ШТО КАЗАЎ НАСТРАДАМУС ПРА БЕЛАРУСЬ?

Знакамiтасць Мiшэля Настрадамуса, якi жыў у XVI стагоддзi, да сённяшняга дня не дае здаровага сну сучасным прарокам, прадказальнiкам i экстрасенсам. Сапраўды, гэта самы вядомы чалавек у гiсторыi, якi прадказваў будучыню з найбольшай дакладнасцю. Мы шмат чулi пра катрэны, дзе Настрадамус кажа пра смерць Генрыха, прыход Гiтлера, кастрычнiцкую рэвалюцыю... А вось цi згадваў ён Беларусь? З такiм пытаннем я звярнуўся да Iгара УГЛIКА, перакладчыка Мiшэля Настрадамуса на беларускую мову.

...КАЛI НА МЕДЫКА СЫХОДЗIЦЬ ПРАРОЦКI ДАР

– Спадар Iгар, асоба Настрадамуса дастаткова загадкавая. Нягледзячы на тое, што гэта самы вядомы на сённяшнi дзень прарок, мы мала ведаем пра яго жыццё...
– Біяграфія Настрадамуса ў сваіх асноўных рысах вядомая. Нарадзіўся ў 1503 г. у Сен-Рэмі ў Францыі, у яўрэйскай сям`і, па бацькоўскай лініі яго продкі – уцекачы ад іспанскай інквізіцыі, iх карані, дарэчы, узыходзяць да Ісахара, сына знакамітага біблейскага Іакава. Імя Настрадамус – лаці¬нізаваная форма ад «Нотр Дам» – царквы, дзе хутчэй за ўсё прынялі каталіцызм бацькі Мішэля. Настрадамус вучыўся ў Авіньёнскім і славутым універсітэце ў Манпелье, дзе здаў экзамен на доктара медыцыны і працаваў дацэнтам на медыцынскім факультэце. Потым ён абраў медыцынскую практыку і з 1532 г. працаваў у розных гарадах, пакуль не спыніўся ў Ажане, дзе ажаніўся і меў дваіх дзяцей. Аднак усе яны загінулі ад эпідэмічнай хваробы, і Настрадамус з 1538 па 1545 гг. вя¬дзе лекарскую практыку недзе ў Францыі, Італіі. Вось гэта і ёсць самы загадкавы перыяд у жыцці Настрадамуса – дзе ён быў, што бачыў, з кім сустракаўся, дакладна невядома. Гэта тым больш цікава, што неўзабаве, пасля таго як ён канчаткова спыніўся ў Салоне дэ Кро ў Правансе ў 1547 г., на лекара сыходзіць прароцкі дар. Перад гэтым ён спаліў нейкія кнігі – акультнага, алхімічнага зместу – як можна меркаваць, асноўную частку асабістай бібліятэкі. У 1555 г. у друку з`явіўся першы выпуск цэнтурый, які чакала еўрапейская слава. Настрадамус быў публічным чалавекам, ён шанаваўся як лекар, яго асабіста ведалі славутыя людзі таго часу, выклікалі да двара ў Парыж, далі пасаду прыдворнага лейб-медыка. Настрадамус асабіста ведаў французскіх каралёў і членаў каралеўскай сям`і, рабіў ім прадказанні, якія захаваліся. Ён загадзя прадказаў дзень сваёй смерці (02.07.1566 г.), таксама папярэдзіў пра небяспеку тых, хто адкрые яго труну. Што і здарылася – французскі рэвалюцыянер, які варварскі абышоўся з прахам Настрадамуса, хутка загінуў, а рэшткі прарока былі вернутыя на месца. Такім чынам, біяграфія Настрадамуса і яго радавод – не таямніца, за выключэннем сямi гадоў вандровак.

ПРАРОЦТВЫ ЁН ЗАБЛЫТАЎ АДМЫСЛОВА

– Якім чынам Настрадамус рабіў свае прароцтвы?
– Зыходзячы з тэкстаў самога Настрадамуса – як празаічных, так і катрэнаў, – я паспрабаваў выявіць механізм атрымання прароцтваў. Безумоўна, прароцтвы ўтрымліваюць веды з разнастайных галін навуковай і калянавуковай рэфлексіі, у якіх быў дасведчаны Настрадамус, ён быў чалавекам шырока адукаваным. Гэта астралогія, астранамічныя храналагічныя вылічэнні, некаторыя прароцтвы наводзяць на Кабалу, алхімію (праз яе я імкнуся тлумачыць некаторыя катрэны). Разам з тым павінен быць асноўны тэхналагічны метад, на які абапіраўся Настрадамус падчас атрымання сваіх прароцтваў. Сам прарок (дарэчы, ён такім сябе не лічыў) кажа аб дапамозе Бога, добрых анёлаў, а таксама астралагічных вылічэнняў. Разам з тым падаецца, што прароцтвы Настрадамуса мелі ірацыянальны, акультны (як ён сам кажа) характар і былі з`явай у большай ступені паранармальнай, чым разлікова-рацыянальнай, у іх істотнае месца належыла медытацыі накшталт будыйскай – на агеньчык. Яна адбывалася, па словах Настрадамуса, уначы ў асобным пакоі-кабінеце, перад невялічкім агеньчыкам і медным (сакральна-магічны метал) трыножнікам. Медытацыі мелі вобразны характар – візуальны, гукавы, нават цеплавы (адсюль такая візуальна-перцептыўная насычанасць катрэнаў), маглі суправаджацца голасам. Усё было бачна, па яго сведчанні, нібыта за туманным вогненным люстэркам. Сам Настрадамус адчуваў цяпло – ён кажа пра тонкі дух агню. Цеплыня, галасы, пагружэнне ў свет іншавобразаў – складаны псіхафізіялагічны феномен медытацыйна-экстатычнага кшталту, які тым не менш не з`яўляецца выключнай знаходкай Настрадамуса, а шырока прадстаўлены ў разнастайных формах містыка-экстатычнага, медытацыйнага стану. Ужо потым, як ён сведчыць і сам, падводзілася астралагічная база.

– Прароцтвы Настрадамуса досыць цьмяныя. Зазвычай iх расшыфроўваюць ужо пасля таго, як яны спраўдзiлiся. Можа, мы штучна звязваем iх з падзеямі?
– Настрадамус сцвярджаў, што прароцтвы ён заблытаў адмыслова, каб не даваць людзям магчымасць уплываць на падзеі. Гэта тычыцца і храналогіі, ключ да якой, як і прадбачыў аўтар, знайсці досыць складана. Акрамя таго, значная частка прароцтваў мае абагульняючы, недакладны характар, у выніку чаго іх дапасуюць да самых розных з`яў. Дастаткова сказаць, што вядомае прароцтва, дзе ўпамінаецца імя Русо (Настрадамус узгадвае імёны Франка, дэ Голя, Гітлера (Гістэра) у адпаведным гістарычным кантэксце), узгадваецца як у сувязі з французскім асветнікам, так і са справай канца ХІХ стагоддзя А.Дрэйфуса і яго ворагам В.Русо. І такіх прыкладаў незлічона. Магічная аўра прароцтваў Настрадамуса ў тым, што яны адпавядаюць падзеям пасля таго, як яны адбыліся дэ факта, бо знайсці нешта храналагічна і фактычна дакладнае ў цьмяных, заблытаных тэкстах досыць складана.

– Ці здаралася так, што Настрадамус памыляўся?
– Зразумела, памыляўся. Прычым гэта адбывалася тады, калі ён прыстасоўваў падзеі да дакладнай даты. Адна з самых вялікіх памылак – прароцтва аб вялікіх войнах, чуме, паводках, якія амаль вынішчаць сусвет, зробяць яго бязлюдным, якія адбудуцца праз 177 гадоў, 3 месяцы і 11 дзён ад, як можна меркаваць, 1 сакавіка 1555 г. Падаецца, што калі Настрадамус зыходзіў толькі з астралагічнага прагноза, вядомых не толькі яму астранамічных цыклаў – ён памыляўся. Так было і з сонечным зацьменнем у жніўні 1999 г. (хаця незразумела, як ён яго прадказаў), якое Настрадамус звязваў з пачаткам вялікіх ваенных катаклізмаў. Акрамя гэтага, для французскага караля Генрыха ІУ Настрадамус зрабіў пагадовыя прадказанні падзей з 1555 па 1567 гг., дзе маецца шмат праблем.

...З БАРЫСФЕНУ ПРЫЙДЗЕ ЗАКОН

– Цi сустракаецца ў прароцтвах Беларусь і нашы суседзі? Што Настрадамус кажа пра нас?
– У цэнтры ўвагі Настрадамуса – Заходняя Еўропа – Францыя, Італія, Англія, Германія. З нашых суседзяў ён узгадвае Польшчу (асабліва цікава гучыць тэкст аб аб`яднанні палякаў з арабамі і заняпадзе Царквы), а таксама, як можна меркаваць, Расію, хаця тагачасную яе назву (Масковія, Русь Маскоўская) ён не ўзгадвае, а карыстаецца вызначэннямі Аквілон, жыхары паўночных зямель, варварская імперыя, чырвоныя. У яго катрэнах узгадваюцца падзеі, якія закранулі і нашы землі – Паўночная вайна (храналагічна дакладна) пачатку ХVІІІ ст., барацьба чырвоных і белых, канец панавання «новага Вавілона» праз 73 гады і 7 месяцаў (распад СССР), чарнобыльская катастрофа. Дакладна да беларускіх земляў можа мець дачыненне катрэн 3.90, дзе згадваецца Барысфен (Днепр), адкуль людзям прыйдуць прывабныя мова, талент, закон. Узгадваецца і катастрафічны разліў Нёмана, але, на жаль, дакладнай даты мы не ведаем. Увогуле, Настрадамуса цікавіць абмежаваная колькасць краін, тым больш дзіўна чытаць кнігі накшталт «Настрадамус аб Расіі» У.Южына, дзе прароцтвы Настрадамуса штучна прыцягваюцца да ра¬сійскай рэчаіснасці, якую ён не ведаў і якая яго не надта цікавіла.

– Што чакае чалавецтва ў блiжэйшыя часы?
– Храналагізаваць прароцтвы Настрадамуса, калі ён сам зрэдку не ўказвае дакладную дату, досыць складана. Тым не менш Настрадамус, як сведчыць сусветны вопыт, правільна вылічыў асноўную па¬дзейную цыклічную дамінанту чалавечай гісторыі – сістэматычныя войны і звязаныя з імі нягоды, якія складаюць асноўны змест яго прароцтваў. Так і ў дачыненні да нашай рэчаіснасці новага нічога няма. Як мне здаецца, Настрадамус дакладна прадбачыў войны ЗША і кааліцыі саюзнікаў з Іракам, тэракты ў Нью-Йорку (нават назваў паралель, адкуль уздымуцца самалёты). Далей лагічна паследуе цыкл ваенных канфліктаў паміж Захадам і Усходам. Аб`яднанае араба-кітайскае войска пачне экспансію ў Еўропу (я зрабіў спробу ажыццявіць рэканструкцыю маршрута – праз паўночнае ўзбярэжжа Чорнага мора, Украіну, Малдову, Румынію), якая адбудзецца недзе паміж 2025 і 2030 гг. Аб`яднаная армія захопіць Іспанію, Турцыю, але на ўзбярэжжы Рыўеры кітайскі флот будзе разбіты войскам ЗША ў Ціхім акiяне, баі адбудуцца і на ўзбярэжжы Ганга. Нашэсце ўскладніць канфлікт паміж Францыяй і Англіяй, на дапамогу якой прыйдзе Германія. Разам з тым Еўропа здолее аб`яднацца пад кіраўніцтвам Генрыха Шчаслівага. Прычым Генрых перамагае як арабаў, так і англічан. Кульмінацыяй будзе вялікая бітва з араба-кітайскімі вайскамі каля Ульма (франка-швабскае памяжоў`е), дзе будзе забіта і паранена 7 мільёнаў чалавек. У выніку Англія будзе ізалявана ад Еўропы, яе кіраўнік бу¬дзе прызначацца з ЗША. Пасля на зямлі будуць 57 гадоў спакою, якія пачнуцца недзе каля 2040 года.


Ігар Рыгоравіч УГЛІК нарадзіўся ў 1957 г. у Мінску. Скончыў гістарычны факультэт БДУ, аспiрантуру ў ІМЭФ НАН, дзе і працаваў да пачатку 90-х гадоў. Сёння выкладае ў БДПУ імя М.Танка. Кандыдат гістарычных навук. Аўтар пяці літаратурных (у тым ліку паэтычных) кніг, двух вучэбных дапаможнікаў па гісторыі беларускай культуры ХVІІ – ХVІІІ стст., каля васьмідзесяці навуковых і навукова-папулярных тэкстаў па гісторыі культуры.

2
Оставить комментарий

новее старее большинство голосов
Анонимно

сгные

Андней

Интиресно написано