СВЯТЫЯ ДЗЯДЫ, ЗАВЁМ ВАС: ХАДЗІЦЕ ДА НАС!

З даўніх часоў суботу (шосты дзень тыдня) лічылі спецыяльным днём ушанавання сваіх продкаў, і асабліва тыя суботы, якія папярэднічалі вялікім святам. Да нашых дзён знакамі асаблівай пашаны вылучаліся: субота перад Грамніцамі, перад Масленіцай, субота перад Тройцай (Духаўскія або Стаўроўскія Дзяды), субота перад Пятром і, нарэшце, Змітраўскія і Міхайлаўская суботы.

У дзень светлай памяці,
у дзень нашага духоўнага
прасвятлення,
у памінальную Змітраўскую суботу
ўзгадайце імёны
сваіх родных і блізкіх,
знаёмых і суседзяў,
сяброў і калег па працы,
усіх тых, хто загінуў або сканаў
без усялякіх звестак,
усіх тых, за каго ніхто
і ніколі ўжо не памоліцца,
не вып’е чарку,
не прыйдзе на паклон да магілы.
Памяніце ўсіх тых,
хто некалі жыў
на зямлі нашай роднай Беларусі!

Да гэтага шэрагу дзён ушанавання продкаў неабходна дадаць Радаўніцу, якая адзначаецца ў аўторак на другім, Фаміным, тыдні пасля Вялікадня. Напрошваецца пытанне, а чаму здарылася так, што Радаўніца святкуецца не ў суботу, як усе астатнія дні памінання, а ў аўторак. Справа ў тым, што якраз Радаўніца і Восеньскія, або Змітраўскія, Дзяды аказаліся ключавымі святамі ва ўсёй сістэме пашаны продкаў. А тэрміны іх правя­дзення былі ў свой час суаднесены з універсальным рытмам нашай культуры 0 – 3 – 9 – 40 – 1 год, у адпаведнасці з якім ушаноўваюць памерлага чалавека ў першы год пасля смерці. Вось гэты рытм і стаў прычынай таго, што Радаўніца адзначаецца не ў суботу, а ў аўторак на дзевяты дзень пасля галоўнага хрысціянскага свята – Вялікадня.

Дарэчы, не так даўно была зроблена спроба прымеркаваць Восеньскія Дзяды да 2 лістапада. Зразумела, што ў такім выпадку бацькоўская субота пачне адзначацца штогод у розныя дні тыдня. А гэта не зусім правільна. Таму больш дакладным з’яўляецца святкаванне Восеньскіх Дзядоў па суботах: у трэцюю суботу пасля Пакроваў; у суботу напярэдадні 8 лістапада – дня ўшанавання Змітрыя Салунскага і Змітрыя Данскога, адсюль і назва Змітраўская субота або Змітраўскія Дзяды; у суботу напярэдадні 21 лістапада – дня ўшанавання Міхаіла Архістраціга, – Міхайлаўскія Дзяды (у залежнасці ад традыцый таго ці іншага рэгіёна).

У сістэме каляндарных святка­ванняў Радаўніца і Восеньскія Дзяды сталі той непарыўнай парай, якая ахоплівае сабой увесь цыкл асноўных земляробчых работ і прадвызначае паводзіны чалавека ў дачыненні да культа продкаў. Мы памятаем, што некалі Новы год адзначаўся вясной, і нейкі час своеасаблівай мяжой навалецця лічыўся Вялікдзень. Такім чынам, Вялікдзень распачынаў новы цыкл жыцця, адкрываў новы цыкл земляробчых работ. Аднак перад тым, як распачаць навядзенне парадку на сваім прысядзібным участку, неабходна было схадзіць і навесці парадак на магілах сваіх продкаў, тым самым заручыцца іх падтрымкай. Менавіта такія дзеянні выконвалі на Радаўніцу. Пасля гэтага распачыналася ворыва, сяўба. Неўзабаве прыходзіла пара жніва, збору ўраджаю, пасля чаго чалавек станавіўся багатым, здольным у дастатку пратрымаць сям’ю і хатнюю жывёлу на працягу ўсёй зімы. Зразумела, што працяглы цыкл земляробчых работ зусім лагічна завяршаўся святам падзякі Маці-Прыродзе, Маці-Зямлі і яе ўладарам-продкам за шчыраванне, сімвалічную дапамогу і падтрымку жывых. Гэтым святам якраз і былі Восеньскія Дзяды.

Таму прынцыповае адрозненне паміж святкаваннем веснавой Радаўніцы і Восеньскіх Дзядоў зводзілася да таго, што вясной мы хадзілі «ў госці да сваіх продкаў», восенню мы запрашалі іх за свой стол.

З цягам часу Змітраўскія або Восеньскія Дзяды сфарміраваліся ў асяроддзі беларусаў у своеасаблівы абрад ушанавання прашчураў, даўно памерлых родных. Нашы далёкія суродзічы верылі, што ў гэты дзень душы продкаў апускаюцца на зямлю, каб даведацца, як жывуць іх нашчадкі, як яны клапоцяцца аб сваёй гаспадарцы і памнажэнні яе дастатку, як складваюцца сямейныя адносіны, як захоўваюцца штокольвечныя звычаі.

На наш погляд, Дзяды павінны стаць духоўным светачам найважнейшых сямейна-родавых традыцый, што вымагае больш падрабязна спыніцца на структуры самога свята, прыгатаванні памінальных страў, на змесце і сімволіцы шэрагу рытуальных дзеянняў. Неабходна заўважыць, што памінальны характар свята патрабаваў строгасці паводзін, абавязковай паслядоўнасці рытуальных дзеянняў і псіхалагічнай стрыманасці ў час яго правядзення.

Да свята рыхтавалася ўся сям’я. Той, хто быў па неадкладных справах у ад’ездзе, спяшаўся да вечара вярнуцца дадому. Дарослыя і дзеці ўсюды наводзілі парадак: вымяталі смецце з двара, прыбіралі хату (асабліва старанна рытуальныя зоны жывых і памерлых: чырвоны кут і запечак), гатавалі шматлікія абрадавыя стравы, мыліся ў лазні. Казалі: «Трэба грэшнае цела абмыць, а потым і Дзяды адбыць». Пасля таго, як памыўся апошні, у лазні пакідалі вядро чыстай вады і новы венік – для душаў прашчураў.

РЫТУАЛЬНЫЯ СТРАВЫ ДЛЯ ПАМІНАЛЬНАГА СТАЛА

З усіх памінальных святаў Восеньскія Дзяды вылучаліся багаццем і разнастайнасцю страў, таму іх яшчэ называлі «тоўстай суботай». Этнаграфічныя крыніцы ХІХ-ХХ стcт. сведчаць: у розных мясцінах Беларусі комплекс абавязковых рытуальных страў быў даволі разнастайны, але іх агульная колькасць абавязкова была няцотнай, часцей за ўсё ад 7 і да 19 (у залежнасці ад дабрабыту сям’і). Прычым нельга сказаць, што гэта былі нейкія выключныя стравы, якія гатавалі толькі да вячэры-ўшанавання. Якраз наадварот. Рэалізацыя прынцыпа шчырай падзякі вымагала не столькі непаўторнасці, колькі звычайнай, штодзённай добразычлівасці, таму рытуальнае сталаванне было прадстаўлена стравамі традыцыйнай беларускай кухні.

Праўда, сярод рознасолаў прысут­нічалі стравы-сімвалы, якія маглі ўжывацца і штодзённа, але часцей за ўсё імі распачыналі святочную трапезу – гэта куцця і бліны. Важнае месца сярод страў займала вараная свіная галава. Яе ставілі на край стала бліжэй да покуці. На пачатку вячэры гаспадар браў у адну руку грамнічную свечку, загорнутую ў першы спечаны блін, у другую – бохан хлеба і тройчы абносіў іх вакол галавы, памінаючы ўслых імёны сваіх продкаў. Прысутнасць на стале свіной галавы і спецыяльныя рытуальныя дзеянні вакол яе – водгук далёкай даўніны, культурны рэлікт таго часу, калі кожная значная падзея ў жыцці рода-племені распачыналася ахвярапрынашэннем татэмнай жывёліны.

Акрамя сакральна-рытуальных страў, на стол падаваліся наступныя дзівосы жаночага ўмельства: верашчака, сырніца, усялякія поліўкі (рыбныя, мясныя, крывяныя), кісялі (журавінныя і аўсяныя), перапечкі з каноплямі, затушаныя ў печы або з макам і мёдам саладухі, аўсяныя талокны, ячменныя праснакі ці пернікі і г. д.

Самай галоўнай адметнасцю фарміравання святочнага стала было наступнае правіла: на ўзроўні сімволікі абрадавых страў падкрэсліць паяднанасць памерлых і жывых. Што гэта значыць? Хітрасць была ў тым, што на стале павінна была адначасова прысутнічаць сімволіка няцотнасці як знак прысутнасці памерлых і цотнасці як сімвал жывых. Тады паўставала пытанне: як жа накрыць стол так, каб не пакрыўдзіць памерлых і не нашкодзіць жывым? Выйсце было знойдзена простае, але глыбока прадуманае. На стол ставілі няцотную колькасць страў (для памерлых), але кожную страву падавалі на дзвюх талерках (!) – для жывых. Нагадаем адзін з ключавых момантаў абрадавай практыкі, які закадзіраваны ў лічбавых (колькасных) сімвалах асноўных святочных атрыбутаў. На могілках мы ставім каля крыжа або помніка памінальную чарку і наверх кладзём адзін кавалачак хлеба (поўным дысанансам нашай адвечнай традыцыі гучыць наш сённяшні парадокс прыходзіць да памерлага з дзьвюма кветкамі), а вось калі мы сервіруем святочны стол дома (напрыклад, з нагоды дня нараджэння), то на кожную персанальную талерку пакладзем па два кавалачкі хлеба: жывыя парамі прыйдуць у госці!

Змітраўскія Дзяды надзвычай паказальныя не толькі ў сэнсе дакладнага пераймання і захавання традыцый беларускай кухні, але і ў плане далікатнага стаўлення да шматлікіх рытуальных дзеянняў.

РЫТУАЛЫ АСАБЛІВАЙ ПАШАНЫ

Усе пазначаныя разважан­ні вымагаюць аднавіць пасля­доўнасць найбольш значных рытуальных дзеянняў святочнай вячэры.
Першае. На звычайныя штогадовыя памінкі нікога з гасцей не запрашалі. Гэта была ўласна сямейная ўрачыстасць.
Другое. Восеньскія Дзяды – адзінае свята, якое вымагала прынцыпова іншага рашэння ў пастаноўцы стала. Калі на вяселлі стол абавязкова ставілі літарай «Г», калі жалобныя або памінальныя сталы былі скіраваны ад чырвонага кута і да парога (толькі ў адну лінію), то на Змітраўскія Дзяды стол звычайна ставілі ўпоперак асноўных сілавых ліній хаты – пад апошняй, бліжэйшай да чырвонага кута, бэлькай (менавіта таму да нашых дзён захавалася забарона садзіцца або спаць пад бэлькай). На ёй выразалі або запісвалі («упісвалі») імёны кожнага памерлага члена сям’і. Звычаёвае права дазваляла жыць у адной хаце не больш за век, затым трэба было будаваць новую. За гэты час пад адным дахам магло ўзгадавацца сем пакаленняў. Нездарма вучылі памятаць свой род да сёмага калена. У такім разе бэлька выконвала ролю радаводнага дрэва, дрэва памяці.

Трэцяе. Садзіліся за сталом па даўняй няпісанай завядзёнцы: з правага боку, бліжэй да сцяны па ўзросту рассаджвалася мужчынская палова сям’і; злева, бліжэй да печы і таксама па ўзросту – гаспадыня з дочкамі і нявесткамі.

Калі ўся сям’я сядзела за сталом, нехта з прысутных запальваў свечку, якая стаяла ў карцы з жытам на ражку стала або на покуці пад абразамі. З-за стала ўставаў самы старэйшы прадстаўнік роду і, гледзячы на бэльку, называў імёны памерлых продкаў, пачынаючы пералік ад пачатку бэлькі, ад чырвонага кута, г. зн. ад старэйшых па часе да апошніх. А затым гучалі словы запрашэння далёкіх дзядоў-прашчураў, якія могуць быць скарыстаны і нашымі сучаснікамі:

Святыя дзяды, завём вас,
хадзіце да нас!
Ёсць тут усё, што Бог даў,
чым толькі хата багата.
Просім вас: «Ляціце да нас!».

* * *

Святыя дзяды, завём вас,
хадзіце да нас,
Ляціце да нас, чым толькі
хата багата,
Што ёсць тут – я для вас ахвяраваў.
Прыходзьце, дзяды, радзіцеля
і старыя, і немаўляты,
і малыя.
І тыя, каму не к каму ісці,
І тыя, хто ў гэтых мясцінах жываў, хлеба-солі ядаў.
Да свайго стала, да свайго прыпечка хлеба-солі засылайце,
Каб было чым душу поўніць: год ад году, век ад веку.

Вячэра праходзіла няспешна, стрымана. Імкнуліся добрым словам памянуць усіх памерлых суродзічаў, але з найбольшай павагай і гонарам гаварылі пра людзей знакамітых.

Заключны этап паміналь­най трапезы таксама суправа­джаўся цэлым шэрагам абме­жаванняў, рэгламентацый і пазначаных магічнасцю рытуальных дзеянняў. Першым з-за памінальнага стала заўсёды падымаўся самы старэйшы член сям’і, а затым усе астатнія, прычым адначасова. Такія паводзіны тлумачыліся проста: той, хто першы ўстане з-за памінальнага стала, той першы і памрэ з гэтага роду. А таму казалі маладым: «Не спяшайся паперад бацькі ў пекла».

Пасля вячэры рэшткі страў пакідалі да наступнай раніцы, бо верылі, што дзяды, душы продкаў, прыйдуць ноччу і будуць вячэраць.

Як толькі дамачадцы ўставалі з-за стала, гаспадар браў ручнік, вялікі драўляны кубак, напаўняў яго вадой, накрываў дзедаўскім кушаком і ручніком. Затым ён падыходзіў да дзвярэй, адчыняў іх і развітваўся з душамі продкаў:

Святыя дзяды!
Елі і пілі, ідзіце да сябе!

Пасля гэтага выліваў ваду з кубка ў бок могілак. Сям’я развітвалася з Дзядамі аж да вясны...

Оставить комментарий