ПАДАННЕ ПРА ХЛУСАЎ МОСТ

А быў тут хто, або ня быў –
І так, і гэтак мала веры.

Янка Купала

Мост, які злучае Ніжні горад і Траецкае прадмесце, здаўна называюць Хлусавым. Назву тую, сябры мае, атрымаў ён у далёкім і славутым ХVІ стагоддзі.

У тыя даўнія часы Свяшчэнная Рымская імперыя германскай нацыі (ці прасцей, будучая Германія) пачынала ўсталёўваць адносіны з малавядомай тады ў Еўропе Масковіяй. Шляхі, па якіх накіроўваліся імперскія паслы, натуральна, пралягалі праз беларускія землі. На заходняй мяжы такога пасла звычайна сустракаў прыстаў з ліку дзяржаўцаў і суправаджаў яго пасольства да Вязьмы, дзе ўжо пачыналася ўласна Масковія. Суправаджэнне было неабходным, каб ніхто па дарозе пасла не пакрыўдзіў, каб вольная і разгульная беларуская шляхта не дала паслу ў карчме селядцом па твары ці не нарабіла, барані Божа, чаго больш ганебнага, усчыніўшы міждзяржаўны канфлікт, а тое і вайну.

Ды і агляд за пасламі і іх памочнікамі і слугамі патрэбен быў пільны. Не было сакрэтам, што займаліся яны не толькі дыпламатычнымі, але і выведвальнымі справамі. І чым важнейшы быў пасол, тым больш высокага рангу дзяржаўца суправаджаў яго.

Аднойчы здарылася так, што нейкага вельмі важнага імперскага пасла суправаджаў не хто-небудзь, а сам кашталян Менскі Ян Глябовіч. То быў вельмі славуты і вядомы чалавек. Падчас Інфлянцкай вайны ён наўмысна трапіў у палон да маскоўцаў. Праз нейкі час, нібы пасля доўгіх ваганняў, ён пагадзіўся служыць «цару-сабаку», як тады называлі Івана ІV Жахлівага. І «служыў» Ян Глябовіч цару дзейсна і добра. Вынікам тае «службы» стала бліскучая перамога беларускай зброі ў бітве пад Улай, дзе было разбіта маскоўскае войска. А звесткі аб руху варожых армій слаў на Радзіму Ян Глябовіч, ці не першы вядомы беларускі выведнік.

Але вернемся да нашай гісторыі. Суправаджаў Ян Глябовіч імперскага пасла. Ехалі досыць доўга, марудна, з абозам, спыняючыся ў прыдарожных корчмах ці шынках. Шлях дальні, і каб бавіць час, пасол і дзяржаўца вялі нетаропкую гутарку. Казалі пра тое, пра сёе. Адным разам гаворыць пан Ян:

– Глядзі, пане пасол, якія ў нас пушчы і лясы – вялікія, густыя. Вельмі добрае дрэва.
А паслу ці дарога надакучыла, ці мухі адолелі, ці проста не ў гуморы быў, ён і адказаў:
– Хіба ж гэта лясы і пушчы? Палкі нейкія тырчаць, хмызы рэдкія. Вось у нас у Германіі ўсім пушчам пушчы. Дрэвы доўгія, роўныя. Шмат чаго з іх будуем – і дамы, і караблі.
Хацеў запярэчыць пан Ян, бо ведаў, што здаўна ідуць па Дзвіне і Неману плыты. Ахвотна купляюць драўніну замежныя купцы. Але не бянтэ­жыць жа госця. Паціснуў плячыма пан Ян.
Едуць далей.
– Глядзі, пане пасол, якія ў нас замкі!
– Хіба ж гэта замкі, – цягне сваё пасол, – куча камення накіданага. Вось у нас у Германіі замкі дык замкі! І вялікія, і прыгожыя.
Змаўчаў пан Ян. Не біцца ж з немцам на шаблях. Пасол усё ж такі.
Едуць далей.
– Глядзі, пане пасол, якія ў нас палі і лугі – шыкоўныя, багатыя.
– Ды якія там палі і лугі, – адштурхоўваецца пасол, – кочкі нейкія, балаты. Вось у нас у Германіі і палі, і лугі, мо, у сотні разоў і шырэйшыя, і багацейшыя.
Ледзь стрываў крыўду пан Ян. Толькі ў думках назваў ён пасла брахуном, якіх свет не бачыў.
Едуць далей. І раптам прыйшла цікавая думка да Яна Глябовіча.
– Ведаеце, пане пасол, – прыжмурыў ён хітра вочы, – ёсць у нашым слаўным месце Менскім мост праз раку. І мост той ня просты. Завуць яго Хлусавым, бо ўсе хлусы і манюкі, якія праязджаюць паўз яго, топяцца ў рацэ.
І замаўчаў Ян Глябовіч.
Мінуў яшчэ нейкі час. Шлях доўгі. Бачыць пан Ян, нешта пачаў нервавацца пасол. Але маўчыць. Маўчыць і пан Ян.
Колькі мінулі літоўскіх вёрстаў, парушыў маўчанне пасол:
– А ці ж далёка места Менскае?
– Ды хутка будзе, – адказвае пан Ян.
Праехалі яшчэ колькі. Ізноў пасол з гэтым жа пытаннем.
І адказ яму: «Хутка будзе Менск».
Нервуецца пасол. Потам заліваецца. Ці то ад спёкі, ці то яшчэ ад чаго. А пан Ян яго пытаецца:
– Пане пасол, ці ёсць у вас у Германіі такія палі і лугі?
– Есць і такія, і лепшыя, і горшыя, – няўпэўнена адказвае пасол.
Праз некаторы час ізноў:
– Пане пасол, ці ёсць у вас у Германіі такія замкі?
– Есць і такія, але іншыя нашмат горшыя і не параўнаюцца з Гародняй, Нясвіжам, Мірам…
І ўвесь час пытаецца пасол:
– Ці ж далёка да места Менскага?
І адказ чуе:
– А вось хутка будзе ўжо.
–А ці ёсць у вас такія пушчы, пане пасол?
– Што вы, пане Ян, няма у нас такіх і лясоў, і пушчаў. Большых і прыгажэйшых за вашыя я і ня бачыў.
Так, гутарачы, яны і мінулі той мост праз Свіслач.
Пасля схамянуўся пасол, запытаўся:
– А дзе ж той Хлусаў мост?
– Разыйшоўся мост, – усміхнуўся пан Ян, – як словы пана пасла.

Оставить комментарий