ЧОРНЫ МАНАХ ДАМІНІКАНСКАГА КЛЯШТАРА

Дамініканскі кляштар, пабудаваны ў гады XVII стагоддзя, доўгі час быў адным з самых прыгожых храмаў і самым высокім будынкам Менска. Першыя згадкі пра цень Чорнага манаха ў тым кляштары тычацца яшчэ сярэдзіны XVII стагоддзя. Жахлівая была сярэдзіна таго стагоддзя. «Крывавы патоп» пракаціўся па Беларусі, і змыла тым патопам больш паловы насельніцтва нашай краіны. Жылі людзі, і не стала іх…

Зямля Беларусі! Тваімі шляхамі
Вярнулася ворагаў мала дамоў –
На даўняй Нямізе іх слалі снапамі,
Крышыў на капусту іх Віцебск мячамі,
У Полацку варам варылі з валоў…
Пятрусь Броўка

Улетку 1655 г. да Менcку ішло войска «цішайшага» цара Аляксея. Па загаду крывавага ката, маскоўскія ваяводы выразалі Мсціслаў і залілі крывёю Шклоў, выпалілі і абязлюдзелі менскія наваколіцы. Але жыхары Менска вырашылі біцца за свой родны горад. Залога выбранцаў, падмацаванае гарадскім апалчэннем, выйшла абараняць прадмесце каля Барысаўскай заставы. Там, каля абарончага рэдута Святой Тройцы, разгарэўся люты бой. Мужна біліся менчукі, але сілы былі няроўныя. Разбітыя харугвы абаронцаў адыходзілі, а пасля кінуліся ўцякаць праз мост у горад. Бой ішоў ужо ў горадзе. Невялікія купкі адважных месцічаў замацаваліся ў Петрапаўлаўскім кляштары, у будынку ратушы і дамініканскім кляштары. Доўга пратрымацца яны не маглі, і амаль усе загінулі…

Калі ў 70-80-я гг. ХХ стагоддзя пра­водзіліся археалагічныя раскопкі Верхняга горада, то на тым месцы, дзе некалі была ратуша, ля рэшткаў яе падмуркаў, было знойдзена шмат паплюснутых мушкетных куляў XVII стагоддзя.
І жахлівая знаходка адкрылася археолагам у лёхах Дамініканскага касцёла. Вялікая глыбокая магіла была спрэс запоўнена шкілетамі людзей. Знойдзены былі і рэчы XVII стагоддзя.
У часе той вайны Менск прыйшоў у поўны заняпад. Ратуючыся ад забойстваў, рабункаў, пагромаў, жыхары разбягаліся хто куды. Людзі паміралі ад голаду, хвароб і пошасцей. Зніклі цэлыя сем’і і роды старадаўніх месцічаў. Неаднойчы рускі ваявода Арсеньеў, які камандаваў гарнізонам інтэрвентаў, скардзіўся цару Аляксею на тое, што людзей у Менску засталося зусім мала і няма каму працаваць.
Няўтульна адчувалі сябе захопнікі ў горадзе. Расквартараваліся яны ў Верхнім горадзе, ў Базыльянскіх мурах, ратушы, дамініканскім касцёле, кляштарах бернардзінак і бернардзінцаў, заклаўшы прамежкі паміж будынкамі драўлянымі сценамі. Гавораць, што менавіта тады і пайшла пагалоска пра цень Чорнага манаха, які пачаў з’яўляцца ў закінутым будынку дамініканскага кляштара. Прывід паказваўся ў адным з пакояў і пасля нягучна крочыў бясконцымі калідорамі і пасля знікаў недзе ў сутарэннях касцёла. У руцэ ён трымаў свячу, і яе чорна-чырвонае полымя раз-пораз кідала водбліск на твар манаха пад нізка насунутым клабуку. І капаў з той свечкі не воск, а кроў. Тыя, каму не пашчасціла сустрэцца з тым ценем, нібы бачылі твар то сівога старца, або зусім маладога юнака, або мужа сталага веку. А іншым разам нібы ўзнікаў жахлівы аскал чалавечага чэрапа. Прывід нікога не кранаў, але мала хто не дранцвеў з застылай ад жаху крывёю ў жылах, убачыўшы яго.

Нядоўга зажыўся ў Менску ваявода Арсеньеў. Сонечным днём 3 ліпеня 1660 года пасля бліскучай перамогі гетмана Паўла Сапегі над войскам Хаванскага пад Палонкай каля Ляхавіч Менск быў вызвалены ад інтэрвентаў.
Распавядаюць, што з’яўляўся прывід Чорнага манаха напярэдадні войнаў. Часта бачылі яго і ў другой палове XVII стагоддзя, і перад Шведскай вайной, і ў XVIIІ стагоддзі, і ў час паўстанняў ХІХ стагоддзя. З’яўляўся той цень і ў ХХ стагоддзі. Бачылі яго жыхары кватэр, калі памяшканні зачыненага кляштару пачалі выкарыстоўвацца пад жылыя дамы. Казалі, што часта бачылі яго ў 1939 годзе.

Згарэлы і пашкоджаны ў час Другой сусветнай вайны будынак дамініканскага кляштара быў знішчаны ў 1950-я гады. Пасля працяглы час на тым месцы быў прыгожы Цэнтральны сквер. Сёння дакладна на тым месцы стаіць гмах Палаца Рэспублікі. Але там, недзе ў глыбіні, захаваліся падмуркі і сутарэнні кляштара і касцёла. Цікава, а ці не з’явіцца зноў калі-небудзь прывід Чорнага манаха? Барані нас, Божа, ад гэтага!

Оставить комментарий

  Подписаться  
Уведомление о