ПРА БЕЛАРУСКУЮ І «ЧЕЛОВЕЧЕСКУЮ» МОВУ

ПРА БЕЛАРУСКУЮ І «ЧЕЛОВЕЧЕСКУЮ» МОВУ

У 60-х гадах XIX стагоддзя класік сусветнай літаратуры Фёдар Дастаеўскі напісаў адзін з самых сваіх вядомых раманаў “Идиот” – трагічную гісторыю сумленнага чалавека, якога не зразумела грамадства. Праз паўтара стагоддзя ў нечым падобная да гэтага гісторыя адбылася ў Баранавічах.

Інжынер-канструктар аднаго с прамысловых прадпрыемстваў нашага горада Валянцін М., які мае ўжо двух унукаў, быў названы “ідыётам” сваім начальнікам за... выкарыстанне класічнага (дарэформеннага) правапісу беларускай мовы. Для 48-гадовага Валянціна, у якога ўжо не раз узнікалі сутычкі с начальствам наконт беларускай мовы, гэта стала апошняй кропляй. І 22 чэрвеня ён падаў заяву на скасаванне працоўнага кантракту. Да гонару кіраўніцтва завода, эмацыйнае рашэнне Валянціна яно не падтрымала і заяву не падпісала, паабяцаўшы пры гэтым, што яго права карыстацца беларускай мовай больш парушацца не будзе.

“Я – белая варона па жыцці. Неяк не атрымліваецца ў мяне ўпісвацца ў парадкі гэтага грамадства... Нават, калі я нядаўна гуляў у валейбол на завадскім турзлёце, пачуў з боку: “О, глядзі, гэта той самы, што выпендрываецца з сваёй мовай”, – расказвае Валянцін. – Мне многія кажуць: нашто табе гэтая беларуская мова? Хадзіў бы, як усе, на працу, не высоўваўся, атрымоўваў свой заробак і радаваўся жыццю. Але ж яшчэ нешта, акрамя гэтага, у чалавеку павінна быць! Я ж беларус, як я магу жыць без сваёй мовы? Яна для меня як паветра”.

Нашым абываталям сапраўды, напэўна, цяжка зразумець 48-гадовага інжынера-канструктара. Як расказвае Валянцін М., ніколі ён “гарадскім” хлопцам станавіцца не хацеў, сваёй мовы не цураўся. Нарадзіўшыся ў адной з вёсак Баранавіцкага раёна, ён і пасля пераезду ў горад размаўляў па-беларуску, а з гадамі прыйшоў яшчэ да рашэння, што і пісаць трэба на роднай мове. “Упершыню афармляць дакументы на працы па-беларуску я паспрабаваў каля дзесяці год таму, калі працаваў на іншым гарадскім прадпрыемстве. Тады мне ўпершыню сказалі – “пиши на человеческом языке”, – успамінае Валянцін. Што мелася на ўвазе пад “человеческим языком”, растлумачваць, напэўна, не трэба.

Па словах Валянціна, першы час пасля пераходу на цяперашнюю працу праблем з выкарыстаннем беларускай мовы ў яго не ўзнікала. Усё змянілася два гады таму, пасля пераводу ў іншы аддзел прадпрыемства. “Запоўніў некаторыя дакументы па-беларуску – прычапіліся да правапісу (я пішу “тарашкевіцай”): нясуць назад, кажуць, напісаў з памылкамі. Я ім прынёс часопіс “Дзеяслоў” з творам Васіля Быкава, дзе быў выкарыстаны такі ж самы правапіс, яны тады быццам бы на некаторы час супакоіліся, – расказвае Валянцін. – Урэшце рэшт, я ж рыхтую тэхнічныя дакументы – калі нават і ёсць граматычныя памылкі, увага на іх не павінна звяртацца”.

Нягледзячы на ўпэўненасць Валянціна М. у сваім праве пісаць па-беларуску, падтрымкі на заводзе ён не адчувае: “У людзей унутры пануе страх: хто за месца баіцца, каму хутка на пенсію ісці... Хаця ў размовах некаторыя быццам бы згаджаюцца, што ў мяне ёсць права пісаць на роднай мове”.

“Я не разумею нашых людзей: іх нічога не цікавіць – думаюць толькі аб сваім жываце. Як так можна жыць? – здзіўляецца Валянцін і пасля сумна разважае. – Цяжка сказаць, што з нашай мовай будзе. Купала сто гадоў таму пісаў, што мова знікае, а яна да гэтага часу яшчэ жывая. Спадзяюся, пакуль будуць жыць беларусы, датуль і яна будзе існаваць”.

ДАВЕДКА:

Класічны ці дарэформенны правапіс беларускай мовы (“тарашкевіца”) увайшоў у шырокае карыстанне пасля выдання ў 1918 годзе падручніка “Беларуская граматыка для школ” аўтара Браніслава Тарашкевіча. У свой час на ім пісалі Янка Купала і Якуб Колас. У 1933 годзе ў БССР была праведзена рэформа беларускай мовы і афіцыйна зацверджаны новы правапіс, які існуе і да сёння. Як лічаць некаторыя беларусазнаўцы, рэформа правапісу мела мэту наблізіць беларускую мову да рускай.

МЕРКАВАННІ ЭКСПЕРТА

Алег ТРУСАЎ, старшыня ГА “Таварыства беларускай мовы імя Ф.Скарыны”:

- Па маіх назіраннях, у большасці выпадкаў канфліктаў паміж беларускамоўным работнікам і кіраўніцтвам прадпрыемства іх прычынай з’яўляецца не сама беларуская мова, а асабістыя адносіны паміж гэтымі людзьмі, і мова тут выступае толькі як нагода для сур’ёзнай спрэчкі. У адваротных жа выпадках, калі канфлікт узнікае менавіта з-за выкарыстання беларускай мовы, не трэба раіць не ўступаць у эмацыйныя размовы, а проста ўказваць кіраўніцтву на адпаведныя артыкулы Канстытуцыі і Закона ”аб мовах”.

Отправить ответ

Оставьте первый комментарий!


wpDiscuz