МЛЫН МЕНЕСКА

А пасля там шмат хто бачыў,
Як між хмар, дзе золак мройны,
На кані, бы месяц белы,
Пралятаў ён, рыцар збройны.

Ян Чачот

Гэта было так даўно, што і сказаць нельга. Жылі ў той час на нашай зямлі светлавалосыя людзі з блакітнымі вачыма; яны насілі белую вопратку, сеялі жыта сярод лесу на невялікіх лапіках зямлі ды гадавалі дзяцей.
I цягнулася б так вельмі доўга, але ж павадзіліся да іх чужынцы. На малых конях наляталі яны на паселішчы людзей, рабавалі і забівалі іх.

Аднойчы сабраліся старэйшыя з людзей і пачалі раіцца: што ж ім рабіць? I адзін з іх, сівы дзед, прапанаваў: «Ха­дземце, людзі, у той бок, дзе невялічкая рэчка Няміга ўпадае ў шырокую плынь Свіслачы. Ведаю я, што жыве там чараўнік-мельнік. Пра яго мне яшчэ распавядаў мой дзед, а яму – ягоны дзед. Дзіўны той мельнік. Ніхто не бачыў ніколі яго млына. Але ж у зоркавую ноч ва ўсёй ваколіцы чуваць, як грукоча млын. Не зерне ён трэ, а каменне ды валуны. I у той час чуецца і гогат, і свіст, і скокі, і вясёлая музыка».

Пайшлі людзі ўсёй грамадой, як раіў стары, і здалёк чулі яны грукат млына, музыку і скокі. Выйшаў да іх аднекуль нейкі чалавек. Ростам ён быў вышэй за самага высокага з іх; плечы меў такія шырокія, што і абхапіць нельга. I ўразілі іх яшчэ вялікія пранізлівыя вочы, але сумныя яны былі. I прамовіў гэты чалавек: «Ведаю, чаму прыйшлі вы, людзі. Я дапамагу вам. Прыходзьце зноў сюды праз тры дні, і няхай кожны прынясе з сабой ці рыдлёўку, ці сякеру».

Мінулі тры дні. Зноў прыйшлі людзі на тое месца, зноў сустрэў іх невядомы волат. Стаяў ён на высокім узгорку, а навокал слаліся бязмежныя пушчы, серабрыстыя рэкі ды блакітныя азёры.
Сказаў чалавек людзям: «Капайце роў ды будуйце сцены». I пачалі людзі працаваць. Калі стамляліся яны і пачыналі буркатаць, то з’яўляўся невядомы чалавек. Тады праца ішла лягчэй.
А ў гэты час зноў ехалі вялікаю грамадою ворагі рабаваць людзей. Думалі яны, што зноў з’явяцца нечакана, спа­ляць мірныя хаты, забяруць людзей у палон ды наб’юць сумы сваіх коней.
Настала ноч. Вырашыў іхні правадыр: «Адпачнем зараз, а раніцай, свежыя ды вясёлыя, мы лёгка патопчам капытамі нашых коней нівы гэтых недарэчных людзей».

Настала раніца. У тумане ўбачылі ворагі такое відовішча, што рты іх самі пачалі раскрывацца, валасы заварушыліся пад шаломамі, а коні пачалі дрыжэць. Высока ўгору ўзнімаліся сцены ды вежы невядомага драўлянага горада. I такім магутным спакоем веяла ад іх, што пачалі коннікі пытацца адзін аднаго, ці не сон усё гэта, ці туды яны заехалі. Але ж правадыр не разгубіўся. Ён пачаў кры­чаць, каб не баяліся храбрыя воіны і ішлі ўперад. Палезлі ворагі на сцены. А адтуль на іх сыпанулі каменне, ліўся гарачы вар. Валіліся ворагі адзін на аднаго пабітыя ці абвараныя. Скрыжатаў зубамі правадыр, але нічога зрабіць не мог. Тады паслаў ён сваіх лепшых воінаў. Перамога амаль была блізка. Але раптам з’явіўся аднекуль невядомы чалавек. Сядзеў ён на белым кані, і ў руцэ яго зіхацеў вялізны меч. Убачыў яго правадыр, ускочыў на каня, і памчаліся яны адзін на аднаго. Як маланкі ляцелі. Грукнула зямля – такі страшэнны быў удар. Выхапіў правадыр сваю шаблю, але такім бязлітасным гневам блішчэлі вочы волата, што здрыганулася рука ворага, і меч незнаёмца рассек яго да сядла, як рассякае гнілую калоду вострая сякера. Убачыўшы гэта, здрыгануліся ад жаху і пабеглі ворагі. I многія, многія вёрсты імчаў за імі коннік на белым кані і сек іх, як капусту.

Аднак з бойкі ён не вярнуўся. Пачалі людзі яго шукаць і хутка знайшлі. Ляжаў ён пасярод шырокага луга, а ў горле яго тырчэла страла. Блакітныя вочы сумна глядзелі ў такое ж блакітнае неба. I спыталі ў яго людзі: «Як завуць цябе, чалавеча?» Доўга чакалі яны, пакуль шэрыя губы нешта прамовілі: «Менеск». Ніхто так і не зразумеў, што ж сказаў невядомы. Узнялі яны яго цела, паклалі ў доўбню і аднеслі да таго месца, дзе Няміга ўпадае ў Свіслач. I апусцілі на дно.

Пачалі з той пары называць гэты горад Менескавым местам, а самы высокі ўзгорак – Менескавым узгоркам.
I яшчэ кажуць людзі, што нібыта і зараз у цудоўную ноч можна пачуць, як грукоча млын, грае музыка. Але ўжо больш сумная.
А вершнік на белым кані застаўся ў памяці народа. Горда ўзнёсся ён на герб старажытнага беларускага гаспадарства. І ў руцэ волата, як маланка, зіхаціць узняты супраць ворага меч.

Оставить комментарий