МЕНСК ЗАЧАРАВАНЫ

Было гэта, сябры мае, больш за два стагоддзі таму. У тых дамах, што стаяць сёння на вуліцы Койданаўскай, жыла сям’я заможных месцічаў. І было ў іх тры дачкі. Але толькі старэйшая вылучалася незвычайнай прыгажосцю. Калі дзяўчыне споўнілася васемнаццаць гадоў, да яе пачалі заляцацца розныя хлапцы – былі то і простыя месцічы, і шляхцюкі. Але з усёй той грамады спадабаўся ёй толькі адзін. Быў ён жаўнерам залогі, што абараняла места Менскае. Па святочных днях, апрануты ў прыгожую форму, ён ладна граў на флейце ў аркестры каля ратушы.

АПОШНЯЯ СУСТРЭЧА
Шмат гадзін праводзілі паненка і жаўнер разам. Разам гулялі ўздоўж Свіслачы каля Ракаўскага прадмесця, разам зліваліся ў танцы пад велічныя гукі паланэза. І шапацела восеньскае лісце пад іх нагамі, і сонна цякла Няміза, узіраючыся ў неба. І глядзелі яны адзін аднаму ў вочы, і такое незвычайнае святло кахання струменілася з іх, што здавалася, няма ў свеце той сілы, што зможа перарваць тыя чароўныя пачуцці.
Здавалася закаханым, што яны жывуць адзін для аднаго. Аднак усе навокал бачылі тое каханне і ціха яму ўсміхаліся.
Час быў неспакойны. Неўзабаве бяда пагрукала ў дзверы.
Аднойчы раніцай убачыла паненка, як яе каханы прайшоў праз браму ў двор, і пачула, як дзінькнуў званочак ля ўваходу. Ужо не розумам, а сэрцам адчуваючы нядобрае, яна кінулася да сходаў. Унізе лесвіцы стаяў яе каханы ў поўнай баявой форме пешага рэгімента.
– Што здарылася, любы мой? – здрыгануўся яе голас.
– Каханая мая, адзіная мая, мне трэба ісці.
– Куды, сэрца маё?
– У паход, любая. Наш гетман Агінскі стаў на бок барскіх канфедэратаў, і цяпер усё войска Вялікага княства будзе біцца з ворагам. А я павінен быць там, дзе наша войска, дзе мае сябры.
Яна стаяла на сходах, трымаючыся за парэнчы, і пальцы яе былі белыя, і твар бялейшы за паперу, і не магла вымавіць і слова.
– Але ты вер, мая любая, я вярнуся, чуеш, вярнуся абавязкова, і мы адсвяткуем нашае вяселле.
– І яшчэ, – тут ён зняў з плячэй ранец, расшпіліў яго і дастаў флейту. – Вось, ты захавай яе, а то ці раптам што…
Тут дзяўчына ўрэшце ўсвядоміла словы юнака, кінулася да яго, абняла за шыю і закрычала так, што, здаецца, здрыгануўся ўвесь дом:
– Мілы мой, каханы мой, ты толькі вярніся, вярніся, я прашу цябе…
Раптам нейкая думка працяла яе твар, яна адхіснулася ад хлапца і дрыжачым голасам прамовіла:
– Пакляніся, пакляніся ўсім, што для цябе дорага, што ты вернешся.
Камяк падкаціў да горла, слязінка задрыжэла ў вачах хлапца і скацілася па яго шчацэ.
– Я клянуся, клянуся маім каханнем да цябе, клянуся маёй матуляй і нашай Айчынай, што я вярнуся, абавязкова вярнуся.
Тут ён больш не змог стаяць, нізка схіліўся, пацалаваў дрыжачыя кончыкі пальцаў рукі сваёй каханай, падхапіў ружжо і ранец і выбег на двор, закрываючы рукавом вочы.
Далейшае, сябры мае, вам вядома. Нягледзячы на мужнасць і адвагу, канфедэраты былі разбіты вялізнай расійскай арміяй.
У няшчаснай бітве каля Сталавічутрая большы корпус генерала Суворава разбіў войска вялікага гетмана Міхала Агінскага. Там, на баявым полі, навечна застаўся і жаўнер залогі слаўнага места Менскага.
Калі тыя звесткі дайшлі да дома на вуліцы Койданаўскай, дзяўчына не паверыла.
– Не, тое няпраўда, – казала яна, – ён абяцаў, ён пакляўся, ён вернецца.
Родныя не настойвалі, паціху суцяшалі, мяркуючы, што час загоіць і гэтыя раны.
Так міналі дні, месяцы. Прайшоў год. Паненка, здаецца, не заўважала часу. Нават падзеі падзелу Рэчы Паспалітай, калі хцівыя драпежнікі рвалі на часткі цела нашай айчыны, прайшлі для яе незаўважна. Яна жыла чаканнем. Яе прыгажосць зрабілася яшчэ больш узнёслай. Зноў да іх сталі наведвацца кавалеры. Яна прыймала іх проста і ветліва і, ціха ўсміхаючыся, казала:
– Дзякую вам, але я абяцала, ён пакляўся, хіба ж я магу сама не стрымаць клятву, узяўшы яе з другога.
Але сэрца ёй шчаміла ўсё болей і болей.
Бацькі яе ўжо не маглі даць рады. Лекары толькі паціскалі плячыма.
А яна сядзела ля акна і чакала. Іншы раз адчыняла футляр з флейтай і гладзіла яе.
Так мінула некалькі год. У Менску насталі ціхія вераснёўскія дні. Аднойчы надвячоркам ў пакоі раптам загучала музыка. Гэта быў той самы паланэз, які любіў іграць яе каханы. Музыка лілася з флейты.
– Гэта ён, гэта ён! – крыкнула дзяўчына і выбегла на лесвіцу. Месячнае святло залівала сходы, дзе ўнізе, абапіраючыся на ружжо, стаяў жаўнер пешага рэгіменту войска Вялікага княства Літоўскага. Ён выглядаў амаль такім жа, як у апошні дзень, у дзень развітання. Толькі мундзір яго быў не бліскучы, а нейкі светла-шэры і выразна былі бачны некалькі чырвоных плям у тых месцах, дзе прабіла яго картач. Гэта быў яе Каханы.
– Я стрымаў клятву, Каханая, – пачуўся яго голас. – Я вярнуўся.
– Любы мой, мілы мой, каханне маё! – ускрыкнула дзяўчына. – Ты стрымаў клятву!
Ужо не разумеючы, дзе яна і што з ёй, дзяўчына зляцела ўніз па сходах і кінулася да жаўнера. Толькі абняць яго яна не здолела.
Унізе стаяў толькі цень юнака…
Калі ўзрушаныя крыкамі дзяўчыны бацькі выбеглі да сходаў, каля расчыненых дзвярэй яны ўбачылі бездыханнае цела дзяўчыны, якая сціскала ў руцэ запаветную флейту. Непадалёк ляжала шапка жаўнера пешага рэгімента войска Вялікага княства Літоўскага. Адкуль яна ўзялася, ніхто так і не здолеў знайсці адказу.
Пахавалі дзяўчыну на Кальва­рыйскіх могілках. Руку яе, што сціскала флейту, так і не здолелі расціснуць, а мо і не хацелі. У труну паклалі і тую шапку.
Шмат часу мінула з тых дзён. Але казалі, што некалі раз на год у доме раздаваўся гук флейты, што грала паланэз. Тады на сходах уверсе з’яўлялася белая постаць паненкі ў вясельным уборы. Яна спускалася ўніз па сходах, а насустрач ёй узнімалася постаць жаўнера. Ён падыходзіў да Каханай і пяшчотна цалаваў ёй руку. Сам ён трымаў шапку, нібы хаваючы ад позірка сваёй нявесты прабіты ў некалькіх месцах мундзір пешага рэгімента войска Вялікага княства Літоўскага.

ЗАГАДКІ МЕНСКІХ ПАДЗЯМЕЛЛЯЎ

Пад старажытным горадам, сябры мае, раскінулася цэлая сетка падземных хадоў і таямнічых падзямелляў. Як сведчаць нешматлікія археалагічныя даследаванні, увесь верхні горад літаральна працяты гэтымі падземнымі камунікацыямі. Да нашага часу яшчэ нікому не ўдалося прайсці гэтымі падземнымі камунікацыямі з аднаго канца ў другі.

Аднак, паводле сведчанняў відавоч­цаў, гэтыя хады быццам бы злучалі паміж сабою комплекс бернардзінскіх кляштароў і ішлі да касцёла і кляштара баніфратаў у канцы Казьмадзям’янскай вуліцы (сёння не існуе). Далей падземны калідор нібы ішоў у бок вуліцы Гандлёвай і Свіслачы. Уваход у тое падзямелле знаходзіўся ў двары кляштара бернардзінак. Вялікая верагоднасць таго, што падземныя хады злучалі Замчышча і Верхні горад, а таксама Петрапаўлаўскую царкву. Вядома, што падземныя скляпенні і пераходы існавалі пад Базыльянскімі мурамі. У 1960-я гады былі выяўлены падземныя хады, адзін з якіх ішоў у бок Дамініканскага касцёла і туды, дзе некалі стаяў кляштар францысканцаў. Адваротны – у бок вуліцы Зборавай да кляштара бенедыкцінак (раён сённяшніх будынкаў Пракуратуры Рэспублікі Беларусь і кінатэатра «Перамога»). У розны час былі выяўлены ўваходы ў падзямеллі ў будынках прыватных дамоў XVII-XVIІI стагоддзяў.

Відавочна, што будаўніцтва лёхаў і падземных калідораў пачалося не пазней другой паловы XVI стагоддзя, калі стаў актыўна забудоўвацца Верхні горад. Трэба думаць таксама, што працягвалася (дакладней – паглыблялася) пракладка тых старажытных тунэляў і ў XVII, і ў XVIIІ стагоддзях. Безумоўна, выклікана гэта было неабходнасцю бяспекі і абароны. Вядома, што ў XV-XVI стагоддзях насельніцтва беларускіх гарадоў хавалася ў падземных сховішчах пры нападах крымскіх татараў. Наступныя стагоддзі неслі таксама шмат войнаў і разбурэнняў. Памятайма і пра рэлігійныя сутычкі, якія ўспыхвалі неаднойчы паміж жыхарамі горада ў тыя неспакойныя часы. А ў тых лёхах месцічы хавалі сваю маёмасць і хаваліся самі.
Напэўна, недзе там, сябры мае, і знаходзіцца тое месца, дзе быў схаваны скарб езуітаў.

Оставить комментарий