ПАДАННЕ ПРА СВIСЛОЧЧА

А быў тут хто, або ня быў
І так, і гэтак мала веры.

Янка Купала

Усё пачынаецца аднекуль, сябры мае. Усё мае свой пачатак і канец. Вось і мы пачнем нашую гісторыю «ab ovo», як казалі некалі старажытныя рымляне, – з самага пачатку.

ЯК ЛЕСАВІК І ВАДЗЯНІК ПАБІЛІСЯ

Было гэта вельмі-вельмі даўно. Так даўно, што не трымае тых падзей памяць чалавечая. Жылі-былі некалі на Свіслоччы вадзянік і лесавік. Ладна жылі, у згодзе ды ласцы, як добрыя суседзі. Але аднойчы…

Адным разам вылез неяк вадзянік на бераг Свіслачы і бачыць – сядзіць лесавік у цяньку вербалозу, нешта насвісвае сабе ў бараду і рыбу вудзіць. А з вядзерца побач з ім вытыркоўваюцца хвасты рыбінаў.
Вадзянік у тую раніцу ці то не з той нагі ўзняўся, ці то галава яму балела – бо жлукціў ён увечары настой дурап’яну, скакаў з кікімарамі, уздымаў хвалі на рацэ, а можа, была нейкая іншая прычына – у той дзень быў ён не ў гуморы.
Не спадабаўся яму вясёлы від лесавіка і, не вітаючыся, ён закрычаў:
– Што гэта ты, стары карчак, тут робіш? Чаму без майго дазволу ў маю раку палез? Вяртай рыбу назад!
Характар лесавіка быў не на мёдзе настоены. Ён таксама «дабрыдзень» не даў і зароў у адказ:
– А чаму гэта я ў цябе, цвіль балотная, пытацца павінен?! Я пан-гаспадар усяго Свіслочча і рака з яе набыткам па праву належыць мне!
Ад такога нахабства перакрывіла ва­дзяніка:
– Як гэта табе?! Ах ты гнілушка старая, ах ты пень замшэлы! Рака цячэ па гэтым нішчымным лесе, і таму Свіслочча належыць мне! А ўсё, што ў рацэ, то маё!
І вадзянік схапіў вядзерца і зашпурнуў разам з рыбай у раку.
Пазелянеў ад злосці лесавік і на імгненне зрабіўся падобным на вадзяніка:
– Ну так трымай сваю рыбу, жмінда паганы, жлукта пражэрлівая.
І лесавік злямзіў вудаю вадзяніка па галаве.
– Ах ты лайна псіна, – зароў ва­дзянік, – ды зараз я табе пакажу, ды зараз я цябе падзяру на шматкі, на кавалкі, на анучкі.
І сваёю рукою з зялёнымі кіпцямі ён згроб лесавіка за доўгую бараду.
– Анягож, – закрычаў лесавік і вырваў пасму зялёных валасоў.
Счапіліся яны, і біліся, і тузаліся. Ляцелі ў бакі пасмы водарасцяў, кавалкі скуры, шматкі моху, расліны і нейкія анучкі. З-за мільгацення рук і ног узняўся пыл, і нічога было не відно, толькі чутна была дзікая лаянка.
Набеглі адусюль русалкі і кікімары і кінуліся разнімаць раз’юшаных байцоў. Стаялі вадзянік і лесавік адзін насупраць аднаго падраныя і злобныя, сплёўваючы крывю і задыхаючыся. Адштурхнулі яны русалак і кікімар і кінуліся насустрач. Злаўчыўся лесавік і даў вадзяніку моцнага ляпаса. Не ўтрымаўся вадзянік, зваліўся з кручы – і боўць у раку. Але паспеў ён так штурхнуць лесавіка, што паляцеў той у зарасці дзядоўніка.
Тры дні пасля той бойкі не з’яўляліся яны. Урэшце з’явіліся і, пахмурна ўзіраючыся, буркочачы кепскія словы, пайшлі насустрач адзін аднаму.
Лесавік быў абскублены і падзёрты. Паловы барады ў яго не было, а нос ператварыўся ў вялікую дулю. Від вадзяніка таксама быў неважнецкі. Зялёных водарасцяў яўна не ставала. Да таго ж на галаве зіхцеў вялікі чырвоны гузан.
– Ну што, – прарыпеў лесавік, – бу­дзем зноў біцца?
– Не, браце, – шмыгнуў носам ва­дзянік, – будзем дзяліцца.
– Добра, – пагадзіўся лесавік, – давай дзяліцца.
– Я вось прапаную, – пачаў хітраваць вадзянік, – няхай той, хто падыме і аднясе вялікі камень да бліжэйшага скрыжавання дарог, той і будзе гаспадаром Свіслочча.
Паглядзеў лесавік на велізарны валун, што ляжаў на ўзгорку, узважыў яго ў думках, перакаціў грудкі мышцаў і прамовіў:
– Згода.
Кінулі жэрабя, каму першаму выпадзе валун несці. Выпала лесавіку. Аднак як ні прыладжваўся ён, толькі зрушыў камень з месца. Кінуліся на дапамогу лесавіку русалкі, але і яны не здолелі даць рады. Увесь змарнелы, адышоў лесавік у бок.
Узяўся за справу вадзянік. Паклікаў ён кікімар, крахцеў, рыпеў, крычаў, але здолеў узваліць валун на плечы. Ледзь трымаючыся на нагах, разгойдваючыся і хістаючыся, вадзянік рушыў да скрыжавання.
Убачыў гэта лесавік і вачам сваім не паверыў. «То як? – спалохаўся ён. – І ўлада, і багацце дастануцца гэтаму недарэку?! Ды ніколі!» І лесавік падбег да вадзяніка ды паставіў яму падножку.
Паваліўся вадзянік, пакаціўся валун з гары на бераг. Ледзь выратаваўся вадзянік, калі аграмадны камень падмяў яго. Выпусціў ён сваю цяжкую ношу. А лесавік кінуўся ўцякаць і схаваўся ў гушчары.
Пасля доўга кожны сядзеў у сваім куце і пытаўся ў сябе: «Чаго мы біліся? Чаго дзяліліся?»
І сапраўды, чаго?
Пасля тых падзей пайшла ў наваколлі пагалоска, што валун той зрабіўся цудатворным і чарадзейным. Нібыта ён выконваў жаданні, калі шчыра папрасіць аб тым, і, дакрануўшыся да камяня, можна было зрабіцца больш шчаслівым.

ДЗЕД І ВОЛАТ

Крыху больш за сто год назад яшчэ ляжаў той валун на беразе Свіслачы. Побач з ім рос вялікі дуб, што чатыры чалавекі не абхопяць. Побач струменілася невялікая крынічка. Лічылася, што вада з яе лекавала.
Менчукі шанавалі той валун. Называлі яго Дзед альбо Стары. Дуб таксама лічыўся свяшчэнным і зваўся Волатам. Казалі, што і дуб, і крынічка каля камяня з’явіліся пасля таго, як вадзянік і лесавік памірыліся і сталі зноў сябрамі. Так гэта было ці не, хто ведае?
І ўдзень, і ноччу каля камяня гарэў свяшчэнны агонь, што зваўся Жыжаль. Жыхары горада і наваколля прыходзілі на тое месца і маліліся. Гэта было самае старажытнае язычніцкае капішча. Ужо стагоддзі былі ў Менску цэрквы ды касцёлы. Аднак мясцовыя жыхары ўдзень ішлі ў царкву, а ўвечары – да камяня. Шукалі тут людзі паратунку ад няшчасцяў і хваробаў, ад бяздзетнасці і ліхога вока. Ушанаваны былі і камень, і дуб, і агонь, і крынічка. Прыносілі ім ахвяры. Каменнага Дзеда спавівалі палатном, прыносілі яму мёд, малако, віно. Дзяўчаты, якія жадалі выйсці замуж, упрыгожвалі Волата і Дзеда ручнікамі, вытканымі і вышытымі сваімі рукамі.
Непадалёк ад капішча, на вуліцы Лодачнай, жыў яго святар. Ён лекаваў розныя хваробы чалавека і жывёлы, прадказваў лёс, займаўся чарадзействам. За сваю дапамогу святар браў падарункі і ахвяраванні – грошы, свойскіх птушак і жывёл – курачак, авечак, свінняў, розныя прадукты, палатно. Ад хвароб чараўнік лячыў «святой вадою» з крынічкі.
Апошнімі святарамі «малельні каля камяня» былі бацька і сын Севасцеі. Бацька Севасцей, па мянушцы Высокі, аказваў нават своеасаблівую «псіхатэрапеўтычную» дапамогу. У часе Крымскай і Турэцкай войнаў, на якія забіралі і жыхароў горада, Севасцей рабіў абярогі для салдат і для іх жонак, каб абаранілі яны ад смерці на чужыне.
Царква варожа ставілася да капішча. Тым больш, што было яно не ў нейкім глухім кутку далёкай пушчы, а амаль побач з цэнтрам горада. Святары пераконвалі людзей, што вялікі грэх і богаадступніцтва ходзіць да камяня і маліцца там.
Недзе ў пачатку ХХ стагоддзя капішча было знішчана. Згас свяшчэнны агонь, было разбурана вогнішча. Спілавалі дуб і засыпалі крыніцу. Толькі застаўся на тым месцы стары і змрочны валун. Дзесяцігоддзямі самотна ляжаў ён на беразе Свіслачы і пэўна думаў нейкую сваю сумную думу.
Вядомы беларускі навуковец і краязнаўца, геолаг Эрнст Ляўкоў прапаноўваў рэканструяваць капішча на беразе Свіслачы як унікальны помнік славянскага культавага дойлідства. Аднак лёс склаўся інакш. Вялізны камень вывезлі ў Музей валуноў пад адкрытым небам. Там ён знаходзіцца і зараз, усімі забыты і закінуты.

Оставить комментарий