ВЫБУХ ПАЭЗІІ АД БАРАДУЛIНА

У Гародні адбылася прэзентацыя кнігі Рыгора Барадуліна «Ксты», вылучанай на атрыманне Нобелеўскай прэміі ў галіне літаратуры. Такім, як Барадулін, не трэба вялікіх залаў, каб наладзіць прэзентацыю кнігі паэзіі. Хоць афіцыйныя друкаваныя і электронныя сродкі масавай інфармацыі вылучэнне «Кстоў» на атрыманне прэміі Нобеля замаўчалі, невялікая зала ледзь змясціла прыйшоўшых.

Гэта была шчырая зала, як ксты – пальцы, складзеныя для малення. Пра гэта, адкрываючы імпрэзу, гаварыў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк. Менавіта ён ініцыяваў паэзію Барадуліна на атрыманне прэміі. Магістр адзначыў, што шанцы стаць лаўрэатам застаюцца, «Ксты» сярод шасці першых прэтэндэнтаў быць ганараванай сусветным прызнаннем.

Ала Сакалоўская, складальніца кнігі-намінанткі, адзначыла феномен Барадуліна: выбух паэзіі, толькі ў гэтым годзе з’явіліся сотні новых вершаў, напоўненыя мудрасцю сталага паэта.
А загадчык кафедры беларускай літаратуры лінгвістычнага ўніверсітэта Пятро Васючэнка, дарэчы, першы рэцэнзент «Кстоў», пераканаў усіх, што Барадулін адкрыў беларусам духоўную паэзію, сувязь чалавека і сусвету, касмічнага і зямнога.

Ад імя перакладчыкаў твораў на ангельскую мову шмат шчырых слоў казаў Іван Бурлыка. Было цяжка, прызнаўся, не згубіць вобразнасць паэзіі Барадуліна, але ў той жа час усе поўніліся асалодай ад такой духоўнай творчасці.
А карацей і ямчэй пра паэта сказаў яго сябра, прафесар гарадзенскага ўніверсітэта Аляксей Пяткевіч:
– Барадулін ёсць Барадулін!
Сам жа «дзядзька Рыгор» на працягу ўсяго гэтага часу – больш за 3 гадзіны – раздаваў аўтографы. Ён стаміўся, але не паказваў віду і нікому не адмовіў у пісьмовым пажаданні шчасця. А напрыканцы прачытаў некалькі сваіх вершаў, падзякаваў гарадзенцаў за любоў і сказаў, што Гародня па-ранейшаму застаецца для яго мекай беларускасці.
«Ксты» ўжо вытрымалі прэзентацыю ў Польшчы, Расіі, на Ўкраіне. Гародня пакінута як апошні прыпынак у вандроўцы паэзіі Рыгора Барадуліна ў сусвеце.

Оставить комментарий