МЕНСК ЗАЧАРАВАНЫ: СКАРБ ЕЗУІТАЎ

Здарылася гэта ў пачатку XVIIІ стагоддзя, якраз у гады чарговай вайны са шведамі. Справы караля Рэчы Паспалітай і курфюрста Саксоніі Аўгуста ІІ Моцнага ішлі, мякка кажучы, няўдала. Сваімі неабачлівымі знешнепалітычнымі дзеяннямі ён уцягнуў дзяржаву ў вайну, да якой (як заўсёды) яна не была падрыхтавана. І хаця караля называлі Моцным, але, мабыць, толькі за фізічную моц, бо ў астатнім Аўгусту ІІ відавочна бракавала талентаў.

На дапамогу свайму няўдаламу саюзніку прыйшоў расійскі цар Пётр І. Вялікая расійская армія пачала займаць беларускія гарады. Напрыканцы 1706 г. на чале войска ў Менск увайшоў Пётр І. Войска стала гарнізонам, а Пётр заняў палац Сапегаў на колішняй вуліцы Юраўскай. Вядома, што неаднойчы цар наведваў Петрапаўлаўскую царкву. Як чалавек цікаўны і дапытлівы Пётр наведаў і калегіюм езуітаў. Цара прывяла ў захапленне сістэма выхавання і навучання там. У школе навучэнцы праходзілі дзве ступені. Асноўным зместам адукацыі былі лацінская і грэчаская мовы, культура, гісторыя і літаратура антычнасці. Выкладаліся таксама матэматыка, прыродазнаўства, еўрапейскія мовы, геаграфія, гісторыя. Езуіты клапаціліся, каб вучні раслі фізічна моцнымі. Дзеля гэтага шмат часу адводзілася плаванню, верхавой яздзе, фехтаванню. Педагогі ордэна вучылі дзяцей танцам. Пётр прыязна паставіўся да езуітаў, распытваў вучняў, застаўся задаволены іх адказамі.

Гледзячы на свайго манарха, таксама выказвалі сімпатыю і яго прыдворныя. Украінскі гетман Іван Мазэпа са сваімі прыбліжанымі бываў у касцёле на казаннях і набажэнствах, пачціва прыймаў пу­блічныя прывітанні. Фельд­маршал Шарамецеў па­дараваў менскім езуітам багатую залачоную дараносіцу, якая каштавала, як паведамлялі, сто імперыялаў.
Аднак вайсковыя справы цара Пятра ішлі ў той час зусім не так гладка, як амаль ідылічныя адносіны з езуітамі.

Шведскі кароль Карл ХІІ канчаткова разбіў саксонскія войскі Аўгуста ІІ, прымусіў яго капітуляваць і адрачыся ад каралеўскага трона Рэчы Паспалітай. І цяпер яго войска на поўную моц разгарнулася супраць армій Пятра. Каля Гародні рускія войскі пацярпелі паражэнне і пачалі адступаць.

Адыходзячы з Менску, рускія войскі пачалі рабаваць жыхароў. Асабліва «вызначыліся» кавалерысты Шарамецева, якія разрабавалі жаночы кляштар Святой Тройцы і царкву Святога Духа. Шукаючы схаваную маёмасць, яны павыбівалі вокны і паўзрывалі падлогу. Пасля на Менск нахлынулі хмары калмыкаў, якія зноў рабавалі кляштары і здзіралі аздобу з іконаў. Апошняй хваляй накацілі казакі. Пасля рабункаў папярэднікаў ім мала што дасталося, і яны, не вагаючыся, палезлі ў Петрапаўлаўскую царкву. Праваслаўнае брацтва заклікала людзей да абароны, і на Нямізе адбыўся сапраўдны бой. Расійскія генералы і камандзіры глядзелі на тыя рабункі скрозь пальцы, калі самі не заахвочвалі.

Здаецца, менш за ўсіх пацярпелі толькі езуіты. Нібы прадчуваючы (а можа, даведаліся пра нешта?) часовую ласку маскоўскіх гасцей, яны схавалі недзе ў падзямеллях значную частку сваіх скарбаў.

Пасля адыходу рускіх у Менск увайшлі шведскія войскі на чале з Карлам ХІІ. Больш дысцыплінаваныя, яны не займаліся хаатычнымі разбоямі, але рабавалі сістэматычна. На горад была накладзена вялікая кантрыбуцыя. Дарма месцічы даводзілі, што ў іх нічога няма. Шведы абрабавалі горад да ніткі. Пацярпелі і езуіты, якіх прымусілі аддаць у якасці аплаты фальварак пад Менскам, які каштаваў тысячу злотых. Але асноўны іх скарб быў надзейна схаваны.

У тым жа годзе ў Менску пачала шырыцца пошасць чумы. У тыя часы памерла шмат месцічаў. Сярод іх былі і манахі хрысціянскіх кляштароў, якія лекавалі хворых і рыхтавалі іх ў апошні шлях. Нібыта ў той час памерлі і тыя манахі ордэна езуітаў, якім была вядома таямніца схаванага скарба. Так ён і застаўся недзе пад зямлёй.

Оставить комментарий