БЕЛАРУСЬ ПАД АРЛОВЫМІ КРЫЛАМІ

Яго вочы-вуголлі выхопліваюць чалавека і імгненна сканіруюць. Разумна ўсміхаюцца, крышку стомленыя, але хутка ажываюць і горача загараюцца. Сёння Ўладзімір Арлоў – гісторык-пісьменнік краіны, каго найбольш чытаюць. Пра яго шмат пішуць як пра моцнага аўтара з нацыянальна-патрыятычнай пазіцыяй. Не ў кожнага яна такая выразная, хіба што ў Караткевіча. Арлоў прываблівае сваім пратэстам супраць афіцыйнага погляду на мінуўшчыну, ён сімпатычны многім суайчыннікам нават з таго боку ўмоўнай беларускай мяжы.
У спісе лепшых кніг беларускіх аўтараў апошняга часу яго аповесці і раманы пра слынных нашых продкаў, зборнікі паэзіі і прозы.

– Спадар Уладзімір, вясна прыйшла, ці нараджаюцца нейкія асабістыя асацыяцыі з яе прыходам?
– Вясновы наступ звязаны з дзіцячымі ўспамінамі. 1 сакавіка мая матуля заўсёды пякла булачкі з разынкамі. Я любіў выкалупліваць гэтыя «вочкі», была асалода ад парушанай забароны, да таго ж было вельмі смачна.

– Што яшчэ любіце, акрамя разынак?
– Яшчэ падарожжы, таму што гэта заўсёды параўнанне з тым, дзе жывеш. Пасля іх добра пішуцца эсэ і ўвогуле кнігі.

– У 1990 годзе ў адным са сваіх эсэ вы вызначылі, што такое незалежнасць. Мы ўжо падыйшлі да яе?
– Сапраўды, 17 гадоў таму я публіцыстычна сфармуляваў, што такое незалежнасць па-беларуску. Галоўнае, мы сталі незалежнай краінай у адносінах да іншых дзяржаў. Да свабоды кожнага беларуса трэба яшчэ ісці і ісці.

– Гавораць, як толькі кніга выходзіць у свет, у яе пачынаецца самастойнае жыццё. Гэта так?
– Абсалютна. І каб не быць галаслоўным, раскажу вось якую гісторыю. У 1996 годзе быў спынены выхад у выдавецтве «Беларусь» кнігі «Адкуль наш род» (пазней выйшла ў ВЦ «Бацькаўшчына»). Аднак частка накладу трапіла ў кнігарні і прадавалася. І вось у адну з такіх заходзяць людзі ў цывільным і пытаюцца, ці можна набыць «Адкуль наш род». Загадчыца зніякавела, зразумеўшы, што гэта за людзі, і нешта шчабятала ў апраўданне, чаму яна ёсць у яе кнігарні. Аднак нечакана яны выкупілі некалькі дзесяткаў экземпляраў і, як потым аказалася, кнігай заахвочвалі пераможцаў школьных алімпіяд. Разумееце, дзяржава амаль забараняе выхад, а потым гэтай забароненай кнігай ганаруе лепшых школьнікаў Беларусі. Праўда, цікавая сітуацыя?

– Калі б заўтра абвясцілі канец свету, што б вы рабілі?
– Памчаўся бы ў Полацк, лёг каля Сафійскага сабору і глядзеў бы у неба, пакуль гэты канец не наступіць.

– Усіх шчырых беларусаў хвалюе лёс крыжа Еўфрасінні Полацкай. Ці ёсць надзея вярнуць яго – гэта ж старажытны талісман краіны?
– Вядома, што падчас вайны крыж разам з іншымі каштоўнасцямі Беларусі быў вывезены ў Маскву. Там, на Вераб’ёвых гарах, былы першы сакратар ЦК КПБ Панамарэнка перадаў гэтыя рэліквіі на захаванне. Пасля іх шукалі многія, аднак дабрацца так і не змаглі. На жаль, у Беларусі застаўся толькі 1 працэнт нашых гістарычных каштоўнасцяў, усё астатняе раскідана па свеце. Каб вярнуць іх, трэба падпісваць адпаведныя пагадненні і весці перамовы на самым высокім узроўні. Мяркую, у наш час гэта зрабіць пакуль немагчыма.

– Ваш бацька быў пракурорам. Ці ўзнікалі паміж вамі нейкія непаразуменні?
– Разумееце, бацька, як і маці, марылі, каб я стаў хірургам. І дзеля гэтага, каб атрымаць накіраванне для паступлення ў медыцынскую вучэльню, было выпіта нямала каньяку з адпаведнымі людзьмі. Аднак я пайшоў на гістарычны факультэт БДУ. Але бяда не ў гэтым, а ў тым, што я не паспеў пагаварыць з бацькам як дарослы з дарослым. І, на жаль, ён не пабачыў ні маіх гістарычных, ні літаратурных твораў. Вось аб чым вельмі шкадую. Да слёз.

– А з КПСС якія былі сувязі?
– У КПСС я ўступіў, але не быў камуністам. Справа ў тым, што ў той час працаваў у газеце і, каб там утрымацца, на нешта спадзявацца, членам трэба было быць. На той час гэта была форма выжывання. А потым быў выключаны з цікавай фармулёўкай: «… за адыход ад генеральнай лініі партыі».

– А потым сталі актыўным сябрам Народнага Фронту?
– Я і цяпер застаюся сябрам сойму БНФ. Я мог пайсці ў палітыку і балатавацца ў той гістарычны Вярхоўны Савет XII склікання. Аднак голас Божы папярэдзіў, што за пісьмовым сталом зраблю значна больш дзеля дэмакратычных пераменаў і адраджэння Бацькаўшчыны.

– Напрыканцы 90-х гадоў вы былі ў Гародні з Сокалам-Воюшам. І тады, падчас сустрэчы, ён гаварыў, што ніколі не з’едзе з Беларусі. З’ехаў…
– Сёння ў мяне з ім не сяброўскія адносіны. Сустракаемся калі-нікалі. Яму хутка споўніцца 50 год, і, магчыма, у яго яшчэ ёсць шанец вярнуцца на радзіму.

– А каго з сяброў вам не дастае?
– Вельмі шкада тых, каго ўжо не вернеш. Перш Міколу Ермаловіча. Разумееце, людзей такога таленту і палёту дзяржава павінна аберагаць і ствараць спрыяльныя ўмовы для працы. У апошні час Мікола дрэнна бачыў, і, калі пераходзіў вуліцу, яго збіла таксоўка.

– А Анатоль Сыс?
– Мае першыя сустрэчы з ім былі напоўненыя святлом. Мае апошнія сустрэчы – горкія. Калі былі ўгодкі з дня смерці Васіля Быкава, мы з ім вельмі сур’ёзна пасварыліся. Але гэта ніякім чынам не ўплывае на маё меркаванне, што Анатоль быў выдатны паэт.

– Вы талерантны чалавек?
– Напэўна. Я не адмаўляюся выступаць ні перад католікамі, ні перад праваслаўнымі. Хоць апошнія мяне рэдка запрашаюць. Сам я грэка-католік, але, па шчырасці, не вельмі верны вернік.

– Вашы кнігі выдадзены на 25 мовах свету. На многіх прэзентацыях прысутнічалі самі. Скажыце, можна праілюстраваць адносіны да літаратараў у Беларусі і за мяжой?
– А вы бачылі хоць раз, калі на прэзентацыі пісьменніцкіх твораў прысутнічалі беларускія міністры, напрыклад, культуры ці адукацыі? Там гэта чыноўнікамі ўспрымаецца за гонар і ўвогуле гаворыць аб інтэлекце чалавека.

– А над чым працуеце, што чытаеце?
– Па-ранейшаму праглядваю шмат архіўных матэрыялаў. З мастацкай літаратуры захапіўся кнігай чэшскага пісьменніка Антаніна Баяя «Зваўчэнне». Раю яе набыць. Цяпер працую над кнігай «Імёны свабоды». Там будзе 250 эсэ пра нашых слынных суйчыннікаў з часоў Касцюшкі. Будзе працяг кнігі «Краіна Беларусь». Выйдзе чарговая серыя аб Вялікім княстве Літоўскім.

– Наколькі сёння даследавана мінуўшчына, каб, напрыклад, заўтра скласці кнігу «Гісторыя Беларусі» і каб гэта была сапраўдная, поўная гісторыя?
– Такая магчымасць ёсць, і гэта засведчыў «Нарысамі гісторыі Беларусі» Генадзь Сагановіч. А сённяшнюю гісторыю падняў Захар Шыбека.

– Вы неяк сказалі, што ў вас 1/16 частка цыганскай крыві. Вельмі дакладнае вызначэнне – ні больш, ні менш. А чаму не восьмая частка?
– А я адлік вёў ад прабабулі. Значыць, у маіх дзяцей яе значна менш засталося.

– Жанчыны ў вашым жыцці садзейнічалі росквіту таленту ці замаруджвалі? Ведаю, што ваша жонка – паэтка Валянціна Аксак. Як два паэты ўжываюцца ў адным доме?
– Цяжка. Гавораць, што калі муза прыходзіць да аднаго, то забываецца пра другога. З паэтычнага боку гледжання мы павінны даўно разысціся, але, дзякуй Богу, пакуль разам, жывём памаленьку. Музе ўвогуле прыходзіцца пацець у нашым доме, таму што і мае два сыны – людзі творчыя. Раман – саліст і аўтар песень ансамбля «J-Mopc», а малодшы Багдан, закончыўшы іспанскі факультэт лінгвістычнага універсітэта, займаецца перакладамі і журналістыкай. У яго ўжо ёсць пераклады Маркеса, плануе дабрацца да Дон-Кіхота. Так што, калі муза завітае і да вас, спытайце, як ёй там у Арловых?

– Абавязкова спытаю пры сустрэчы, хоць і ведаю, што не соладка прыходзіцца. Тым не менш любіць яна Арловых. Дарэчы, спадар Уладзімір, вы задаволены, як пражылі гады?
– Калі б быў незадаволены, то, відаць, займаўся б іншай справай. Безумоўна, не ўсё здзяйсняецца, як задумваеш, ды і цалкам шчаслівыя, як ведаеце, бываюць толькі ідыёты.

– Як вы лічыце, я магу лічыць, што зразумеў вас?
– Каб зразумець пісьменніка, трэба яшчэ чытаць яго творы. Для адносна поўнага разумення мяне раю пачытаць хоць «Сланы Ганібала», «Паром праз Ляманш», «Ордэн Белай Мышы»…

ДАВЕДКА «ЭН»

Уладзімір Арлоў, аўтар кніг «Еўфрасіння Полацкая» і «Рандэву на манеўрах», гістарычнага эсэ «У пошуках украдзенага скарбу», засведчыў сваю адданасць ісціне пра мінулае беларусаў яшчэ на пачатку 80-х гг., калі ў мясцовым і тагачасным саюзным друку публікаваў артыкулы, у якіх рэзка крытычна адгукаўся на 5-томную акадэмічную «Гісторыю БССР» і аднайменны школьны падручнік, называючы прама асноўную іх загану – свядомую фальсіфікацыю мінулага ва ўгоду афіцыйнай гістарыяграфіі. У заснаванай на дакументальных фактах гісторыі першага вядомага Еўропе беларускага горада Полацка, сталіцы Полацкага княства, у якім жыла ў той час патранеса і заступніца Беларусі Еўфрасіння Полацкая, Арлоў выступае як майстар празаічнага слова, а ў апавяданнях і аповесцях – як строгі вучоны-прафесіянал, які ведае цану першакрыніцам і ўмее іх разглядаць на шырокім фоне мінулага і сучаснасці.

Оставить комментарий