ПАМЁР ЯНКА БРЫЛЬ

ПАМЁР ЯНКА БРЫЛЬ

Янка БРЫЛЬ памёр у аўторак, 25 лiпеня.
Класiк на 89 годзе жыцця не змог перанесцi цяжкай аперацыi

Янка Брыль нарадзiўся ў Адэсе ў 1917 годзе. Праз пяць год разам з бацькамi пераехаў у вёску Загора, что ў Заходняй Беларусi. Там Янка скончыў польскую сямiгодку, займаўся самаадукацыяй, працаваў на гаспадарцы. У 1939 годзе, калi будучаму пiсьменнiку споўнiлася двадцаць два гады, яго прызвалi ў польскае войска. Праз колькi месяцаў ён трапляе ў нямецкi палон пад Гдыняй. I толькi праз два гады Янку Брылю пашчасцiла збегчы на радзiму.

Там Янка Брыль пайшоў у партызаны: спачатку быў ў брыгадзе iмя Жукава Баранавiцкага злучэння, потым у брыгадзе «Камсамолец». Адначасова з гэтым рэдагуе газету «Сцяг свабоды» i сатырычны антыфашысцкi лiсток «Партызанскае жыгала».

З 1944 года Янка Брыль жыве ў Мiнску, працуе ў «Вожыку», «Маладосцi», «Раздавiм фашысцкую гадзiну», «Полымi» i г.д. З 1966 па 1971 гг. – сакратар праўлення Саюза пiсьменнiкаў БССР, двойчы выбiраўся дэпутатам Вярхоўнага Савету БССР, старшыньстваваў у Беларускiм аддзяленнi таварыства «СССР – Канада», з 1945 года – сябар Саюза пiсьменнiкаў, а з 1989 года – Беларускага ПЭН-цэнтра.

Як паэт i публiцыст пачаў друкавацца ў 1938 годзе. Тады выйшаў вiленскi беларускi часопiс «Шлях моладзi». Аўтар шматлiкiх кнiг апавяданняў i аповесцяў «Нёманскiя казакi», «Вераснёвая рунь», «I смех, i бяда», «Працяг размовы» i г.д., лiрычных мiнiяцюр «Ты жывеш», «Сёння i памяць», «Ад сяўбы да жнiва», «На сцежцы – дзецям», напiсаў раманы «Гранiца», «Птушкi i гнёзды». У суаўтарстве з Уладзiмiрам Калеснiкавым i Алесям Адамовiчам напiсаў кнiгу «Я з вогненнай вёскi».
Пахаваюць Янку Брыля сёння, 27 ліпеня, на могілках у Калодзішчах.

ШТО ПРЫЙДЗЕ ВАМ НА ПАМЯЦЬ, КАЛІ ВЫ ЎЗГАДАЕЦЕ ЯНКУ БРЫЛЯ?

Юрась БАРЫСЕВІЧ, літаратар, мастак:

– Янка Брыль заўсёды ўяўляўся нам, новаму пакаленню пісьменнікаў, зубрам беларускай літаратуры. Тады, дзесяць год таму, мы крыху кпілі з яго. Пакаленне Бум-Бам-Літа напісала шмат сцёбных вершаў у стылістыцы Брыля, Альгерд Бахарэвіч зрабіў нават аудыё-перформанс, у якім іранізаваў над Янкам. Тады гэта ўспрымалася вельмі скандальна. Вольга Іпатава, тагачасная старшыня Саюза пісьменнікаў, нават забараніла Альгерду ўваходзіць у Дом літаратараў.

Тым не менш, мы заўсёды паважалі Янку Брыля. Гэта сапраўды адзін з самых таленавітых беларускіх літаратараў.
Мне асабіста на памяць прыйдзе сам Янка Брыль. Гэта быў сапраўдны велікан пад два метры росту, нягледзячы на тое, што прозу пісаў ён кароткую.

Валянцін АКУДОВІЧ, філосаф:

– Гэта быў вялікі чалавек і вялікі пісьменнік. Я неверагодна любіў яго і яго творчасць, а таксама тое, як ён пражыў сваё жыццё.
Найперш мне будзе ўзгадвацца ягоны “Золак, убачаны здалёк”. У беларускай літаратуры гэта твор практычна не мае роўных.

ВЫТРЫМКI З НЕКАТОРЫХ IНТЭРВЬЮ

«Бацьку я амаль ня памятаю – ён памёр, калі мне было шэсць гадоў. Гадаваўся я пры маме – меньшанькі, па ліку дзесяты ў сям’і, можна сказаць, любімчык».

«З маёй першай кніжкі апавяданняў дырэктарам выдавецтва М.Клімковічам было знята некалькі рэчаў – з цэнзурных меркаванняў. Асабліва шмат «рэзалі» мае запісы. Калі выходзіў мой чатырохтомавік у 1967-1968 гг., мяне паклікалі ў выдавецтва й паказалі ці не тушшу замазаныя, павыкрэсліваныя, каб я не мог вярнуць, цэлыя старонкі запісаў.

Тое самае адбывалася з «Птушкамі i гнёздамі». Прычым у адным выданні мне ўдавалася сёе-тое праціснуць, а ў другім – не. І толькі ў трохтомавіку 1993 г. раман пайшоў у тым выглядзе, у якім я яго напісаў. Я не павінен быў гаварыць, што былі два віды палону. Была вялікая розніца, як утрымліваліся ў палоне грамадзяне Польшчы i савецкія салдаты. Бо СССР, як вядома, не падпісаў Жэнеўскае пагадненне. Знаходзячыся як салдат польскага войска ў нямецкім палоне, я аднойчы трапіў у савецкае консульства ў Берліне. Рэч у тым, што немцы, рыхтуючыся да вайны з СССР, вызвалялі лагеры ад палонных, захопленых падчас вайны з Польшчай. 4 чэрвеня 1941 г. я быў вызвалены i пераведзены на завод пад нагляд паліцыі. Там мы запаўнялі анкеты для вяртання дахаты. А анкеты поштай жа не пашлеш – мы па чарзе мусілі вазіць іх у Берлін. І вось апошняя чарга прыпала мне – я быў у консульстве 21 чэрвеня, за дзень да вайны. Я глядзеў на партрэт Сталіна на сцяне й думаў: Божа, куды я вяртаюся, і што там са мной будзе?! Усё гэта адбываецца i з героем рамана Алесем Руневічам. І кожнага разу сцэна ў консульстве выкідалася цэнзарамі».

«Цяпер зiгзагамі машыны з зацемненымі вокнамі лятаюць, каб хаця хто не зачапіў… А тады я падымаюся па мiнскай вуліцы Маркса, а Машэраў ідзе насустрач. Следам за ім, праз крокаў дзесяць, адзін, спартовага выгляду, малады чалавек. Калі мяне Машэраў спыніў, і мы загаварылі, той, ззаду, зрабіў выгляд, што закурвае. А Машэраў кажа: «Я тваю апошнюю рэч прачытаў і не вельмі зразумеў. Цяпер перачытаў – нядрэнна». І гэта гаворыць Першы сакратар ЦК КПБ пісьменніку! Пра што гэта сведчыць? Пра сапраўдную інтэлігентнасць дзяржаўнага дзеяча. Ён гэтым вызначаўся».

«Уся «возня» з гэтак званым аб’яднаннем Беларусі i Расiі – гэта незразумела i непрымальна. Я не мыслю сябе без Талстога, Чэхава, Пушкіна, Гогаля, без украінцаў, латышоў, літоўцаў. Але ж мне ніхто не перашкаджае быць самастойным беларусам і любіць сваіх суседзяў не ўпарадку падначаленасці, а як свабодны свабоднага, як шчаслівы шчаслівага».

«Калi б беларусу загадалі быць беларусам, які б гэта быў выдатны беларус!»

«Калі я пісаў на кухні ў заходнебеларускай хаце матчынай, тады я і паняцця не меў пра цэнзуру. Лямпа-газоўка, папера і цёмная ноч. Пасля працы сядзеў, пісаў. А потым у савецкі час з`явілася цэнзура. Як аказалася, надоўга. Але калі гаварыць пра канец 1980-х – пачатак 1990-х гадоў, то мы вельмі дрэнна выкарысталі гэты час у сэнсе разумнай бесцэнзурнасці. Некаторыя спрыяльны час патрацілі на ёрнічанне, на ляпанне нечага пустога. Чытаеш і думаеш – ат, не хапала табе цэнзуры, можна было б і не гаварыць такой пустаты, як гаворыш. Трэба найперш разнявольвацца самім, каб не быць рэдактарам самому сабе. Да чаго нас прывучыла эпоха сацрэалізму? Сам сябе рэдагуеш. Пішаш і думаеш: пройдзе гэта ці не пройдзе? Трэба пісаць, гаварыць усё, што “Бог на душу положил“».

(скарыстаныя iнтэрвью для «Радыё Свабода»)

Отправить ответ

Оставьте первый комментарий!


wpDiscuz