ПАКУЛЬ БУДЗЕ БЕЛАРУСЬ

Мне цяжка згадаць, калі я ўпершыню пачуў імя Васіля Быкава. Здаецца, ён прысутнічаў у маёй свядомасці заўсёды. Прынамсі, ад таго часу, калі я ўсвядоміў сябе беларусам.

Уладзімір АРЛОЎ, пісьменнік

У 1982 годзе я атрымаў запрашэнне на рэспубліканскі семінар маладых літаратараў. Памятую, тагачасны загадчык аддзела культуры ЦК КПБ Іван Антановіч імкнуўся пераканаць нас, семінарыстаў, у росквіце беларускай культуры. Адзін з жывых класікаў стварыў маім апавяданням выдатную рэкламу, абвінаваціўшы аўтара не больш не менш, як у парнаграфіі... Карацей, падзеяў для маладога літаратара ў тыя дні хапала. Але галоўным успамінам засталася сустрэча з Быкавым. З пісьменнікам, які ў маім успрыманні займаў разам з Уладзімірам Караткевічам зусім асаблівае месца ў нашай літаратуры. Прызнаюся, Караткевіч быў мне тады бліжэйшы. Я быў ва ўладзе ягонага рамантызму, адкрываў для сябе беларускую мінуўшчыну. Але адначасова я добра разумеў, што кнігі Караткевіча, як звычайна і бывае з гістарычнай літаратурай, адрасаваныя найперш нам, нацыянальнаму чытачу. Караткевіч адкрываў беларускую душу ва ўсёй яе шматстайнасці самім беларусам. Быкаў дзякуючы адметнасці свайго таленту і сваёй галоўнай тэме адкрываў гэтую душу ўсяму свету.

Быкаў на той сустрэчы з намі ў сталічным Доме літаратара гаварыў, што яшчэ не сказаная ўся праўда пра мінулую вайну. Слухаючы яго, я адразу ўспомніў знаёмую прыдзвінскую вёску, якую ўлетку 1941 года спалілі зусім не немцы, а пераапранутыя ў іхнюю форму байцы НКВД.

Але значна больш за тое, што казаў Быкаў, мяне ўразіла тады ягонае маўчанне ў час выступу рознага рангу калялітаратурных чыноўнікаў. У гэтым маўчанні адчуваліся сапраўдныя глыбіня і веліч асобы.

Мы яшчэ не ведалі, што якраз у той час ствараўся “Знак бяды” – аповесць, з якой, я лічу, пачалося далучэнне Васіля Быкава да беларускага нацыянальнага космасу.

Потым я безліч разоў сустракаўся з Быкавым і ў Беларусі, і за мяжой, але першае ўражанне не знікала.

Ёсць пісьменнікі – выдатныя прамоўцы, але слухаць іх нязмерна цікавей, чым чытаць. Я перакананы: класікаў, геніяў нацыянальнай літаратуры трэба найперш чытаць. Яны прамаўляюць да нас не публічнымі выступамі, а сваімі творамі. Іх творы – вышэйшыя за саму асобу пісьменніка. Бо ў гэтых творах праз аўтара звяртаецца да нас сам геній нацыі.

Я не хачу сказаць, што Васіль Быкаў быў нецікавы суразмоўца. Але ад той першай сустрэчы мне заўсёды было даражэйшае ягонае маўчанне. Мне хацелася, каб ён прамаўляў і да мяне, і да астатніх сваіх чытачоў перш за ўсё кнігамі. Гэтая маўклівая размова з Быкавым будзе доўжыцца, пакуль будзе Беларусь.

Оставить комментарий