З ПАВАГАЙ ДА ПРОДКАЎ

Сёння кажуць – нацыя губляе свае традыцыі, мову, гісторыю і разам з гэтым – свой духоўны падмурак. Так не павінна быць, але гэта сучасныя рэаліі. Адна Беларусь – два народы. З аднаго боку, пакаленні выхаваных інтэрнацыянальнай чаргой да светлага сацыялізма. З другога – узрасло новае пакаленне беларусаў, якое так і не пабачыла гэтага сацыялізма. Што нас у рэшце рэшт можа аб’яднаць? На гэтае і іншыя пытанні адказваюць кандыдат філалагічных навук, дацэнт Іван КРУК і Аксана КАТОВІЧ. Яны ж і пачынаюць у газеце новую рубрыку «Вытокі».

Кожная эпоха ўносіць свае змены ў традыцыі таго ці іншага грамадства. Але змены гэтыя не маюць функцыянальнага характару. Так, маральны кодэкс будаўніка камунізма цалкам абапіраўся на біблейскія запаветы, але фразеалогія была іншай. Таму наша сённяшняе грамадства не палярызавана на тых, хто прытрымліваецца нейкіх традыцый і нігілістаў. Яно размежавана на тры групы: тых, хто паважае адвечныя народныя традыцыі, і тых, хто падзяляе хрысціянскія каштоўнасці, а таксама тых, хто не ўяўляе сваё жыццё без традыцый савецкай эпохі. Парадокс у тым, што маладое пакаленне паціху заяўляе сваю пазіцыю, якая абапіраецца на так званую сістэму агульначалавечых каштоўнасцяў. Але як можна гаварыць пра павагу да такой агульначалавечай каштоўнасці, як Дабрыня, Праўда, Воля, Шчасце і іншыя, ды пры гэтым не шанаваць традыцый сваіх продкаў?

Што нас можа аб’яднаць? Толькі адно: павага да сваіх вытокаў, шанаванне сваёй Маці-Зямлі, саборная су­гуч­насць з духоўнымі пам­к­неннямі свайго народа, святое стаўленне да малой радзімы і да нашай агульнай Бацькаўшчыны. Але кожны з гэтых складовых аб’ядноўвае адна чырвоная стужка, назва якой – традыцыі тых, хто пакінуў спадчыну, культуру, традыцыю, мову, зямлю і радзіму. Няма нічога больш заганнага, чым сказаць чалавеку, што ён не ведае свайго роду і племені, або На-роду.

– Як наша духоўная спадчына ўплывае на наша сучаснае жыццё?
– На гэтае пытанне можна адказваць шырока, прыводзіць безліч прыкладаў, якія будуць сведчыць пра адно і тое ж: народ, які цураецца сваіх духоўных каштоўнасцяў, не мае перспектывы нацыянальнага ўзлёту; род, які выракся сваіх традыцый, ператвараецца у сацыял-перакаці-поле; чалавек, які забыўся пра запаветы бабулі і дзядулі, – гэта істота, але не асоба, якой будуць ганарыцца яго нашчадкі. Традыцыя гарманізуе духоўнае поле сям’і, утрымлівае раўнавагу родавай самазахаванасці, зберагае здароўе (у тым ліку і душэўнае) чалавека.

Наша грамадства знахо­діцца ў стадыі пошуку, самавызначэння, усведамлення нацыянальнай ідэі. Гэты этап заўсёды складаны, супярэчлівы і… балючы. Традыцыя на то і традыцыя, што яна аб’ядноўвае людзей рознага ўзросту, сацыяльнага становішча і г.д. Яна – наш хрыбет, вакол якога фарміруецца постаць асобы, а духоўная спадчына – гэта творчы патэнцыял народа, яго аўра, камплементарнасць зносін з прадстаўнікамі іншага веравызнання, этнічнай пры­належнасці. У ёй самой закладзена энергія самазахавання і згуртавання, таму глыбока перакананы, што шматвяковая духоўная спадчына нашага народа можа быць і павінна стаць адной з падвалін у падмурку ідэалогіі нашай суверэннай Беларусі.

Оставить комментарий