ВКЛ – КАРЭННАЯ АБРЭВІЯТУРА Ў ГІСТОРЫІ БЕЛАРУСІ

Усё часцей і часцей мы сваёй памяццю дакранаемся да абрэвіятуры ВКЛ. Усё часцей і часцей на старонках не толькі перыядычных выданняў мы ўглядаемся ў незнаёмых і ўжо знаёмых асоб – нашых прародзічаў. І наша генетычная памяць падказвае нам – мы выраслі з іх і іх часу.

Нядаўна ў кніжных лаўках з’явілася кніга, якую таксама генетычна доўга чакалі ўсе беларусы – першы том энцыклапедыі «Вялікае княства Літоўскае» ў складзе 6-томнай «Гісторыі Беларусі». Выданне незвычайнае, непаўторнае нават у тым сэнсе, што да падобнага яшчэ не дайшлі рукі ў нашых суседзяў, якія ў свой час уваходзілі ў склад гэтага княства. Хутка выйдзе і другі, над ім вядзецца праца ў выдавецтве «Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі». Некалькі пытанняў з гэтай нагоды мы задалі складальніку і аднаму з галоўных аўтараў энцыклапедыі ВКЛ Валерыю Пазнякову:

– Валерый Сямёнавіч, у два тамы энцыклапедыі ўвайшла гісторыя дзяржавы на працягу пяці стагоддзяў. Наколькі яна поўная?

– Скажу так: у гэтым двухтомніку паўната такая, якой не было дагэтуль ні ў адным выданні не толькі Беларусі, але і тых краін, якія ў свой час уваходзілі ў склад княства. Мы – першыя і гэта вельмі прыемна. Там амаль усё, што адбывалася ад Х111 стагоддзя да 1795 года, трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай.

– У такім выпадку аўтары энцыклапедыі – хто яны?

– Зазначу найперш, што падрыхтоўчы перыяд да выдання цягнуўся дзесьці гадоў 10, а ўжо непасрэдна над двухтомнікам, калі амаль усё было больш-менш падрыхтавана – яшчэ паўтара года. Над першым томам працавала каля 140 навукоўцаў з Беларусі. Ёсць аўтары з Літвы, Польшчы, а таксама беларусы з Расіі, Англіі, Швецыі.

– Гісторыя Вялікага княства Літоўскага ўвайшла асобнымі тамамі ў энцыклапедыі «Гісторыя Беларусі». Чаму такая ўвага?

– Таму што такіх выданняў не было, таму што цікавасць да ВКЛ вялікая і не прападае.

– Ці ёсць у энцыклапедыі матэрыялы, дагэтуль невядомыя?

– Ведаеце, энцыклапедыя – гэта не газета ці часопіс, якім якраз і патрэбна нешта незвычайнае і невядомае. Мы выкарыстоўвалі ўжо вядомыя, правераныя факты. Але ж, безумоўна, нашы навукоўцы, працуючы ў архівах, знаходзілі нешта новае. Усё яно змешчана на старонках энцыклапедыі. Напрыклад, упершыню ў нас з’явіліся звесткі пра друкарню Зарэцкіх у Вільні. Лічылася, што пасля Скарыны кнігадрукаванне ў Вільні спынілася, выходзіць, гэта не так. Але зазначу, што нешта такое, што б змяніла вобраз княства, тут не змешчана.

– Непаўторнасць энцыклапедыі яшчэ і ў тым, што словы на літару «А» пачынаюцца дзесьці пасля 190-й старонкі...

– Так. У пачатку мы змясцілі абагульняючы матэрыял пра ВКЛ, каб чытачы мелі дакладнае ўяўленне аб княстве, каб гэты нарыс прымусіў іх, дзякуючы энцыклапедыі, яшчэ глыбей і паўней пазнаць яго. У асобах, падзеях, загадах – розных баках жыцця дзяржавы, як утварылася, жыла, развівалася і заняпала.

– У чым была складанасць у рабоце?

– Складанасць работы ў энцыклапедычным выданні ў тым, што ляжыць вялікая адказнасць за дакладнасць фактаў, на нас жа потым будуць спасылацца іншыя выданні. Трэба было праверыць мноства геаграфічных назваў, прозвiшчаў, імён...

– Нельга было не заўважыць багацце ілюстрацый...

– Так, мы хацелі, каб энцыклапедыя выглядала па-сучаснаму. І, здаецца, гэта ўдалося дзякуючы мастаку Зміцеру Герасімовічу.

– Здаецца, двухтомнік будзе выдатным падарункам кожнаму?

– Мы таксама і гэта мелі на ўвазе.
– Калі з’явіцца другі том?
– Скажу так: у хуткім часе. І я вельмі хачу, каб, праглядаючы, чытаючы, звяртаючыся да энцыклапедыі, людзі разумелі, што гэта была сапраўды вялікая дзяржава са сваёй навукай, культурай, архітэктурай сусветнага на той час узроўню.

Оставить комментарий