ПАЭТЫЧНЫ ЦЕНЬ БАРАДУЛІНА

За тры месяцы гродненскі перакладчык Іван БУРЛЫКА пераклаў значную частку кнігі паэзіі «Ксты» Рыгора Барадуліна. Кніга вылучаная на Нобелеўскую прэмію ў галіне літаратуры

Праз два гады Івану Бурлыку будзе 50 год. На працягу ўсяго жыцця ён нібы збіраў сябе па словах і значэннях, узбагачаючы і падвышаючы прафесіянальны статут. Іван Бурлыка доказ таго, што сёння на Беларусі ёсць чалавек, які можа перакладаць паэзію з роднай мовы на англійскую, не паніжаючы годнасці паэзіі, не губляючы яе метафарычнасці, выкарыстоўваючы жывое англійскае слова.

– Іван Рыгоравіч, дазвольце спачатку павіншаваць з дасканалай працай над перакладам барадулінскай паэзіі. Здаецца, перад вамі здымаюць капялюш айчынныя і замежныя перакладчыкі?
– Вялікі дзякуй. І мне, і ўсім, каму давялося працаваць над кнігай «Ксты», прыемна ўсведамляць, што Нобелеўскі камітэт адчуў усю глыбіню паэзіі беларуса. Няхай і без прысуджэння ўзнагароды. На гэтае меркаванне маю права пасля таго, як мае сябры-калегі з Амерыкі і Англіі, якія працуюць у Беларусі, пасля кожнага прачытанага верша задумваліся, пранікаліся і асэнсоўвалі глыбіню вершаў.

– А замежным перакладчыкам не прапаноўвалі ўзяцца за «Ксты»?
– Наколькі вядома, прапаноўвалі. Але на працу адводзілася крышку больш за тры месяцы – тэрмін, на які ніводны разумны чалавек не пагадзіўся б. Перакладаць павінен носьбіт мовы аўтара. Інакш гэта будзе звычайны набор фраз, сцэментаваных рыфмай. У такім разе згубіўся б метафарычны пах барадулінскіх радкоў. Уявіце, што атрымалася б, калі слова «скапыціўся» пераклалі як амерыканцы – «спатыкнуўся». У беларусаў гэта азначае «аддаў Богу душу».

– Дарэчы, ксты – гэта…?
– …пальцы, складзеныя для жагнання. Цяпер разумею, што паэзія – гэта стан душы, як перад маленнем.

– У такім разе, Іван Рыгоравіч, як пачыналася гэтая сцяжынка да Нобелеўскага камітэта?
– Першапачатковая ідэя з’явілася ў Алы Сакалоўскай, якая не адзін год даследуе творчасць Барадуліна. Гэта яна вырашыла сабраць лепшыя філасофскія і духоўныя вершы ў адзін зборнік. Ідэю падхапіў пробашч касцёла Святых Сымона і Алены ў Мінску Ўладзіслаў Завальнюк. У чэрвені 2005 года кніга ўбачыла свет. А затым нарадзілася ідэя – вылучыць «Ксты» на атрыманне Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры.

– Але патрэбен быў перакладчык?
– Так, таму што правілы прадстаўлення на прэмію патрабуюць тэкстаў на мове аўтара і адной з міжнародных моў. Абралі англійскую як адну з найбольш распаўсюджаных у свеце.

– Як пачыналася ваша праца над перакладам?
– Я не ведаў яшчэ Барадуліна як чалавека, таму чытаў некалькі дзён і начэй запар вершы, каб адчуць пульс ягонай паэзіі і жыцця. За гэтыя тры месяцы я ператварыўся ў летуценніка, нагадваў цень Барадуліна, быў яго паэтычным двайніком. Гэта была фізічная, псіхалагічная, разумовая канцэнтрацыя майго патэнцыялу. І я дзівіўся чалавечым магчымасцям: прачытваў верш, і ён аўтаматычна нараджаўся на англійскай мове. Я баяўся такой імклівасці, адкладваў яго, баючыся недасканаласці. Праз некалькі дзён вяртаўся, перачытваў і аказвалася, што лепш перакласці нельга. Бог дапамагаў – так цяпер лічу.

– На ваш погляд, пры перакладзе не згубіўся Барадулін?
– Здаецца, не. Разумееце, нават калі беларус будзе пераказваць прачытаны верш, то гэта ўжо будзе нейкая страта аўтарскай думкі. А што казаць, калі ідзе пераклад на англійскую? Іншымі словамі, страты будуць прысутнічаць заўсёды, аднак мне гаварылі іншыя, што Барадулін прысутнічае ў кожным радку. Пісьменнік Сакрат Яновіч неяк вынес прысуд перакладу: «Гэта пацалунак праз шыбу».

– Які ён, Барадулін у вершах?
– Калючы. У яго своеасаблівая паэтычная амплітуда: спачатку выбух, а потым яго тлумачэнне. Ці наадварот. Карацей – віртуоз вершаскладання.

– Што было цяжэй у працы?
– Перадаць метафарычнасць, злавіць сэнс. У Барадуліна такая глыбіня, што прыходзілася ўдакладняць іншы раз, на якім слове трэба зрабіць акцэнт. Акрамя таго, ён новатворца. Сэнс некаторых слоў быў незразумелы нават мне.

– Падчас вылучэння твора ў Нобелеўскі камітэт афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі замоўчвалі гэтую падзею…
– Гэта гаворыць аб прыярытэтах краіны. Можа таму, што ініцыятыва зыходзіла не зверху. Але ёсць Барадулін, і ўжо ёсць Нобелеўскі камітэт – гэтага ўжо не замоўчыш. Дарэчы не ўсё яшчэ згублена. «Ксты» у ліку шасці фаварытаў у галіне літаратуры, так што ёсць рэальная надзея, што Барадулін можа стаць лаўрэатам. І гэта будзе прызнаннем свабоды творчасці і годнасці беларускай літаратуры.

З РАЗМОВЫ З РЫГОРАМ БАРАДУЛІНЫМ:

– Спадар Барадулін, вы – Рыгор Іванавіч, а перакладчык «Кстоў» Іван Рыгоравіч. Гучыць як бацька і сын…
– А ён і ёсць дзіця маёй паэзіі. Справа вось у чым. Разумееце, мне здаецца, што Ваня пасля гэтай працы пазнаў свае магчымасці ў галіне перакладу. І самае галоўнае, яму ўдалося адчуць бязмежжа чалавечых здольнасцяў. Пасля гэтай працы ён стаў вельмі моцным чалавекам. Упэўненым.

– Разумею, што цяжка вам меркаваць пра якасць перакладу, але ж уражанне засталося?
(Барадулін замест адказу ўзняў вялікі палец).

ДАВЕДКА «ЭН»

Акрамя англійскай мовы Іван Бурлыка валодае нямецкай, в’етнамскай, польскай, літоўскай. Нарадзіўся на Навагрудчыне. Цяпер працуе ў Інстытуце паслядыпломнай адукацыі загадчыкам кафедры замежных моў, займаецца перакладамі навуковай літаратуры, паэзіі, рэгулярна выдае і ўдасканальвае дапаможнікі па паскораным навучанні англійскай мовы для дарослых.

Оставить комментарий