ДОМ З ПРЫВІДАМІ

Гэта было даўно, больш за сто год таму, а мо і болей. Стаяў некалі на вуліцы Гандлёвай трохпавярховы даходны дом. Недзе ў канцы ХІХ стагоддзя арандаваў той дом адзін вельмі заможны менскі купец. Валодаў ён багатымі крамамі і складамі ў Менску і іншых гарадах. Вёў аптовы гандаль з Рыгаю, Масквою, Казанню. Жонка яго памерла рана, і ён так і застаўся ўдаўцом. Былі ў яго дзве дачкі, якіх ён вельмі любіў і ні ў чым ніколі ім не адмаўляў.

Аднойчы купец ад’ехаў некуды і вярнуўся са сціпла апранутай дзяўчынай. «Тое дачка маіх далёкіх сваякоў, – сказаў ён сваім дамашнім. – Бацькі яе памерлі, і яна засталася адна. Цяпер яна будзе жыць з намі. Шануйце яе, як маю дачку, і любіце, як сястру».
Дзяўчынку прынялі ў доме ласкава і ветліва. Усе дзеці былі амаль раўналеткамі. Дзяўчынкі разам гулялі, бавілі час, паступова падрасталі. Так ператварыліся яны ў прыгожых дзяўчын.
З мэтай даць дочкам добрае выхаванне быў наняты гувернёр. То быў малады чалавек, шляхціц. Выдатна выхаваны і адукаваны, аднак бедны. Марыў ён працягнуць адукацыю ў адным з еўрапейскіх універсітэтаў. Але на гэта неабходны былі грошы, таму і наняўся ён гувернёрам. Купцу гувернёр спадабаўся тым, што добра валодаў зброяй. Аднойчы ўбачыў ён, як добра малады чалавек б’е са стрэльбы. Сам купец быў вялікі аматар і трымаў дома калекцыю зброі.
Купец вёў адасоблены лад жыцця. Да таго ж ён часта выязджаў у іншыя гарады па розных справах. Але ён сачыў, каб да дзяўчын не заляцаліся розныя хлопцы. Ён меў свае планы.
А тым часам дзяўчыны, усе тры адначасова, закахаліся ў прыгожага хлапца-гувернёра. Пэўна, то было першае рамантычнае каханне, якое грукае ў сэрца веснавою парой. Прынамсі, для старэйшых дзяўчат. Але малодшая, прыёмная, закахалася ўсур’ёз. Зычлівы хлапец спачатку пазбягаў тых пяшчотных позіркаў і лёгкіх дотыкаў маленькай зграбнай дзявочай рукі. Аднак і яго сэрца не вытрымала, і ён цалкам аддаўся чароўнаму пачуццю кахання. Адчуўшы тую ўзаемнасць, краса дзяўчыны запрыгажэла, як цудоўная кветка.
Неўзабаве дзяўчынам амаль адной за адной споўнілася 18 гадоў. Надышоў час шляхціцу пакідаць гэты дом.
Аднойчы вярнуўся купец з чарговай паездкі і паклікаў да сябе прыёмную дачку.
– Неўзабаве табе споўніцца 18 гадоў, – сказаў ён. – Я мяркую наладзіць з гэтай нагоды баль.
– Дзякую вам, бацюхна, – лагодна прамовіла дзяўчына.
– На гэтым балі я пазнаёмлю цябе з тваім будучым мужам. Ён мой надзейны гандлёвы партнёр. Валодае броварамі і маслабойнямі. Між іншым, ты бачыла яго ў нашым доме, калі мы прымалі гасцей. Тады ж, дарэчы, ён убачыў цябе і ты яму спадабалася. А калі мы аб’яднаем нашыя капіталы, то здолеем разгарнуцца вельмі значна ды вельмі значна.
Апошнія словы дзяўчына чула, нібы праз вату. Ногі яе падкасіліся, яна ўпала на калені перад купцом і залілася слязьмі.
– Бацюхна, даражэнькі, не рабіце гэтага, я прашу вас, не трэба.
– Тваёй згоды ніхто не пытаецца, – спахмурнеў купец. – Лепшага жаніха для цябе і знайсці немагчыма. Дзяўчо, дурніца! Ты яму падабаешся, будзеш жыць у поўным дастатку. Што ж мае быць лепей?
– Але я яго не кахаю. Я бачыла яго, ён зусім стары…
– Нічога ён не стары. Яму ўсяго каля сарака гадоў. І каханне, – урэшце ўзлаваўся купец, – якое можа быць каханне, ці для таго я цябе расціў. Я лепш ведаю, што для цябе будзе добра, а што не.
– Бацюхна…
– І ці не гувернёр, – працягваў злаваць купец, – шляхцюк гэты, жабрак, наплёў табе пра тое каханне. Бачыў я, як нешта шмат часу вы праводзілі разам. Даўно яго трэба было выгнаць, сёння ж нагі яго не будзе ў хаце. А ты… няўдзячная… Неадкладна ж справім заручыны.
І раззлаваны купец выйшаў з пакоя, ляснуўшы дзвярыма.
У той жа дзень малады чалавек быў выдалены з дому. А сваім дамашнім купец строга загадаў: «Сачыце за ёю, каб не выкінула чаго-небудзь…»
Прайшло некалькі дзён. Увесь дом рыхтаваўся да заручын. Толькі дзяўчына хадзіла сумная, ціхенька плакала.
Аднойчы ў двор шмыгнуў нейкі хлапчук і працягнуў дзяўчыне прыгожую хустачку і ўцёк. З поўным неразуменнем дзяўчына разгарнула падарунак. У хустачцы была кароценькая цыдулка.
«Любая мая… Сьвет мой, жыццё маё, маё адзінае каханне! Калі ты згодна, выходзь за мяне замуж. Ты пакінеш гэты дом, гэты горад і мы з’едзем далёка-далёка. Ты будзеш шчаслівай. Тых грошай, што я назбіраў на навучанне, хопіць на прыстойнае сямейнае жыццё.
Гэтая хустачка будзе нашым знакам. Калі ты згодна, то вярні яе мне, і ў той дзень, калі будзе ўсё падрыхтавана, я прышлю яе зноў. Калі не, то пакінь яе сабе як апошні напамінак.
Сонца маё, я клянуся, што буду кахаць цябе да самай смерці, і клянуся не перажыць цябе!»
– Што за хустка? – спыталіся ў яе названыя сёстры.
– Так, дробязь, – адказала дзяўчына. – Набыла ў гандляра.
Дзяўчына думала нядоўга. Радасна білася яе сэрца. Рвалася і клікала любага яе душа. Неўзабаве ўбачыўшы таго ж хлопца, яна адаслала тую хустку.
Мінуў яшчэ час. Купец сабраўся ў чарговую паездку. Дзяўчына ў тыя дні хадзіла задуменная, аднак нібы супакоеная. Але купец нешта думаў і, ад’язджаючы, зноў паўтарыў свой загад.
Дзве старэйшыя сястры былі надзвычай бойкія дзяўчыны. Аднойчы надвячоркам яны заўважылі зноў хлапчука з хусткай, якая падалася знаёмай.
– Што гэта ты зноў тут робіш?
– Павінен аддаць хустку маладой паненцы.
– Вось табе рубель, давай яе сюды, мы самі аднясём.
З хусткі выпала маленькая цыдулка, напісаная па французску: «Я чакаю цябе…». Дзяўчыны пазналі знаёмы почырк.
Раззлаваныя і задаволеныя тым, што выкрылі тую «змову», яны ўзняліся ў пакой.
– Нягодніца! Бессаромніца! Няўдзячнае дзяўчо! Вось гэтак ты аддзячыла нам, вось так ты адказала на дабрыню і клопат бацькі! – гнеўныя словы зляталі з іх вуснаў.
– Сястрыцы, любыя, – у роспачы шаптала дзяўчына, – я так кахаю яго…
– Яна кахае, нахабніца! Ты застанешся дома! І выйдзеш замуж за каго трэба…
– Я?! – голас дзяўчыны ўзмацніўся. – Ніколі!
– Мы яшчэ паглядзім…
Выйшаўшы з пакою, сёстры зачынілі дзверы на ключ. Але не паспелі яны адысці, як пачулі рыпенне адчыненага акна.
Дзяўчына ўжо хацела выслізнуць з дому, калі яе схапілі.
– Ах ты, нягодніца! Трымайце яе! Пакаёўка! Хутчэй нясі вяроўку.
Як ні супраціўлялася дзяўчына, але ёй надзейна звязалі локці за спінаю, а пасля, штурхаючы, прымусілі сысці ў цёмны і сыры падвал. Там няшчаснай дзяўчыне ў дадатак звязалі ногі, а каб не было чутно ляманту і плачу – засунулі заткалку ў рот.
– Пасядзіш тут ноч, разам з мышамі, падумаеш пра свае паводзіны.
– І трымай сваю хустачку, хай яна табе дапаможа.
Закаханы юнак у той час чакаў сваю Адзіную непадалёк ад Свіслачы. Ён нецярпліва марыў аб той шчаслівай хвіліне, калі яны абдымуць адзін аднаго і будуць разам назаўсёды. Хутка цямнела. Надвор’е імкліва псавалася. У чорных дрэвах злавесна гудзеў вецер. Першыя цяжкія кроплі залівы разбіліся аб фурманку. Прадчуванне нечага нядобрага паступова ахапіла юнака. Усё больш нецярпліва паглядаў ён у той бок, адкуль павінна была з’явіцца знаёмая постаць.
А была вясна. Уздуўшаяся Няміга вый­шла з рэчышча, і цёмныя хвалі Свіслачы як навала, насунуліся на Менск.
Нездарма раней вуліца Гандлёвая звалася Зыбіцкай. Лічанага часу рацэ хапіла, каб заліць бераг, і халодная свінцовая вада лінулася ў падвал, дзе знаходзілася няшчасная дзяўчына. Яе здаўленых крыкаў ніхто не пачуў…
Толькі лёгкая хустачка выплыла з падвальнага акенца і паплыла па плыні.
Канчаткова згубіўшы спакой, хлапец ішоў уздоўж берага. Разбуджаны паводкаю горад паступова прачынаўся. Ляхаўку залівала вада. Ратуючыся, людзі цягнулі сваю няхітрую маёмасць. Недзе чуліся крыкі. Недзе рабавалі. Ад адной думкі, што з каханай здарылася нешта благое, валасы варушыліся на галаве хлапца. Магчымасць сустрэцца з ліхімі людзьмі прымусіла шляхціца выцягнуьць рэвальвер.
Хутка ён мінуў заліты вадою Губернатарскі сад, перайшоў мост каля вялікай Бернардзінскай і наблізіўся да мэты свайго шляху. Рака амаль насунулася на дом, але хлапца ўразіла тое, што тут, у адрозненне ад іншых дамоў, ніхто не ратаваў рэчы, не было мітусні і тлуму.
Падлогу першага паверха пакрывала вада. Невялікая купка людзей моўчкі стаяла вакол нечага. Нехта азірнуўся, і людзі расступіліся перад хлапцом.
На грудзе нейкіх рэчаў ляжала цела той, якая была яго Адвечным каханнем. Хлапец моўчкі апусціўся перад Ёй на калені. Колькі ён так стаяў, ён не памятаў.
З гэтага стану непрытомнасці яго вывелі нейкія воклічы. На ступенях сходаў стаялі сёстры і аддавалі распараджэнні слугам, каб тыя ратавалі рэчы. Выгляд у іх быў збянтэжаны і ўсхваляваны, але нейкага смутку, слёзаў ці роспачы юнак не заўважыў.
– Гэта... зрабілі вы? – толькі і здолеў вымавіць ён.
– Так, гэта мы… Але незнарок, мы не думалі, што ўсё так скончацца…
Хлапец больш нічога не чуў. Твар яго быў бялейшы за крэйду. Ён узняў руку і двойчы стрэліў з рэвальвера. Абедзве дзяўчыны паваліліся долу. Ніхто не паспеў нічога зрабіць…
Увесь сівы і састарэлы, юнак выйшаў з дому. Першыя промні сонца прабіліся праз хмары. Усё было як заўсёды, нібы ніколі і не было Яе…
Юнак узняў рэвальвер, паднёс да скроні і націснуў на спуск…
Казалі, што пасля таго жахлівага здарэння, той купец звар’яцеў. Прадпрыемствы яго заняпалі.
А дом па-ранейшаму стаяў у невялікай нізінцы амаль на беразе Свіслачы. Ішоў час, мяняліся жыхары. Аднак усё хадзілі ўпартыя чуткі, што дом той нядобры, што ў ім жывуць прывіды. Нібыта веснавой ноччу, калі месячнае святло залівае горад, у нейкі час у кутах аднаго з пакояў з’яўляюцца чатыры цені – трох дзяўчын і аднаго хлапца. Паступова і бязгучна яны набліжаюцца з кутоў да цэнтра пакоя. Хлапец і дзяўчына трымаюцца за рукі, таксама, як і дзве дзяўчыны. Так учатырох яны стаяць адзін насупраць аднаго, а пасля знікаюць.
Дом паступова прыходзіў у заняпад. У 80-90-я гады мінулага стагоддзя ён стаяў закінуты, з забітымі праёмамі вокнаў і дзвярэй. Але тое паданне ўчэпіста трымалася за яго. І нават гарадскія бадзягі («бамжы») не адважваліся начаваць у ім.
Так гэта было альбо не, сёння сказаць ужо цяжка, пацвердзіць ці абвергнуць таксама немагчыма. Апошні дом Гандлёвай вуліцы быў разбураны ў 2005 годзе. Зараз на тым месцы месціцца новы цагляны будынак, які імітуе з выгляду ранейшую камяніцу. Можа, і пра яго калі-небудзь з’явіцца якое паданне…

Оставить комментарий