МІРСКІ ЗАМАК: РЭСТАЎРАЦЫЯ ДУХОЎНАЙ СУТНАСЦІ НАЦЫІ

За 500 гадоў існавання ён зведаў перыяды росквіту і занядбання, увабраў гістарычную памяць і становіцца нацыянальным сімвалам Беларусі

З пачаткам адбудовы Мірскага замка наша рэвалюцыйна-сацыялістычная свядомасць была пакалечана: аказалася, палацы, сядзібы, замкі былых багацеяў – наша гісторыя і спадчына. Рэстаўрацыя, якая пачалася ў 1983 годзе, хоць і ціхенька, усё ж ішла і вяртала адначасова нацыянальную свядомасць і гонар. Мяняліся эпохі і гаспадары зам­ка, але ён выжыў.

ГЭТА НЕШТА БОЛЬШАЕ, ЧЫМ ЗАМАК

Сёння, калі рэстаўрацыйныя работы набліжаюцца да нейкага ўмоўнага завяршэння, паўстала і яшчэ не менш важная праблема – музеефікацыя і пераўтварэнне яго ў замкавы комплекс «Мір». Іншымі словамі, гэта праца па напаўненні яго ўнутраным зместам – усе адрэстаўрыраваныя плошчы запоўніць экспанатамі. І калі сёння ніхто не можа дакладна сказаць, колькі мільярдаў рублёў ужо выдаткавана, то ніхто таксама не можа з упэўненасцю сцвярджаць, колькі грошай спатрэбіцца на музеефікацыю комплексу.

Дзмітрый БУБНОЎСКІ, навуковы кіраўнік, ацэньваючы яго архітэктурную вар­тасць, сказаў, што ён увабраў у сябе рысы готыкі, барока, ампіру, рамантызму ў залежнасці ад часу і гаспадароў. І рэстаўратарам трэба было прайсці ўсё гэта сваімі ўласнымі рукамі. Змяняючы архітэктурнае аблічча, сцвярджае навукоўца, замак мяняў і рысы свайго характару – быў ваяром, вучоным, рэлігійным фанатыкам і нават імператарам. Увесь гэты змест трэба зберагчы і данесці праз напаўненне экспанатамі ў працэсе музеефікацыі.

КАНЦЭПЦЫЯ МУЗЕЕФІКАЦЫІ

Сёння нельга дакладна сказаць, якая плошча будзе адведзена пад музейныя пакоі. Па словах Ігара ЛОЖАЧНІКА, загадчыка сектара па навуковай працы філіяла Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі, «Замкавы комплекс «Мір», гэта першы вопыт музеефікацыі такога маштабнага аб’екта.

Падчас архітэктурнай рэканструкцыі замка навукоўцы раз на год ладзілі выязныя калегіі Міністэрства культуры, каб абмяркоўваць і ўдакладняць канцэпцыю музеефікацыі комплексу. Зыходзяць заўсёды з таго, што гэта унікальны помнік архітэктуры ХV-ХХ стагоддзяў і гісторыя яго – гісторыя падзей на тэрыторыі Беларусі.

Адсюль навукоўцы вызначылі два галоўныя напрамкі ў справе паказу гэтага гістарычнага помніка. Па-першае, аповяд аб самім замку, яго гаспадарах і архітэктуры. Па-другое, стварэнне экспазіцыі ў 4-х з 5 вежаў, а таксама ў Паўночным палацы. Ад сутарэнняў да мансарды ў ім будуць музейныя плошчы з адноўленымі інтэр’ерамі асобных пакояў. Тут размесціцца і канферэнц-зала.

Будучыя экспазіцыі будуць запаўняцца як са збораў Нацыянальнага мастацкага музея, так і з калекцый іншых музеяў рэспублікі, каб менавіта ў Міры сканцэнтраваць уяўленне аб побыце беларусаў на працягу 5 стагоддзяў. Задача складаная з-за сівізны існавання Мірскага замка і розных гістарычных катаклізмаў. Спадзяюцца навукоўцы і на дапамогу з замежжа.

Будуць рэстаўрыравацца асобныя прадметы, а таксама вырабляцца копіі па гістарычных аналагах мастакамі-рэстаўратарамі Беларусі і нікім больш. Гэта жывапіс, тканіны, мэбля, зброя, печы, каміны, дзверы, лесвіцы, поручні з балясінамі, касцюмы і ўсё астатняе з паўсядзённага побыту замка і яго насельнікаў.

А для арганізацыі выстаў часовых і з іншых музеяў і краін прадугледжаны 9 залаў розных памераў у Паўночным і Ўсходнім палацах.
Прадугледжана і тое, без чаго не абыходзіцца сёння турыстычны бізнес – гатэль і рэстаран. Апошні будзе знаходзіцца ў сутарэннях, ужо ідуць работы.

У замку асобныя аб`екты ўжо вернуты да жыцця. Практычна гатовая да агляду экскурсій капліца-пахавальня Святаполк-Мірскіх з працягнутым да неба звонам. Запоўніцца іканастасам з цягам часу і сама пахавальня. Але не ўсё адразу, і колькі будзе існаваць комплекс «Мір» – столькі ён будзе нечым папаўняцца, будуць набываць, рамантаваць, перабудоўваць.

«ФІШКІ» ЗАМКА – АСТРОГ І ЛЕГЕНДЫ

Для замацавання ўражання ад наведвання замкавага комплексу, Ігар вядзе мяне ў незвычайны для музея пакой – астрог з наборам усіх прылад катавання: кайданкамі, калодкамі, бізунамі. Ёсць тут каменны ложак. Наведвальнікі тут доўга не затрымліваюцца, спяшаюцца пакінуць пакойчык як мага хутчэй.

Затое з задавальненнем слухаюць легенды, якія складаюць пра кожнае старажытнае збудаванне. Напрыклад, колькі будзе захоўвацца каменная выява галавы барана, умураванай у паўднёвую абарончую сцяну, да таго часу стаяць будзе і Мірскі замак. Дзмітрый Бубноўскі наконт галавы сцвярджае, што гэта адна з паганскіх традыцый і паганскай сімволікі ў архітэктурным абліччы замка.

А другая легенда нарадзілася напрыканцы ХІХ стагоддзя, калі замак быў набыты ў князёў Шылінгфюрстаў князем Святаполк-Мірскім. Апошні не меў ніякіх адносін да Міра, аднак таксама пачаў перабудоўваць яго і ваколіцы. З поўдня на месцы страчанага каскаду вадаёмаў, зробленых Радзівіламі, быў выкапаны адзін вялікі стаў. І пасаджаны раней яблыневы сад прыйшлося выкарчаваць, якраз у перыяд цвіцення. І з таго часу кожны год стаў за гэта бярэ тапельцаў, быццам помсціць за дрэвы. Як гавораць гісторыкі, першым тапельцам якраз быў сам стары князь, які атрымаў сонечны ўдар і памёр падчас запаўнення ставу. Той жа Дзмітрый Бубноўскі параўноўвае замак з яблынькай, якая расла, развівалася і ў перыяд сацыялізму нагадвала дрэва з засохшай кронай. Ці адродзіцца яно да жыцця – ужо няма сумневу. І сёння яблынька нагадвае моцнае дрэва, якое вось-вось пачне пладаносіць.

Оставить комментарий