МЕНСК ЗАЧАРАВАНЫ: ТАЯМНІЦА БАНДЫ «ЧОРНАЯ КОШКА»

У час Вялікай Айчыннай вайны Мінск вельмі пацярпеў. Шмат камяніц згарэла, яшчэ больш было разбурана дашчэнту. Горад неаднаразова бамбіла нямецкая і савецкая авіяцыі. Пацярпелі і старажытныя забудовы горада.

Адной з першых ахвяраў нямецкага бамбавання ў чэрвені 1941 года была гасцініца «Еўропа», што стаяла на рагу вуліц Волацкай і Францысканскай. Будынак быў цалкам знішчаны. Жорсткія бамбаванні наступных ваенных гадоў ушчэнт разбурылі і пашкодзілі суседнія жылыя дамы па вуліцы Зборавай і будынак бенедыкцінскага касцёла.

У пасляваенны час усе гэтыя руіны і ацалелыя сутарэнні і лёхі ўяўлялі разам заблытаную сістэму хадоў і сховішчаў. І вось гэтыя падзямеллі сталі апірышчам банды «Чорная кошка». Гэта была самая сапраўдная група бандытаў, якая пачала наводзіць жах на горад. Шэптам распавядалі мінчане, што ёсць сярод злачынцаў бандыт, які вельмі ўдала падрабляе голас кошкі. Ціха ўночы бандыты падыходзілі да дамоў ці кватэр больш-менш заможных гаспадароў, і той бандыт пачынаў крычаць і скуголіць, нібы кошка. Гаспадары прачыналіся і адчынялі дзверы, каб прагнаць надакучлівую жывёлу. Першай ахвярай бандытаў быў той, хто адчыняў дзверы. Пасля крывавыя злачынцы ўваходзілі ў пакоі і выразалі ўсіх, хто трапляўся пад руку, не зважаючы на тое, жанчыны гэта ці дзеці. Сведкаў бандыты не пакідалі. Усю маёмасць забіралі, выносілі і хавалі ў тых глыбокіх падвалах пад руінамі «Еўропы» ці ў іншых месцах. Казалі, што пасля на «блашыных» кірмашах, што шырока раскінуліся па горадзе пасля вайны, – «Суражскім», «Старажоўскім», «Чэрвеньскім» – прадавалася нарабаваная маёмасць, вопратка, і на некаторых рэчах раз-пораз трапляліся плямы крыві.

Хадзілі і такія чуткі, што пасылалі тыя бандыты на вакзал вясёлых дзевак з самагонам. Трэба ведаць, што ў той час Мінскі чыгуначны вакзал служыў галоўным пераправачным пунктам на шляху з Еўропы на Усход. І шырокай плынёю ехалі праз Менск дэмабілізаваныя салдаты і афіцэры Чырвонай арміі. Ехалі не з пустымі рукамі, везлі з сабою трафеі, нарабаваныя ў разгромленай і захопленай Германіі. І, пэўна, знаходзіліся сярод іх і тыя, хто спакусіўся на танны самагон і даступных дзевак. Ішлі яны ў непрыкметны дамок, які стаяў на беразе Свіслачы. Пасля іх больш ніхто не бачыў. Забітых салдат кідалі ў Свіслач, і знікалі яны назаўсёды. Колькі тых франтавікоў не даехала дадому?

Бандыты ўмела карысталіся падземнымі хадамі і доўгі час былі няўлоўныя. Але аднойчы тыя руіны пачалі аточваць аўтаматчыкі. Імгненна прайшла пагалоска, што тыя зладзюгі забілі нейкага важнага вайскоўца. Аўтаматчыкі літаральна прачасалі тыя руіны, абшукалі ўсе падвалы і падзямеллі. І ў часе таго хуткацечнага, але адчайнага бою былі знішчаны ўсе бандыты «Чорнай кошкі».

Толькі, каб ніхто не даведаўся пра тое, колькі ж сапраўды людзей згубілі тыя бандыты, улады забаранілі выносіць з тых падзямелляў нарабаваныя рэчы.

Пасля таго як руіны разабралі і выраўнялі вуліцы, на тым месцы, дзе была гасцініца «Еўропа», зрабілі сквер, які існуе і сёння. Казалі некалі, што нібыта ў шэпце лісцяў дрэваў чуюцца стогны пагубленых людзей. Толькі хто пачуе іх у гарадскім тлуме?

Доўгі час немагчыма было даць веры гэтым смутным і далёкім чуткам. Але аднойчы ў архіве пад руку трапіў адзін дакумент часоў нямецкай акупацыі. З дакумента вынікала, што ў пачатку лютага 1944 года дапаможнай крымінальнай паліцыяй Мінска была выкрыта бандыцкая хеўра, якая складалася з прафесійных злодзеяў, рабаўнікоў, прастытутак і зводняў. Банда стварылася яшчэ ў 1940 годзе і актывізавалася летам-восенню 1941 года. Бандыты займаліся рабункамі і вымаганнем у жыхароў Пушкінскага пасёлка і іншых раёнаў горада гарэлкі, грошай, прадуктаў харчавання, вугалю і дроваў. Разбойныя напады бандыты рабілі ўзброеныя нажамі, пісталетамі і гранатамі. Некалькі бандытаў былі забіты летам 1942 года, калі падчас узброеных рабункаў іх спрабавала схапіць крымінальная паліцыя.

Чацьвёра бандытаў на працягу лета-восені 1943 года ўступілі ў якасці салдат у Беларускі батальён СС, а трое з іх нават пасля былі залічаны ў асабістую ахову прэзідэнта Беларускай цэнтральнай рады Радаслава Астроўскага. Гэта давала бандытам мець тыя перавагі, што дае ў час вайны ваенная форма. Акрамя таго, бандыты атрымалі доступ да інфармацыі пра змены гарнізоннага паролю для бесперашкоднага хаджэння ўначы, пра ахову складоў, якія яны пасля рабавалі і г.д.

Карыстаючыся гэтым, хеўра беспакарана арудавала нават у цэнтры Мінска, займаючыся згвалтаваннямі жанчын і забойствамі ў раёне вуліц Няміга, Школьная і Касмадзям’янская, а таксама ў раёне Камароўкі і Суражскага рынка. У пэўных выпадках мужчын заманьвалі ў дом зводні пры дапамозе прастытутак. Каб схаваць сляды злачынстваў, трупы няшчасных абліваліся сернай кіслатой і спальваліся ў падвалах разбураных дамоў. Следства здолела давесці транаццаць выпадкаў забойстваў. Ахвярамі бандытаў былі мужчыны і жанчыны, як жыхары Мінска, так і прыезджыя. Некаторыя з іх так і засталіся неапазнанымі. Сярод забітых былі і нямецкія ваеннаслужачыя – фельдфебель, паліцэйскі, салдат «ТОДТа». Нарабаваная маёмаць альбо прадавалася, альбо хавалася. Цікава, што дакументы забітых людзей і здабытую зброю зладзюгі прадавалі (!) партызанам.

Падчас следства паліцыяй было арыштавана 29 чалавек. Дзевяць з іх, якія ўдзельнічалі ў забойствах, былі прысуджаны да смяротнага пакарання, адна жанчына памерла ад хваробы падчас следства, пяць жанчын вызвалены як невінаватыя ў злачынствах, астатнія атрымалі пакаранне ў выглядзе заключэння ў канцэнтрацыйны лагер ці адпраўкі на працу ў Германію.

Аднак, ці было ўсё выканана, ці ўсе злачынцы былі арыштаваныя і пакараныя? Невядома. Магчыма, пачатак крывавай гісторыі «Чорнай кошкі» тоіцца недзе ў тых гадах ваеннага ліхалецця? Пэўна, час і архівы некалі дадуць свой адказ.

Отправить ответ

Оставьте первый комментарий!


wpDiscuz