ВОЛЬГА ІПАТАВА: Новае пакаленне пачало выхоўвацца на сурагатнай літаратуры

Яна хацела стаць акцёркай. Гледзячы на яе выступы перад аудыторыяй, думаў аб тым, што, можа, і не прагадала б. Але Алесь Карпюк, прачытаўшы некалькі вершаў школьніцы, параіў філалагічны факультэт БДУ. Паслухалася, паехала і паступіла. Першы зборнік «Раніца» зноў-такі прымусіў скласці Алесь Карпюк – знакаміты гарадзенскі празаік. І з таго часу, з 1969-га, амаль кожны год з-пад пяра Вольгі Іпатавай з’яўляецца нешта новае.

У апошні час актыўна распрацоўвае гістарычную тэму. Ефрасіння Полацкая, княгіня Елізавета Астрожская, Святаслава, Давыд Гарадзенскі, князь Альгерд – няпоўны пералік яе гістарычных герояў. Над трылогіяй «Альгердавы дзіды» працавала 5 гадоў, з’ехаўшы ад свету на хутар.

І вось яна ў горадзе свайго юнацтва – Гародне, які вельмі любіць, таму і расказвае…

– Вольга Міхайлаўна, у аповесці «Апошнія ахвяры свяшчэннага дуба», якая нядаўна пабачыла свет, вы расказваеце пра трох пакутнікаў за хрысці-янскую веру Кунца, Кругляца і Няжылу – прыдворных князя ВКЛ Альгерда. Яны маглі сказаць «так», адмовіўшыся ад хрысціянскай веры на карысць паганскай, але вымавілі «не», зрабіўшы свой выбар. Кожны з нас на працягу жыцця пастаянна выбірае паміж «так» і «не», паміж чалавекам і нявольнікам. А ў вас такіх ключавых момантаў шмат было?
– Я не выключэнне. І мне, можа, часцей чым каму прыхо-дзілася выбіраць. Пастаянна, асабліва пасля смерці маці, калі ў 11-гадовым узросце прыехала ў Гродна. Не ведала горада, не ведала нікога і ў дзіцячым доме. Тады трэба было выбіраць, як жыць і як вучыцца. А скончыўшы школу, паўстаў іншы выбар: пайсці вучыцца ці працаваць? Мне пасля школы выдалі 10 рублёў, адзін камплект бялізны – з імі і паехала паступаць у БДУ. Дапамагалі гродзенцы Васіль Быкаў, Данута Бічэль, таму што да таго часу друкавалася са сваімі вершамі. І, безумоўна, Алесь Карпюк. З іх я брала прыклад мужнасці. Іх уплыў застаўся на ўсё жыццё. А ў 1973 годзе мне ў ліку 5 маладых аўтараў павінны былі ўручаць грамату ЦК ВЛКСМ. Папярэдне дамовіліся, што ўсе адмовімся ў знак пратесту прыгнечання роднай мовы. Выклікаюць першай мяне – я гавару, што не хачу прымаць узнагароду, бо існуе русіфікацыя па ўсіх напрамках беларускага жыцця. Што тут пачалося! Гэта ж росквіт сацыялізму быў. Выклікаюць астатніх – а тыя… ўзялі. У Гродне пачаўся пераслед, але гродзенскія пісьменнікі мяне баранілі. І на працы на тэлебачанні ўдалося затрымацца, таму што супрацоўнікі прагаласавалі супраць звальнення. Але ў Саюз пісьменнікаў мяне не прымалі.
А нядаўні падзел Саюза, дзе вырашалася пытанне быць пісьменнікам ці рабом, – хіба не выбар? Ой, колькі іх было!… А сёння мне лёгка, таму што жыла і жыву па сумленні.

– Вы з такой любоўю гаворыце аб тым пакаленні пісьменнікаў…
– Дык гэта ж сапраўды былі вялікія людзі, не тое што некаторыя цяперашнія пісьменнікі. Калі пераехала ў Мінск, трэба было ўладкоўвацца на працу. Але пасля таго скандалу ў ЦК ВЛКСМ мяне, безумоўна, нікуды не ўзялі б. А Барадулін прыдумаў падман. Пайшлі да тагачаснага галоўнага ідэолага Савелія Паўлава, і Барадулін паскардзіўся, што мяне не бяруць на ТБ таму, што я руская. А па пашпарце запісана сапраўды так. І Паўлаў, вялікі інтэрнацыяналіст, пачаў крычаць, як гэта нацыянальнасць можа перашкаджаць уладкаванню! І адразу напісаў, каб тэрмінова прынялі на працу.

– Вы сябе самі лічыце паэткай ці празаікам?
– Ведаеце, вершы пішуць сёння чалавек 300, а пра Вялікае княства Літоўскае ўсяго некалькі чалавек. Хіба Дайнека, Тарасаў… А я столькі сіл і часу аддала гістарычнай прозе.

– А калі адчулі гэтую сілу празаіка?
– У маім жыцці шмат сімвалічнага. Нарадзілася літаральна каля сценаў Мірскага замка ў 1945 годзе якраз у Дзень Перамогі. І вось аднойчы паехала ў Каунас, каб купіць сабе больш-менш прыстойны абутак. Зайшла ў адну лаўку, а там на століку ляжала кніга Ластоўскага. Разгарнула яе і якраз на матэрыяле пра Ефрасінню Полацкую. Мне трэба было выбіраць: купіць кнігу ці абутак. Выбрала кнігу, але тады дала сабе слова, што абавязкова напішу нешта пра Ефрасінню. Напісала аповесць «Прадыслава».

– Што больш за ўсё хвалюе ў сённяшнім жыцці?
– Ведаеце, той падзел у Саюзе пісьменнікаў некалі скончыцца і ўсё стане на свае месцы. Мяне ж больш хвалюе, што па загаду Міністэрства адукацыі са школьных праграм выкідваецца ўсё лепшае з беларускай паэзіі і прозы. І мы вырашылі адстойваць таленавітае праз суд, таму што падрастаючае пакаленне пачало выхоўвацца на сурагатнай літаратуры.

– А пераслед тых, хто не згорбіўся, працягваецца?
– Працягваецца. Мы ўсе, па гэты, нацыянальны бок беларускай літаратуры, знаходзімся пад забаронай. Існуе нават спецыяльны спіс сяброў, каму забаронена выступаць у школах і ВНУ. У тым спісе і я. Але анекдатычная, абсурдная забарона ў тым, што выступленне пісьменнікаў нашага Саюзу магчыма ў выпадку дазволу з іхняга боку. Разумееце, гэта юрыдычны прэцэдэнт, таму што адна грамадская арганізацыя не можа забараніць выступ другой арганізацыі. А ў Беларусі, аказваецца, можа. Мы таксама будзем абскарджваць гэты ідыятызм у судзе.

– Спадарыня Вольга, і ўсё ж склалася ўражанне, што пісьменнікі не вельмі рашуча адстойваюць свае правы.
– Можа, і сапраўды ў нас не вельмі актыўная форма пратэсту, не зусім заўважная, аднак гаварыць, што склалі рукі, не вельмі правільна. Мы змагаемся выступамі, творамі, сустрэчамі з чытачамі.

– Ці прадстаўлена беларуская літаратура за мяжой?
– У Берліне ў шэрагу дзён літаратуры пастсавецкіх рэспублік мы заўсёды прысутнічаем. Выйшлі пераклады маіх твораў у Балгарыі, часта перакладаюць замежныя аўтары Сяргея Законнікава. Палякі перакладаюць актыўна Арлова.

– Дзе сёння можа надрукавацца нацыянальная літаратара?
– На вялікі жаль, толькі ў часопісе «Дзеяслоў». Што тычыцца выдання кніг, то сёння напісаць кнігу лягчэй, чым выдаць. Патрэбны немалыя грошы.

– Шмат хто з літаратараў цяпер піша на рускай мове. Яны беларускія пісьменнікі ці рускія?
– Ведаеце, для мяне галоўнае – таленавітасць твора. Аднак, напэўна, трэба разважаць так: пішаш па-руску – рускі пісьменнік. І наадварот. Хоць у гэтым вызначэнні шмат недадакладнасцяў. Але лепш, калі б беларусы пісалі на роднай мове.

– Спадарыня Вольга, што будзе з Беларуссю?
– Усё будзе добра. Сёння час ужо працуе на нас.