«…РУЧАЮСЯ, ШТО Ў ЧЫТАЧА НЕ ЗЛІПНУЦЦА ВЕЙКІ»

Выйшла кніга невядомых аповесцяў Васіля Быкава

У бібліятэчцы часопіса «Дзеяслоў» выйшла новая кніга Васіля Быкава «Бліндаж». Упершыню пад адной вокладкай змясціліся два творы пісьменніка, быкаўскаму чытачу практычна невядомыя: аповесць 1957 года «Апошні баец» і пачаты ў 1987 годзе, але незавершаны «Бліндаж».

Што датычыцца «Бліндажу», дык гісторыя яго стварэння практычна невядомая. 77 старонак машынапісу і некалькі старонак уставак і планаў-накідаў былі знойдзены ў хатнім архіве пісьменніка нядаўна. Мяркуючы па запісах Васіля Быкава, над завяршэннем гэтай аповесці ён думаў нават у апошні год свайго жыцця. Але «Бліндаж», на жаль, застаўся няскончаным…

Іншая справа – з «Апошнім байцом». Гэта ранні Быкаў, настолькі ранні, што сам ён адлік сваіх аповесцяў вёў з наступнага па часе напісання «Жураўлінага крыку» (1959). «Апошняга байца» Быкаў, які ў той час працаваў у сакратарыяце «Гродненской правды» ў якасці стыль-рэдактара, напісаў у 1957 годзе падчас знаходжання ў Доме адпачынку ў Ждановічах (пасля бальніцы, куды трапіў з прыступам апендыцыту). Але, як пажартаваў адзін гумарыст, пісьменнік атрымлівае грошы не за тое, што ён напісаў, а за тое, з якімі цяжкасцямі гэта надрукаваў. У выпадку з «Апошнім байцом» гэта абсалютная праўда. Захаваліся лісты Васіля Быкава канца 50-х гадоў да паэткі Еўдакіі Лось, якія таксама сталі знаходкай апошняга часу (зараз яны захоўваюцца ў Беларускім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва). Па іх і можна адсачыць, з якой цяжкасцю пачынаючы пісьменнік спрабаваў увайсці ў літаратуру.

Да прыкладу, 24 кастрычніка 1957 года Быкаў пісаў Еўдакіі Лось: «За вясну і лета напісаў я свайго «Апошняга байца» і ўжо 3 м[еся]ца, як гэтая аповесць ляжыць у «Маладосці», і тыя кавалеры яшчэ не сабраліся (як мне вядома з размоў з Макалём) прачытаць яе. […] ...«Апошні баец», дзе вельмі сур’ёзныя падзеі і нявыдуманыя вобразы. Можа, там і не ўсё добра зроблена, але зроблена, далібог, шчыра і нават з захапленнем. Не ведаю, як да гэтых твораў аднеслася-б крытыка, але ручаюся, што ў чытача не зліпнуцца вейкі». 10 снежня: «Трыклятую аповесць сваю я ўжо здаў на пошту, хай цяпер пакутуе ці радуецца Науменка, чытаючы тыя мудрагельствы, а я часам думаю, ці не лепш было-б, каб яна згубілася дзе на пошце». На пачатку 1958-га: «А тую заклятую аповесць паслаў у «Чырвонку». Ну, але гэта дарма. Паслаў і пакаяўся: нічога з ёй там не атрымаецца. Задужа вялікая яна для газеты, ды й тэма старасвецкая».

«Апошні баец» будзе надрукаваны ў «Чырвонай змене» вясной 1958 года. З гэтай нагоды Быкаў напіша Е.Лось: «Цяпер у «Чырвонцы» чытаю сваю аповесць і адчуваю вялікую няёмкасць перад таварышамі, мінскімі пісьменнікамі, трохі – перад чытачамі. Неяк яна інакш выглядала ў маім уяўленні, на старонках майго рукапісу, а тут з газетных палос здаецца чужой, шэрай і нецікавай. Праўда, добра скарацілі яе, павыкідалі ўсю філасофію, псіхалогію і нават лірыку, пакінулі адну толькі сюжэтную дынамічную баразну, але ўсё роўна і яна нейкая ўшчэрбная, бедная, слабая. Недзе ўсярэдзіне былі ў мяне два раздзелы з жанчынай, – казаў Науменка, што гэта самыя лепшыя мясціны аповесці, – але Маркевіч запярэчыў супраць гэтых лірычна-інтымных матываў, – давялося зняць. Цяпер адзін толькі патрыятызм, гераізм, пакуты і імкненне на ўсход».

«Апошні баец» планаваўся да выдання ў 1960 годзе ў першай быкаўскай кнізе, і што цікава, аўтар закрытай выдавецкай рэцэнзіі Васіль Бурносаў (пра якога хадзіла эпіграма: «Для разносаў і даносаў ёсць у нас Васіль Бурносаў») станоўча адазваўся аб гэтым творы – пісаў літаральна наступнае: «Аб вялікай карысці выдання аповесці «Апошні баец» не можа быць і сумнення. Такія творы патрэбны нашаму чытачу, асабліва карысны яны для моладзі» (заўважым, што гэтая рэцэнзія – яшчэ адна знаходка нашага часу). Але, напісаўшы «Жураўліны крык», Васіль Быкаў аддасць перавагу менавіта гэтай аповесці – публікацыя «Апошняга байца» ў «Чырвонай змене» будзе першай і апошняй публікацыяй пры жыцці аўтара. І нездарма – ужо ў 1965 годзе Васіль Уладзіміравіч так ацэніць свой твор: «…гэта вельмі кепская аповесць. Выдуманая. Пасля яе я зразумеў, што пра вайну выдумваць нельга, таму што нельга хлусіць. Вайна вельмі сур’ёзная для гэтага справа», – напіша ён у лісце да крытыка Васіля Бурана.

Між тым, і няскончаны «Бліндаж», і недасканалы «Апошні баец» – усё гэта факты быкаўскай творчасці, факты беларускай літаратуры. І, мабыць, рукапісы сапраўды не гараць – проста павінен прайсці пэўны час, каб яны ўбачылі вялікі свет.

Оставить комментарий