БЕЛАРУС НА ПАДВОДНАЙ ЛОДЦЫ І Ў ГІШПАНІІ РЭВАЛЮЦЫЮ ЗРОБІЦЬ…

Першым вынаходнікам падводнай лодкі быў амерыканец Роберт Фултан, які ў 1800 годзе сканструяваў яе. Апарат Фултана апусціўся на глыбіню сямі з паловай метраў. Сваю падводную лодку спрабавалі стварыць і французы Кастэр ды Жан Пці, і гішпанец Северы, аднак іхнія спробы былі няўдалымі. Працавалі ў гэтым накірунку і рускія. Так, першым рускім вынаходнікам падводнай лодкі лічыцца… беларус Карл Шыльдэр. Аднак, як аказваецца, другі наш суайчыннік – шляхціч Казімір Чарноўскі – раней за Шыльдэра спраектаваў гэты апарат. У Нацыянальным музеі гісторыі і культуры захоўваецца мадэль падводнай лодкі па праекту сапраўднага беларускага «бацькі» падводнага флоту.

Пра шляхціча Казіміра Чарноўскага мы, на вялікі жаль, ведаем мала. З тых скупых звестак, якія захаваліся да нашых дзён, вядома толькі тое, што нарадзіўся ён на пачатку XIX стагоддзя ў Ігуменскім павеце Мінскай губерніі. Вучыўся ў Пецярбургскай медыка-хірургічнай акадэміі. Напэўна, менавіта ў студэнцкія гады ён стаў сябрам «Нацыянальнай патрыятычнай грамады». У 1829 годзе за прыналежнасць да гэтай партыі яго арыштоўваюць. Далейшы лёс беларускага вынаходніка незайздросны: яго садзяць у адзіночную вязніцу Петрапаўлаўскай крэпасці.

Магчыма, менавіта там, на самоце, Чарноўскі і вырашыў стварыць праект сваей падводнай лодкі. Нейкім чынам Казімір Чарноўскі здолеў паведаміць тагачаснаму расійскаму цару Мікалаю І пра свае намеры. У адказ наш суайчыннік атрымаў пёры, атрамант ды паперу. Пачалася крапатлівая праца. За тры тыдні без адмысловых інструментаў і кніг Чарноўскі напісаў абгрунтаванне першага ў Расійскай Імперыі праекта падводнай лодкі. У гэтым аб¬грунтаванні вынаходнік апісаў усе неабходныя часткі апарату: ад арыгінальнай сістэмы вёслаў да балонаў з кандэнсаваным паветрам для фільтрацыі атмасферы на караблі. На падводнай лодцы планавалася размясціць некалькі магутных мінаў. Беларускі вынаходнік упершыню прапанаваў будаваць лодкі з металу, таксама ім была абгрунтавана мэтазгоднасць рабіць іх абцякальнай формы. Не менш значным дасягненнем Казіміра Чарноўскага было тое, што ён амаль на чвэрць стагоддзя раней за галандца Ван Эльвіна распрацаваў канструкцыю перыскопа. Акрамя гэтага, наш суайчыннік вынайшаў амартызатар для пагружэнняў, арыгінальны скафандр і глыбінную міну з хімічным запалам. У якасці рухавіка Чарноўскі прапанаваў лопасные штокі – штурхацелі, якія складваліся, калі іх уцягвалі ўнутр карабля.

Нягледзячы на ўсё гэта, вайсковае міністэрства Расійскай Імперыі адмовілася нават разглядаць праект Казіміра Чарноўскага з прычыны таго, што ён быў палітычным вязнем. Неўзабаве і «заступнік» Мікалай І забыўся на Чарноўскага, і той быў пераведзены ў Шлісэльбург. Замест паляпшэння умоў, на якое так спадзяваўся вынаходнік, ён атрымаў яшчэ больш жорсткі рэжым. На новым месцы ініцыятыву Чарноўскага не зразумелі, адміністрацыя забрала распрацаваны ім праект падводнай лодкі і схавала на доўгія гады. Потым Чарноўскага адправілі ў Архангельск. Там ён пачаў праектаваць жылыя дамы і тым самым выклікаў да сябе давер з боку адміністрацыі. З гэтага моманту пачынаецца новы этап у жыцці беларускага вынаходніка, дакладней, узнаўляецца стары: бунтарскія ідэі студэнцкіх гадоў вяртаюцца. На высылцы Казімір Чарноўскі знаёміцца з двума суайчыннікамі, якія патрапілі ў Архангельск за ўдзел у паўстанні 1830 года. Напэўна, упершыню вынаходнік сустракаецца з беларусамі за апошнія годы. Можна сабе ўявіць, як быў узрушаны Чарноўскі. Пачаліся частыя (наколькі гэта, канешне, мажліва ва ўмовах высылкі) вячэрнія сустрэчы суайчыннікаў, размовы, расповеды, успаміны. Чарноўскі знайшоў у Архангельску не толькі прыемных суразмоўцаў, але і аднадумцаў. Аднойчы, седзячы за чаркай, хтосьці з беларусаў прапанаваў захапіць архангельскі порт і выправіцца ў Гішпанію на дапамогу да пірэнейскіх рэвалюцыянераў. Астатнія адзінадушна падтрымалі таварыша і вырашылі ўжо заўтра рыхтавацца да пабегу. Аднак планы не здзейсніліся, адзін з новых «сяброў» Чарноўскага напісаў данос. Як вынік, ніякага захвату порту не адбылося, а Чарноўскаму «далі» пажыццёвы тэрмін зняволення ў Вяцкай губерніі з найстражэйшым наглядам.

Свой спачын беларускі вынаходнік Казімір Чарноўскі знайшоў на могілках павятовага горада Сарапула. Магіла з адзінокім каталіцкім крыжам да сённяшніх дзён знаходзіцца там. Гэтым можна было б і скончыць аповед пра Казіміра Чарноўскага і ягоную падводную лодку, калі б не Карл Шыльдэр…

Таксама наш суайчыннік (нарадзіўся пад Віцебскам), інжынер, генерал-ад’ютант Карл Андрэевіч Шыльдэр праз колькі год пасля смерці Казіміра Чарноўскага знайшоў схаваны праект падводнай лодкі. Шыльдэр удзельнічаў у Айчыннай вайне 1812 года, быў аўтарам шэрагу праектаў і ўдасканаленняў, але «знаходка» працы Чарноўскага зрабіла з яго па-сапраўднаму знакамітага чалавека, «першага» рускага вынаходніка падводнай лодкі…

Оставить комментарий