ШТО БЫЛО, ШТО ЁСЦЬ, ШТО БУДЗЕ З БЕЛАРУСАМІ?

На гэтую тэму не варожыць, а разважае вядомы грамадскі дзеяч, беларус па перакананні, хоць і мае літоўскія карані, Адам МАЛЬДЗІС, які падтрымлівае цесныя сувязі з суайчыннікамі ў свеце.

– Адам Іосіфавіч, наколькі часта Вам як вучонаму даводзіцца выязджаць за мяжу?

– У апошні час даволі рэдка, і гэта мая бяда. Таму што як гісторык літаратуры, шырэй – культуры, павінен працаваць у замежных бібліятэках і архівах. Але ў апошні час так склаўся рабочы рытм, што Міжнародная арганізацыя беларусістаў, якую я ўзначальваў апошнія 11 гадоў, забірала шмат часу. Да таго ж у мяне яшчэ некалькі дзесяткаў грамадскіх нагрузак. Дзе вы зможаце знайсці такога дзівака?

Сёння я рады, што перадаў лейцы ў асацыяцыі беларусістаў іншаму, маладому чалавеку, іншаму пакаленню, якія змогуць згуртаваць і маладзейшых беларусістаў.

– Давайце, Адам Іосіфавіч, размяжуем беларусаў за мяжой і беларусістаў.
– Беларусісты – гэта пераважна не беларусы, а прадстаўнікі іншых народаў і краін, якія цікавяцца беларускай гісторыяй, культурай і пашыраюць гэтыя веды ў свеце. Для нас гэта вельмі важна, таму што культура, навука, пашырэнне ведаў пра нас – гэта пашырэнне ведаў пра Беларусь, гэта тое, што павінна бегчы ўперадзе паравоза.

– Ведаю, што ўсё ж сёлета Вам удалося наведаць Парыж…
– Так, вельмі трэба было трапіць менавіта туды, каб паглядзець беларускія матэрыялы ў архівах Музея Адама Міцкевіча і Польскай бібліятэкі ў Парыжы. У іншых парыжскіх зборах многія беларускія матэрыялы апісаны разам з польскімі, усёй Рэчы Паспалітай. Аднак нам удалося па вопісах, апублікаваных у Італіі, вычленіць усе свае, якія знахо¬дзяцца ў заходнееўрапейскіх краінах. За тры дні ўдалося знайсці некалькі цікавых матэрыялаў, звязаных з Напалеонам Ордай (хутка будзе адзначацца яго 200-годдзе пад эгідай ЮНЕСКА). Выявіўся адрас, дзе ён жыў у Парыжы. Цяпер гэта банкаўскі будынак.

– Штосьці не разумею: у беларускай прэсе гаварылася, што ў Парыжы ўжо ёсць музей Орды.
– Гаварылася, але гэта вялікае глупства. У Парыжы яшчэ доўга не будзе музея Орды, яго трэба ствараць нам самім. І ствараецца ён у Іванаўскім раёне… Па-другое, удалося высветліць, дзе нарадзіўся Адам Міцкевіч. Справа ў тым, што існуюць тры варыянты месца народзінаў паэта. І перад юбілеем паэта, у 1997 годзе, у Цэнтры імя Скарыны мы разглядалі два практычныя пытанні: дзе ставіць помнік Міцкевічу ў Мінску (дзякуй Богу, што не прайшоў чыноўніцкі варыянт) і якое з трох Завоссяў лічыць сапраўдным месцам нара¬джэння Міцкевіча. Дамовіліся, што паэт не мог нарадзіцца ў «баранавіцкім». Але супрацоўнік Міністэрства культуры сказаў нам, што – позна. Таму што музей у Баранавіцкім раёне ўжо робіцца. Тады дамовіліся: экскурсантам нельга катэгарычна сцвярджаць, што Міцкевіч нарадзіўся менавіта ў баранавіцкім Завоссі. А ў Парыжы знайшоў доказы, што паэт нарадзіўся пад Наваградкам. Але патрэбны дадатковыя доказы.

– Якія знаходкі яшчэ сагрэлі душу шукальніка?
– 10 лістоў Яна Чачота да Марылі Верашчакі. Праўда, у той час яна была ўжо графіняй Путкамер… Гэта цікавыя лісты, таму што з іх відаць, што Марыля была вельмі таленавітым кампазітарам.

– У гэтых паездках за мяжу з якім вобразам Беларусі прыхо¬дзіцца сустракацца?
– Самым розным, але часцей – з адсутнасцю элементарнай інфармацыі. Накшталт таго, дзе тая Беларусь – да Урала, ці за ім?. Міфы пераважаюць над рэальнасцю, таму нам трэба як мага больш пашыраць сапраўдныя веды.

– Але як?
– Што робіць Польшча? Стварае інстытуты ў самых розных краінах. Германія стварае інстытуты Гётэ і г.д.

– Разумею, наколькі важная гэта справа, таму лічу, што яна павінна мець дзяржаўны фармат.
– Так, пашырэнне беларускай прысутнасці ў свеце – справа дзяржаўная. Але ў нас пакуль няма сродкаў, каб ствараць такія інстытуты. Выйсце ў тым, каб прыцягнуць да дапамогі тых жа беларусістаў. Яны нават на грамадскіх пачатках робяць вельмі многа. Гэты патэнцыял няблага выкарыстоўваецца ў Польшчы, Літве, Англіі. Ці возьмем Венгрыю. Там 30 беларусістаў, усе венгры, толькі адзін беларус. Дык вось, яны кожны год ладзяць навуковыя канферэнцыі, прысвечаныя Беларусі, выдалі некалькі зборнікаў і, заўважце, па-венгерску (!) выпусцілі гісторыю Беларусі. Арыгінальную, не перакладную.

– А як могуць дапамагчы з’ехаўшыя за мяжу беларусы?
– Нашы былыя землякі праінфармаваны больш, таму яны могуць быць не толькі гідамі, але і «агітатарамі». Скажу, што да іх адносяцца насцярожана, многія блытаюць беларусаў з беларусістамі: эмігранты, маўляў, ворагі, таму што яны могуць сказаць іншаземцам пра Беларусь… Погляд беларусістаў важны больш нам самім, таму што гэта погляд «збоку». Магу назваць дзесяткі людзей, якія пісалі пра Беларусь і кнігі якіх выйшлі ў Германіі, ЗША. Яны здзіўляюць неардынарнасцю і свежасцю думкі.

Мы ж самі зацыкліліся: пішам або толькі з сацыяльнага аспекту, або толькі з нацыянальнага. Белае – чорнае. Між тым гісторыя – гэта найперш факт, і яго трэба падаваць такім, якім ён быў на самай справе.

– Мы страчваем не толькі людзей, але і шмат каштоўнасцей. Ці не здаецца, што і ў гэтым выпадку не адчуваецца дзяржаўнай заклапочанасці?
– У апошні час нешта пачало рабіцца, ствараецца міжведамасная камісія па вяртанні. Была ведамасная – пры Міністэрстве культуры. Аднак, апрача чарцяжоў сядзібы Касцюшкі ад пані Эльж¬беты Смулковай, былога пасла Польшчы ў Беларусі, нічога яна не прыдбала. Трэба зазначыць і тое, што каштоўнасці трэба падраздзяляць. З аднаго боку, гэта каштоўнасці, вывезеныя ўладальнікамі асабіста. Скажам, Гутэн-Чапскія, якія вывезлі свой музей у Кракаў. Не можам вярнуць і Румянцаўскія зборы, бо ўладальнік сам іх перадаў. Іншая справа – тое, што было вывезена ў сувязі з ваеннымі падзеямі. Трэба абавязкова знайсці сляды тых многіх вагонаў, якія ішлі з Беларусі, ад уладальнікаў маёнткаў, у час Першай сусветнай вайны, калі многія каштоўнасці былі вывезены ў Маскву на часовае захаванне. Нашчадкі ўладальнікаў, як правіла, жывуць. Але ўсё гэта ў Маскве «растварылася», знайсці цяпер неймаверна цяжка. Аднак шукаць трэба ўсё роўна.

– Ёсць і вельмі адчувальныя страты?
– Так. І самая вялікая – усё тое, што знаходзілася ў Магілёўскім абласным музеі. Туды вывозіліся самыя значныя каштоўнасці, бо меркавалася, што там будзе сталіца. І рэліквія нумар адзін – крыж Еўфрасінні Полацкай. Да яго пошукаў прыцягваліся нават яснавідцы. Нядаўна адна з іх, з Нясвіжа, даказвала, што крыж у Полацку, што трэба капаць у пэўным месцы. У выніку натыкнуліся… на электрычны кабель… Насцярожвае тая акалічнасць, што разам з крыжам зніклі дзесяткі тысяч іншых экспанатаў, залатых і сярэбраных вырабаў. І нічога дагэтуль не «засвяцілася», акрамя Слуцкага Евангелля.

Дапускаю думку, што полацкія манахі маглі схаваць арыгінал крыжа. На гэта намякае і гісторык Вацлаў Ластоўскі, які апісваў крыж, нібы ён дубовы. Але ж ён быў з кіпарысу… Што гэта: памылка Ластоўскага, якой гісторык такога кшталту дапусціць не мог? Таму, можа, у той спіс каштоўнасцей, якія вёз Панамарэнка ў Маскву, трапіла падробка? Хутчэй за ўсё, той крыж знік у Маскве, бо сведкі гаварылі, што з’явіўся Берыя і прыцмокваў языком ад задавальнення. Ці арыгінал – сказаць не бяруся. Ваш варыянт наконт таго, што Панамарэнка сам украў яго… Наўрад ці, таму што першы сакратар КПБ сам хадзіў пад Крамлём у «чорным целе». Тым больш што каштоўнасці здаваліся па спісу. Па-мойму, крыж быў прыбраны да рук усё ж у Маскве.

– Дык што, на Ваш погляд, трэба вярнуць у першую чаргу з таго, што вядома па месцы захавання?
– Безумоўна, калекцыю слуцкіх паясоў, хоць адзін камплект выданняў Скарыны, якія па 6-7 асобнікаў знаходзяцца ў Маскве і Санкт-Пецярбургу.

– Ведаю, наколькі ў гэтай справе вяртання могуць зрабіць кіраўнікі дзяржаў…
– Так, мы спадзяёмся на добрую волю кіраўнікоў. Але аб чым гаварыць, калі да гэтага часу ў нас няма адпаведнага пагаднення з іншымі краінамі, акрамя Польшчы.

– Ведаю, што Вас па-ранейшаму хвалюе лёс бібліятэкі Храптовічаў…
– У прэсе прамільгнула інфармацыя, што нічога не рабілася па яе вяртанні. Няпраўда. Рабілася, і вельмі многа. Калі ў свой час Мікалай Губенка збіраў нас у Маскве, мы з украінцамі дамовіліся, што праблемы з яе вяртаннем не будзе… Аб гэтым вялася размова на сімпозіуме ў Нью-Йорку. Але на тым усё і спынілася. Вось і даказвай цяпер нанова, што збор Храптовічаў быў вывезены ў Кіеў на часовае захаванне. Цяпер мы ставім пытанне так: хаця б сумеснае выкарыстанне. Гэта балюча гаварыць пасля таго, як у свой час мы бяздумна падарылі ўкраінцам кнігі з бібліятэкі Пятлюры, вывезенай немцамі з Парыжа. На добры толк, трэба было перадаць яе назад у Парыж… Альбо яшчэ лепей: зрабіць абмен на бібліятэку тых жа Храптовічаў… У адказ Леанід Кучма нібыта падарыў нам пяць абразоў. Усе нават ахнулі ад такога жэсту. Але ж нумары на абразах былі… беларускія! Значыць, іх вывезлі ў Германію, адтуль яны трапілі ў музей Пушкіна пад Ленінградам. А адтуль – памылкова на Украіну. Вось Кучма і падарыў нам тое, што было нашым.

– Адам Іосіфавіч, Вас не раздражняе думка, што беларусы былі донарамі іншых нацый?
– Мне балюча, але трэба рэальна ўспрымаць гэтую з’яву. Беларусь знаходзілася і знаходзіцца на памежжы ўсходняй і заходняй культур, таму донарства нават у гэтым выпадку лагічнае. Па-другое, у беларусаў назіраецца запозненае фарміраванне нацыі. Значыць, непазбежна яна аддавала свае інтэлектуальныя сілы іншым. Дадайце пастаянныя рэпрэсіі. Таму мы былі вымушаны працаваць на больш моцныя нацыі.

– Тады чаму ў апошні час не з’яўляецца ў нас дастаткова выдатных вучоных, літаратараў, гісторыкаў…
– А вось з гэтым не згодзен. Ёсць жа такія пісьменнікі, як Федарэнка, Станкевіч, Глобус. А хіба не моцны ў нас навуковы патэнцыял? Іншая справа, што мяне да гэтага часу за мяжой пытаюць, чаму адзін з прэзідэнтаў Акадэміі навук выехаў у свой час за мяжу.

– А імёны слынных беларусаў – і ці не занадта цяжка яны вяртаюцца на Радзіму?
– Не сказаў бы. Па-першае, мы выдалі даведнік «Беларусы і ўраджэнцы Беларусі ў памежных краінах». Цяпер рыхтуем другое выданне, а з ім – яшчэ каля 400 прозвішчаў будзе вернута народу. Зазначу, што гэта беларусы толькі памежжа. Больш шырока паказаць – нам пакуль проста не пад сілу. Многіх вярнулі, Ігната Дамейку, таго ж Напалеона Орду вяртаем…

– Чаму ўсё жыццё наша гісторыя ўтойваецца, недагаворваецца?
– Таму што мы пастаянна кідаемся ў крайнасці – то ўлева, то ўправа, то ў сацыяльнае, то ў нацыянальнае. А гісторыя павінна, ужо пачынае арыентавацца на яго вялікасць Факт. Звычайна ў грамадстве павінна быць на выбар некалькі прац, падручнікаў па гісторыі краіны. У нас ужо ёсць дзве добрыя працы – Генадзя Сагановіча да ХVIII стагоддзя і Захара Шыбекі пра XIX і XX стагоддзі. Яны адпавядаюць сённяшнім патрабаванням і суайчыннікаў, і жыхароў Беларусі.

– Усё часцей нашчадкі знакамітых беларускіх родаў заяўляюць аб сабе. Як мы павінны на гэта рэагаваць?
– Падтрымліваць, як у Польшчы. Вяртаць ім родавыя гнёзды, акрамя ся¬дзібаў, якія маюць агульнанацыянальную каштоўнасць (Мір, Нясвіж, напрыклад). А тыя, каму вярнулі пабудовы, няхай плацяць нейкую сімвалічную суму з гарантыяй захавання сядзіб як культурных асяродкаў. Анджэй Цеханавецкі з Англіі перадаў у Беларусь каштоўны слуцкі пояс, княгіня Чацвярцінская дапамагае роднаму Жалудку на Гродзеншчыне.

– Дык як нам адбудаваць Беларусь, каб жылі мы шчыра, на поўныя грудзі і з пачуццём гонару за сваю беларускасць?
– Як адбудаваць… Я ўжо гаварыў, што беларусы не паспелі сфарміравацца як нацыя да пачатку сусветнай інтэграцыі і глабалізацыі. Сёння беларусы ёсць такія, якія ёсць. Народ з цяжкасцю пераскоквае праз ступені развіцця. Мы – выключэнне з правіла. Таму нас і не дужа разумеюць іншыя. Але ёсць добрая аснова – народ. І калі мы будзем змяняцца адначасова з ім, усё атрымаецца. На жаль, на нейкі час мы забыліся пра пазітывісцкую, асветніцкую, культурніцкую працу з людзьмі. Таму ж селяніну ад нашых ідэй ні холадна, ні горача. Беларуская дзяржаўнасць павінна ўмацоўвацца «штодзённай, шэрай» працай, якая кансалідуе народ.

1
Оставить комментарий

новее старее большинство голосов
Анонимно

Хто хоча далучыцца да вяртання бібліятэкі Храптовічаў - тэлефануйце!!! 8(029)7762435 - Павел Каралёў (таварыства Этна БДУкультуры і мастацтваў).