпісання: кожны павінен ушаноўваць свой Род аж да сёмага калена (тры пакаленні, якія жылі паперад нас: бацькі, дзяды, пра­дзеды, і тры пакаленні, якім жыццё далі мы: дзеці, унукі, праўнукі); гэта патрабаванне зафіксавана ў добра вядомай хрысціянска-царкоўнай формуле: «За здравие и за упокой», г. зн. за здароўе жывых і за спачын памерлых. Такім чынам, для таго, каб ушанаваць свой Род аж да сёмага калена, трэба паставіць дзве свечкі.

А якой гадзіне трэба выносіць нябожчыка з хаты? На Беларусі да нашых дзён прытрымліваюцца звычаю выносіць нябожчыка ў 12 або ў 14 гадзін. Гэта яшчэ адно пераканаўчае пацвярджэнне размежавання свету жывых (сімволіка цотнасці) і «свету» мёртвых (сімволіка няцотнасці). Прасочым паслядоўнасць рытуальных дзеянняў і засяродзім увагу на часе іх выканання. Нябожчыка выносяць з хаты (свет жывых) ў 14.00 (або ў 2 гадзіны апоўдні) – выносілі труну парамі; пахавальная працэсія прыбывае на могілкі («свет» мёртвых) у няцотную колькасць гадзін – 15.00 (або ў 3 гадзіны апоўдні), кідалі тры жменькі зямлі. Пасля пахавання ўдзельнікі рытуалу вяртаюцца дадому (свет жывых) зноў-такі ў цотную колькасць гадзін – 16.00 (або ў 4 гадзіны апоўдні) – сустракалі перад парогам хаты з чатырма прадметамі: вядро з вадой, конаўка, мыла, ручнік.

Усе прыведзеныя вышэй прыклады пераканаўча сведчаць: у традыцыйнай культуры беларусаў сім­валам жывых была цотнасць, сімвалам мёртвых – няцотнасць.
Адсюль, безумоўна, вырастае святочная праблема выбару колькасці кветак для сваёй каханай, для імянінніка, юбіляра. Увесь свет жыве па прынцыпе: я іду на сустрэчу з жывым чалавекам (стварыць пару), адпаведна нясу цотную колькасць кветак. Калі мы ідзём да памерлага, таго, хто ўжо не ў пары, трэба несці няцотную колькасць кветак.

У якасці забавы для дарослых людзей на ўсялякі выпадак узгадайце, на колькі персон вы купляеце чайны або сталовы сервіз. А што мы, гасцінныя гаспадары, раім сваім гасцям за святочным сталом тады, калі прапануем выпіць кавы ці гарбаты з цукеркамі: «Бяры дзве – да пары!».

Оставить комментарий

  Подписаться  
Уведомление о