«АДНЫМ СЭРЦАМ СВЕТУ НЕ ЗАПАЛІШ»

У міфалагічнай і фальклорнай спадчыне беларусаў існуе свая мадэль або карціна свету, у якой паралельна разгортваюцца некалькі кодаў мадэлявання рэчаіснасці. Напрыклад, у дрэвавым або раслінным свеце-кодзе існавала палярызацыя сімволікі па прынцыпе Жыццё – Смерць або Дабро – Зло.

Штоб у маёй стаенцы конікі ржалі,
Штоб мая нявестка сыноў раджала.
Штоб яна радзіла дзевяць сыночкаў,
Дзевяць сыночкаў і дзесяту дочку.

(3 вясельнай песні)

ЧАСТКА 1

Надзвычайнай пашанай сярод бела­русаў карыстаецца бусел, які прыносіць з выраю душы нованароджаных дзяцей. Разам з тым не аднойчы у сваім жыцці мы пераконваліся: калі ў аконную шыбу грукала невялікіх памераў птушка – ні ў кога не пытайся: памёр нехта з родных або блізкіх людзей.

Аднак самай інтрыгуючай і зусім не вывучанай з’яўляецца сістэма лікаў, якой мы карыстаемся ў паўсядзённым жыцці і асабліва прынцыпова – у абрадавай практыцы.
Узгадайце, якія дыскусіі разгорт­валіся паміж людзьмі падчас абмеркавання праблемы суадносін лікаў дванаццаць і трынаццаць. Не кажучы ўжо пра выбар колькасці кветак для букета каханай.
Падчас знаёмства са шматлікімі абрадавымі кантэкстамі ўжывання тых ці іншых лікаў або якой-небудзь колькасці выкарыстаных атрыбутаў ці выкананых дзеянняў складваецца ўражанне, што асноўны «водапа­дзел» праходзіць па мяжы цотнасці і няцотнасці. Гэты падзел мае абсалютны характар і ахоплівае ўсе сферы жыццядзейнасці чалавека.

ВЯСЕЛЛЕ

Калі па якой-небудзь прычыне на момант святкавання вяселля бацькі жаніха ці нявесты не ўтвараюць пару (скасавалі шлюб або нехта з іх памёр), то той з іх, хто застаўся з дзецьмі, не мае права праводзіць маладых да вянца і сустракаць іх пасля вянчання. У да­дзеным выпадку ў сілу ўступаў прынцып народнай культуры «падобнае выклікае падобнае», на падставе якога лічылася, што нешчаслівая доля бацькоў будзе пераадрасавана дзецям, якія ўступаюць у шлюб. Робім невялікае прамежкавае падсумаванне: бацькі, якія жывуць не ў пары, выключаюцца з усіх абрадавых кантэкстаў шматдзённай вясельнай дзеі.

Для таго, каб маладыя жылі ў пары, іх павінна была адпраўляць толькі пара бацькоў. У такім разе ролю фізічных, родных бацькоў выконвалі пасаджоныя бацькі (але ні ў якім разе не хросныя – яны абавязкова павінны быць побач з маладымі ў храме падчас вянчання). Імі маглі быць вашы блізкія ці далёкія сваякі, суседзі, але яны павінны быць шчаслівай сямейнай парай, мець сваіх дзяцей.
Сімволіка цотнасці дамініравала ў цэлым шэрагу ключавых вясельных момантаў.

Да выпякання каравая дапускаліся толькі тыя жанчыны, якія жылі сямейнай парай (толькі абрадавым парадоксам, тэатралізаваным фарсам можна назваць сітуацыю, калі абрад злучэння пары, утварэння новай сям’і праводзіць загадчыца загса, якая сама скасавала шлюб. Або зараз стала модным заказваць трохузроўневыя тарты, пры гэтым кожны ўзровень адасоблены, знаходзіцца на самастойнай падстаўцы. А ці задаваўся пры гэтым хто-небудзь пытаннем: чые рукі стваралі гэты «амерыканізаваны цуд», якую энергетыку яны перадалі галоўнаму вясельнаму атрыбуту, якую долю атрымаў гэты чалавек ад Бога і якое шчасце пераадрасуе ён у падарунак заручанай сямейнай пары?).

Побач з парай маладых на працягу ўсяго вяселля павінна знаходзіцца пара іх самых блізкіх сяброў – шафер і шаферка. Гэта тыя, каму, у адпаведнасці з вясельным этыкетам, патрэбна было (пажадана, меркавалася) перадаць эстафету працягу роду, каб менавіта яны ўтварылі наступную пару (або ўтварылі сем’і незалежна адзін ад аднаго), менавіта шаферка будзе першай напрыканцы вяселля прымяраць фату-вэлюм нявесты. Дарэчы, сёння мала хто ведае, што менавіта шафер і шаферка павінны будуць стаць хроснымі бацькамі першага народжанага дзіцяці ў той сям’і, у якой яны выконвалі пачэсную місію.

Дынаміку вясельнай дзеі падтрым­лівалі дзве пары сватоў: хросны са сваёй жонкай, хросная са сваім мужам.
У даўнія часы верхні ярус вясельнага каравая, які сімвалізаваў заручаную пару, замыкала кампазіцыя з дзвюх «шышачак» (галінкі грушы, абгорнутыя каравайным цестам); у больш позні час іх месца занялі выявы дзвюх птушак – галубоў, дзюбачкі якіх краналіся адна адной.

Яшчэ больш познім варыянтам-адгалоскам гэтай сімволікі стала ўпрыгожванне першай машыны вясельнага картэжа двума колцамі-«пярсцёнкамі», якія ўтваралі «васьмёрку» – знакавую выяву бясконцасці, узаемаспалучанасці, паяднання двух родаў.

Шмат у якіх мясцінах Беларусі «васьмёркай» павязвалі ручнік свату: спачатку цераз левае плячо пад правую руку, а затым некалькі разоў па поясу (звычайна ручнік утвараў вакол свата два кругі, але ж даўжыня ручніка і фігура свата маглі паўплываць на варыянт павязвання ганаровага атрыбута).

Істотная заўвага-выключэнне: пры­н­­­­цып падабенства быў зарыента­ваны не толькі на сімвалізацыю цотнасці ў злучэнні пары маладых, але і на іх пажыццёвае адзінства: пара павінна быць адзіным цэлым, – таму маці і жаніха і нявесты павінна была апранаць толькі сукенку (адзіную, суцэльную), але ні ў якім разе не ў здвоенае адзенне (як сёння: пінжак і спадніца, спадніца і кофта); у вясельным картэжы не павінна быць цотнай колькасці фурманак або машын.

СВЯТОЧНАЯ ВАРАЖБА

Некалі нашы бабулі варажылі аб сваім лёсе: быць ім замужам ці не быць. У марозную калядную ноч (гэта магло быць познім вечарам 24 снежня, 6, 13 або 19 студзеня) выбягалі яны ў двор, хапалі аберуч дровы ці, шырока раскінуўшы рукі, абхоплівалі штыкетнік і лічылі колькасць шты­кецін або калоў. Парная колькасць паленцаў або штыкецін прадказвала хуткія шлюбавіны, замужняе жыццё – у пары; няпарная – была знакам таго, што яшчэ год давядзецца «хадзіць у дзеўках», заставацца адной, без пары.

Беларускія дзяўчаты карысталіся і такім простым, але даволі ін­фарматыўным спосабам прадказання сваёй будучыні. Яны бралі 41 (зноў-такі колькасць выбрана зусім не адвольна: 40 – вельмі важная мяжа ў жыцці чалавека, а выхад за поле яе ўплыву і складаў патрэбны лік) зерне бобу і адвольна раскладвалі на тры кучкі. Затым падлічвалі колькасць зярнят у кожнай кучцы паасобку. Цотная колькасць зярнят у першай з іх была знакам паляпшэння дабрабыту, няцотная – няўсцешна наракала: будзеш хварэць і цярпець шматлікія непрыемнасці ад сваіх родных. Далей падлічвалі колькасць зярнят у другой горцы. Цотная колькасць бабін усцешвала душу прадказаннем, што ў рабоце і ў вучобе вас чакае поспех, няцотная была сведчанннем няўдачы, магчымай змены месца працы. Нарэшце, трэцяя кучка сімвалізавала гаспадаранне і сямейны стан. Цот – прадвесце спакою і добрага здароўя, няцот – знак магчымых сямейных спрэчак, лаянак і скасавання шлюбу.

Адна з жыхарак в. Вялікі Рожан Салігорскага раёна ўзгадвала: «Калі я была яшчэ ў дзеўках, то бабуля давала мне ў суботу тры цукеркі і прыгаворвала: «Бяжы, на танцах пару шукай».

СВЯТОЧНЫ СТОЛ

У вашай сям'і святочная падзея, вы сервіруеце стол. Дзеля таго, каб у сям'і заўсёды былі згода, пашана, лад, каб у вашай хаце заўжды радаваліся гасцям і вы маглі спадзявацца на дапамогу суседзяў, каб сумеснае застолле ніколі не закончылася сваркай або бойкай, першым на сярэдзіну стала клалі духмяны бохан хлеба. А вось нож (які здольны быў толькі раз­дзяляць цэлае на асобныя кавалкі) на стале ніколі не трымалі, гэтаксама як ніколі не клалі шапку, грэбень, ключы і сумку. Уважліва прасачыце за сваімі паводзінамі, калі вы пачынаеце сервіраваць святочны стол. На ўзроўні падсвядомасці, не задумваючыся, мы адразу ж разразаем бохан хлеба напапалам (што можа сімвалізаваць два бакі ўдзельнікаў застолля: гаспадароў і гасцей); на кожны сподачак кладзём па два кавалачкі хлеба (што, у сваю чаргу, з'яўляецца сімвалам сямейных пар, якія збяруцца за сталом). Напрыканцы святочнай дзеі гаспадыня пачастуе гасцей салодкімі прысмакамі і абавязкова падкрэсліць: «Цукеркі бярыце ў пару».

Дарэчы, ці звярталі вы ўвагу на тое, што сталовыя наборы, чайныя сервізы, шкляныя або крышталёвыя наборы звычайна прадаюцца толькі на шэсць або дванаццаць чалавек, г.зн. іх колькасць заўсёды цотная.

ЦОТНЫ – ЗНАЧЫЦЦА, ШЧАСЛІВЫ

Наш тыдзень мае сваю ўнутраную структуру, якая абапіраецца на па­слядоўную паўтаральнасць адных і тых жа дзён, назвы якіх адлюстроўвалі ўсё тыя ж лікі: панядзелак – першы дзень пасля нядзелі, па(сля)нядзелак; аўторак – другі; серада – сярэдні, трэці; чацвер – чацвёрты; пятніца – пяты; субота (ад старажытнаяўрэйскага sabbat – шабаш) – шосты.

Вялікая колькасць прыкмет і па­вер'­яў, рэгламентацый і заба­рон абрадавай і гаспадарчай прак­тыкі пераканаўча сведчыць, што шчаслівымі, спрыяльнымі для распачынання важных спраў з'яўляюцца цотныя дні: аўторак і чацвер (другі і чацвёрты дзень тыдня). I наадварот, нешчаслівымі лічацца няцотныя дні: панядзелак (першы), серада (трэці) і пятніца (пяты). Менавіта з імі звязана найбольшая колькасць усялякіх абмежаванняў як у працы, так і ў харчаванні (серада і пятніца – посныя дні).

БЕЛАРУСКАЯ ПАРАКОНКА

У нашы сучасныя гарадскія свят­каванні Калядаў і Масленіцы прыйшло неапраўданае запазычанне з рускай культуры і побыту – адным з асноўных кампанентаў зімовых святаў становіцца шпаркая тройка коней. Але ж на самай справе на Беларусі традыцыйным памочнікам чалавека ў гаспадарцы была не «тройка», а параконка («Запрагай сваю парку», – казалі ў народзе; поле аралі парай валоў).

Працяг будзе.

1
Оставить комментарий

новее старее большинство голосов
Вікторыя

Дзякуй за даступную інфармацыю наконт абрадаў, вельмі пазнавальна